Пачынаючы з мая 1942 г. становішча Чырвонай Арміі на паўднёвым участку савецка-германскага фронту стала істотна пагаршацца. Войскі вермахта і іх сатэліты імкліва прасоўваліся да Волгі і на Паўночны Каўказ з мэтай захапіць раёны, багатыя стратэгічнай сыравінай. У сувязі з гэтым савецкае кіраўніцтва прадпрымала ўсе захады, каб выправіць ваенную сітуацыю на поўдні еўрапейскай часткі СССР.
У барацьбе супраць германскіх акупантаў важнае месца адводзілася партызанскім фарміраванням, якія сваімі актыўнымі дзеяннямі павінны былі зрываць пастаўкі людскіх і матэрыяльных рэсурсаў для франтавых часцей нямецкай арміі і яе сатэлітаў. Перад партызанамі, якія дыслацыраваліся на тэрыторыі Гомельшчыны, стаяла задача максімальна паралізаваць функцыянаванне камунікацый вакол Гомельскага транспартнага вузла. Эфектыўнае ўздзеянне на тылавыя аб’екты ворага шмат у чым залежала ад шчыльнага баявога супрацоўніцтва партызанскіх фарміраванняў Беларусі, Расіі, Украіны, што аперыравалі ў рэгіёне.
Пэўныя звесткі аб сумесных дзеяннях партызан суседніх савецкіх рэспублік на Гомельшчыне ў маі — лістападзе 1942 г. змяшчаюцца ў калектыўных выданнях [1; 2], манаграфічных працах [3-7], зборніках навуковых артыкулаў і дакументаў, успамінах [8-12], навукова-папулярных публікацыях [13; 14].
Канстатуючы наяўнасць у выданнях пэўнай інфармацыі па заяўленай праблеме, варта адзначыць, што ў гістарыяграфіі яшчэ не праведзена комплекснае даследаванне баявога ўзаемадзеяння партызан Беларусі, Расіі, Украіны ў названым рэгіёне вясной — восенню 1942 г.
Мэта артыкула — на аснове аналізу апублікаванай літаратуры і дакументальных матэрыялаў асвятліць сумесныя аперацыі савецкіх партызан на транспартных аб’ектах ворага на тэрыторыі Гомельшчыны і паказаць уплыў такіх баявых удараў народных мсціўцаў на змяншэнне магчымасцей гітлераўскага камандавання па бесперабойным выкарыстанні транспартных камунікацый рэгіёна для забеспячэння сваіх франтавых часцей людскімі рэсурсамі, баявой тэхнікай, боепрыпасамі, палівам, харчамі.
Узаемадзеянне партызан Беларусі, Расіі, Украіны на камунікацыях Гомельскага транспартнага вузла стала наладжвацца з канца мая 1942 г. Для правядзення ўзгодненых аперацый на чыгуначных і шашэйных лініях праціўніка атрад Чарнігаўскай вобласці (камандзір А. Ф. Фёдараў) устанавіў сувязі з гомельскімі партызанамі. На стыку трох савецкіх рэспублік таксама дзейнічалі атрады Арлоўскай вобласці (камандзіры М. А. Леўчанка, П. А. Маркаў, Д. П. Зябніцкі, Ф. Ф. Тарасенка), якія падтрымлівалі кантакты з беларускімі і ўкраінскімі партызанамі. У перыяд з 22 па 26 мая 1942 г. у выніку ўдараў па камунікацыях Гомельскага вузла быў скінуты пад адхон 21 воінскі эшалон з людскімі рэсурсамі, баявой тэхнікай і палівам, падарваны тры масты, віядук і некалькі аўтамашын. Падчас адной з дыверсій байцы Чарнігаўскага атрада на лініі Гомель-Бранск паміж станцыямі Добруш-Закапыцце разбілі эшалон, які складаўся з 2 паравозаў і 48 вагонаў з палівам і запаснымі часткамі для нямецкіх самалётаў. Партызаны гомельскага атрада «Бальшавік» правялі некалькі паспяховых аперацый на дарогах у непасрэднай блізкасці ад Арлоўскай вобласці і на шашы Гомель-Чарнігаў [7, с. 250-251; 12, с. 314; 15, с. 362-363, 377].
