У 1924-1929 гг. у Савецкай Беларусі праводзілася беларусізацыя — афіцыйная палітыка нацыянальна-дзяржаўнага і нацыянальна-культурнага будаўніцтва, пачатак якой паклала пастанова II сесіі ЦБК БССР “Аб практычных мерапрыемствах па правядзенню нацыянальнай палітыкі” (15.07.1924). Стрыжань гэтай палітыкі, якая мела лёсавызначальны характар для беларускай нацыі, — планамернае ўвядзенне ва ўсе сферы грамадскага жыцця беларускай мовы як мовы карэннага насельніцтва БССР, да якога належала 80% жыхароў рэспублікі [1, с. 217]. Важным напрамкам была таксама карэнізацыя кадраў — камплектаванне асобамі беларускай нацыянальнасці адказных пасад у партыйных і савецкіх органах, наркаматах і ведамствах.
Беларусізацыя пачалася ў складаных умовах існавання беларускага грамадства, якое ў 1918-1921 гг. зазнала рабаўніцкую палітыку “ваеннага камунізму” з харчразвёрсткай пасля спусташэнняў Першай сусветнай вайны і іншаземных інтэрвенцый, а таксама тэрытарыяльныя страты пасля Рыжскай мірнай дамовы. Да таго ж значная частка беларускага насельніцтва была “інфіцыравана” вялікадзяржаўным шавінізмам і нацыянальным нігілізмам.
Тым не менш, нягледзячы на ўсе адзначаныя складанасці, а галоўнае — дзякуючы падтрымцы партыйнага кіраўніцтва БССР (вядомы на той час дэвіз — “Уся КП(б)Б павінна гаварыць на беларускай мове” [1, с. 218]) і стварэнню камісій па ажыццяўленні нацыянальнай палітыкі пры ЦБК БССР і выканкамах акруг — удалося шырока разгарнуць працу па беларусізацыі. На тэрыторыі БССР былі прызнаны раўнапраўнымі чатыры мовы: беларуская, польская, руская і яўрэйская, але II сесія ЦБК БССР канстатавала, што “беларуская мова выбіраецца як мова пераважная для зносін паміж дзяржаўнымі, прафесійнымі і грамадскімі ўстановамі і арганізацыямі” [1, с. 218].
У наркаматах і ведамствах спецыяльна распрацоўваліся праграмы і ствараліся курсы па беларусазнаўстве, на якіх, акрамя вывучэння беларускай мовы, даваліся і веды па беларускай літаратуры, гісторыі і геаграфіі Беларусі. Мэтай такіх курсаў была падрыхтоўка спецыялістаў, здольных весці справаводства на беларускай мове.
Асаблівую важнасць мела ўкараненне беларускай мовы ў справаводства праваахоўных органаў — дзяржаўных структур, якія сцвярджаюць вяршэнства закона і дзейнасць якіх ахоплівае усе сферы грамадскага жыцця.
Курсы па беларусазнаўстве дзейнічалі ў судовых органах, пракуратуры, міліцыі. Напрыклад, праграма для супрацоўнікаў Управы міліцыі і крымінальнага вышуку НКУС БССР на 1926/27 г. складалася з наступных раздзелаў:
А. БЕЛАРУСКАЯ МОВА*
- Фонэтыка. Азбука, гукі і літара. Зычныя і галосныя. Склад і націск. Гукі: У, І, дз, дж. Гукі зацьвердзелыя. Аканьне. Падвойныя літары і канчаткі.
- Часьціны мовы. Імя назоўнае. Род, лік, склон. Скланеньне іменьняў назоўных мужчынскага роду, жаночага і ніякага.
Імя прыметнае. Скланеньне іменьняў прыметных. Ступені прыраўнаньня.
* Тут і далей дакументы друкуюцца з захаваннем правапісу і пунктуацыі арыгіналаў.
Імя лічэбнае. Іменьні лічэбныя лічныя і парадкавыя. Скланеньне іменьняў лічэбных.
Займя. Паддзел займеньняў. Скланеньне займеньняў.
Дзеяслоў. Асобы, часы, лік, род і спражэньне. Спражэньне дзеясловаў. Лады. Станы.
Аддзеяслоўныя часьціны мовы: аддзеяслоўнае імя назоўнае, аддзеяслоўнае імя прыметнае, аддзеяслоўнае прыслоўе.
