Балотнік зацягвае да сябе прыгожымі гукамі, як салавейка спяваіць. Калі чалавек адуманіцца гэтымі гукамі, то загразае ў багне. I тут ужо балотнік не адпусціць. Зацягне да сябе і ўсё тут. Рэдкі хто выскаўзніцца і ўцячэ ад балотніка.
Запісана ў в. Перавалока Рэчыцкага р-на ад Луцко Міхаіла Фядосавіча, 1937 г.н. студэнткай Сідарэнка I.
У балотах жылі толькі чэрці і зацягвалі туды людзей.
Запісанаў в.Глініца Мазырскага р-на ад Цалко Аляксандры Пракопаўны, 1925 г.н., Радаўні Арсенія Міхайлавіча, 1927г.н. студэнткамі Высоцкай Т., Жыліч Н.
Багнік туліцца ў тарфяным балоце. Ён ніколі не паяўляецца над паверхняю сваёй багны і прысутнасць у ёй выдае толькі бурбалкамі на паверхні.
Багнік можа загубіць чалавека толькі ў глыбокай багне, для гэтага ён прабівае балотныя акенцы і акружвае іх то здрадніцкай расліннасцю, то падганяе туды рыбу, падманьвае рознымі гукамі: кракае, раве, як карова.
Запісана ў в. Роза Люксембург Ельскага р-на ад Анасенка А.І., 1944 г.н. са слоў яе маці студэнткай Дворак Л.
Крыніца: Народная міфалогія Гомельшчыны: фальклорна-этнаграфічны зборнік. — ЛМФ “Нёман”, 2003. 320 с. Ст. 73.