Беларускі народны каляндар на 2019 год

0
697
Народны каляндар Беларусі 2019 год

Народны каляндар — гэта сістэма рухомых і сталых свят, прысвяткаў, абрадаў, гульняў, звычаяў, што замацаваны ў фальклоры. Уяўляе пераважна спалучэнне язычніцкай і хрысціянскай культур. Гэта фальклорны каляндар: ён складзены на аснове хранонімаў, якія зафіксаваны ў вуснай народнай творчасці беларусаў, і ўключае традыцыйныя арыенціры на сельскагаспадарчыя работы і адпачынкі ў гадавым, сезонным, месячным і іншых цыклах-рытмах.

Сістэматызаваны беларускі народны каляндар у складзе з велікодна-валачобнымі песнямі, якія ў строгай храналагічнай паслядоўнасці апісваюць традыцыйныя прысвяткі і святы, у тым ліку тыя, што закансерваваліся ў непараўнальных паэтычных узорах як Навагоддзі/Навалецці, з’яўляецца нашым шэдэўрам і фенаменальнай з’явай сусветнай нематэрыяльнай культуры.

У народным календары на 2019 год прадстаўлены асноўныя святы і прысвяткі з кароткімі тлумачэннямі, прыкметамі, прымаўкамі, урыўкамі з валачобных песень і г. д. Дні (хранонімы), якія адзначаюць беларусы-католікі, выдзелены курсівам. Зорачкай /*/ пазначаны святы «рухомай» царкоўнай пасхаліі.

Умоўныя абазначэнні: п — панядзелак, а — аўторак, с — серада, ч — чацвер, пт — пятніца, сб — субота, н — нядзеля. Даўжыня дня і моманты ўсходу і захаду ў дні сонцастаянняў і раўнадзенстваў падаюцца для Мінска. Больш падрабязна пра значэнне хранонімаў календара можна прачытаць у кнізе Алеся Лозкі «Беларускі народны каляндар».

Студзень

1. а. Новы год. ВКЛ перайшло на студзеньскі стыль у 1550 годзе.

6. н. Першая, Посная куцця. Перадкалядная вячэра. Які дзень, такі і год. Богаз’яўленне, Тры Каралі. Католікі праводзілі маскіраваны абрад «Тры каралі», або «Гэроды».

7. п. Раство Хрыстова. Пачатак Каляд. «Ой, Калядачкі, бліны-ладачкі…». Калядавалі. Насілі «звязду». Паказвалі батлейку. На Каляды праводзілі ігрышчы («вадзілі казу», «жанілі Цярэшку», «пяклі ката», гулялі ў «Яшчура» і інш.).

9. с. Сцяпан. Дзень найму слуг, батракоў у мінулым. «На святога Сцяпана вышэй слуга за пана».

13. н. Шчодрая куцця. Пачатак Шчодрага тыдня. «Мароз, хадзі куццю есці».

14. п. Васілле. Новы год па праваслаўным календары. «Сею, сею пасяваю, з Новым годам вас вітаю».

18. пт. Трэцяя, Галодная, Вадапосная куцця. Апошнія дні Каляд. «Каляда ад’язджае».

19. сб. Вадохрышча (Кшчэнне). «Святое Кшчэнне ваду ксціла…, свет ачысціла і ваду наверх пусціла», «На Вадохрышча завіруха — на Вялікдзень таксама».

20. н. Прывадохрышча — заканчэнне Каляд. Пачатак Малой вясельніцы (да посту).

24. ч. Аксіння. «Аксіння дарогу перамяце, а корм падмяце». Фядос. «На Фядоса цёпла».

25. пт. Таццяна. Свята студэнтаў. Павел. «Вее вецер — будзе вайна».

31. ч. Апанас, Гусінае свята. Свята свойскай жывёлы. «Хавай нос у апанасаўскі мароз».

Люты

1. пт. Ігнат. «На Святога Ігната зіма багата».

