Беларускі маладзёжны рух на Гомельшчыне (1920-1926 гг.)

0
1144
Літаратурнае аб’яднанне “Маладняк”. У Гомелі было адкрытае яго адзяленн. Моладзевы рух быў заўважным
Літаратурнае аб’яднанне “Маладняк”. У Гомелі было адкрытае яго аддзяленне.

У часе ўваходжання Гомеля ў склад РСФСР на правах губерні нацыянальная ініцыятыва беларускай моладзі ва ўзаемадзеянні з развіццём беларускага школьніцтва сталі важкім дадаткам да аргументаў, якія паўплывалі на рашэнне кірауніцтва СССР аб далучэнні Гомельшчыны да БССР.

Адміністрацыйны цэнтр Гомельскай губерні ў 1920-1921 гг. не меў развітае традыцыі беларускага нацыянальнага руху і саступаў у гэтым сэнсе павятоваму цяпер Магілеву, дзе ад эпохі БНР нацыянальная ідэя развівалася амаль бесперапынна. Але пачынаючы ад 1921 г., штогод павялічваецца роля Гомеля як цэнтра беларускага руху ў губерні.

Працэс арганізавання беларускіх колаў пачаўся са схода 2-га траўня 1921 г. у гомельскім клубе РКП(б), дзе каля 20 прысутных пастанавілі распачаць у губерніі нацыянальную культурна-асветную працу і заснаваць Беларускую секцыю пры Гомельскім губернскім аддзеле народнай адукацыі як установу для стварэння беларускіх школ1.

На сходзе пераважалі вучні Гомельскага педагагічнага тэхнікума і настаўнікі гарадскіх вучэльняў. Белсекцыя пры Губана стала галоўным органам беларускага школьніцтва і руху на тэрыторыі губерні. Усе значныя суполкі беларускай моладзі мелі кантакт з ёю.

Яшчэ да афіцыйнага адкрыцця Белсекцыі ў педтэхнікуме прайшоў сход беларускага гуртка, дзе было разгледжана пытанне вывучэння беларусазнаўства пры адсутнасці адпавелнага лектара. Было вырашана праводзіць заняткі для гурткоўцаў пазакласна тры разы на тыдзень. Для іх вядзення былі запрошаны лектары Міхайлаў, Людкоўскі, вядомы беларускі навуковец Ісак Сербаў — па гісторыі і геаграфіі, Я. Руткоўскі — па літаратуры. Сход прыняў таксама рэзалюцыю: “Прасіць адпаведныя органы Народнай адукацыі аб усталяванні кафедры беларусазнаўства пры педтэхнікуме”2.

У першы перыяд існавання Белсекцыі гуртковы рух кіраваўся пераважна ўласнымі ідэямі і планамі. Секцыя пачала кіраваць гуртковую чыннасць у пэўнае праграмнае і арганізцыйнае рэчышча, намагалася выкарыстоўваць гуртковы патэнцыял у сваіх планах пашырэння школьніцтва. Разам з гуртком Гомельскага педтэхнікума Белсекцыя распачала работу па вывучэнню сітуацыі ў паветах і валасцях ды ўліку культурна-адраджэнцкіх сіл. Беларускія гурткі і суполкі на месцах часта ўзнікалі стыхійна, дзейнічалі разрознена і Белсекцыі станавіліся вядомымі выпадкова, часам ужо пасля таго як зачыняліся.

Праўдападобна, паўплываў на аб’яднанне беларускага руху ў губерні і прыезд у горад у красавіку 1923 г. народнага камісара асветы БССР У. Ігнатоўскага, які выступіў з лекцыяй у губернскім саюзе працаўнікоў асветы і перадаў беларускія кнігі ў фонд педагагічнай бібліятэкі. Кансалідацыя дзейнасці гурткоў і Белсекцыі адбылася толькі ў 1923/24 навуч. г. Асаблівая заслуга ў пераадоленні яго стыхійнасці ў Гомелі належыць загадчыку Белсекцыі Пракопу Шчарбінскаму, прысланаму на гэтую пасаду з Мінска.

У сувязі з выездамі па камандыроўках Белсекцыі Губана на вучобу ў ВНУ БССР і РСФСР персанальны склад найбольш актыўнага гуртка — Гомельскага педтэхнікума перманентна абнаўляўся. З гэтым былі звязаны перарывы і перыяды пасіўнасці ў працы.

