Барацьба магнацкіх груповак у Рэчыцкім павеце ў 1721-1764 гг.

0
155
Барацьба магнатаў у Рэчы Паспалітай

Палітычная сітуацыя ў Рэчыцкім павеце мала ў чым адрознівалася ад становішча ў іншых паветах і ваяводствах Вялікага княства Літоўскага (далей ВКЛ). Увесь разглядаемы час Рэчыцкі павет быў арэнай барацьбы некалькіх магнацкіх груповак, якія імкнуліся, каб іх прадстаўнікі займалі найбольшасць урадніцкіх пасадаў у павеце і на мясцовых сойміках абіраліся пасламі на сойм Рэчы Паспалітай да Трыбуналу ВКЛ.

Магнаты ў дадзенай палітычнай барацьбе, напэўна, за выключэннем рэчыцкага старосты Альбрыхта Радзівіла, прымалі апасрэдаваны ўдзел і вырашалі неабходныя ім пытанні ў асноўным рукамі шляхты. Барацьба, такім чынам, вялася ў асноўным паміж рознымі шляхецкімі родамі, якія, імкнучыся забяспечыць сабе першынство ў атрыманні ўрадніцкіх пасадаў і уладаняў, станавіліся прыдатным механізмам у руках магнатаў да забеспячэння тымі сваіх уласных інтарэсаў.

У 20-я – пачатку 30-х гг. ХVIII ст. шляхта Рэчыцкага павета разам з большасцю шляхты ВКЛ знаходзілася ў апазіцыі да караля Рэчы Паспалітай Аўгуста ІІ. Так, вырашальную ролю ў зрыве сойму Рэчы Паспалітай 1732 г. аказаў рэчыцкі пасол Ян Сіліч, які займаў пасады рэчыцкага гродскага суддзі і кіеўскага падчашага. Менавіта яго пратэстацыя 25 верасня 1732 г. падвяла рысу пад пасяджэннямі сойма 1732 г., хаця, пачынаючы яшчэ з 18 верасня, было некалькі спробаў сарваць сойм. Аднак толькі пратэстацыя Яна Сіліча прынесла поспех апазіцыі. Цікава, што адразу пасля срыву сойма Рэчы Паспалітай Сіліч схаваўся ў доме аднаго з яе лідэраў мерацкага старосты Антонія Сапегі1. З-за недахопу прамых сведчанняў мы не можам сцвярджаць, што рэчыцкі гродскі суддзя і кіеўскі падчашы Ян Сіліч быў кліентам менавіта Сапегаў, хаця такое меркаванне выглядае цалкам лагічным.

Увогуле ў Рэчыцкім павеце апазіцыя каралю Аўгусту ІІ часта праводзіла неабходныя сабе рашэнні.

Супрацьстаяла апазіцыі каралеўскай уладзе тут шляхта з прыдворнай магнацкай групоўкі Чартарыйскіх. Яе ў той час прадстаўляў у першую чаргу, напэўна, род Кельчэўскіх. Так, рэчыцкі земскі пісар Караль Кельчэўскі нават служыў паручыкам у пяцігорскай харугве аднаго з лідэраў Фаміліі (назва групоўкі Чартарыйскіх і іх родзічаў) мазавецкага ваяводы Станіслава Панятоўскага2.

18 сакавіка 1733 г. на сойміку Рэчыцкага павета пасламі на канвакацыйны сойм Рэчы Паспалітай 1733 г. былі абраны рэчыцкі падстолі Аляксандр Скарына і Рыгор Скарабагаты3. Аднак крыніцы, якія знаходзяцца ў нашым распараджэнні не дазваляюць аднесці іх да кліентэлы той ці іншай магнацкай групоўкі.

Пасламі на элекцыйны сойм Рэчы Паспалітай 1733 г. 16 ліпеня 1733 г. на сойміку Рэчыцкага павета былі абраны рэчыцкі староста Казімір Юзаф Халецкі і рэчыцкі маршалак Міхал Юдыцкі4. Тое, што абранымі аказаліся вышэйшыя асобы павятовай адміністрацыі сведчыць аб іх папулярнасці і ўплывовасці сярод мясцовай шляхты. Напэўна, так атрымалася з-за таго, што Чартарыйскія таксама выказаліся ў падтрымку кандыдатуры Станіслава Ляшчынскага на трон Рэчы Паспалітай. Разам з апазіцыяй каралеўскай уладзе ў ВКЛ яны і стварылі моцную групоўку ў падтрымку кандыдатуры Ляшчынскага на карону Рэчы Паспалітай. Такім чынам, у 1733 г. адбылося аб’яднанне шляхты Рэчыцкага павета на платформе падтрымкі Станіслава Ляшчынскага на трон Рэчы Паспалітай.