2. сб. Грамніцы, Стрэчанне. «Калі на Грамніцы нап’ецца певень вадзіцы, то на Юр’я наесца вол травіцы», «Грамніца — хлебу палавіца».

5. а. Агата. Каровіна свята. «Хлеб і соль святой Агаты не пусціць бяды да хаты».

6. с. Дарота. «Па Дароце высахнуць хусты на плоце». Паўзіміца Аксіння. «На Аксіні мяце».

11. п. Ігнат. «Ігнат Грамніцам рад».

14. ч. Валянцін. Свята закаханых. Трыфан. «На Трыфана зорна — вясна позняя».

15. пт. Грамніцы, Стрэчанне. «Зіма з летам сустракалася, пра здароўейка пыталася», «На Грамніцы палавіна зіміцы».

18. п. Агата.

24. н. *Памінальніца. Канец Памінальнага тыдня. Калі «вея» ў нядзелю, то авёс трэба сеяць на 9-м тыдні, калі ў панядзелак — то на 8-м, калі ў сераду ці чацвер — то пакідалі «дзесяцінкі дзве». Мацей. «На Мацея дарога пацее», «На Мацея адліга — будзе мароз». Улассе. Свята жывёлы. «Аўлас на сыры лас».

25. п. *Рабы тыдзень, Вясельніца, Развітальны тыдзень. Тыдзень перад Масленіцай. Дзяўчаты вешалі «калодкі» нежанатым хлопцам.

26. а. Фаціння. Заступніца ад хвароб.

Сакавік

1. пт. *Дзедава пятніца.

2. сб. *Масленыя Дзяды (Бабы). «Дзяды не зналі бяды, а нашы ўнукі зазналі мукі».

4. п. Казімір. «Святы Казімір дровы сякець». Пачатак Масленага тыдня. Які добры дзень на Масленым тыдні, у той дзень ад Ільі сеялі лён.

6. с. *Серада Папяльцовая (пач. Вялікага посту ў католікаў).*Лысая серада. Праталіны-залысіны.

7. ч. *Блакітны чацвер. Тумановы дзень. *Крывы, Тлусты чацвер, Валосы, Валосся. Свята жывёлы. «На Валосага бліны пяклі ці аладкі, каб былі валы гладкі».

9. сб. Янка, Паўраценне. Мядзведзь паварочваецца ў бярлозе на другі бок.

10. н. *Масленіца. «Масленіца ў «вятху» (пасля поўні) — дзяржы пшаніцу ў мяху, сей пшаніцу на ўсю руку». *Гуканне вясны.«Блаславі, Божа, зіму замыкаці, вясну загукаці». На Палессі вадзілі карагоды, «спявалі чырачку», насілі ёлку з вянком.

11. п. *Паласказуб. Першы дзень Вялікага посту. Паласкалі зубы гарэлкаю.

12. а. Рыгор. «На святога Рыгора ідуць рэкі ў мора».

13. с. *Уступная серада. Каб урадзіў лён, мылі верацёны ці калаўроты, хадзілі ў карчму і пераскоквалі цераз пень. Васіль Капальнік. Са стрэх капае.

14. ч. Аўдоцця Вясноўка. Гуканне вясны. «На Аўдокі голы бокі». (1.03 Новы год у мінулым, сакавіцкі каляндарны стыль). «Святы Еўдакей… пераступ года».

15. пт. Хвядот. «На Хвядота занос — усё сена знясе».

16. сб. *Зборава субота. Абрад «споведзі дзежкі».

17. н. *Зборніца, Ізбор. Адзін з варыянтаў Новага года/лета ў час прыняцця юліянскага летазлічэння. «Святы Ізбор упярод ступіць». Пачатак збору ў поле. Герасім Гракоўнік. «Герасім гракоў прыгнаў».

18. п. Веснавое раўнадзенства. Усход — 07.18, захад — 19.18.

19. а. Язэп. «Святы Язэп сярод посту шлюб дае прахвосту». «На Язэпа пагода — год ураджайны».