Скаардынаваныя дыверсійныя аперацыі партызан суседніх рэспублік вакол Гомельскага транспартнага вузла, праведзеныя партызанамі ў канцы вясны 1942 г., ужо стваралі пэўныя перашкоды на шляху да рэалізацыі германскім камандаваннем планаў шырокага летняга наступлення ў напрамку Волгі і Паўночнага Каўказа, куды праціўнік імкнуўся тэрмінова перакінуць свае людскія і матэрыяльныя рэсурсы.
З пачатку лета 1942 г. для пашырэння ўдараў па варожых камунікацыях у паўднёва-ўсходнія раёны Беларусі з савецкага тылу сталі перамяшчацца спецыяльныя падраздзяленні Наркамата ўнутраных спраў (далей НКУС) СССР і структур Чырвонай Арміі. Чэкісцкія і армейскія атрады і групы ў асноўным камплектаваліся з жыхароў-добраахвотнікаў Масквы і іншых расійскіх рэгіёнаў. Асабовы склад спецпадраздзяленняў меў баявы вопыт, атрыманы падчас абароны сталіцы СССР, быў забяспечаны запасам узрыўчаткі, новымі на той час мінамі, аўтаматычнай зброяй, рыдыёстанцыямі для сувязі з Цэнтрам. У маі-лістападзе 1942 г. на ўсходзе Беларускага Палесся і паблізу з гэтым рэгіёнам базіраваліся 8 падраздзяленняў НКУС СССР і больш за 15 армейскіх баявых груп. Звычайна яны размяшчаліся побач з мясцовымі атрадамі і аказвалі ім дапамогу ў падрыхтоўцы падрыўнікоў, перадавалі міны заводскай вытворчасці, узрыўчатку, узрывацелі. У сваю чаргу мясцовыя атрады накіроўвалі ў спецпадраздзяленні сваіх лепшых байцоў, перадавалі разведданыя аб руху цягнікоў і калон праціўніка, паказвалі найбольш зручныя падыходы да чыгуначных ліній, шашэйных дарог, гарнізонаў, выдзялялі праваднікоў і групы прыкрыцця [1, с. 349-350, 5, с. 170-172, 176-177; 7, с. 250-251; 13, с. 259-261; 14, с. 38; 16, л. 19-22, 17, л. 12].
Непрацяглы час адным з цэнтраў разгортвання дыверсійнай дзейнасці вакол Гомельскага вузла з’яўляўся Чачэрскі раён. Сюды ў пачатку ліпеня 1942 г. перамясціліся атрады НКУС СССР «Уперад» (камандзір П. Р. Шамякін), «Другія» (камандзір М. В. Зябніцкі), група Заходняга фронту на чале з А. К. Новікавым. На момант прыбыцця спецпадраздзяленняў з Вялікай зямлі ў Чачэрскай партызанскай зоне базіраваліся пяць беларускіх і два арлоўскія атрады. З мэтай каардынацыі баявой дзейнасці партызан, чэкістаў і армейскіх разведчыкаў быў створаны аб’яднаны штаб на чале з камандзірам спецатрада «Уперад» П. Р. Шамякіным і сакратаром Гомельскага падпольнага абкама КП(б)Б А. А. Куцаком. Функцыянаванне каардынуючага цэнтра партызанскімі сіламі рэгіёна садзейнічала правядзенню серыі паспяховых баявых аперацый на розных участках чыгуначных ліній Жлобін-Гомель-Бранск і Гомель-Чарнігаў. Да сярэдзіны ліпеня 1942 г. байцы спецпадраздзяленняў і партызаны ва ўзаемадзеянні скінулі пад адхон 12 эшалонаў, падарвалі шэсць мастоў, 19 аўтамашын, 26 трактароў, разграмілі да 20 апорных пунктаў паліцыі і валасных упраў, забілі і паранілі да 400 акупантаў [14, с. 38; 18, с. 62; 19, л. 27; 20, л. 13].
