Батанічная лексіка Петрыкаўшчыны

0
693
Батанічная лексіка Петрыкаўшчыны

Мова непасрэдна звязана з усімі бакамі жыцця чалавека і здольна называць разнастайныя прадметы, паняцці, з’явы рэчаіснасці. Батанічная лексіка займае прыкметнае месца ў лексічнай сістэме беларускіх гаворак, уяўляе сабой найбольш старажытны пласт намінацыйных сродкаў, характарызуецца разнастайнасцю і неадназначнасцю, паколькі ў розных мясцінах адны і тыя ж рэаліі абазначаюцца па-рознаму.

Аб’ект нашага даследавання — лексіка флоры аднаго з самых самабытных раёнаў Гомельшчыны — Петрыкаўскага. У якасці крыніц фактычнага матэрыялу мы выкарыстоўвалі тэматычны слоўнік “Раслінны свет” (Мн., 2001).

У адпаведнасці з народнымі традыцыйнымі ўяўленнямі аб групоўцы паняццяў, звязаных з падзелам раслін і іх будовай мы можам вылучыць наступныя тэматычныя групы лексікі, звязанай з флорай Петрыкаўшчыны:

лясныя і паркавыя дрэвы: шылега, шыляга ‘кустовы від вярбы’ [1,16]; ясока ‘буйное лісцёвае дрэва з дробным насеннем з пухам, якое разносіцца ветрам; таполя’ [1,24];

дзікія і культурныя кустарнікі: ягрэст ‘кустовая расліна з гладкімі або апушанымі ягадамі ад белага да чорнага колеру і з калючкамі на галінках; агрэст’ [1, 31]; медзвядзі ‘паўкустовая ягадная расліна з калючымі сцябламі і чорнымі спажыўнымі ягадамі-шматкасцянкамі з шызым налётам; ажына’ [1,33]; свізіна ‘кустовая расліна з белымі або ружовымі кветкамі і дробнымі мучністымі ядомымі пладамі чырвонага або чорнага колеру; кізільнік’[1, 40]; ялец ‘вечназялёны куст з ягадападобнымі чорна- сінімі пладамі; ядловец’[1, 46];