22. пт. Саракі. Было Новым годам/летам. «Святыя Саракі наперад пайшлі». Свята птушак. Прылятае 40 выраяў. «Святыя Саракі ў поле саху валаклі». Прыска. «На святога Прыску праб’е лёд і пліска».

25. п. Дабравешчанне, Звеставанне.
«І птушка гнязда не кладзе». Прылёт бусла. Гуканне вясны. Было Новым годам. «Перша свята — нова летца, Благавешчан зямлю сушыць». Рыгор. «На Рыгора зіма ідзе ў мора».

26. а. Міжблагавешчыны (да 7 красавіка). Забарона на «запасванне» кароў.

30. сб. Аляксей Цёплы. Дзень рыбалова. «На Цёплага Аляксея рыба ідзе на нераст, карова на верас, а бортнік на хвою».

31. н. Палікарп. Пачатак бясхлебіцы.

Красавік

1. п. *Пачатак Храстовага тыдня. Пяклі «храсты». Засеўкі. Абрад «жаніцьбы коміна». Дар’я Вясенняя. Адбельвалі палотны.

3. с. *Серадапосце. Выпякалі «храстцы».

5. пт. Арына. «На Арыну сей капусту ў расадніках».

6. сб. Камаедзіца. Свята мядзведзя. Благавеснік. Пяклі пірагі «буславы лапы».

7. н. Благавешчанне. «Благавешчанне без ластавак — халоднае лета». Абрад «Страла».

8. п. Пачатак *Пахвальнага тыдня. «Дзікая качка яйцом пахваліцца». Благуста. «На Благусту сей капусту».

9. а. Матрона. «На Матрону шчупак хвастом лёд разбівае».

12. пт. *Пахвальная пятніца. Мыццё дзежак.

13. сб. *Пахвальная субота. Не грымелі кроснамі, каб гром не грымеў.

14. н. *Пальмова нядзеля. «Вярба б’е, не я б’ю». Прабуджэнне хатніка. У гэты дзень хлусілі, каб заблытаць хатніка. «Апрэль — нікому не вер». Мар’я. Калі ў ясную ноч прыбывала вада, то суха будзе ў жніво на хлебнай ніве.

15. п. Пачатак *Вербнага тыдня.

16. а. Мікіта. «Калі на Мікіту крыгаход, то няма ні клёву, ні лову рыбаловам».

21. н. *ВЯЛІКДЗЕНЬ (у католікаў). *Вербніца. Руф. Руф рушыць снягі.

22. п. Пачатак *Белага, Вялікага, тыдня. *Чысты панядзелак. Бялілі і мылі ў хаце.

23. а. *Чысты аўторак. Каб на людзей і «гаўядо» не напала «парша», трэба ўсё мыць. Юры. (Новы год па задыяку). «Першае святца — святы Юр’я», «Як зязюля закукуе за 12 дзён да Юр’я на «голы» лес, то не чакай ураджаю і будзе хварэць жывёла». Войцах. «Святы Вайцеху выпусціў жаўранка з меху».

24. с. *Дравяная страсць. Мыюць усё дравяное. Анціп — ахоўнік зубоў.

25. ч. *Чысты чацвер. Ідуць у лазню. Абрад мыцця дзежкі. Марк. «Дождж на Марка, дык зямля як шкварка».

26. пт. *Чырвоная, Велікодная, пятніца. Сеялі гарох.

27. сб. *Вялікая, Чырвоная, субота. Фарбавалі яйкі. Канец Вялікага посту.

28. н. *ВЯЛІКДЗЕНЬ. «Хрыстос уваскрос! — Сапраўды ўваскрос!». Быў Новым годам. «Першае свята — свята Вялікадня». Пуд.«Пуд снег пугне».

29. п. Працяг *Велікоднага тыдня. «Першы дзень пірагі маюць, а сярэдні пагуляюць, а паследні дзень выпраўляюць». Арына.«На Арыну сей капусту».

30. а. Зосім — ахоўнік пчол. Андрыянава ноч. Ноч дзявочай варажбы і чараўніцтва.