Аднак не ўся шляхта лічыла так. Не ўсе ўраднікі таксама падтрымлівалі кандыдатуру Станіслава Ляшчынскага. Так, пад інструкцыяй сойміка Наваградскага ваяводства на якім былі прыняты пастановы супраць кандыдатуры Станіслава Ляшчынскага стаіць подпіс рэчыцкага мечніка Марціна Хлявінскага5. Можна меркаваць, што ён быў прыхільнікам Радзівілаў, якія і арганізавалі прыняцце антыстаніславаўскіх пастаноў на сойміку Наваградскага ваяводства.

На той момант найбольшую ролю ў грамадска-палітычным жыцці Рэчыцкага павета адыгрывала некалькі шляхецкіх родаў: Халецкія, Хлявінскія, Юдыцкія, Кельчэўскія, Прушаноўскія, Скарыны. Менавіта, прадстаўнікі дадзеных родаў і займалі пасады амаль усіх павятовых ураднікаў. Такая сітуацыя склалася яшчэ пад час панавання ў Рэчы Паспалітай Аўгуста ІІ. Так, пасля яго смерці ў 1733 г. прадстаўнікі гэтых шляхецкіх родаў займалі наступныя пасады: Казімір Юзаф Халецкі – рэчыцкі староста, Антоні Халецкі – рэчыцкі падкаморы, Міхал Юдыцкі – рэчыцкі земскі суддзя, Ян Юдыцкі – рэчыцкі харунжы, Міхал Юдыцкі – рэчыцкі маршалак, Міхал Даніэль Кельчэўскі – рэчыцкі войскі і гродскі пісар, Ян Кельчэўскі – рэчыцкі абозны, Самуэль Кельчэўскі – рэчыцкі стражнік, Антоні Хлявінскі – рэчыцкі скарбнік і падстароста, Самуэль Прушаноўскі – рэчыцкі падчашы, Томаш Ігнат Прушаноўскі – рэчыцкі стольнік, Міхал Прушаноўскі – рэчыцкі лоўчы, Аляксандар Скарына – рэчыцкі падстолі, Антоні Міхал Скарына – рэчыцкі гараднічы6. Да таго ж, рэчыцкае крайніцтва пасля смерці Міхала Маліноўскага 20 траўня 1732 г. было нададзена Бенедыкту Хлявінскаму7.

І надалей прадстаўнікі гэтых шляхецкіх родаў займалі амаль усе ўрадніцкія пасады ў Рэчыцкім павеце. Так, 18 верасня 1744 г. рэчыцкае падстольства пасля смерці Аляксандра Скарыны яно было нададзена рэчыцкаму абознаму Яну Кельчэўскаму8. (Згодна іншаму прывілею яно было нададзена 7 верасня 1744 г.)9. Пасаду рэчыцкага войскага 7 верасня 1744 г. пасля смерці Міхала Кельчэўскага атрымаў рэчыцкі скарбнік і падстароста судовы Антоні Хлявінскі10. Рэчыцкім крайчым пасля смерці Бенедыкта Хлявінскага 7 чэрвеня быў прызначаны рэчыцкі земскі сурагатар Леон Кельчэўскі11. Як бачым, урадніцкія пасады ў Рэчыцкім павеце ў большасці выпадкаў займалі прадстаўнікі некалькіх прывілегіяваных шляхецкіх родаў. Род Прушаноўскіх увогуле на працягу разглядаемага часу перадаваў некаторыя ўрадніцкія пасады з пакалення ў пакаленне. Так, 20 лістапада 1744 г. пасаду рэчыцкага стольніка пасля адмовы Томаша Прушаноўскага атрымаў рэчыцкі гродскі пісар Ігнат Прушаноўскі, а пасаду рэчыцкага лоўчага 21 кастрычніка 1748 г. пасля адмовы Міхала Прушаноўскага атрымаў Жыгімонт Прушаноўскі12.

Праўда, былі і выключэнні, калі на пасаду ўрадніка Рэчыцкага павета абіраліся ўраднікі з іншых паветаў і ваяводстваў. Так, рэчыцкім каморнікам быў прызначаны ашмянскі гараднічы Аляксандр Хаіцкі. А пасада рэчыцкага чашніка пасля смерці Пятра Збараімскага дасталася жытомірскаму чашніку Касперу Антонію Уланкоўскаму13. Аднак гэтыя выпадкі былі менавіта выключэннем, а не характэрнай рысай атрымання пасадаў у Рэчыцкім павеце.

Значны ўплыў на мясцовую шляхту аказвалі і ўладальнікі найбуйнейшых уладаняў у Рэчыцкім павеце. Да іх ліку можна аднесці Бабруйскае, Гомельскае, Прапойскае і Чачэрскіе староствы і Быхаўскае графства. Апошняе належала магнацкаму роду Сапегаў, што і абумовіла ўплыў гэтага магнацкага рода ў Рэчыцкім павеце. Можна меркаваць, што іх кліентэла ў Рэчыцкім павеце ў апошнія гады панавання Аўгуста ІІ знаходзілася ў шэрагах апазіцыі каралеўскай уладзе.