Тэхнікумаўскія агітацыйна-прапагандысцкія заданні на вёсцы гурткоўцы, праўдападобна, спалучалі з культурна-асветніцкай працай Летам 1924 г. у Насовіцкай воласці антырэлігійныя гутаркі вялі сябры гуртка I. Бандарэнка і А. Сарокін, сутнасць савецкай фінансавай палітыкі тлумачылі жыхарам Уваравіцкай і Веткаўскай валасцей М. Карпачоў і Хв. Чарнавусаў.

У 1924/25 навуч. г. у тэхнікуме быў зацверджаны курс беларусазнаўства ў аб’ёме 14 гадзін класных і 4 гуртковых заняткаў3. Пры тым, што курс гэты быў недастатковы для засваення праграмы нават пa мінімуму, частыя затрымкі аплаты працы выкладчыкаў праз увесь год зрывалі чытанне курсу. Выклікана гэта было нежаданнем Губана і Губвыканкама ўключаць фінансаванне курса ў планы выдаткаў мясцовага бюджэта на адукацыю нацменшасцяў. Кіраўніцтва Гомельшчыны намагалася перакласці увесь аб’ём фінансавання беларускага школьніцтва і культуры на бюджэт Наркамасветы РСФСР. Дыскутуючы па гэтаму пытанню Губана і Губвыканкам наогул абвяргалі патрэбу беларускага школьніцтва і асветы ў губерні. Становішча курса беларусазнаўства ў тэхнікуме праз увесь час заставалася хісткім.

Пачынаючы з 1925 г. беларускі гурток студэнтаў Гомельскага педтэхнікума актыўна ангажуецца ў літаратурны рух. У красавіку была заснавана гомельская філія літаб’яднання “Маладняк”. На дапамогу ў яе арганізацыі з Мінску ў Гомель прыязджаў вядомы літаратар А. Вольны. Філію ўзначаліў старшыня беларускага гуртка М. Грашчанка, сябрамі яе сталі Я. Драйчук, М. Карпачоў, І. Лапаценка, А. Сарокін, Хв. Чарнавусаў, М. Шавека, Лашкевіч, Салдаценка, лектар беларусазнаўства М. Крукоўскі, загадчык нядаўна створанай Белсекцыі пры Губкаме РКП(б) П. Шчарбінскі, загадчык Белсекцыі Губана В. Смігельскі. Філія абапіралася на культурна-асветныя гурткі, камсамольскія ячэйкі і піянерскія атрады4.

Аднак, кулыурныя захады актывістаў бепарускага руху разбіваліся аб антыбеларускі чыноўніцкі мур. Белсекцыям было адмоўлена ў месцы на старонках “Полесской правды” І “Новой деревни”. Адказны службовец Гальмшток адносна гастроляў Беларускага Дзяржаўнага тэатру ў Гомелі выказаўся, што яны ў горадзе не патрэбныя. Не ўдалося наладзіць беларускія перадачы на гарадскім радыё. Усе культурныя беларускія імпрэзы агульнагарадскога ўзроўню натыкаліся на непрыхаванае супрацьдзеянне.

Тым часам, творчы асяродак маладых ураджэнцаў Гомельскай губерні развіваўся ў Мінску. Гомельскія Губкам РКП(б) і РЛКСМ заахвочвалі студэнтаў у Мінску, Горы-Горках, Смаленску, Ленінградзе, Маскве ствараць т.зв. Гомельскія студэнцкія зямляцтвы, якія падтрымлівапіся высылкай мясцовай літаратуры, запрашэннем на практыку ў губерню, стыпендыямі. Прынцыпам яднання мінскага зямляцтва стала ідэя беларускасці Гомельшчыны. Зямляцтва займалася культурна-асветнай дзейнасцю, у яго нетрах нарадзіўся навуковы гурток па вывучэнні Гомельшчыны, вялася театральная праца. Гомельскае земляцтва шэфствавала над беларускай школай у пас. Яроміна5.

Трэба адзначыць, што для БДУ ў параўнанні з іншымі раёнамі беларускага этнічнага ўсходу РСФСР найбольшы працэнт студэнтаў давала Гомельшчына. Гэта тлумачылася не толькі поўным забяспечаннем Гомельскай Белсекцыяй выдзеленых ёй квотаў на камандыраванне, але і цягай юнацтва губерні ў вучэльні БССР. Гэта цяга, на думку Праўлення БДУ, “была адным з фактараў, выяўляўшых неабходнасць пашырэння БССР і падгатаўляўшых яго”. Пад уплывам культурнай атмасферы ўніверсітэта і рэспублікі адбывалася эвалюцыя свядомасці: “Моладзь з уласцівым ёй чуццём разабралася ў абкружаючых яе абставінах і адразу выявіла свае сімпатыі… не магла прымірыцца з тым, што часці краю аддзелены адна ад другой і, не зважаючы на розныя перашкоды, імкнулася да Мінску, як да нацыянальна-культурнага цэнтру Беларусі”6.