лугавыя і палявыя травяністыя расліны: малач’як ‘расліна з жоўтымі кветкамі і пушыстым семем, якое разносіцца ветрам; адуванчык’ [1, 49]; зубранік ‘ядавітая лекавая расліна з шырокімі лістамі і жоўтымі кветкамі; блёкат’ [1, 54]; гарлечнік ‘лекавая расліна з цёмна-пурпуровым лісцем і блакітнымі ці фіялетавымі кветкамі; гарлянка, ці чорнагалоў’ [1, 62]; шаленец ‘расліна з кароткім галінастым сцяблом і дробнымі жаўтавата-зялёнымі або белымі кветкамі; гладун’ [1, 64]; срэбнік, шаленец ‘невялікая расліна з зеленаватыіт кветкамі і складчатымі лістамі; гусялапка’ [1, 66]; зевіна ‘расліна з жоўтымі кветкамі, сабранымі ў густую коласападобную гронку; дзіванна’ [1, 66]; зяўзюльнік, зяўзюліна зелле ‘пустазелле з зеленаватымі кветкамі ў тупых гронках; драсён’ [1, 68]; бусліннік ‘пустазелле або дэкаратыўная расліна з жоўтымі ці фіялетавымі кветкамі; зарніца’ [1, 72]; званочак, званец, званцы, калакольчык ‘расліна з блакітнымі або цёмна-сінімі кветкамі, падобнымі на званок’ [1, 72-73]; жаўтушкі ‘ядавітая расліна з залаціста-жоўтымі бліскучымі кветкамі’[1, 76]; касцеруха ‘расліна, падобная да злакаў, якая расце на лугах, засмечаных месцах, на палях як пустазелле; каласоўнік’ [1, 77]; клевер, дзятлавіна ‘кармавая расліна з трайчастым лісцем і шарападобнымі кветкамі; канюшына паўзучая’ [1, 80]; серпарэзнік ‘расліна з белымі кветкамі, сабранымі ў кошык, з перыстымі рассечанымі лістамі і моцным пахам; крываўнік’ [1, 86]; рапяшша, рапяшэ ‘вялікая расліна з лілова-пурпуровымі кветкамі, буйнымі шырокімі лістамі і ўчэпістымі калючкамі; лопух’ [1, 90]; буслікі, бусленнік ‘расліна з ядавітым млечным сокам; мае зеленавата-жоўтыя кветкі і суцэльнае лісце; малачай’ [1, 93]; бабоўнік мыльны, бабоўнік палявы ‘расліна з доўгім вострым лісцем, белымі ці ружовымі кветкамі; яе карані выкарыстоўваюцца як заменнік мыла; мыльнік’ [1, 95]; незабудкі ‘невялікая расліна з дробнымі блакітнымі кветкамі і падоўжаным лісцем’ [1, 98]; ралнік ‘расліна з жоўтымі кветкамі, сабранымі ў парасоністае суквецце, і пакрытым валаскамі лісцем; пры надломе дае густы ярка-аранжавы млечны сок; падтыннік, ці чыстацел’ [1, 100]; быльнік ‘высокая расліна з перыстым лісцем, якая мае моцны пах і горкі смак; палын, ці чарнобыль’ [1, 101]; вужовыя ягады ‘высокая расліна з белымі ці ліловымі кветкамі і суцэльным або перыстым лісцем; пры выспяванні мае чорныя або ярка-чырвоныя ягады; паслён, ці ліснік’ [1, 103]; пурай, пурэй ‘расліна з лінейным вузкім лісцем і суквеццем у выглядзе каласка; пырнік’ [1, 105]; буслікі, клікунчык, званочкі, званкоўкі, дзядкі ‘невялікая расліна з вузкім лісцем і ярка-сінімі буйнымі кветкамі са шпоркай; мае галінастае, растапыранае сцябло; рагулькі’ [1, 107]; разнастайнасцю вылучаюцца назвы рамонкаў — расліны з зубчастым лісцем і кветкамі з белымі пялёсткамі і жоўтай сярэдзінай: рамашка, слепата ‘рамонак аптэчны’ [1, 108]; рамонак, румянка ‘рамонак пахучы’ [1, 108]; крындульнік ‘нівянік звычайны’ [1, 109]; румянка, рамашка, слепата курыная ‘пупок палявы’[1, 109]; сардэчнік (сярдзечнік) ‘расліна з рассечаным лісцем і ружовымі ці пурпуровымі кветкамі ў пазухах лісця; сцябло мае чырванаваты колер’ [1, 111]; радзькоўка (рютківка), радзькоўнік, бруквянік ‘расліна з голым сцяблом, перыстым лісцем і жоўтымі кветкамі; свірэпа, ці капуста палявая’ [1, 113]; скуляснік ‘невялікая расліна без сцябла, з шырокім лісцем і дробнымі кветкамі ў коласападобным суквецці на доўгіх кветкавых стрэлках; трыпутнік, ці падарожнік’ [1, 121]; сардэчнік ‘невялікая расліна з адзіночнымі залаціста- жоўтымі кветкамі і мясістым бліскучым лісцем; цвіце ранняй вясной’ [1, 131]; зяўзюльнік ‘расліна з плямістым лісцем і бэзава- фіялетавымі, ружовымі або жоўтымі кветкамі ў коласападобным суквецці; ятрышнік’ [1, 135];

лясныя травяністыя расліны: буслікі ‘расліна з ляжачымі сцяблінамі з вечназялёным лісцем; барвенак’ [1, 138]; пасмертнік ‘невялікая рэдкая расліна з дробнымі бледна-жоўтымі кветкамі ў прадаўгаватых суквеццях на вяршынях парасткаў; бурачок (алісум, каменнік)’ [1, 140]; маркоўнік ‘духмяная расліна з дробнымі кветкамі, сабранымі ў складаныя шматпрамянёвыя парасоны; бядрынец’ [1, 141]; дзеравянка ‘расліна са складаным пальчатым або перыстым лісцем, з кветкамі па адной на галінках або ў суквецці; дуброўка прамастаячая’ [1, 148]; зайчыкаў шчавер, варабейкаў шчавер ‘невялікая расліна з лісточкамі, падобнымі да канюшыны, кіслымі на смак; ужываецца ў ежу; кісліца’ [1, 152]; кураслеп, казелец ‘невялікая расліна з белай буйной або жоўтай кветкай; цвіце ранняй вясной; кураслеп, ці анемона’ [1, 155]; кураслеп, трыпернік, фіялкі ‘кураслеп дуброўны’ [1, 155]; капытнік, падліснік, латушнік, капялюшнік, куралесь белы, атмень, бабок, маркоўнік ‘расліна з буйнымі лістамі, падобнымі да конскага карыта, якія захоўваюцца і зімою; расце пад алешнікам, арэшнікам; падалешнік’ [1, 160]; казакі ‘расліна з разеткай прадаўгаватага сакавітага лісця, над якой на кветаножках узвышаюцца суквецці жоўтых кветак; першацвет, ці прымула’ [1, 162]; падскочка, шышка ‘расліна, у якой прыкаранёвае сакавітае лісце ўтварае шарападобныя разеткі; кветкі на версе сцябла сабраны ў шчытападобнае суквецце; скочкі’ [1, 167]; соннік, званкаўкі ‘расліна, якая цвіце ранняй вясной буйнымі сінімі кветкамі, падобнымі па форме да званочкаў; сон’ [1, 168]; чортаў палец ‘расліна, якая мае лускаватае сакавітае сцябло без лісця з гронкай чырвоных кветачак на вяршыні’ [1, 169]; зяўзюльнік ‘невялікая расліна, якая цвіце ранняй вясной светла-фіялетавымі кветачкамі, сабранымі ў рыхлую мяцёлку; чубатка’ [1, 172];

