Беларуская секцыя пры гомельскім губернскім аддзеле народнай асветы

0
23
Беларуская секцыя пры гомельскім губернскім аддзеле народнай асветы

Беларуская секцыя пры гомельскім губернскім аддзеле народнай асветы. Існавала ў лістападзе 1921 — пач. 1927. Заснавана паводле дырэктыў Цэнтральнага Савета па асвеце народаў нярускай мовы (Саўнацмен) пры Наркамаце асветы РСФСР, пастаноў агульнага сходу прадстаўнікоў беларускай грамадскасці Гомельскай губерні ад 27.5. 1921 і губернскага з’езда працаўнікоў асветы (чэрвень 1921). Непасрэдна падпарадкоўвалася Беларускаму Цэнтральнаму Бюро пры Народным камісарыяце асветы РСФСР у Маскве.

Задачы секцыі: арганізацыя школ і культурніцка-асветных устаноў для беларускага насельніцтва Гомельскай губерні, арганізацыйнае і метадычнае кіраванне іх дзейнасцю, падрыхтоўка настаўніцкіх кадраў і забеспячэнне вучэбнай літаратурай. На тэрыторыі Гомельскай губерні кіравала Гомельскай, Магілёўскай і Рэчыцкай павятова-гарадскімі беларускімі секцыямі.

Прадстаўнік беларускай секцыі ўваходзіў у склад губернскага Саўнацмена. З лета 1924 загадчык секцыі В. Смігельскі. Працавала ў атмасферы нядобразычлівасці і перашкод з боку губернскіх органаў асветы, партыйнага і савецкага апарату, якія выступалі супраць стварэння нацыянальнай сістэмы асветы для беларусаў і адмаўлялі існаванне самастойнай беларускай нацыі. У студзені 1922 секцыя была ліквідавана. У 1923 пасля ўмяшання Наркамата асветы РСФСР адноўлена. Супрацоўнікі секцыі выкладалі курс беларусазнаўства ў Гомельскім педагагічным тэхнікуме (1921-1926), кіравалі навуковым гуртком настаўнікаў с. Прасна, дапамагалі беларускай мастацкай самадзейнасці; з яе дапамогай у 1922 арганізаваны беларускія хоры і драматычныя трупы ў Гомелі і Магілёве, падабраны кандыдаты на Цэнтральныя беларускія настаўніцкія курсы ў Мінску, ладзіліся губернскія летнія курсы беларускіх настаўнікаў.

Летам 1923 пад кіраўніцтвам беларускай секцыі працавалі 6 беларускіх школ у Гомельскім, Магілёўскім і Рагачоўскім паветах, беларуская хата-чытальня ў в. Азяраны Рагачоўскага павета. У жніўні 1923 па яе ініцыятыве ўзніклі беларускія гурткі ў Навазыбкаўскім сельскагаспадарчым тэхнікуме і Рагачоўскім педагагічным тэхнікуме. Летам 1924 выпрацаваны план беларусізацыі школ Гомельскага, Рэчыцкага, Клінцоўскага, Навазыбкаўскага павета. У 1924/25 навучальных гг. пад кіраўніцтвам секцыі пераведзены на беларускую мову школы Горвальскай, Юравіцкай, Хойніцкай, Брагінскай, Веткаўскай, Свяцілавіцкай валасцей, у 1925/26 — 17 школ у Чачэрскай воласці; на 1926/27 навучальны год планавалася перавесці на беларускую мову школы Уваравіцкай воласці, Клінцоўскага і Навазыбкаўскага паветаў, справаводства ў 30 раённых педагагічных саветах Гомельскай губерні. Пад кіраўніцтвам секцыі працаваў гурток беларусазнаўства ў Клінцах. Вясною 1926 ёй было падначалена 96 беларускіх школ розных ступеняў, 75 пунктаў па ліквідацыі непісьменнасці. 5 хат-чытальняў, 10 перасоўных культурніцкіх пляцовак. Па ініцыятыве секцыі ў маі 1926 адбылася губернская канферэнцыя настаўнікаў-беларусаў, на якой абмеркаваны пытанні развіцця школьнай сеткі і пашырэння беларусізацыі на Гомельшчыне. Супрацоўнічала з Гомельскай філіяй літаратурнага аб’яднання «Маладняк». Удзельнікі секцыі выступалі з артыкуламі і нататкамі ў перыядычных выданнях Гомельскай губерні і БССР. Ліквідавана ў сувязі з далучэннем Гомельскай губерні да БССР.

Літаратура

  • Г-скі (Гуткоўскі Н.) Беларуская культурная праца на Усходзе // Вестн. нар. комиссариата просвещения ССРБ. 1922. № 3 — 4;
  • Сьмігельскі В. Асобныя моманты культурна-асветнай працы сярод беларускага насельніцтва Гомельшчыны ў сучасны момант // Маладняк. 1926. N9 4(13).


Аўтар:
Ю.Р. Васілеўскі
Крыніца: Т. 1. А — Беліца / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. Ст. 413-414.