З 1925 г. з уласнае ініцыятывы ў беларускую культурную пра­цу ангажаваліся камсамольскія ячэйкі і піянерскія атрады. Напачатку 1926 г. разнастайныя формы беларускай працы вяліся ў 11 ячэйках Гомельскага і Рэчыцкага паветаў. Узнікалі камсамольскія гурткі па вывучэнні гісторыі і культуры Беларусі. Камсамольцы вёскі Аднаполле Чачэрскае воласці сабралі беларускі хор з 35 юнакоў і дзяўчат, выступы якога змянялі на лепшае адносіны вяскоўцаў да беларусізацыі школы. Камсамольцы і піянеры ставілі беларускія спектаклі, спрабавалі пісаць па-беларуску літаратурныя творы і выказалі жаданне ўсталяваць сувязі з гомельскай філіяй “Маладняка”7. Прыклад Аднаполля перанялі ячэйкі РЛКСМ вёсак Рэчкі і Покаць Свяцілавіцкай воласці, Захарпольская, Палеская, Мотневіцкая Чачэрскай, Навадзятлавіцкая Дзятлавіцкай, ячэйкі вё­сак Старое Сяло, Закружжа, Прысна Веткаўскай воласці. Беларускія піянерскія атрады ўзніклі ў Горвальскай, Васілевіцкай і Хойніцкай (Бабчын) воласцях. Атрады атрымлівалі мінскія часопісы “Беларускі піонэр” і “Мапады араты”.

Пачынаючы з 1925 г., Белсекцыі Губана і Губкаму РКП(б) у адпаведнасці з дырэктывамі НКА РСФСР пачалі падрыхтоўку да поўнай беларусізацыі навучальнага працэсу ў Гомельскім педтэхнікуме. Гэтай задачы адпавядаў і нацыянальны склад вучняў ГПТ8:

Класы беларусы яўрэі рускія іншыя

падрыхт.

6 4 25 4
І 19 10 3 5
ІІ 27 8 3 2
III 39 5 2
IV 37 6 1
усяго 128 33 34 11

 

Але вырашэнне пытання аб поўнай беларусізацыі тэхнікума патанала ў дэмагогіі губернскіх кіраўнікоў розных ступеняў улады. Неадназначную рэакцыю выклікала гэта рашэнне і ў навучэнцаў, з якіх шмат хто не мог пагадзіцца, што “беларускай мова — родная мова”. Камсамольская ячэйка ставіла пытанне агітаваць супраць беларусізацыі. 16 траўня 1926 г. прэзідыум Гомельскага Губвыканкаму прызнаў немагчымай беларусізацыю Гомельскага педтэхнікума і стварэнне Белпедтэхнікума на базе Бабчынскай школы. Яшчэ больш катэгарычнымі ў адносінах да беларускага пытання былі рашэнні вераснёўскага пленума Гомельскага Губкама РКП(б), які адначасова пастанавіў “Не далучаць Гомельшчыны да Беларусі”9. Але антыбеларускія захады губернскага кіраўніцтва нагадвалі агонію ўлады напярэдадні далучэння губерні да БССР.

Літаратура

  1. ДАГВ. Ф.60. Воп. 1. Спр. 1518. Арк.269.
  2. Там жа. Арк. 1.
  3. Тамжа. Спр.1549. Арк,40.
  4. ЦЦАМЛІМ. Ф.225. Воп.1. Спр.16. Арк.6,7.
  5. Цімашэнка Я. На фронце беларусізацыі (Гомельшчына, с. Яроміна) //Асьвета. 1925. п.2.
  6. Савецкая Беларусь. 20 ліотага.
  7. Савецкая Беларусь. 6 красавіка.
  8. ДАГВ. Ф.60. Воп.1. Спр. 1549. Арк.46.
  9. Філіял ДАГВ. Ф.1. Воп.1. спр. 2193. Арк. 149.

Аўтар: Ю.Р. Васілеўскі
Крыніца: Гомельшчына: старонкі мінулага. II выпуск. — Гомель, 1996. Ст. 124-129.