Улічваючы пагрозу для сваіх транспартных камунікацый у Гомельскім рэгіёне, германскае камандаванне ў пачатку трэцяй дэкады ліпеня 1942 г. кінула супраць мясцовых атрадаў і спецпадраздзяленняў войскі 221-й ахоўнай дывізіі і зводны атрад паліцыі. За тры дні баёў з карнікамі каля населеных пунктаў Покаць, Палессе, Кляпіна, Будзішча, Насімкавічы партызаны знішчылі да 250 акупантаў. Нягледзячы на мужныя дзеянні народных мсціўцаў, праціўнік да 23 ліпеня 1942 г. заняў усе партызанскія вёскі. На нарадзе камандзіраў і камісараў, скліканай аб’яднаным штабам 24 ліпеня 1942 г., было прынята рашэнне не ўступаць у адкрытае супрацьстаянне з карнікамі, а знішчаць ворага з засад. Аднак праз некалькі дзён з прычыны істотнай перавагі праціўніка ў жывой сіле, баявой тэхніцы і ўзбраенні, а таксама пагрозы акружэння, штаб, спецпадраздзяленні і частка партызан з беларускіх і арлоўскіх атрадаў дыслацыраваліся з раёна баёў у Магілёўскую вобласць. Разрозненыя партызанскія групы, якія засталіся ў Чачэрскім раёне, былі вымушаны манеўрыраваць у лясных масівах [3, с. 117-119; 18, с. 63-65; 21, л. 48-49, 60-62; 22, л. 57-58, 134-136; 23, л. 7, 9, 76-77; 19, л. 28; 24, л. 37; 20, л. 12-13; 17, л. 9; 25, с. 82-83].
Спецпадраздзяленні ў цэлым садзейнічалі актывізацыі баявой дзейнасці партызан Чачэрскай зоны ў ліпені 1942 г. Яны арганізавалі падрыхтоўку ў мясцовых атрадах падрыўнікоў, якія потым прымянялі атрыманыя навыкі для правядзення дыверсій на камунікацыях. Праз радыёстанцыю чэкісцкага атрада «Уперад» сакратар Гомельскага падпольнага абкама КП(б)Б А. А. Куцак і камандаванне мясцовых партызанскіх падраздзяленняў змаглі звязацца з ЦК КП(б)Б. Разам з тым па ініцыятыве П. Р. Шамякіна была праведзена паспешная рэарганізацыя мясцовых атрадаў, што негатыўна паўплывала на іх баяздольнасць падчас барацьбы з карнікамі. Акрамя таго, пасля першых баёў па загадзе П. Р. Шамякіна некаторыя атрады разбіліся на невялікія групы і разышліся па сваіх населеных пунктах. З прычыны дэцэнтралізацыі дзейнасці партызанскіх сіл каля 100 чалавек і некалькі груп самаабароны паддаліся на прапагандысцкія ўлоўкі акупантаў і здаліся ў палон, пасля чаго большасць з іх была расстраляна карнікамі, а астатнія вывезены на катаржныя работы ў Германію [21, л. 58-59; 22, л. 134-135; 24, л. 12-13].