Прыслоўе. Паддзел прыслоўяў.
Прыймя. Злучнік і Выклічнік.
- Сынтакс. Сказ. Дапасаваньне і кіраваньне. Сказ просты і складаны.
Знакі прыпынку.
- Практыкаваньні.
Б. ЛІТАРАТУРА
Вусная народная паэзія /каротка/.
Старая література /каротка/.
Новая література /каротка/.
Навейшая література. Нашаніўская пара. Якуб Колас. Янка Купала.
Пралетарскія пісьменьнікі: Цішка Гартны, Міхась Чарот, Маладняк.
В. ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ
Дадзяржаўны лад славян: а/ тэрыторыя, б/ быт, в/ рэлігія, г/ заняткі, д/ плямёны, е/ кіраўніцтва.
Дзяржаўны лад славян: а/ плямёны, утварыўшыя Беларусь, б/ Полаччына, в/ Самастойнасьць Беларусі, г/ гандаль, д/ асьвета, е/ рэлігія.
Інкорпарацыя Беларусі ў склад Літвы і ўтварэньне Літоўска-Беларускай дзя ржавы. Разьвіцьцё Беларускай культуры і панаваньне яе над літоўскай.
Уваход Літоўска-Беларускай дзяржавы ў склад Польшчы. Люблінская вунія. Берасьцейская вунія. Змаганьне беларускай культуры з польскай. Брацтвы. Сацыяльны ўціск. Казацтва.
Паддзел Польшчы і ўваход Беларусі ў склад Расейскай Імперыі. Адносіны расейскага ўраду да Беларусі. Асьвета на Беларусі. Сялянскае пытаньне. Паўстаньне 1830-1831 гг. Русіфікацыя Беларусі.
Сялянская рэформа 1861 г. Паўстаньне 18бЗт.Узмацненьне русіфікацыі краю. Беларускі рух. Разьвітак рабочага руху і Зубатоўшчына. Рэвалюцыя 1905 г. на Беларусі. Міжрэвалюцыйныя часы /1905-1917/. Нашаніўская пара. Лютаўская рэвалюцыя.
Савецкая Беларусь. Вялікі Кастрычнік на Беларусі. Нямецкая і Польская акупацыя. Партызаншчына. Утварэньне Савецкай Беларусі. Эканамічнае і культурнее будаўніцтва. Нацыянальнае пытаньне.
Г. ГЕОГРАФІЯ
Карта паўкуляў з адміністрацыйна-палітычнага боку.
Месца Беларусі на карце паўкуляў.
Этнографічная Беларусь.
Савецкая Беларусь, яе адміністрацыйны паддзел.
Прырода Беларусі: паверхня, рэкі, вазёры, глеба, клімат, расьлінасьць, жывёла.
Насельніцтва.
Гарады.
Фабрычна-заводзкая прамысловасьць.
Сельская гаспадарка.
Д. КУЛЬТУРНЫЯ ЎСТАНОВЫ БЕЛАРУСІ
Інстытут Беларускай культуры.
Вышэйшыя навучальныя ўстановы.
Дзяржаўны музэй і музэі мясцовыя.
Інстытуты — розныя.
Ахова помнікаў старажытнасьці і яе значэньне [2].
Праграма была разлічана на 6 месяцаў з заняткамі па 2 разы на тыдзень, працягласцю па 1,5 гадзіны кожны. Як адзначалася ў тлумачальнай запісцы да праграмы, “пры прахаджэньні беларускай мовы галоўная увага зьвяртаецца на практычны яе бок, што дасягаецца дыктоўкамі, перакладамі, чытаньнямі, пісьмовымі працамі… Культурный ўстановы Беларусі ў праграму ўводзяцца для таго, каб міліцэйска-вышукны склад азнаёміўся з імі і мог сьвядома” дапамагаць у гэтай справе [3].
Пасля заканчэння такога навучання для праверкі ўзроўню валодання службоўцамі беларускай мовай у наркаматах ствараліся спецыяльныя камісіі, якія прымалі ў супрацоўнікаў адпаведныя іспыты з выстаўленнем адзнак.