водныя і балотныя травяністыя расліны: яернік, ірнік ‘расліна з доўгім мечападобным лісцем і тоўстым паўзучым карэнішчам, якая мае своеасаблівы востры пах; аер’ [1, 173-174]; бабкі, кукла, шаўковая трава ‘аер чаротавы’ [1, 175]; яжджаль ‘ранняя асака (расліна з вузкім, доўгім і звычайна жорсткім лісцем, якое пучкамі расце ад карэнішча) светла-зялёнага колеру’ [1, 177]; бабоўнік палявы ‘лекавая і харчовая расліна з белымі ў кароткіх гронках кветкамі, якая ўтрымлівае шмат ёду і гарчычнага эфірнага алею; вадзяны крэс, ці кустоўнік лекавы’ [1, 184]; лапушнік ‘расліна з белымі або жоўтымі буйнымі кветкамі і вялікімі лапушыстымі лістамі, якія сцелюцца па паверхні вады; гарлачыкі’ [1, 185]; капялюш ‘жоўты гарлачык’ [1, 187]; плюшнік конскі ‘касач вадзяны, жоўты (расліна з доўгімі мечападобнымі лістамі і вялікі кветкамі жоўтага колеру)’ [1, 192]; лотачнік ‘расліна з лапушыстым бліскучым лісцем і жоўтымі кветкамі; лотаць’ [1, 193]; панны ернік (ірнік) ‘расліна з прамастойным або плывучым сцяблом, вузкалінейным лісцем і з дробнымі, непрыкметнымі, у шчыльных галоўках кветкамі; плюшчай’ [1, 196]; кашоўнік ‘расліна з гладкімі бязлістымі трубчастымі сцяблінамі; сітняк (сітнік), ці балотніца’ [1, 202];

сельскагаспадарчыя травяністыя расліны: морганка, варшаўка ‘раннія гатункі бульбы’ [1, 213]; слонечнік, салнешнік ‘расліна на высокім сцябле з буйным жоўтым суквеццем і алейным насеннем’ [1, 230-231];

кветкавыя агародныя і пакаёвыя расліны: гваздзікі ‘гвадзік картузіянскі (дэкаратыўная расліна з рознакаляровымі адзіночнымі кветкамі або ў мяцёлках, з махрыстымі або зубчастымі пялёсткамі)’ [1, 241]; фіялка, сярдзечнік ‘невысокая расліна з фіялетавымі, белымі ці рознакаляровымі кветкамі; адна з першых веснавых кветак’ [1, 248]; ахілкі ‘дэкаратыўная клубневая расліна з вузкалінейным прыкаранёвым лісцем і адзіночнымі буйнымі кветкамі рознага колеру; шафран, ці крокус’ [1, 250];

агульныя назвы раслін: варыва ‘агульная назва раслін, якія растуць на гародзе’ [1, 299]; дзеравіна, дзеравінка ‘дрэва’ [1, 304]; морг ‘густая зялёная сакавітая трава’ [1, 320];

назвы груп раслін: ялец ‘маладыя зараснікі хвоі’ [1, 353];

назвы частак раслін, іх органаў: краска ‘кветка жыта’ [1, 359]; пупаха ‘зародак ліста, парастка або кветкі; пупышка’ [1, 372];

назвы пладоў асобных раслін, частак караняплодаў: шапачка ‘пладаножка жолуда’ [1, 380]; вочка ‘вочка на бульбіне’ [1, 381]; нос ‘востры канец бульбіны’ [1, 381];

назвы зросткаў пладоў і кветак: шып ‘гронка арэхаў’ [1, 382]; волікі ‘суквецці вярбы’ [1, 385]; кіях ‘катах кукурузы (кукурузны пачатак)’ [1, 385];

назвы частак дрэва: рамеза ‘луска верхняга слоя кары ў хвоі’ [1, 401]; страмп ‘пень’ [1, 403]; калода ‘ствол без сукоў’ [1, 405]; дупле ‘пустата ў ствале дрэва на месцы выгніўшай драўніны; дупло’ [1, 405];