Партызаны, якія пасля выхаду каардынацыйнага штаба ў Магілёўскую вобласць засталіся ў Чачэрскім раёне, базіраваліся невялікімі групамі ў лясных масівах. У канцы жніўня 1942 г. Сюды перамясцілася Чарнігаўскае партызанскае злучэнне. Знаходзячыся на беларускай тэрыторыі, яго камандзір А. Ф. Фёдараў валявым рашэннем уключыў у склад свайго фарміравання групы партызан Чачэрскага, Свяцілавіцкага і Кармянскага раёнаў агульнай колькасцю 220-245 байцоў. Такое рашэнне было прынята, нягледзячы на пярэчанні з боку камандна-палітычнага складу беларускіх атрадаў [1, с. 351; 4, с. 68; 6, с. 629-630; 18, с. 79; 21, л. 45, 48-49; 19, л. 28-29; 24, л. 8-9; 11, с. 297-298; 15, с 383].
Пасля выхаду больш за 300 мясцовых партызан за межы Чачэрскага, Свяцілавіцкага і Кармянскага раёнаў паўночная група атрадаў Гомельскай вобласці спыніла сваё функцыянаванне. Гэта, безумоўна, адмоўна паўплывала на дыверсійную дзейнасць партызан у рэгіёне.
На падыходах да Гомеля з заходняга і паўднёвага напрамкаў сумесныя аперацыі на камунікацыях праводзілі беларускія атрады «Бальшавік» (камандзір І. С. Федасеенка), Лоеўскі «За Радзіму» (камандзір Р. І. Сінякоў) і група Заходняга фронту на чале з Б. Х. Тульчынскім. Армейскае падраздзяленне ў складзе 11 байцоў з 12 чэрвеня 1942 г. стала базіравацца побач з атрадам «Бальшавік». Дэсантнікі перадалі мясцовым партызанам міны заводскай вытворчысці, узрыўчатку, узрывацелі, навучылі выплаўляць тол са снарадаў. На курсах падрыўнікоў прайшлі падрыхтоўку дзясяткі партызан, у тым ліку сакратар Гомельскага падпольнага гаркама КП(б)Б Е. І. Барыкін і сакратар Гомельскага падпольнага гаркама ЛКСМБ А. Л. Ісачэнка. За час знаходжання дэсантнай групы Б. Х. Тульчынскага на Гомельшчыне з сярэдзіны чэрвеня і да 20 кастрычніка 1942 г. яе байцы і партызаны разам правялі 17 дыверсій на чыгунцы і 14 — на шашэйных дарогах РэчыцаГомель і Гомель-Чарнігаў. У выніку такіх аперацый пад адхон былі скінуты чатыры эшалоны з жывой сілай і баявой тэхнікай, падарваны дзясяткі аўтамашын [8, с. 515; 21, л. 27-29, 31; 20, л. 8; 27, л. 3-4; 10, с. 127; 28, с. 95, 122-123].
Разгортванне дыверсійнай дзейнасці ў пачатку лета 1942 г. на транспартным участку ГомельНовазыбкаў было звязана з прыбыццём сюды ў чэрвені 1942 г. маскоўскай армейскай групы на чале з капітанам А. П. Карабіцыным. Дэсантнікі і мясцовая група К. Н. Касцяневіча аб’ядналіся ў атрад (камандзір М. М. Ігнатовіч, з 8 жніўня 1942 г. — Ф. І. Краўчанка) і сталі сумесна праводзіць аперацыі на чыгунцы. У канцы чэрвеня — пачатку ліпеня 1942 г. мінёры атрада пры дапамозе падпольшчыкаў падарвалі каля станцыі Закапыцце эшалон з боепрыпасамі. Заўважна ўзмацніліся ўдары па камунікацыях пасля перамяшчэння ў лясныя масівы раёна ў ліпені 1942 г. атрада Бранскага фронту на чале з капітанам М. С. Кавалёвым, у складзе якога былі 12 байцоў з Чарнігаўскага партызанскага злучэння. Падраздзяленне мела на ўзбраенні аўтаматы, узрыўчатку і радыёстанцыю. Вялікую дапамогу атраду М. С. Кавалёва аказвалі добрушскія падпольшчыкі, якія збіралі і перадавалі звесткі аб руху эшалонаў, колькасці акупантаў і іх узбраенні ў гарнізонах, аб падрыхтоўцы ворагам карных акцый. Агульнымі намаганнямі партызан, якія базіраваліся ў раёне, і добрушскіх падпольшчыкаў у ліпені — кастрычніку 1942 г. было скінута пад адхон 12 эшалонаў праціўніка, у тым ліку дзевяць з жывой сілай і тры з боепрыпасамі, разбіта 12 паравозаў і 244 вагоны, знішчана каля 2 тысяч акупантаў, падарваны два масты на шашы ГомельДоўск [22, л. 98; 29, л. 1, 3-5; 17, л. 6-11; 13, с. 259-260, 267-268; 25, с. 78-80].