Прывядзём прыклад такой камісіі, якая 7, 8 і 12 мая 1926 г. пад старшынствам інспектара Галоўпалітасветы праводзіла праверку ведаў беларускай мовы ва Управе міліцыі і крымінальнага вышуку НКУС і Мінскай акруговай міліцыі. Сябрамі камісіі былі: начальнік аддзела Управы міліцыі і крымінальнага вышуку НКУС, памочнік начальніка Мінскай акруговай міліцыі, прадстаўнік мясцкама, выкладчыкі беларускай мовы. Як сведчыць акт камісіі, “праверцы падпадалі ўсе супрацоўнікі, акрамя паставых міліцыянераў. Праверка вытваралась па наступнай праграме: пісьмовая і вусная праца, пры чым усе супрацоўнікі для пісьмовай працы былі падзелены на канцылярыстых і надворных, першым было дадзена тры тэмы: загад, заява і адносіна, другім — таксама тры: пратакол, акт і пастанова, з якіх патрэбна было напісаць на адну тэму, па ўласнаму абраньню. Вусныя пытаньні заключалісь у чытаньні беларускага тэксту, перакладу расейскага тэксту на беларускі й граматыцы — фанэтыка і морфолёгія, пры чым больш увагі зьвярталась на практычны бок, чым на навуковы” [4]. Паводле нацыянальнага складу экзаменаваныя супрацоўнікі размеркаваліся наступным чынам: беларусаў — 71, яўрэяў — 21, рускіх — 8, палякаў — 4, латышоў — 1.
На практычны бок звярталася увага і пры выкладанні беларускай мовы ў школе міліцыі імя Фрунзэ2 з гадавым курсам навучання, дзе ў 1920-я гг. рыхтавалі малодшы склад міліцыі. Якой была праграма, відаць з “плана працы па прахаджэньню беларускай мовы” ў гэтай школе і з тлумачэння выкладчыка:
«Патрэбнасьць ізучэньня беларускай мовы на Беларусі. Беларуская мова й яе разьвіцьця ў зьвязку з гістарычным жыцьцям нацыі. Погляд на разьвіцьце мовы. Мовы й говар. Сем’і моў. Сям’я моў славянскіх. Час злажэньня нацыі й мовы. Палітычны лёс Беларусі на працягу яе гістарычнага жыцьця. Агульнасьць і розьніца ў мовах беларускай, маскоўскай і польскай. Распаўсюджанасьць беларускай мовы. Значэньне беларускай мовы ў жыцьці беларускай народнасьці. Фанэтычныя й этымолёгічныя асаблівасьці беларускай мовы. Гукі й літары. Дзяленьне гукаў на галосныя, зычныя й паўгалосныя. Асаблівасьці гукаў галосных, зычных і паўгалосных ад падобных у маскоўскай мове. Дыфтонгі і афрыкаты. Галосныя цьвердыя й мяккія (т. і з зычнымі). Зычныя звонкія й глухія. Азбука — кірыліца або гражданка й лацінка. Вялікія й малыя літары. Правіла карыстаньня гукамі дз, дж, й, ў, і. Падвойныя літары і падвойныя гукі. Склад і націск. Зычныя зацьвярдзеўшыяр, ж, ч, ш й галосныя пасьля іх.
Гукі о, э, ё й мейсца іх у словах.
Гук е й склады не, без, цераз і перад. Правапіс іх.
Нявыразныя зычныя.
Мяккія зычныя: з, с, ц, дз.
Прадмет
Паняцьце аб прадмеце й імені назоўным.
Дзяленьне прадметаў па спосабу іх распазнаваньня.
Прадметы ажыўлённыя й неажыўлённыя.
Лік прадметаў. Род. Лікі адзіночны, множны. Ужываньне прадметаў у адным якім-небудзь ліку. Рады мужчынскі, жаноцкі й ніякі. Парадак аднясеньня таго ці іншага прадмета да рода. Склоны й скланеньня.
Прымета
Прымета як адзнака прадмета. Адноснасьць прыметы да прадмета. Род і лік прыметы ў зьвязку з родам і лікам прадмета. Розьніца ў скланеньні прадмета й прыметы.
Дзеяньне
Паняцьце аб дзеяньні. Распазнаваньне дзеяньня па пытаньнях адносных да яго. Правапіс канчаткаў е, а ў дзеяньнях.
Лічэбнік
Лічэбнік — імя лічэбнае — імя лічбаў. Віды лічэбнікаў. Правопіс канчаткаў лічэбнікаў. Простыя й складовыя лічэбнікі. їх правопіс.