Гомельскае староства належала Міхалу Чартарыйскаму. І той, шляхам надання сваіх вёсак у пасэсію мясцовай шляхце мацаваў шэрагі групоўкі Чартарыйскіх у Рэчыцкім павеце.

Бабруйскае староства належала аднаму з кіраўнікоў апазіцыі Аўгусту ІІ у ВКЛ Яну Сапегу. Гэта яшчэ болей узмацняла становішча апазіцыі ў Рэчыцкім павеце, бо ён таксама перадаваў мясцовай шляхце ў пасэсію маёнткі са складу староства, чым прыгортваў тую да сваёй палітычнай групоўкі. Аднак з яго смерцю ў 1730 г. дадзенае староства аказалася ў трыманні прыхільнікаў Аўгуста ІІ і Аўгуста ІІІ Завішаў, Радзівілаў і іх прыхільніка Станіслава Лопата.

У Завішаў у трыманні знаходзілася і чачэрскае староства. Аднак, 20 лістапада 1738 г. Чачэрскае староства ад маршалкоўны ВКЛ Марыбелі з Агінскіх Завішы было дадзена мсціслаўскаму ваяводзе Міхалу Масальскаму14. Гэтым безумоўна ўзмацняліся пазіцыі групоўкі Чартарыйскіх у Рэчыцкім павеце, бо Міхал Масальскі быў адным з яе кіраўнікоў. Нажаль, невядома каму надала яна ў арэнду дадзенае староства 21 траўня 1742 г., бо ў прывілей замест імя і прозвішча шляхціча акенца (пустое месца)15. У іншым дакуменце аднак ёсць звесткі аб новым трымальніку староства. Ім быў наваградскі каштэляніч Тэадор Незабытоўскі16. Такі ж прывілей з акенцам быў дадзены на арэнду Бабруйскага староства. Аднак ужо 8 верасня 1744 г. Бабруйскае староства канцэсам маршалкоўны ВКЛ Марыбелі з Агінскіх Завішы было нададзена наваградскаму ваяводзе Мікалаю Фаустыну Радзівілу і яго жонцы Барбары з Завішаў Радзівіл17. Чачэрскае староства было дадзена ў канцэсію аршанскаму мечніку Казіміру Турчыну18 . Цікава, што наваградскі ваявода Мікалай Фаустын Радзівіл ужо 22 лістапада 1744 г. атрымаў прывілей з акенцам на перадачу Бабруйскага староства19.

Такім чынам, ужо ў 30-ых гг. XVIII ст. Бабруйскае і Чачэрскае староствы аказаліся ў трыманні прадстаўнікоў групоўкі Радзівілаў, што безумоўна павінна было ўзмацніць іх пазіцыі на абшарах Рэчыцкага павета. Да таго ж новаабраны кароль Аўгуст ІІ у падзяку за падтрымку Радзівіламі яго кандыдатуры на трон Рэчы Паспалітай сярод іншага надаў уладанні ў Рэчыцкім павеце. Так, Рэчыцкае судовае староства 25 ліпеня 1734 г. атрымаў сын наваградскага ваяводы Мікалая Фаустына Радзівіла, Альбрыхт. Яму ж 18 снежня 1735 г. дасталася і стаўшае вольнай пасля смерці Казіміра Халецкага дзяржава Кандэроўка ў Рэчыцкім павеце20.

Такім чынам, Радзівілы даволі значна ўзмацнілі свае пазіцыі ў Рэчыцкім павеце. Альбрыхт Радзівіл заняў найважнейшую пасаду Рэчыцкага судовага старосты. Акрамя таго, прадстаўнікі рода Радзівілаў трымалі тут два буйнейшых староствы: Бабруйскае і Чачэрскае. Напачатку 40-х гадоў XVIII ст. яшчэ адно буйное староства, Прапойскае, аказалася ў трыманні канцлера ВКЛ Яна Фрэдэрыка Сапегі, які шчыльна супрацоўнічаў з Радзівіламі.

Раней Прапойскае староства належала Багуславу Незабытоўскаму, які вызначыўся пад час выбараў караля ў 1733 г. і вайны “за польскую спадчыну” 1733–1736 гг., калі паслядоўна выказваўся за кандыдатуру на трон Рэчы Паспалітай саксонскага курфюрста Фрэдэрыка Аўгуста і са зброяй у руках абараняў яго абранне. Безумоўна, што Аўгуст ІІІ не забыўся пра гэта і надаў яму пасаду наваградскага кашталяна і значную колькасць уладаняў.