Разам з указанымі вышэй атрадамі і групамі на тэрыторыі Добрушскага раёна з канца жніўня 1942 г. стала базіравацца падраздзяленне на чале з Г. В. Баліцкім, накіраванае сюды камандаваннем Чарнігаўскага злучэння з мэтай выканання загаду Украінскага штаба партызанскага руху ад 4 жніўня 1942 г. аб неабходнасці ўзмацнення дыверсійнай дзейнасці на камунікацыях праціўніка. Украінскі атрад устанавіў сувязі з падпольшчыкамі, а таксама падраздзяленнямі Ф. І. Краўчанкі і М. С. Кавалёва. З праведзеных сумесна аперацый на камунікацыях праціўніка найбольш значнай была дыверсія каля чыгуначнай станцыі Закапыцце 28 жніўня 1942 г. Партызанам удалося скінуць пад адхон сакрэтны нямецкі воінскі эшалон — экспрэс «Блакітная страла». У выніку ўзрыву загінуў генерал і 372 афіцэры, а яшчэ 380 акупантаў атрымалі раненні. Разам з дыверсійнай дзейнасцю партызаны дабывалі каштоўныя разведданыя, што дазваляла савецкаму ваеннаму камандаванню прымаць важныя рашэнні па разбурэнні камунікацый Гомельскага вузла. Дзякуючы атрыманым звесткам, авіяцыя Чырвонай Арміі правяла бамбардзіроўку чыгуначнай станцыі ў Гомелі і знішчыла больш за 30 эшалонаў з жывой сілай і тэхнікай [4, с. 67; 27, л. 2; 13, с. 261, 292-294; 12, с. 332].
Баявая актыўнасць партызан на ўсходзе Гомельскага вузла сур’ёзна непакоіла германскае камандаванне. У канцы верасня 1942 г. акупантам удалося адсачыць і блакіраваць месца базіравання атрадаў Ф. І. Краўчанкі і Г. В. Баліцкага каля вёскі Хаткі. Пры дапамозе падпольшчыкаў партызанам удалося вырвацца з варожага акружэння за раку Іпуць. На шляху ў Арлоўскую вобласць 31 кастрычніка 1942 г. у раёне Чачэрскіх лясоў падраздзяленні разграмілі калону праціўніка. На тэрыторыі Клятнянскіх лясоў атрад Ф. І. Краўчанкі быў уключаны ў склад Чарнігаўскага злучэння. У пачатку лістапада 1942 г. з Добрушскага раёна на тэрыторыю Арлоўшчыны быў вымушаны перабрацца і армейскі атрад М. С. Кавалёва [4, с. 69; 13, с. 261].
Усяго з прычыны карных акцый за ліпень — лістапад 1942 г. за межы Гомельшчыны з яе ўсходняй і паўночна-ўсходняй частак самастойна ці ў складзе ўкраінскіх і расійскіх партызанскіх фарміраванняў перамясціліся 10 мясцовых атрадаў і груп. Таксама ў названы перыяд з Гомельшчыны на тэрыторыю Арлоўскай вобласці дыслацыраваліся шэсць чэкісцкіх і армейскіх груп. Выхад такой вялікай колькасці партызанскіх падраздзяленняў заўважна аслабіў баявое ўздзеянне на аб’екты ворага вакол Гомельскага транспартнага вузла [5, с. 68].