Займя
Слова — замена йменяўназоўнага, прыметнага, лічэбнага. Падзел займеньняў. Правопіс. Узоры скланеньняў займеньняў.
Прыйменьне і прыстаўка
іх правопіс. Прыйменьні: ад, над, пад, пра. Корань і канчатак. Парадак пабудаваньня слова..Словы простыя й складныя. Сувязь складных слов.
Сказ
Азнаямленьне са сказам. Яго часьціны. Галоўныя часьціны сказу. Дзейнік і сказьнік. Даданыя часьціны сказу. Знакі прыпынку паміж часьцінамі сказу й асобньїмі сказамі.
Тлумачэньне да пляну па ізучэньню беларускай мовы
Дзякуючы спэцыяльнаму заданьню пазнаёміць аўдыторыю з тэхнікай карыстаньня правіламі чытаньня і пісьма па беларускі і незначнаму ліку гадзін адведзенаму для гэтай мэты, мне прышлося пабудаваць плян праходзімага навучальнага прадмета не сыстэматычна, а прапэдэўтычна, г. з. што ў часе заняткаў па мове яна не будзе асьветляцца ўсебакова, а будуць высьветлены толькі самыя значныя яе асаблівасьці, як з этымолёгічнага так і сынтаксычнага боку. У часе заняткаў будзе зьвернена значная ўвага на практычную працу, як з боку чытаньня так і пісьма» [5].
Пры залічэнні ў школу міліцыі імя Фрунзэ курсантьі давалі падпіску на беларускай мове:
“Я, ніжападпісаны… даю гэтую падпіску ў тым, што ўступаючы ў шэрагі міліцыі буду стаяць на варце рэвалюцыйнага парадку і абараняць інтарэсы працоўнага клясу і селянскае беднаты.
Састая на службе ў Савецкае Рабоча Селянскае Міліцыі павінен:
- Праслужыць у Міліцыі па сканчаньні школы міліцыі ня меней двух гадоў.
- Безупрэчна выконваць усе загады і распараджэньні сваіх Начальнікаў, як прадстаўнікоў Савецкае Улады.
- Захоўваць строгую дысцыпліну і парадак.
- Няўхільна сачыць за выкананьнем дэкрэтаў грамадзянамі, Пастаноў і Распараджэній Рабоча-Сялянскае Улады.
- Бязьлітасна душыць усе выступленьні супроць Савецкае Улады.
- Быць чэсным, цьвярозым, выканаўчым і уважлівым з усімі, а ў асаблівасьці з гарадской і селянскай беднатой, як на службе, так і па за службай.
- У выпадку небясьпечнасьці пагражаючай Савецкай Уладзе ад знадворных непрыяцеляў прыду на дапамогу Чырвонай Арміі.
- За невыкананьне з маяго боку хаця-бы аднаго з пералічаных пунктаў законаў і дэкрэтаў Рабоча-Селянскае Улады, Я як асоба сьпецыяльна пастаўляны дзеля аховы рэвалюцыйнага парадку і пільнаваньня ўсіх гэтых законаў і дэкрэтаў падлягаю кары.
У чым уласнаручна падпісваюсе”[6].
Згодна з рэзалюцыяй II сесії ЦВК БССР беларусізацыю апаратаў ЦВК, Саўнаркама, Наркамасветы і Наркамземляробства планавалася завяршыць за адзін год, а наркаматаў унутраных спраў, юстыцыі, сацыяльнага забеспячэння, пошты і тэлеграфа — за два [1, с. 218].
Са справаздачных дакументаў НКУС БССР вынікае, што Управа міліцыі і крымінальнага вышуку наркамата “цалкам перайшла на беларускую мову з 1 красавіка 1925 г.” за выключэннем “вялізных інструкцый, якія прызначаны да рукаводніцтва раённага апарату міліцыі”, а ўпраўленні акруговых міліцый “перайшлі на 75 — 80% на беларускую мову” [7]. Як адзначалася далей, “найгорш справа абстаіць з раённым апаратам. Плыўкасьць асабовага складу, перагружанасьць работай, асаблівасьці надворнай работы, адсутнічаньне сродкаў на аплату выкладчыкаў стварае ўмовы, пры якіх беларусізацыя ідзе слаба. Пры гэтакіх умовах той процэнт (25 — 30%), які маецца ў беларусізацыі раёнаў, належыць лічыць здавальняючым” [7].