Калі пад час выбараў караля ў 1733 г. і вайны за “польскую спадчыну” 1733–1736 гг. Багуслаў Незабытоўскі выступаў побач з Радзівіламі, то пазней ён змяніў сваё стаўленне да гэтага магнацкага рода. Са слоў Марціна Матушэвіча, Багуслаў Незабытоўскі ўжо быў прыхільнікам групоўкі Чартарыйскіх. Таму трыманне ім Прапойскага староства садзейнічала прыцягненню мясцовай шляхты ў шэрагі магнацкай групоўкі Чартарыйскіх праз наданне вёсак з яго складу у пасэсію. 12 лютага 1739 г. Прапойскае староства Багуславам Незабытоўскім было перададзена сыну Тэадору21. Аднак вядома, што ўжо ў наступным годзе Прапойскае староства належала канцлеру ВКЛ Яну Фрэдэрыку Сапегу22. Не вельмі зразумела як так атрымалася, што Прапойскае староства перайшло ад Тэадора Незабытоўскага да канцлера Яна Фрэдэрыка Сапегі. Праўда, неабходна ўспомніць, што ў 1742 г. Тэадор Незабытоўскі атрымаў у пасэсію ад Марыбелі з Агінскіх Завішаў Чачэрскае староства. Абодва два гэтых факта ўскосна сведчаць аб тым, што магчыма Тэадор Незабытоўскі ў адрозненні ад свайго бацькі далучыўся да прыхільнікаў Радзівілаў, а не Чартарыйскіх. Такім чынам, можна казаць, што са смерцю Багуслава Незабытоўскага Прапойскае староства таксама аказалася ў руках прыхільнікаў Радзівілаў.

Рагачоўскае староства належала магнацкаму роду Пацэяў. Менавіта, гэта і абумовіла тое, што дадзены магнацкі род меў у Рэчыцкім павеце даволі значную групоўку сваіх шляхецкіх прыхільнікаў. Пацэяў імкнуліся як мага далей прасоўваць іх па ўрадніцкай лесніцы. Так, пасаду рэчыцкага скарбніка па рэчыцкаму падстаросту Антонію Хлевінскаму, які перайшоў на пасаду рэчыцкага войскага, атрымаў таварыш пяцігорскай харугвы троцкага ваяводы Аляксандра Пацэя Францішак Шэлюта23.

Цікава, што ўжо на брэсцкім сойміку 1751 г. рэчыцкі чашнік Францішак Шэлюта дзейнічаў як кіраўнік групоўкі Чартарыйскіх24. І надалей ён фігуруе як шляхецкі прыхільнік Чартарыйскіх. Да таго ж, ён з’яўляўся кіраўніком двара канцлера ВКЛ Міхала Чартарыйскага. На падставе дадзеных фактаў можна выказаць меркаванне, што рэчыцкі чашнік Францішак Шэлюта мог быць і адным з чальцоў шляхецкай групоўкі Чартарыйскіх у Рэчыцкім павеце. Нажаль мы не ведаем па якой прычыне ён перайшоў з шэрагу кліентаў Пацэяў у шэрагі кліентаў Чартарыйскіх. Магчыма, так здарылася з-за працы на двары канцлера ВКЛ Міхала Чартарыйскага. У такім пераходзе з шэрагаў кліентаў Пацэяў у шэрагі кліентаў Чартарыйскіх не было нічога дзіўнага, бо тады апошнія карысталіся падтрымкай каралеўскага двара і мелі непараўнальна большыя фінансавыя магчымасці. Безумоўна гэта і садзейнічала пашырэнню шляхецкіх кліентаў за кошт прадстаўнікоў іншых магнацкіх груповак.

Зразумела, што прысутнасць у Рэчыцкім павеце такой вялікай колькасці ўладаняў розных магнатаў не садзейнічала ўсталяванню тут спакою. І ўжо амаль адразу пасля сканчэння баявых дзеянняў пад час вайны за “польскую спадчыну” у Рэчыцкім павеце з новай сілай успыхнула барацьба паміж рознымі магнацкімі групоўкамі.

Хаця напачатку здавалася, што Рэчыцкаму павету ўдасца пазбегнуць барацьбы паміж магнацкімі групоўкамі. Так, удалося не даць сарваць мясцовы соймік 1735 г. Пасламі на сойм Рэчы Паспалітай 1735 г. 16 жніўня 1735 г. на ім былі абраны рэчыцкі войскі Міхал Кельчэўскі і жытомірскі чашнік Каспер Антоні Улункоўскі25. Так атрымалася з-за прычыны таго, што мясцовая шляхта пад ціскам расійскіх войскаў даволі хутка прызнала каралём Рэчы Паспалітай Аўгуста ІІІ. Да таго ж некаторыя лідэры з ліку магнатаў і шляхты знаходзіліся за межамі павета і не маглі ўплываць на палітычную сітуацыю тут.

