Калі прыяжджаю на чыгуначны вакзал Гомля, то першае, што бачу, як выходжу з тае сталінскае будыны — краму “Старт”, якая акурат насупраць праз сквер. Мала хто ведае, што “Старт” з’явіўся толькі пасля вайны на падмурку былога гэталя “Залаты якар”, які стаяў крыху бліжэй, чым той “Старт”. Што за гатэль, хто збудаваў, каму належыў, што тамака было раней?
Гатэль “Залаты якар” быў збудаваны на “бойкім месцы”, акурат на вакзале Лібава-Роменскае чыгункі напрыканцы 19 ст., але з прычыны бяздарнага маркетынгу ранейшых гаспадароў даволі хутка збанкрутаваў. Бяздарнасць уладальнікаў была навідавоку: яны арыентаваліся выключна “на вельмі багатых”. Але ж Гомель не быў багатым губернскім горадам кшталту Варшавы ці Вільні, дый, калі пераглянуць тагачасны расклад цягнікоў Лібава-Роменскае чыгункі, то атрымліваецца, то вагоны былі пераважна 2 ці 3 клясы, то бок з вельмі незаможнае публікай.
Як бы то ні было, але збанкрутавалы “Залаты якар” купіў Міна Раманаў – даволі заможны селянін з вёскі Баршчоўка, што з-пад Рэчыцы. Гэта было, здаецца, ў 1902 годзе. “Багатыя” нумары былі бязлітасна перагароджаныя надвое-натрое дыктаю, вінныя паграбы здадзеныя ў арэнду, усе непрофільныя актывы пісьменна прададзеныя. А на першым паверсе той Міна Кірылавіч зрабіў зусім танныя “пакаёўкі” – для рэлігійных паломнікаў, якія спыняліся ў Гомлі з Расі па дарозе ў Кіеўскую Лаўру. Начоўка са сняданкам нараніцу каштавала ўсяго 10 капеек – але пры ўмове, што паломнікаў набіваўся з тузін (У “Савоі”, які на месцы гомельскага “Старога Ўнівермага”, такая “пакаёўка” каштавала даражэй, і без снеданку). Ясна справа, паломнікі пачалі самаарганізоўваца, і гатэль быў забіты бітма ад рана да рана. А той “Савой” быў натуральна “удзеланы”, як бы цяпер сказалі.
Міна Кірылавіч Раманаў быў прыроджаным менеджэрам: калі “Залаты якар” пачаў прыносіць немалы прыбытак, ён прыдумаў зрабіць на першым паверсе рэстарацыю: але ж не для “першае клясы”, а нешта падобнае да “бістро” — з класічным буфетам, дзе гандлявалі піражкамі, пражанай бульбай і недарагім віном, абы людзей было як найбольш! Як слушна палічыў гаспадар, “фаст-фуд” для паспалітага людства значна выгаднейшы, ніж рэстарацыя з чорнай ікрою для зажратых буржуінаў. Грошы ў рэстарацыю меў укласці родны брат Міны Кірылавіча, Сазонт Кірылавіч…

Сазонт Кірылавіч Раманаў, старэйшы брат гаспадара “Залатога якара” – мой родны прадзед. Звычайны беларускі селянін — вельмі разважлівы, спакойны, разумны і, датаго ж, з немалымі бізнасовымі здольнасцямі. Родная мова яго была беларуская; расейскай авалодаў адно ва ўсталым ўзросце, і тое размаўляў з памылкамі (з маёй маці, сваёй унучкай, “дзед Сазонт” прынцыпова гаварыў адно “па-нашаму” – “а каб знала сваё”!). Калі б не тыя ідыёцкія рэвалюцыі ды іншыя недарэчнасці нашае нацыянальнае гісторыі – я проста ўпэўнены: мае Дзяды, як бы пабагацелі, прынцыпова фундавалі б грошы і на “Нашу Ніву”, і на беларускія школы, і, мажліва, на войска Булак-Балаховіча…
У Міны Кірылавіча быў сын Павел, які за Саветамі зрабіў у Гомлі непаганую кар’еру па партыйнай лініі. Стаў камандзірам партызанскага атрада падчас Другой Сусветнай, і, паводле неверагодна брахлівай гісторыі беларускай савецкай партызанкі – “загінуў у баі з нямяцка-фашысцкімі захопнікамі…“, за што і стаў Героем Савецкага Саюза (насамрэч яго свядома і мэтанакіравана здаў немцам другі Герой Савецкага Саюза Уладзімір Лабанок, які потым стаў зампрэдам Вярхоўнага Савета БССР). У Сазонта Кірылавіча нарадзілася мая бабуля Марыя Сазонтаўна, якая мяне па вялікаму рахунку і выхавала.
А я, як бываў у Гомлі і гляджу на той “Старт”, дзе месціўся гатэль маіх Дзядоў, заўсёды шкадую пра тое, што на тым месцы так і не з’явілася нашая беларуская нацыянальная буржуазія. Проста перакананы: тыя нядаўнія сяляне, якія пабагацелі напачатку ХХ ст., потым выбіліся ў людзі і ўцямілі, што яны ўжо аніякія “не паны сахі і касы”, а заможныя і незалежныя “гарадскія беларусы”, наш нацыянальны рух падтрымалі бы дакладна!
І з нястачы нашае сапраўднае нацыянальнае буржуазіі мне сапраўды болеча!
Аўтар: Уладзіслаў Ахроменка
Крыніца: блог Уладзіслава Ахроменкі