Паводле дакументаў НКЮ БССР, да 1 кастрычніка 1926 г. справаводства большасці судовых устаноў рэспублікі таксама было пераведзена на беларускую мову. Па акругах гэтыя колькасныя паказчыкі выглядалі наступным чынам: “па Менскай — з 14 участкаў нарсуда справаводства пераведзена ў 10; па Барысаўскай — з 10 у 8; па Магілёўскай — з 11 у 9; па Калінінскай — з 10 у 6; па Віцебскай — з 15 у 10; па Аршанскай — з 11 у 7; па Полацкай — з 10 у 6; па Бабруйскай — з 13 у 11; па Слуцкай — з 7 у 5; па Мазырскай — з 11 у 8” [8].
Дэтальны аналіз архіўных спраў, якія захоўваюцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь (ф. 35, воп. 1; ф. 34, воп. 1; ф. 99, воп. 2; ф. 750, воп. 1), дазваляе зрабіць выснову, што падобныя рапартаванні пра пераход на беларускую мову да запланаваных тэрмінаў адпаведна рэзалюцыі II сесії ЦВК БССР не надежным чынам адлюстроўвалі рэчаіснасць.
24 жніўня 1926 г. адбылася нарада кіраўнікоў НКУС БССР, на якой другім пытаннем разглядаўся стан беларусізацыі ў наркамаце. Пратакол нарады сведчыць, што па міліцыі ў раёнах на беларускай мове вялася толькі дробная перапіска, “апарат крымінальнага вышуку за выключэннем дазнанняў вядзецца на беларускай мове”, таксама канстатавалася, што інструктары Адміністрацыйнай управы наркамата не валодаюць беларускай мовай, а Управа камунальнай гаспадаркі наогул перайшла на беларускую мову на 10%. Цікава выглядае пастанова нарады: “3 25-га жніўня перайсці на 100% у разгаворе на беларускую мову, а таксама і па пісьму” [9].
Падобная танальнасць і ў афіцыйным лісце Віцебскага акруговага суда ад 14 студзеня 1926 г., адрасаваным усім народным суддзям Віцебскай, Полацкай і Аршанскай акруг: “Супрацоўнікі і кіраўнікі ўстаноў мелі поўную магчымасьць даволі падрыхтавацца ў веданьні мовы [беларускай], як у гутарковых занятках, так і асобна. Далейшага адтэрмінаньня ня будзе, усе ўстановы ў поўным аб’ёме будуць пераведзены канчаткова і няўзваротна на гэту мову з 1 чэрвеня 1926 г.” [10].
Падсумоўваючы справаздачы акруговых судоў у 1926 г., накіраваныя ў НКЮ БССР, можна зрабіць выснову, што пратаколы судовых пасяджэнняў, прыгаворы і рашэнні ў народных судах рэспублікі пісаліся часткова на беларускай, часткова — на рускай мове, але прапорцыя гэтага двухмоўя ў судах была розная: у адных судовых установах пераважаў беларускі тэкст дакументаў, у другіх — рускі. Што тычыцца гутарковай мовы, то тут паказальная вытрымка са справаздачы Магілёўскага акруговага суда ад 19 кастрычніка 1926г.: “Прыём прасіцеляў вядзецца на расейскай і беларускай мовах, у залежнасці ад таго, якой мовай уладаюць прасіцялі” [11].
У дадатак прывядзём вытрымкі з вынікаў праверкі беларусізацыі ў НКЮ і падпарадкаваных яму ўстановах у 1931 г.: “справаводзства Наркамату і яму падпарадкаваных устаноў, Мясцкому і ячэйкі цалкам пераведзена на беларускую мову”, “сходы і афіцыяльныя выступленьні ў пераважнай большасьці вядуцца на беларускай мове”, “пры здавальняючым аўладаньні бел. мовай пераважнай часткі супрацоўнікаў у ўстановах пры размовах паміж значнай часткай супрацоўнікаў ужываецца пераважна мова расейская, а таму і сама беларусізацыя носіць некалькі фармальны характар”, “у паасобных частках апарату мае мейсца прамае парушэньне прынцыпаў нацыянальнай палітыкі ураду і партыі і падпарадкаваньне сутнасьці справы чыста фармальным меркаваньнем, а менавіта у Транспартнай Пракуратуры і Лінейным судзе з прычыны неабходнасьці адсылкі матар’ялаў у Маскву на расейскай мове і самыя судовыя працэсы вядуцца ў межах БССР выключна на расейскай мове” [12].