Аднак ужо праз год сітуацыя ў Рэчыцкім павеце каардынальна змянілася. Мясцовы соймік быў сарваны. І для абрання паслом на сойм Рэчы Паспалітай 1736 г. рэчыцкага старосты Альбрыхта Радзівіла польны гетман ВКЛ Міхал Казімір Радзівіл і наваградскі ваявода Мікалай Фаустын Радзівіл вымушаны былі шукаць іншы соймік, бо з-за супрацьдзеяння шляхты нельга было правесці яго абранне на сойміку Рэчыцкага павету. Радзівілы дамагліся ў караля Рэчы Паспалітай Аўгуста ІІІ універсала на паўторны соймік Наваградскага ваяводства, бо першы быў сарваны26. Таксама быў сарваны ў 1738 г. грамнічы соймік Рэчыцкага павета27. У гэтым не было нічога дзіўнага, бо ў той час у паветах і ваяводствах ВКЛ разгарнулася барацьба за дамінаванне паміж магнацкімі групоўкамі Сапегаў, Радзівілаў і Чартарыйскіх.

І надалей барацьба і срывы соймікаў у Рэчыцкім павеце вымушалі мясцовую шляхту і іх магнатаў-пратэктараў шукаць соймікі іншых паветаў і ваяводстваў для абрання сваіх прыхільнікаў. Так, дэпутатам на Трыбунал ВКЛ 1740 г. рэчыцкі маршалак Міхал Юдыцкі быў абраны не з Рэчыцкага павета, а са Слонімскага. Марцін Матушэвіч у сваім дыярыюшы так характарызуе абранага маршалкам Трыбунала ВКЛ 1740 г. рэчыцкага маршалка Міхала Юдыцкага: “чалавек багаты, але сквапны; у дзейнасці меней актыўны, адданы Радзівілам”28.

Пад час рускай кадэнцыі Трыбунала ВКЛ 1740 г. у Наваградку памёр менскі кашталян Аляксандр Юзэфовіч. Са слоў Марціна Матушэвіча менавіта ён і напісаў да канцлера ВКЛ Яна Фрэдэрыка Сапегі ліст з просьбай аб наданні пасады менскага кашталяна Міхалу Юдзіцкаму. І праз некаторы час атрымаў не толькі згоду на гэта, але і вытрымку з ліста ад графа Генрыха Бруля. Згодна яму менскую кашталянію атрымліваў Міхал Юдзіцкі29. Такое абранне шмат у чым адбылося з-за добрага стаўлення да кандыдатуры рэчыцкага маршалка Міхала Юдыцкага як з боку канцлера ВКЛ Яна Фрэдэрыка Сапегі і Радзівілаў, так і з боку саксонскага міністра Генрыха Бруля. Менавіта такім чынам рэчыцкі маршалак Міхал Юдыцкі дасягнуў вельмі значнай для простага шляхціча пасады кашталяна.

Прымірэнне паміж Чартарыйскімі і Радзівіламі ў 1743 г. стварыла зусім новую сітуацыю як увогуле ў ВКЛ, так і ў Рэчыцкім павеце. У выніку выбары дэпутатаў на большасці соймікаў адбываліся згодна дамове паміж двума дадзенымі магнацкімі групоўкамі. Гэта давала магчымасць пазбягаць срыву большасці павятовых і ваяводскіх соймікаў. Таксама ў шэрагу іншых перасталі срывацца і соймікі Рэчыцкага павета. Так, пасламі ў Трыбунал ВКЛ 1745 г. з Рэчыцкага павета былі абраны Прушаноўскі і Кельчэўскі30. Удала скончыўся і соймік Рэчыцкага павета 1744 г., які праходзіў пад час ажыўлення грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне ў сувязі з правядзеннем на сойме Рэчы Паспалітай некаторых рэформ дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай У разгарнуўшайся палітычнай барацьбе перад соймам Рэчы Паспалітай 1744 г. наконт павелічэння колькасці войска шляхта Рэчыцкага павета не вылучалася ад іншай шляхты ў ВКЛ. Так, 24 жніўня 1744 г. на сойміку Рэчыцкага павета была падтрымана ідэя павелічэння войска і падатак на яго планавалася вызначыць праз ураднікаў павета ці праз асобна прызначаных люстратараў31. Пры дырэктарстве рэчыцкага падкаморыя Антонія Халецкага пасламі на сойміку былі абраны аршанскі стражнік Рыгор Скарабагаты і старадубаўскі гродскі суддзя Ігнат Вайніловіч32.

Адначасова ў іх інструкцыі ўтрымлівалася патрабаванне прыняць меры супраць нападаў з-за мяжы на Рэчыцкі павет казакаў і халопаў33. Падобная праблема ўжо разглядалася пад час рады сената ў 1744 г. Там доўга абмяркоўваліся гайдамацкія напады на Украіне і штучныя перашкоды гандлю з Прусіяй у Сілезіі і з Расіяй на Кіеўшчыне34. Ініцыятарамі разгляду дадзенай праблемы на радзе сената былі прадстаўнікі групоўкі Патоцкіх, што знаходзіліся ў апазіцыі каралеўскай уладзе ў Рэчы Паспалітай. Такім чынам, можна гаварыць, што іх пазіцыя супадала з пазіцыяй шляхты Рэчыцкага павета. На першы погляд гэта выглядае дзіўна, бо ўсе прадстаўнікі магнацкіх груповак у ВКЛ прытрымліваліся ці нейтралітэта ці падтрымлівалі караля Аўгуста ІІІ у яго змаганні з Патоцкімі. Аднак тлумачыцца дадзеная асаблівасць інструкцыі паслоў Рэчыцкага павета вельмі проста: для павета сапраўды з’яўлялася вялікай праблемай напады казакаў і гайдамакаў з тэрыторыі Расіі.