Дыверсійная дзейнасць партызан летам — восенню 1942 г. стала набываць масавы характар шмат у чым дзякуючы намаганням Цэнтральнага штаба партызанскага руху (далей — ЦШПР), які праводзіў значную працу па забеспячэнні партызан мінамі, толам і дэтанатарамі, процітанкавымі ружжамі, спецыялістамі мінна-падрыўной справы. У вызначальны для лёсу СССР момант актывізацыі дыверсій на важных камунікацыях праціўніка садзейнічала таксама накіраванне ЦШПР на акупаваную тэрыторыю рэйдавых атрадаў і груп, падрыхтаваных партыйнымі і камсамольскімі органамі Масквы і тылавых рэгіёнаў РСФСР [5, с. 68-69; 30, с. 7, 9-10].
Адным з такіх падраздзяленняў быў рэйдавы маскоўскі камсамольскі атрад імя М. Ф. Гастэлы, які меў у сваім складзе групу вопытных падрыўнікоў і сумесна з мясцовымі партызанамі правёў шэраг паспяховых аперацый на чыгуначным участку Жыткавічы-Калінкавічы. Падраздзяленне, знаходзячыся ў распараджэнні камандавання партызанскага злучэння Мінскай і Пінскай абласцей, удзельнічала ў адной з найбольш маштабных аперацый, ажыццёўленых савецкімі партызанамі на камунікацыях у гады Вялікай Айчыннай вайны — падрыве 3 лістапада 1942 г. 150-метровага моста праз раку Пціч на тэрыторыі Капаткевічскага раёна. Аб значнасці гэтай дыверсіі сведчыць той факт, што баявую работу групы падрыўнікоў, аснову якой складалі байцы-масквічы, забяспечвалі каля 1300 байцоў і камандзіраў ад 11 атрадаў. Прыцягненне такой колькасці партызан было неабходна для блакіравання гарнізона праціўніка на станцыі Пціч колькасцю да 750 салдат і афіцэраў. Вынікам маштабнага ўдару з’явіўся вывад з эксплуатацыі на 18 дзён чыгуначнай лініі з прапускной здольнасцю 25-30 эшалонаў у суткі. З паспяховым правядзеннем аперацыі народных мсціўцаў павіншавалі 10 лістапада 1942 г. Галоўнакамандуючы партызанскімі сіламі К. Я. Варашылаў і начальнік ЦШПР П. К. Панамарэнка [31, л. 30-31; 32, л. 101-103; 33, л. 118, 132; 34, л. 7-9, 150,153, 246, 248, 249; 35, л. 5].
Пашырэнню дыверсійнай дзейнасці на камунікацыях восенню 1942 г. на паўночым захадзе Гомельшчыны садзейнічала маскоўская армейская група І. Я. Соніна. Толькі за кастрычнік 1942 г. дэсантнікі разам з брыгадай Ф. І. Паўлоўскага скінулі пад адхон тры эшалоны на лініі Жыткавічы-Капацэвічы. У выніку дыверсій былі разбіты платформы з танкамі, аўтамашынамі, вагоны з узбраеннем, цыстэрны з палівам, забіты 290 і паранены 60 немцаў і чэхаў. Падраздзяленне І. Я. Соніна за час знаходжання ў брыгадзе дапамагло яе камандаванню падрыхтаваць 11 дывесійных груп. Усе байцы такіх баявых адзінак прайшлі курс навучання падрыўной справе і былі правераны ў аперацыях на камунікацыях праціўніка [36, л. 145, 148].