назвы сцябла і лісця травяністых раслін: цурка ‘сцябло бурачніка’ [1, 411]; повад, павады ‘ніткападобныя парасткі на сцёблах некаторых раслін (агуркоў, гарбузоў, клубніц і інш.) [1, 412];

назвы працэсаў, звязаных з ростам, цвіценнем і выспяваннем раслін: схадзіць ‘даваць усходы, прарастаць, паказвацца з-пад зямлі’ [1, 436]; усыпацца ‘утвараць колас, каласаваць’ [1, 441]; скідаць краску ‘цвісці: пра жыта, пшаніцу’ [1, 442]; бялець ‘напаўняцца сокам, спець (пра жыта, пшаніцу)’ [1, 443]; распуквацца ‘распускацца (пра кветкі, пупышкі)’ [1, 447]; збутвець рабіцца тонкім, кволым; ніцець’ [1, 455]; выгібнуць ‘прапасці на корані’ [1, 457].

З даўніх часоў чалавек карыстаўся гаючымі крыніцамі жывой прыроды. Навакольны раслінны свет даваў яму не толькі ежу і прытулак, але і сродкі лячэння розных хвароб. У прыватнасці, сярод найбольш эфектыўных метадаў народнай медыцыны была і застаецца фітатэрапія — лячэнне лекавымі раслінамі. Напрыклад, блёкат добра вядомы сваім заспакаяльным і абязбольваючым дзеяннем. Сардэчнік выкарыстоўваецца пры стэнакардыі. Адвары драсёну і дуброўкі прамастойнай раяць прымаць пры страўнікава- кішэчных крывацёках, захворваннях жоўцевага і мачавога пузыра, стаматытах як вяжучы, супрацьзапаленчы і мачагонны сродак. Дзьмухавец у народнай медыцыне вядомы як сродак, што ўзбуджае апетыт і паляпшае дзейнасць страўнікава-кішэчнага тракту. Настойку з кветак дзьмухаўца п’юць пры рэўматызме, а іх адвар — пры бяссоніцы, як адхарквальны сродак пры бранхітах. Палын рэкамендуецца як антысептычны, антытаксічны і кроваспыняльны сродак. Як болесуцяшальны сродак выкарыстоўваюць карэнішча аеру. У якасці супрацьзапаленчага, антысептычнага, абязбольвальнага, кроваспыняльнага сродку шырока вядомы ў народнай медыцыне рамонак аптэчны і крываўнік звычайны. Настоі і адвары травы падтынніку маюць жаўцягоннае, сасударасшыральнае, болесуцяшальнае дзеянне, замаруджваюць сардэчныя скарачэнні. Лісце, кветкі, плады і карані ажыны выкарыстоўваюць пры прастудных захворваннях, хранічных танзілітах, рэўматызме, хваробах печані падстраўнікавай залозы. Кветкі дзіванны ў выглядзе настояў дзейнічаюць як адхарквальны, змякчальны, супрацьзапаленчы сродак пры захворваннях верхніх дыхальных шляхоў. Корань лопуху валодае мачагонным і патагонным дзеяннем. Здаўна ў народнай медыцыне было вядома бактэрыцыднае ўздзеянне ядлоўцу. Кветкі жоўтага гарлачыка ў выглядзе настояў і ваннаў выкарыстоўваюць як абязбольвальны сродак, адвар з іх — пры хваробах нырак, грудных болях, як мачагонны сродак, адвар насення — ад кашлю.

Такім чынам, разгледжаныя найменні флоры Петрыкаўшчыны сведчаць пра багацце лексіка-тэматычных груп і разнастайнасць паходжання назваў расліннага свету, адлюстроўваюць арыгінальнасць і трапнасць народнага слова. характарызуюць назіральнасць нашых продкаў пры выкарыстанні лекавых раслін у народнай медыцыне.

Літаратура

  1. Раслінны свет: Тэматычны слоўнік / Склад. В.Д. Астрэйка і інш.; навук. рэд. Л.П. Кунцэвіч, А.А. Крывіцкі. — Мн., Беларуская навука, 2001. — 655 с.

Аўтар: А.М. Палуян
Крыніца: Традиционная культура на территории Российско-Белорусского по­граничья: историко-этнографический и лингвокультурологический аспек­ты: Материалы XIV международной научно-практической конференции (г. Новозыбков, Брянская область, 14-15 ноября 2012 г.) / Под ред.: С.Н. Стародубец, В.В. Мищенко, В.Н. Пустовойтова, Ю.А. Шевцовой, О.В. Белугиной. — Брянск: РИО БГУ, 2012. — С. 282-288.