Безумоўна, што дадзеная патрабаванне ў інструкцыі рэчыцкіх паслоў магла прывесці да прыняцця на сойме 1744 г. антырасійскіх пастаноў. Таму зразумела, што ў выпадку ўзнікнення дадзенага пытання расійскія прадстаўнікі зрабілі б намаганні сарваць сойм 1744 г. Яшчэ больш павінна была ўзмацніць дадзенае памкненне расійскіх прадстаўнікоў спроба рэалізацыі рэчыцкімі пасламі іншага пункта ў іх інструкцыі. Ён тычыўся патрабавання тлумачэнняў ад расійскага пасла наконт напада расійскіх войскаў на ўладанне Хоцімск у Мсціслаўскім ваяводстве і захопу ў палон і вываду ў Расіі мясцовых жыхароў, сярод якіх быў і шляхціч Антоні Петрусевіч35. Уключэнне дадзенага пункта ў інструкцыю можа сведчыць аб хваляванні мясцовай шляхты перад магчымым уваходам у межы павета расійскіх войскаў. Таму нельга разглядаць гэтых два пункта, як спланаваную апазіцыяй акцыю для срыву сойма. Хутчэй можна гаварыць аб агульнай незадаволенасці шляхты Рэчыцкага павета адносінамі з суседняй Расіяй, якая, ўмешваючыся ў справы Рэчы Паспалітай, найбольшы ціск аказвала на яе памежныя рэгіёны.

Цікава, што інструкцыя на сойм 1748 г. у асноўных пастановах мала ў чым адрознівалася ад інструкцыі на сойм 1744 г. У інструкцыі 1748 г. таксама ўтрымлівалася згода на павялічэнне войска і падатак таксама меркавалася вызначыць ці праз люстратараў ці праз ураднікаў. У той жа час менш важных пунктаў, якія маглі пашкодзіць адносінам з Расіяй, як у інструкцыі сойміка 1744 г., зараз не ўтрымлівалася. Цікава, што паслом на сойм 1748 г. на сойміку быў абраны яго дырэктар рэчыцкі войскі і гродскі пісар Ігнат Казімір Прушаноўскі. Другім паслом быў абраны бунчучы вялікай булавы ВКЛ Караль Війсчынскі36.

У той жа час, зноўку вялікую ўвагу надала шляхта Рэчыцкага павета справам, якія займалі значнае месца ў міжнародных адносінах. Так, шляхта Рэчыцкага павета выступіла з патрабаваннем вырашэння справы Курляндыі37. Безумоўна, што дадзены пункт нёс большую небяспеку інтарэсам Расіі, чым малазначныя антырасійскія пастановы інструкцыі сойміка Рэчыцкага павета 1744 г., бо дадзеная праблема хвалявала шляхту і іншых паветаў і ваяводстваў ВКЛ. І таму ўзняцце яе пад час сойма Рэчы Паспалітай 1748 г. было вельмі рэальна.

Удзяліла шляхта і шмат месца ўнутрыпавятовым справам. Так, у інструкцыі ўтрымлівалася жаданне абароны пасэсараў шляхецкіх родаў перад новым уладальнікам Чачэрскага староства. Да таго ж упаміналася, што на абшарах Гомельскага староства хаваюцца збеглыя сяляне, якіх не вяртае мясцовая адміністрацыя38. У пацверджанне апошняга сведчыць судовая справа падляшскага ваяводы Міхала Сапегі на падканцлера ВКЛ Міхала Чартарыйскага як трымальніка Гомельскага староства39. Такім чынам, атрымалася, што знаходжанне падобнага патрабавання паказвае сярод іншага і адмоўнае стаўленне мясцовай шляхты да Фаміліі.

Разыходжанне пазіцый Чартарыйскіх з Радзівіламі, а потым і з каралеўскім дваром прывяло да абвастрэння палітычнай сітуацыі ў ВКЛ. Не стаў выключэннем і Рэчыцкі павет. Ізноў паўтарылася сітуацыя канца 30-ых – пачатку 40-ых гг. XVIII ст., калі з-за срыву соймікаў Рэчыцкага павета мясцовая шляхта імкнулася быць абранай пасламі на сойміках іншых паветаў і ваяводстваў ВКЛ.

Так, на Трыбунал ВКЛ 1762 г. быў абраны рэчыцкі земскі суддзя Іахім Юдыцкі з сойміка ў Троках. Прычым, грамнічы соймік у Рэчыцы ў гэтым годзе быў сарваны40.