Май (Травень)

1. с. *Градавая серада. Праводны, Мёртвы, тыдзень. «Пайшла зіма да Кіева, а лета нам пакінула». Кузьма. «Май Кузьма з морквінай сустракае, а Пахом з гурком».

2. ч. *Людавы дзень. Раней у Віленскай губерні білі і качалі яйкі з лубкоў, гушкаліся на арэлях. *Вялікадне мёртвых (Наўскі Вялікдзень, Мёртвы Вялікдзень, Наўскі чацвер). Дзень памінання на могілках. Хлопцы і дзяўчаты абліваліся вадою.

3. пт. *Прашчэнне. Абліваліся вадою.

5. н. *Праводная нядзеля. «Ідзі, зіма, да Кучава, як ты нам надакучыла». Ляльнік. Свята Лялі — дачкі Лады.

6. п. *Радаўнічныя Дзяды. Юр’е. Свята жывёлы. «Як дождж на Юр’я — хлеб будзе і ў дурня». Абрад «Страла».

7. а. *Радаўніца. «На Радаўніцу да абеду пашуць, па абеду плачуць, а к вечару скачуць». Алісей. «Прыйшоў Алісей — авёс пасей». Бабскія розбрыкі. Скокі жанчын і качанне па зямлі дзеля ўрадлівасці.

8. с. Станіслаў. «Сей лён на Станіслава — вырасце як лава». Марк. «Дождж на святога Марка — дык зямля, як шкварка». Ярылавіца. Свята Ярылы.

12. н. *Міраносцы. «На Міраносця п’яныі бабы цігаюць адна адну за валосця».

13. п. Якуб. «На Якуба грэе люба».

14. а. Макарэй. Абрады ля вады.

15. с. Барыс. Апякун поля і жывёлы.

18. сб. Арына Расадніца. Дзень высаджвання расады ў Паазер’і.

20. п. Пачатак *Пераплаўнага, Чарвівага, тыдня. Не трэба садзіць, бо заядуць чэрві. Антоній. «На святы Антоній сей авёс для коней, а як удасца, дык і прадасца».

21. а. Іван Веснавы. Апякун земляроба. «На Івана каласок, а на Пятра піражок».

22. с. *Градавая, Пераплаўная, серада. Засцярогі ад граду і дажджу. Мікола Веснавы. Свята пастухоў. Алёна. «Сей лён на Алену, будзе кашуля па калена».

23. ч. Зілот. «Сей пшаніцу на Зілота, і яна будзе як злата».

24. пт. Макей. «Мокра на Макея — і лета не прасушыць». Кірыла і Мяфод. Калі дзень мокры — і лета будзе мокра.

25. пт. Епіфан. «На Епіфана раніца ў чырвоным каптане, неба з барваю — гарачае лета».

27. п. Сідары. «Прыйшлі Сідары — прыйшлі і сіверы».

28. а. Пахом. «Святы Пахом павее цяплом». «Сей агуркі на Пахом — будзеш насіць мяхом».

29. с. Магдалена. Зязюльку прысылае.

30. ч. *Ушэсце. Унебаўшэсце пана Езуса. Свята агляду жыта.

31. пт. *Градабойцы, Ледавіты дзень (Віленская губ.). *Божае цела, Зелянок. Шэсць дзеў. «Лён сей позні». Канапелька Матруна.«У зямлю махнула». Фядот. «Як на дубе апушка — у Фядота поўна аўса кадушка».

Чэрвень

2. н. Тры пакутнікі. «Няма лета, але пасля іх не бывае зімы».

3. п. Алёна, Ульяна. Дзень ільну.

4. а. Васіліск. «Ад Васіліска і салавей блізка».

5. с. Дзень Ефрасінні Полацкай. Хадзілі ў Полацк пакланіцца і абракацца.

6. ч. *Ушэсце. Абрад «Страла».

7. пт. Ян. «Рой перад Янам — пчаляр будзе панам».

