Лімэрыкі (пэданты ставяць націск на першым складзе) — паэтычны жанар, выпрабаваны гісторыяй. Паводле паданьняў, яны паходзяць з Ірляндыі, з аднайменнага места Лімэрык (ці Лімрык), жыхары якога пяялі жартаўлівыя песьні й спаборнічалі гэткім чынам у бязглузьдзіцы.
Прадстаўляем вашай увазе беларускія лімэрыкі ад Андрэя Хадановіча пра Гомельшчыну.
Далікатная дзеўчына з Брагіна
не зьвяртала і ў лаянцы ўвагі на
існы ў лексыцы мат,
нібы той аўтамат,
прамаўляючы «пэніс» ды «вагіна».
Прававерны раскольнік з-пад Веткі
не садзіўся за стол без сурвэткі,
без відэльца й нажа,
без кадзіла й крыжа,
што пацьвердзяць шматлікія сьведкі.
Прарасійскія гопнікі ў Гомелі
прэзыдэнта надзвычай багомілі,
лукамол, кадэбэ…
Ды пазналі сябе
ў сьцёбных вершах – і аж зьнерухомелі.
У сям’і чарнасоценца з Доўску
сын у сьне гаварыў па-жыдоўску.
Бацька помсьціць гатоў,
закрычэў: “Бі жыдоў!”…
А пасьля дараваў па-бацькоўску.
Пераборлівы вязень з Кармы
ні бананаў ня еў, ні хурмы.
Толькі ціхую скаргу,
што на бульбу – эмбарга,
слаў дадому з кубінскай турмы.
Камсамольскі важак з Мазыра
піва выжлукціць мог паўвядра,
а сябрук-піянер
на шляхетны манер
заліваў за каўнер паўтара.
Найскептычная жэншчына з Рэчыцы
атрымала пасаду дасьледчыцы.
Запярэчыш старой –
толькі скепсьціш настрой:
найскептычным вой кепска пярэчыцца!
Паліглёт-мнагажэнец з Чачэрску
да жанчын заляцаўся па-зьверску:
ім уголас чытаў
комсомольский устав
ды паэму «Курган» па-шумэрску.