Высновы
У выніку сумеснай дыверсійна-разведвальнай дзейнасці беларускіх, расійскіх і ўкраінскіх партызан вакол Гомельскага транспартнага вузла ў маі — лістападзе 1942 г. былі скінуты пад адхон і разбіты больш за 80 воінскіх эшалонаў, падарваны і выведзены з эксплуатацыі на розныя тэрміны восем мастоў, разгромлена больш за 30 гарнізонаў і апорных пунктаў праціўніка. З гэтай прычыны войскі вермахта на савецка-германскім фронце, у тым ліку на яго паўднёвым участку, не змаглі атрымаць дзясяткі танкаў, шмат іншых відаў узбраення, транспартных сродкаў і запасных частак для іх, тысячы тон боепрыпасаў, паліва, харчавання. Баявыя часці вермахта не далічыліся сотняў афіцэраў, што загінулі ці атрымалі раненне падчас удараў партызан на чыгуначных і шашэйных дарогах. Акрамя таго, акупацыйны рэжым для падаўлення партызанскага руху, аховы камунікацый, утрымання гарнізонаў быў вымушаны трымаць у рэгіёне значную групоўку ахоўных войск і нават прыцягваць франтавыя часці для выканання карных функцый.
Такім чынам, вынікі ўзаемадзеяння партызан Беларусі, Расіі і Украіны на тэрыторыі Гомельшчыны можна разглядаць як рэальны фактар дапамогі Чырвонай Арміі, якая ў маі — лістападзе 1942 г. вяла цяжкія абарончыя баі на паўднёвым участку савецка-германскага фронту.
Спіс выкарыстаных крыніц
- Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны : в 3 т. / Ин-т истории партии при ЦК КПБ — фил. Ин-та марксизма-ленинизма при ЦК КПСС. — Минск : Беларусь, 19831985. — Т. 3 : Сентябрь 1943 г. — июль 1944 г. — 1985. — 531 с.
- Гісторыя Беларускай ССР : у 5 т. / Акад. навук БССР, Ін-т гісторыі. — Мінск : Навука і тэхніка, 1972-1975. — Т. 4 : Беларусь напярэдадні і ў гады Вялікай Айчыннай вайны Савецкага Саюза (1938-1945 гг.). — 1975. — 640 с.
- Зевелев, А. И. Ненависть, спрессованная в тол / А. И. Зевелев, Ф. Л. Курлат, А. С. Казицкий. — М. : Мысль, 1991. — 331 с.
- Зенина, А. Н. Боевое содружество советских партизан в годы Великой Отечественной войны, 1941-1944 / А. Н. Зенина. — Киев : Наук. думка, 1985. — 208 с.
- Крыварот, А. А. Узаемадзеянне партызанскіх фарміраванняў Беларусі і Расіі ў гады Вялікай Айчыннай вайны / А. А. Крыварот. — Мінск : Беларус. навука, 2015. — 239 с.
- Литвин, А. М. Взаимодействие партизан Беларуси с Красной Армией, российскими и украинскими партизанами / А. М. Литвин, А. А. Криворот // Страна в огне : в 3 т. / Ин-т всеобщ. истории Рос. акад. наук, Ин-т истории Нац. акад. наук Беларуси. — М., 2017. — Т. 2 : Коренной перелом, 1942-1943, кн. 1 : Очерки. — С. 583-642.
- Хацкевич, А. Ф. Становление партизанского движения в Белоруссии и дружба народов СССР / А. Ф. Хацкевич, Р. Р. Крючок. — Минск : Наука и техника, 1980. — 319 с.
- Всенародное партизанское движение в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944): документы и материалы : в 3 т. / Ин-т истории партии при ЦК КПБ — фил. Ин-та марксизма-ленинизма при ЦК КПСС, Ин-т истории Акад. наук БССР. — Минск : Беларусь, 1967-1982. — Т. 1 : Зарождение и развитие партизанского движения в первый период войны (июнь 1941 — ноябрь 1942). — 1967. — 744 с.
- Из истории партизанского движения в Белоруссии (1941-1944 гг.) : сб. воспоминаний / Ин-т истории АН БССР, Белорус. гос. музей истории Великой Отечеств. войны. — Минск : Госиздат БССР, 1961. — 506 с.