Нягледзячы на адзначаныя недахопы, праваахоўныя органы БССР у выніку праведзеных мерапрыемстваў былі ў значнай ступені беларусізаваны. Гэтаму таксама паспрыяла навуковатэрміналагічная камісія Народнага камісарыята асветы, якая займалася распрацоўкай беларускай тэрміналогіі ў розных галінах навукі і падрыхтоўкай да друку адпаведных слоўнікаў. «Паводле дадзеных каталога Нацыянальнай бібліятэкі, за 1920-1930 гг. выйшлі тры слоўнікі юрыдычнай тэрміналогіі. Адзін з іх пад назвай “Тэрміналогія права” — дзясяты выпуск серыі “Беларуская навуковая тэрміналогія”. Укладаннем слоўніка юрыдычнай лексікі пераважна займаўся супрацоўнік Інбелкульта Мікалай Гуткоўскі» [13, с. 83].
Падкрэслім, што ўзровень беларусізаванасці праваахоўных органаў у 20-я гг. мінулага стагоддзя застаўся непераўзыдзеным і сёння, у тым ліку і ў параўнанні з другой хваляй беларусізацыі першай паловы 1990-х гг.
Фактычна ўся службовая дакументацыя, дарэчы, і сакрэтная, ва ўстановах НКЮ і Управе міліцыі і крымінальнага вышуку НКУС у другой палове 1920-х гг. вялася на беларускай мове. Супрацоўнікі міліцыі як у цэнтры, так і на месцах пры правядзенні неабходных аператыўнаследчых дзеянняў карысталіся бланкамі дакументаў на беларускай мове (“Пратакол обшуку і выемкі”, “Пратакол допыту сьведкі” і інш.), якія запаўнялі таксама па-беларуску.
Варта падкрэсліць, што Наркаматам унутраных спраў кіравалі прыхільнікі беларусізацыі, вядомыя нацыянальныя дзеячы Дзмітрый Чарнушэвіч (сакавік — жнівень 1924 г.), Алесь Хацкевіч (1925 — 1926) і Алесь Сташэўскі (1926 — 1928). Дарэчы, Д. Чарнушэвіч і А. Хацкевіч у свой час узначальвалі беларусізацыю ў краіне, бо стаялі на чале Нацыянальнай камісіі пры ЦВК БССР.
На беларускай мове выходзілі і спецыялізаваныя часопісы, у прыватнасці выданні Народнага камісарыята юстыцыі БССР — “Рэвалюцыйная законнасьць” і “Весьці”, дзе друкаваліся артыкулы пра стан злачыннасці ў БССР з падрабязным статыстычным аналізам, даваўся агляд найважнейшых актаў савецкага заканадаўства, уздымаліся праблемныя пытанні грамадзянскага, крымінальнага і працэсуальнага права. Напрыклад, 29 сакавіка 1928 г. у “Рэвалюцыйную законнасьць” даслаў артыкул, прысвечаны зменам у крымінальна-працэсуальным кодэксе, разам з лістом да рэдакцыі, напісаным па-беларуску, інспектар крымінальнага вышуку Адміністрацыйнага ўпраўлення НКУС БССР В. Уласаў [14].
Газета “Савецкая Беларусь” (орган ЦВК БССР) у другой палове 1920-х выходзіла з укладышам “Чырвоная варта”, прысвечаным беларускай міліцэйскай дывізіі, дзе даволі шырока асвятлялася і беларусізацыя ў вайсковых падраздзяленнях. Прывядзём вытрымкі з нататкі аднаго чырвонаармейца ў нумары ад 21 чэрвеня 1925 г.: “У нашым эскадроне сувязі N коннага корпусу чырвонаармейцы складаюцца амаль з адных беларусаў (каля 80 проц.). Большасьць з Барысаўскай і Бабруйскай акругі.
Спачатку палітасьветная работа сярод чырвонаармейцаў праводзілася на расейскай мове. З цягам часу выявілася, што многія чырвонаармейцы, асабліва Барысаўскай акругі, маюць жаданьне вучыцца па-беларуску. Гэта прымусіла наш палітсклад выбраць беларусаў і арганізаваць беларускую групу.