9. н. *Сёмуха, Зялёныя святкі, Святы Дух. Свята зелені. «На Духа будзе цёпла і суха».

12. с. *Градавая серада.

13. ч. Ерамей. Антоній. «Антоні, аддай коні».

14. пт. *Сёмушныя Дзяды. Юстын і Харытон.

15. сб. *Духавая субота, Зялёная субота.

16. н. *Сёмуха, Тройца. Культ продкаў і расліннасці. «Павядзём Куста пад гай зялёненькі…». Лук’ян. Паўднёвы вецер на Лук’яна — на добры ўраджай яравых.

17. п. *Русальніца, Іван ды Мар’я. Праводзіны вясны. «На Граннай нядзелі Русалкі сядзелі…».

18. а. *Конскі Вялікдзень. Свята коней.

19. с. *Градабой, Серада Русаль. Здабывалі з ясеня святы агонь. Летняе сонцастаянне. Усход — 04.37, захад — 21.44. Даўжыня дня — 17.07 гадзін (таксама — з 17 па 23.06).

20. ч. *Божае цела. *Наўская Тройца, Абліваха. Памінанне.

21. пт. Тодар.

22. сб. Кірыла. Пачыналі касавіцу ў Паазер’і.

23. н. *Русальчыны розыгры. Засцерагаліся рос. *Пятроўскія запускі. Развівалі вянкі. Купала. У старажытнасці — Новы год/лета.

24. п. *Пятроўка (Петравіца) Пятроўскі пост да 11 ліпеня. Пятроўка-галадоўка. Ян Купальны. «Сонца грае».

25. а. Анапрэй. «Хто на Нупрэя пасее грэч, той будзе бліны печ».

26. с. Акуліна Грачышніца. Сеялі грэчку. Задзярыхвост.

27. ч. *Дзявятнік. Перавод уніятаў у праваслаўе. «Дзеўяць ягодзін на ветцы».

28. пт. *Дзевятуха. Дзень засцеражэння ад навальніцы. Амос. «Прыйшоў Амос — цягне ўгору авёс»

29. сб. Ціхан. «Пеўчыя птушкі заціхаюць». Пятрок. «Да Пятра зязюльцы кукаваці», «Прыйшоў Пятрок — апаў лісток, прыйдзе Ілья — ападуць і два».

Ліпень

4. ч. *Дзясятнік. «Дзесятнік гнаі возіць».

5. пт. *Дзясятка. «Косы точыць», «Жыта паспявае».

6. сб. Купалле. Свята Сонца і кахання. «Дзень адбаўленне, ночы прыбаўленне».

7. н. Іван Купала. «Учора была Купала, а сёння Іван».

10. с. Самсон. «На Самсона дождж — сем тыдняў то ж». Сем братоў. «Сем братоў варожаць, колькі тыдняў пагоды».

12. пт. Пятро. Свята заканчэння Купалля.

13. сб. Паўпятро. Дзень талакі. Сымон і Юда. «На Сымана й Юды конь баіцца груды».

14. н. Кузьма і Дзям’ян. Свята кавалёў. «Святы Пятро жыта спеліць, св. Кузьма сярпы робіць, а св. Дзям’ян сена грабе».

17. с. Андрэй. «Авёс у світцы, а на грэчцы і кашулі няма». «Андрэй усіх мудрэй».

18. ч. Свята Месяца. «Месяц гуляе».

21. н. Данат. «Святы Данат коскі точыць». Казанская. Пракоп. Пракоп бок прыпёк.

25. ч. Якуб. «На Якуба хлеба поўна губа». Прокл. Засцерагаліся вялікіх рос.

26. пт. Ганна. Снапы кладзе. Серпавіца, Шыпілінка (пятніца перад Іллёю). Дзень «зазубрывання» сярпоў перад жнівом. Гаўрылей. Засцеражэнне ад граду.

29. п. Афінаген. Заціхаюць птушкі.

Жнівень

1. ч. Макрыны. «Глядзі восень па Макрыні».