Вядома, што рэчыцкі земскі староста Іахім Юдыцкі спачатку быў кліентам Чартарыйскім, але потым перайшоў на бок Радзівілаў. Менавіта як іх кліент ён фігуруе ў справе на асуджэнне Юзафа Валадковіча на Трыбунале ВКЛ 1762 г.41 Прычым, сам Юзаф Валадковіч з’яўляўся яго родзічам. Галоўным абаронцам Юзафа Валадковіча (падазраваўся ў імкненні забіць маршалка Трыбунала Міхала Масальскага) выступіў як раз рэчыцкі гродскі суддзя Іахім Юдыцкі. Таму не было нічога дзіўнага, што маршалак Трыбуналу ВКЛ 1762 г. Міхал Масальскі імкнуўся выгнаць яго з трыбунальскага кола, як несправядліва абранага на сойміку ў Троках. Аднак Юдыцкі з дапамогай іншых дэпутатаў здолеў пазбегнуць выгнання. На гэтым жа Трыбунале ВКЛ прыхільнікам Радзівілаў удалося выйграць справу з прыхільнікам Чартарыйскіх Шэметам на карысць свайго сябра Свадкоўскага. Аднак Чартарыйскія здолелі пазбегнуць таго, каб вялікая частка грошай ад выйгранай справы аказалася праз вяселле рэчыцкага земскага старосты Іахіма Юдыцкага з Данброўскай аказалася ў прыхільнікаў Радзівілаў. Ім удалося выдаць Данброўскую замуж за свайго прыхільніка ашмянскага канюшага Важынскага42. Як бачым, Міхал Юдыцкі з’яўляўся тыповым прадстаўніком шляхты, якая пераходзіла ад аднаго магнацкага пратэктара к другому. Менавіта, гэтым ён і заслужыў нянавісць Чартарыйскіх, якія надалей уважліва сачылі за дзейнасцю Міхала Юдыцкага і пры любой магчымасці імкнуліся яму нашкодзіць.

На Трыбунале ВКЛ 1762 г. доўга разглядалася справа паміж троцкім дэпутатам і рэчыцкім земскім суддзёй Іахімам Юдзіцкім з рэчыцкім стольнікам Маліноўскім і мсціслаўскім ратмістрам Хлевінскім. У дадзеным выпадку заўважна супрацьстаянне прадстаўнікоў адразу двух шляхецкіх родаў, што прыналежылі да палітычнай эліты Рэчыцкага павета. Прычым Юдыцкія ў дадзеным выпадку выступаюць адразу супраць Хлевінскіх і Маліноўскіх. Апошнія хоць і неўваходзілі ў кола найбольш магутных шляхецкіх родаў у Рэчыцкім павеце, але таксама вылучаліся з шэрагаў мясцовай шляхты і к таму ж іх прадстаўнікі займалі некаторыя ўрадніцкія пасады.

Пад час бескаралеўя па смерці Аўгуста ІІІ у Рэчыцкім павеце дайшло да ўзброеннага супрацьстаяння паміж прыхільнікамі Чартарыйскіх і Радзівілаў.

Прыхільнікі Чартарыйскіх раней сабраўшыся на соймік занялі замак у Рагачове і абралі тут каптуровых суддзяў. Маршалкам быў абраны рэчыцкі падкаморы Антоні Халецкі. А пасламі абралі прыхільнікаў Чартарыйскіх рэчыцкага падкаморыча Казіміра Халецкага і рэчыцкага лоўчага Томаша Прушаноўскага.

Безумоўна, што гэта не магло задаволіць прыхільнікаў Радзівілаў. Яны на чале з Юзафам Юдыцкім атакавалі замак. І з дапамогай артылерыі захапілі яго, забіўшы пры гэтым некалькі шляхцічаў. Пасля іх выхаду з замку каптуровы суд працягнуў сваю працу. Перш ён асудзіў Юзаф Юдыцкага на смерць, а яго братоў Міхала і Іахіма на арышт. Аднак захапіць для выканання прысуду Юзафа Юдыцкага здолелі толькі праз нейкі час у маёнтку Юдыцкіх Журовічах пры дапамозе расійскіх войскаў43. Вось такім чынам групоўка Чартарыйскіх у Рэчыцкім павеце атрымала перамогу ў супрацьстаянні з групоўкай Радзівілаў. Аднак атрымала яе толькі з дапамогай умяшальніцтва ў расійскіх войскаў.

Такім чынам, можна гаварыць аб некаторых сваеасаблівасцях палітычнай сітуацыі ў Рэчыцкім павеце, што абумовіла тут і механізм барацьбы магнацкіх груповак.