…У палітычных адносінах чырвонаармейцы беларускай групы лічацца перадавымі. Работа магла-б яшчэ больш пашырацца, але ёсьць перашкоды: 1) чырвонаармейцы ў вочы ня бачылі, будучы ў часьці, беларускіх газэт, 2) няма падручнікаў для правядзеньня палітгадзіны на беларускай мове, 3) ёсьць падрыў з боку малодшага камскладу, напрыклад: ня прымаюць заяў на беларускай мове й сьмяюцца над гэтай мовай” [15].
Пачатая на мяжы 1920-1930-х гг. барацьба з “нацдэмакратызмам”, якая фактычна згарнула палітыку беларусізацыі, адбілася і на стане беларусізацыі ў праваахоўных органах. У 1930-я гг. у службовым справаводстве міліцыі ўжо цалкам пераважала руская мова. У гэтым кантэксце цікава прывесці вытрымку з загада Паўнамоцнага прадстаўніцтва АДПУ па БССР ад 14 ліпеня 1932 г. аб выкананні распараджэнняў па камплектаванні начскладу рабоча-сялянскай мідіцыі: «…заполнение послужных списков, анкет и автобиографий производится на белорусском, а зачастую на смешанном языке, в то время, как личные дела начсостава РК милиции должны оформляться исключительно на русском языке» [16].
Варта таксама ўзгадаць, што ў 1927 г. на беларускай мове выйшла першая кніга па гісторыі беларускай міліцыі — “Кароткі нарыс гісторыі міліцыі Беларусі. 1917-1927” (пад агульнай рэдакцыяй і з прадмовай наркама ўнутраных спраў А. Сташэўскага). Заўважым, што наступнае падобнае выданне, “Очерки истории милиции Белорусской ССР. 1917-1987” пад рэдакцыяй В. Піскарова, убачыла свет толькі ў 1987 г. на рускай мове.
2 Міліцэйская школа пры Управе мшіцыі і крымінальнага вышуку НКУС БССР — менавіта такая назва была засведчана на чатырохмоўным штампе дадзенай установы. Але часта ў тэкстах службовай перапіскі ўжывалася назва “школа міліцыі імя Фрунзэ”, якая таксама была засведчана і на штампе ўваходных дакументаў гэтай школы.
Спіс літаратуры
- Гісторыя Беларусі: у 6 т. / рэдкал.: М. Касцюк (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск: Экаперспектыва, 2007. — Т. 5.
- НАРБ. — Ф. 35. — Воп. 1. — Спр. 537. — Арк. 19-19 адв.
- НАРБ. — Ф. 35. — Воп. 1. — Спр. 537. — Арк. 20.
- НАРБ. — Ф. 35. — Воп. 1. — Спр. 537. — Арк. 4.
- НАРБ. — Ф. 37. — Воп. 3. — Спр. 17. — Арк. 233 — 235.
- НАРБ. — Ф. 37. — Воп. 3. — Спр. 33. — Арк. 10.
- НАРБ. — Ф. 35. — Воп. 1. — Спр. 537. — Арк. 15.
- НАРБ. — Ф. 99. — Воп. 2. — Спр. 494. — Арк. 10.
- НАРБ. — Ф. 34. — Воп. 1. — Спр. 470. — Арк. 113-113 адв.
- НАРБ. — Ф. 99. — Воп. 2. — Спр. 494. — Арк. 2.
- НАРБ. — Ф. 99. — Воп. 2. — Спр. 494. — Арк. 59, 59 адв.
- НАРБ. — Ф. 99. — Воп. 2. — Спр. 737. — Арк. 20, 21.
- Кулеш, Г. I. Слоўнікі беларускай юрыдычнай тэрміналогіі 1920 — 1930-х/ Г. I. Кулеш//Беларускаеслова: гісторыя і сучаснасць: зб. арт. — Мінск: Права і эканоміка, 2010.
- НАРБ. — Ф. 750. — Воп. 1. — Спр. 508. — Арк. 44.
- Бабкоўскі, I. Беларусізацыя ў нашай часьці /1. Бабкоўскі // Савецкая Беларусь. — 1925. — 21 чэрв. — С. 3.
- Архіў МУС РБ. — Ф. 50. — Воп. 5. — Спр. 1. — Арк. 199.
Аўтар: Юрый Кур’яновіч
Крыніца: Роднае слова. – 2011. – № 12. – С. 62-66.