2. пт. Ілля. Свята дажджоў і навальніц. «Ілля нарабіў гнілля», «Укінуў у воду кусок ільда».

4. н. Мар’я. «Магдалена — вады па калена».

6. а. Барыс. Палікоп. «Барыс і Глеб — паспеў хлеб».

7. с. Ганны. «Святы Ганны бабкі стаўляюць».

9. пт. Панцеляймон. Сцаляў ад хвароб галавы.

10. сб. Лаўрын. «На Лаўрына спяшай да млына».

12. п. Сіла. Жыта сей.

14. с. Макавей, Першы Спас. Свята маку і мёду. Спасаўка. Пост да 27 жніўня.

15. ч. Прачыстая, Зельная. «Прыйшла Прачыста — стала поле чыста». Базыль. «Базыль авечкам воўну дае».

16. пт. Антоны Віхравеі. Рох. «Кірмаш на паненак» — дзень выглядання нявест.

17. сб. Еўдакія. Агуркі збірае.

19. п. Яблычны Спас. Свята садавіны.

23. пт. Лаўрэн — свята млынара.

24. сб. Баўтрамей. «Св. Баўтрамей высылае буслоў па дзяцей». «Прыйшоў Баўтрамей — жыта на зіму сей».

27. а. Міхей. Выспяваюць брусніцы.

28. с. Прачыстая. Свята ўраджаю.

29. ч. Трэці Спас. Свята хлеба. Ян. «Ян на лета прыйшоў, а ўжо восень знайшоў».

30. пт. Міроны Ветрагоны. «Пыл па дарозе гоняць, па прыгожым леце стогнуць».

31. сб. Флор і Лаўр. Свята коней. Арабінавыя дзень і ноч. «Сухая» навальніца, або дождж.

Верасень

5. ч. Лупа. «Сей на Лупа — будзе жыта купа».

7. сб. Баўтрамей. «Жыта на зіму сей».

8. н. Другая Прачыстая. «Меншая Прачыста — канчай сеяць начыста».

10. а. Мацей. Абаронца ад п’янства.

11. с. Калінавік, Іван Крываўнік.

13. пт. Кіпрыян. Журавель збіраецца ў вырай.

14. сб. Узвіжанне. Закрыванне зямлі. Сымон. Абрад «жаніцьбы коміна». (Асенняе Навалецце/Навагоддзе з 1493 г.). Бабіна лета.

19. ч. Цуды, Міхал. «Міхал з поля спіхаў».

21. сб. Багач, Нараджэнне Божае Маці. Свята заканчэння ўборкі зерневых. Засідкі.

24. а. Тадора. «На Тадору ўсякае лета заканчваецца».

26. ч. Стаўроўскія Дзяды. Асенняе раўнадзенства. Усход — 07.02, захад — 19.00.

27. пт. Звіжанне. Свята закрывання зямлі на зіму. Гадзюкі — у кучу.

29. н. Міхал. «Калі на Міхала з поўначы вецер вее, то не май на надвор’е надзеі». Сіцыян. «Святы Сацыян ды ляны пасцілаў»

Кастрычнік

2. с. Зосім. Журавіны на Зосіма ўздымаюцца — мароз на Пакровы ўдарыць.

3. ч. Астап, Астаф’я. Прыкметы па ветру.

4. пт. Пранцішак, Францішак. «На Пранцішка зярнят шукае ў полі мышка».

8. а. Сяргей. Жалезны тыдзень.

9. с. Іван Шаптун, Іван Кураед, Багаслоў. Шапталіся свахі пра нявест.

14. п. Пакровы, Трэцяя Прачыстая. Вясельная пара. «Свята Пакрова, пакрый зямельку лісточкам, а галоўку — вяночкам». «Пакровы — зарыкалі каровы». Дзявоцкае лета (па 21.10). Прымалі «ў дзеўкі» сябровак.

21. п. Трыфан, Палагея. «Золкім ветрам вее». Зміцер.

25. пт. Марцін — свята млынароў.