- Партызанская барацьба беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны : зб. успамінаў і арт. арганізатараў і актыўных удзельнікаў партызан. вайны супроць нямецка-фашысц. захопнікаў у гады Вялікай Айчын. вайны / Ін-т гісторыі партыі ЦК КПБ — філ. Ін-та марксізма-ленінізма пры ЦК КПСС. — Мінск : Дзярж. выд-ва БССР, 1959. — 366 с.
- Партийное подполье в Белоруссии, 1941-1944: страницы воспоминаний. Витебская, Могилёвская, Гомельская, Полесская области / Ин-т истории Акад. наук БССР, Ин-т истории партии при ЦК КПБ — фил. Ин-та марксизма-ленинизма при ЦК КПСС. — Минск : Беларусь, 1985. — 415 с.
- Советские партизаны: из истории партизанского движения в годы Великой Отечественной войны : сб. ст. / ред.-сост. В. Е. Быстров. — 2-е изд., испр. и доп. — М. : Гослитиздат, 1963. — 790 с.
- Памяць: Добрушскі раён : гіст.-дак. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / уклад. П. П. Рабянок. — Мінск : Маст. літ., 1999-2001. — Кн. 1. — 1999. — 356 с.
- Филимонов, А. А. В едином боевом строю: о совместных действиях русских, белорусских, украинских, литовских, латышских, молдавских партизан / А. А. Филимонов. — Минск : Ин-т истории НАН Беларуси, 2005. — 126 с.
- Фёдоров, А. Ф. Подпольный обком действует / А. Ф. Фёдоров. — Кишинёв : Лит. артистикэ, 1985. — 640 с.
- Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ). — Ф. 1450. Воп. 4. Спр. 154.
- НАРБ. — Ф. 1450. Воп. 4. Спр. 270.
- Михайлашев, Н. А. Буря гнева: записки чекиста / Н. А. Михайлашев. — Минск : Беларусь, 1971. — 255 с.
- НАРБ. — Ф. 1450. Воп. 4. Спр. 249.
- НАРБ. — Ф. 1450. Воп. 4. Спр. 251.
- НАРБ. — Ф. 4. Воп. 33а. Спр. 9.
- НАРБ. — Ф. 4. Воп. 33а. Спр. 68.
- НАРБ. — Ф. 1450. Воп. 2. Спр. 1295.
- НАРБ. — Ф. 1450. Воп. 4. Спр. 250.
- Рудак, А. Д. Экзамен на зрелость / Д. А. Рудак. — Минск : Беларусь, 1981. — 287 с.
- НАРБ. — Ф. 1450. Воп. 4. Спр. 254.
- НАРБ. — Ф. 1450. Воп. 4. Спр. 262.
- Партизанская криничка : док. повесть / С. Антонов [и др.]. — 2-е изд., перераб. и доп. — Минск : Беларусь, 1972. — 255 с.
- НАРБ. — Ф. 1450. Воп. 4. Спр. 263.
- Літвін, А. М. Актывізацыя партызанскага фактару як складаючай часткі савецкай стратэгіі вайны напярэдадні і падчас Сталінградскай бітвы 1942-1943 гг. / А. М. Літвін // Беларус. гіст. часоп. — 2013. — № 2. — С. 4-12.
- НАРБ. — Ф. 4. Воп. 33а. Спр. 523.
- НАРБ. — Ф. 4. Воп. 33а. Спр. 524.
- НАРБ. — Ф. 1450. Воп. 2. Спр. 1256.
- НАРБ. — Ф. 1450. Воп. 4. Спр. 190.
- НАРБ. — Ф. 1450. Воп. 4. Спр. 211.
- НАРБ. — Ф. 1408. Воп. 1. Спр. 2.
Аўтар: А.А. Крыварот
Крыніца: Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. — 2020. ― Т. 65, № 2. ― С. 165-171.