“Бацькаў дар”

0
572
Бацькаў дар

Гомельскі раёнчык “Гарэлае балота” (цяперашні трохкутнік “Рагачоўская – вакзал – Перамогі”) здавён лічыўся ў горадзе месцам змрочным, нядобрым, а ўначы – і небясьпечным. У 1944 годзе ў раён “Гарэлага балота” звозілі падбітую вайсковую тэхніку з усяе Гомельшчыны – потым яе рэзалі на Аўтарэмзаводзе.

Мой тата, якому ў той час акурат было адзінаццаць гадоў, разам зь сябрамі дасьледвалі той жалезны лябірынт амаль штодня. Тым больш, хлопцам было на што паглядзець. Спаленые савецкія Т-34. Падбітыя нямецкія “тыгры” жоўтага колеру, напэўна перакінутыя з Афрыкі, з арміі Ромеля. Кавалкі збітых самалётаў усіх магчымых прызначэньняў. Нямецкія легкавікі, прытым некаторыя выглядалі цалкам спраўна.

Склад згарэлых, скарожаных жалезяк амаль не ахоўваўся. Вось хлопцы і лазілі ўсярэдзіну падбітых танкаў і броневікоў, расшукваючы трафеі.

Больш за ўсё ў пацаноў цаніліся нямецкія гранаты на драўляных дзяржальнях – імі было зручна глушыць рыбу на Сожы. Рыба потым мянялася на хлеб і амерыканскую тушонку. Калі гранат не знаходзілі, пацаны саматуж выплаўлялі тол з танкавых снарадаў – рыба глушылася толам з дэтанатарамі на тым жа вадаёме з тае ж мэтай.

Але ўсярэдзіне танкаў і броневікоў раз-пораз трапляліся рэчы, куды больш прывабныя за гранаты і снарады…

Колькі мая бабуля-нябожчыца патапіла ў прыбіральні “вальтэраў” і ППШ, адабраных у адзінаццацігадовага таты – ніхто ня ведае. Тата спраўна цягяў з “Гарэлага балота” ўсё новыя – гэтага дабра тамака было, як гразі. Бабуля адбірала і тапіла, а тата ўпарта цягаў і цягаў.

Нарэшце, тату гэта надыкучыла. Прыцягнуў ён у двор цынковую скрыню і склаў у яе чарговы здабытак: кулямёт RG-34, “шмайсер”, рэвальвер, гранаты і нейкі вялікі пісталет са складным прыкладам. Ну, і пра набоі, натуральна, не забыўся. Заліў усё гэта машынным алеем, замазаў шчыліны смалой, а саму скрыню закапаў у двары. Нармалёвая беларуская завядзёнка – “а каб было!”

І пазабыўся на гэта празь нейкі час…

Тата потым мне мо дзесяць разоў паказваў прыблізнае месца, дзе гэты скарб закапаны. Меркаваў, што ў цынковай скрыні, дый яшчэ залітай алеем, нічога з тымі жалазякамі не станецца.

Тата памёр летась. Дваюродны брат пару разоў падбухторваў – маўляў, давай “бацькаў дар” адкапаем!

— І адразу атрымаем на рукі гатовы артыкул Крымінальнага кодэксу, — пярэчу. – Нашто нам гэтая зброя? Што мы зь ёй будзем рабіць? Мы ж, беларусы, мірныя людзі…

Але ж, гляджу я на тое, што ў маёй краіне адбываецца, і раз-пораз задаюся пытаньнем: а ці не надыйшоў час той скарб адкапаць?


Аўтар:
Уладзіслаў Ахроменка