28. п. Сымон і Юда. «Сымон з Юдаю працу ў полі канчаюць, хаты аглядаюць». Параскева Пятніцкая. Забарона на прадзенне.

29. а. Лонгін. Збавіцель ад хвароб вачэй.

30. с. Паклоны. Дзень адбівання паклонаў.

31. ч. Лука. «Хто сее да Лукі, не будзе мець ні хлеба, ні мукі». Дзень іканапісцаў. Юльян — ахоўнік дзяцей.

Лістапад

1. пт. Усе святыя.

2. сб. Задушны дзень. Памінальны дзень. Асяніны, Змітраўскія Дзяды. «Святыя дзяды, завём вас…»

4. п. Казанская. «Да Казанскай — не зіма, а пасля — не восень; зранку дождж, з вечара — снег. Выязджай на Казанскую на калёсах, а палазы з сабой прыхапі».

8. пт. Зміцер. «Да Змітра дзеўка хітра». Канец надзеі выйсці замуж у гэтым годзе.

9. сб. Тодар. «На Тадора поўна камора».

10. н. Параскі. Апякунка жанчын і рукадзелля.

11. п. Настуся. Настуся стрыжэ авечкі. Марцін. «Мядзведзь кладзецца ў бярлогу».

12. а. Артошка. Пачатак прадзення.

14. ч. Кузьма-Дзям’ян. Апякун земляробства, кавалёў і вяселля.

21. ч. Міхайлаў дзень. Абаронца ад грому. Мядзведзі ідуць у спячку.

22. пт. Матрона. «З Матроны становіцца зіма».

24. н. Хвёдар Студзянец. «Хвёдаравы вятры галоднымі ваўкамі скуголяць».

25. п. Кацярыны. «Кацярына забрала лета». Іван Міласцівы. Дзень падарункаў.

27. с. Юстыніян. Апякун плоднасці і дзяцінства. Піліп. Пярэдадзень Піліпоўскага посту (да 7 студзеня).

28. ч. Піліпаўка — перадкалядны пост (да 06.01).

29. пт. Мацей. «На Мацея зіма пацее».

30. сб. Андрэйкі. Дзявочае свята.

Снежань

1. н. Адвент. Перадкалядны пост.

4. с. Барбара. «Барбара ноч урвала, а дзень надтачыла». Увядзенне. Водзяцца ваўкі.

5. ч. Пракоп. Савы. «Барбара мосціць, Сава цвікі войстрыць, а Мікола прыбівае».

6. пт. Мікола. «Хвалі зіму па Міколе». Матрыхваны. Не пралі.

7. сб. Кацярыны. «Забрала край лета».

9. п. Юр’е Зімовы. Юра мосціць. Ганны. «Ад Ганны да Каляд два тыдні і два дні».

13. пт. Андросы, Андрэйкі. Варажылі.

14. сб. Навум. «Наставіць на вум». Пачыналі вучыць дзяцей грамаце.

17. а. Варвары. «Мікола і Варвара ноч урвалі».

18. с. Савы, Міколін бацька. «Сава мосце, а Мікола гвоздзе».

19. ч. Мікола Зімовы. «Без Міколы не бывае ні зіма, ні лета». «Мікола марозам гвоздзіць».

22. н. Ганны. «Ганны — прыбавіцца багата дня», «Ганкі — палічаны дзянькі».

23. п. Зімовае сонцастаянне. Усход — 09.27, захад — 16.50. Даўжыня дня — 7.23 гадзіны.

24. а. Посная куцця. Пачатак Каляд (да 6 студзеня).

25. с. Божае Нараджэнне. Было Новым годам. «Свята Ражаство ўпярод пашло, новы гадок павёў радок». Спірыдон Сонцаварот.

26. ч. Сцяпан. «Кожны сабе пан».

31. а. Багатая куцця. Сільвестр. Варажылі дзяўчаты. Марк. «Марка да Варка — няхай будзе парка».

Аўтар: Алесь Лозка, фалькларыст