Палітычная эліта Рэчыцкага павета складалася з шасці шляхекціх родаў: Халецкіх, Хлявінскіх, Прушаноўскіх, Кельчэўскіх, Юдыцкіх і Скарынаў. Менавіта прадстаўнікі гэтых родаў займалі значную большасць урадніцкіх пасадаў у Рэчыцкім павеце. Безумоўна, што праз іх магнаты і ўплывалі на мясцовую шляхту. Прыналежнасць прадстаўнікоў гэтых шляхецкіх родаў да той ці іншай магнацкай групоўкі і абумовіла складанне двух-трох груповак шляхты ў Рэчыцкім павеце, якія вялі паміж сабой барацьбу за перавагу на мясцовых сойміках. Гэтым і тлумачыцца вялікая колькасць сарваных мясцовых соймікаў.

Неабходна заўважыць, што прымірэнне паміж магнацкімі групоўкамі ў ВКЛ вяло і да прымірэння паміж іх шляхецкімі прыхільнікамі ў Рэчыцкім павеце. Аднак дадзеныя прымірэнні не насілі доўгатэрміновага характара і барацьба паміж магнацкімі групоўкамі ўспыхвала з новай моцай. І напрыканцы разглядаемага часу ўвогуле дайшло да збройнага супрацьстаяння.

Такім чынам, становішча ў Рэчыцкім павеце мала ў чым адрознівалася ад сітуацыі ў іншых паветах і ваяводствах ВКЛ. Яно з’яўлялася пэўным адбіткам становішча ў дзяржаве, якое характарызавалася ўзрастаннем ролі магнатэрыі.

  1. Rostworowski E. O polska korone. Polityka Francji w latach 1725–1733. Wrocław-Kraków, 1958. 305.
  2. НГАБ. Ф.1736, воп.1, спр.9, л. 598.
  3. Там сама, л. 761-762.
  4. Там сама, л. 865.
  5. Там сама. Ф. 1730, воп.1, спр.11, л.736.
  6. Там сама, спр.9, л.763.
  7. Там сама, л.623-624.
  8. Там сама, ф. Кмф-18, воп.1, спр.172, л.868-869.
  9. Там сама, спр. 173, л.161-162.
  10. Там сама, л.164-165.
  11. Там сама, спр.176, л.1001-1002.
  12. Там сама, спр.173, л.573; спр.176, л.183-184.
  13. Там сама, ф.1736, воп.1, спр.13, л.123; ф.Кмф-18, воп.1. спр.170, л.29-30.
  14. Там сама, ф.Км.-18, воп.1. спр.170, л.109-110.
  15. Там сама, спр.172. л.608-609.
  16. Там сама, спр.173. л.49-50.
  17. Там сама, спр.172. л.609-610, 806-807.
  18. Там сама, л.815-816.
  19. Там сама. л.1465-1466.
  20. Там сама, спр.168. л.70-71, 102-103.
  21. Там сама, спр.170, л.254-255.
  22. Там сама, спр.172. л.202-203.
  23. Там сама, спр. 173, л.178.
  24. Matuszewicz M. Diariusz zycia moego, t.1. Warszawa, 1986. 321.
  25. НГАБ. Ф.1736, воп.1, спр.9, л.1157.
  26. Palkij H. Sejmy 1736 i 1738 roku. U początków nowej sytuacji politycznej w Rzeczypospolitej. Kraków, 2000. S.37.
  27. Дыярыюш Князя Міхала Казімера Радзівіла Ваяводы Віленскага, Гетмана Вялікага Вялікага Княства Літоўскага //Спадчына. 1995. №2. С.129.
  28. Matuszewicz M. Diariusz zycia moego, t.1. 321.
  29. Palkij H. Sejmy 1736 i 1738 roku. U początków nowej sytuacji politycznej w Rzeczypospolitej. 175.
  30. Дыярыюш Князя Міхала Казімера Радзівіла Ваяводы Віленскага, Гетмана Вялікага Вялікага Княства Літоўскага // Спадчына. 1995. №2. С.173.
  31. НГАБ. Ф.1736, воп.1, спр.12, л.1391-1392.
  32. Там сама, л.1191.
  33. Там сама, л.1393.
  34. Zielińska Z. Walka “Familii” o reforme Rzeczypospolitej, 1743–1752. Warszawа, 1983. S.134.
  35. НГАБ. Ф.1736, воп.1, спр.12, л.1393.
  36. Там сама, спр.14, л.555, 552-553.
  37. Там сама, л.556.
  38. Там сама, л.556.
  39. Там сама, л.265.
  40. Matuszewicz M. Diariusz zycia moego, t.2. 196-197.
  41. Там сама. S.221, 227-231.
  42. Там сама. S.238, 240-241.
  43. Там сама. S.451, 490-491.


Аўтар:
Андрэй Мацук
Крыніца: Чацвёртыя Міжнародныя Доўнараўскія чытанні: Рэчыца, 18-19 верасня 2003 г.: У 2 ч. — Гомель, УА «ГДУ імя Ф. Скарыны», 2004. — Ч. 2: «Рэчыца ў часе і прасторы:: 790 год з дня заснавання горада» / Рэд. кал.: В.М. Лебедзева (адк. рэд.) і інш. — 217 с.