Чым можа ганарыцца сучасны чалавек? У цяперашні час адноснага спакою й дабрабыту амаль зьнікла патрэба ў геройскіх учынках, а ганарыцца грашыма, сваім становішчам – які ж тут гонар, толькі ганарлівасьць. Застаецца ганарыцца людзьмі. Продкамі, сучасьнікамі й, спадзяюся, нашчадкамі. Сярод вялікай колькасьці людзей, якімі ганаруся асабіста я, вылучаецца асоба маёй бабулі. Паспрабую патлумачыць.
Мая бабуля Мая Апанасаўна нарадзілася ў вёсцы Галавачы Буда-кашалёўскага раёна ў адзін з самых сумнавядомых гадоў нашай найноўшай гісторыі – у 1937-м. На жаль, рэпрэсіі не прамінулі й сям’ю бабулі – простую сялянскую сям’ю. Раней прыйшлося ратавацца ад крывавых праяваў калектывізацыі бабуліным дзядькам – вядома ж, чацьвёра хлопцаў, у якіх бацька памёр маладым, якія з самага раньняга дзяцінства з-за працы ня бачылі белага сьвету, каб пазьбегнуць галоднай сьмерці, – чым жа яны ня ворагі. “Клясыка” тых часоў і з самім нараджэньнем. Нарадзілася бабуля 1 кастрычніка, бацькі далі імя Марыя, але ж у дакумэнтах значацца 15 лістапада ды Мая.
Зь першых дзён бабуліна жыцьцё поўнае цяжкіх выпрабаваньняў, зь якіх яна выходзіла з годнасьцю, вартай вялікае павагі. У хуткім часе прыйшла вайна, аб пачатку якой вяскоўцы даведаліся ад магутных выбухаў у бліжэйшых лясах – вайскоўцы пазбаўляліся ад вялікай колькасьці назапашанай зброі, што рыхтавалася для вайны (якой вайны – тайна й сёньня). Бабуліны бацька й старэйшы брат пайшлі ваяваць. Гаспадарка засталася трымацца на плячах маці, 12-гадовага брата ды маленькай дзяўчынкі. Прыйшоўшыя немцы выгналі з роднае хаты, але потым дазволілі жыць у сенцах ды абслугоўваць афіцэраў. Бабуля ня любіць узгадваць вайну, але заўсёды кажа, што людзі былі і ёсьць розныя, ніколі не вінаваціць немцаў. Зь вялікай цеплынёй яна распавядае пра выпадак, калі нямецкі афіцэр выратаваў яе ад сьмерці. Калі мая бабуля цяжка захварэла, афіцэр забраў яе ў цёплы пакой, штодня прыводзіў лекара, прыносіў для яе ежу, і дзяўчынка ачуняла. Празь некалькі месяцаў партызаны забілі нямецкага маёра, за што палову жыхароў вёскі расстралялі, на вачах бабулі нямецкі танк разбурыў хату, астатнюю палову пагналі на чыгуначную станцыю Доўск, каб адтуль вывезьці ў Нямеччыну. Нейкім цудам у Доўску з-за налёту партызанаў бабуліна маці зь дзецьмі схавалася ў адрыне, лежачы ў гноі ды заціскаючы рты дзецям. Усё роўна іх пабачыў немец, але пашкадаваў. Гэта адбылося 14 кастрычніка – у сьвята Пакрову – адно з самых шанаваных з тых часоў у маёй сям’і сьвятаў – інакш, як цудам, гэтую падзею цяжка назваць. Пасьля вайны бабулін бацька быў арыштаваны й сасланы ў Варкуту. Лёс вырашыў так, што адным з вартаўнікоў у тым лягеры апынуўся сын сасланага – бабулін брат, якога забралі служыць у армію. Але ў хуткім часе прадзядуля быў рэабілітаваны й вярнуўся ў Галавачы. На першыя цяжкія пасьляваенныя гады прыйшлося школьнае навучаньне маёй бабулі. Спачатку яна хадзіла ў школу за 7 кілямэтраў, а потым за ўсе 9. Вучылася выдатна, таму пашчасьціла вырвацца зь вёскі, паступіць у Гомельскі чыгуначны тэхнікум ды вывучыцца на бугальтара. Па размеркаваньні апынулася у Кыргызстане, горадзе Ош, дзе й сустрэла майго дзядулю – нашчадка сасланага калісьці у Сібір шляхецага роду. Там у іх нарадзіліся мая маці ды дзядзька. Калі выйшаў тэрмін разьмеркаваньня, яны пераехалі ў Гомель, бо клімат Сярэдняй Азіі вельмі адмоўна адбіўся на фізічным стане бабулі. У Гомелі прыйшлося пачынаць з нуля – першы час нават давялося туліцца ў сапраўдным куратніку. Самаадданая праца ў горадзе, дапамога бацькам у вёсцы, клопат аб дзецях займалі увесь час. Потым было вялікае шчасьце – уласная аднапакаёўка, у якой прайшлі яшчэ 20 поўных клопату гадоў. Сапраўднай фантастыкай была атрыманая трохпакаёўка. Атрымаў яе ўжо галоўны бугальтар аднаго зь вялікіх будаўнічых трэстаў. Вельмі хутка усе пакоі запоўніліся дзіцячым сьмехам унукаў – галоўным бабуліным шчасьцем, і гэта вынікае ня столькі зь яе словаў, а з учынкаў, бляску ў вачах. Калі бачыш гэтыя вочы – разумееш, што варта было нарадзіцца нават только для аднаго гэтага, каб так блішчэлі гэтыя вочы, усьміхаліся вусны.
Сёньня бабуля не спыняе свой рух – працуе бугальтаркай у дзьвух кампаніях, няньчыць малодшага 3-гадовага ўнука, а праз некалькі месяцаў прачнецца прабабуляй, гэта значыць яшчэ больш шчасьлівым чалавекам. Яна валодае кампутарам, разьбіраецца ў палітыцы, даволі цьвяроза й крытычна ставіцца да сучасных працэсаў у нашай дзяржаве (для шчырасьці трэба адзначыць, што прытрымлівалася яна гэткіх незалежных поглядаў яшчэ й за саветамі, мяне вельмі ўразілі яе словы аб тым, што тая дурная сыстэма дазваляла ёй красьці тысячы й рабіць гэта незаўважна, аднак яна ніколі аб гэткай магчымасьці й не задумвалася – так, мая бабуля вельмі сумленная). Да працы й дамашніх клопатаў дадаецца лецішча, на якім бабуля шчыруе ад сакавіка да лістапада, праца на зямлі прыносіць ёй грандыёзнае задавальненьне, якое я, відаць, ня здолею зразумець ніколі. Затое ніколі бабуля не сядзела з бабкамі на вуліцы – ні хвіліны, бо няма калі, дый якая ж зь яе бабка – хоць і нарадзілася ў вёсцы, любіць зямлю, не цураецца фізічнай працы, але можа даць фору “сапраўдным гараджанкам” маладзейшага ўзросту. Увогуле стаўленьне бабулі да працы заслугоўвае вялікай павагі – калі яна штосьці пачынае (а пачынае яна шмат чаго), дык робіць да самага канца, не пакідаючы на будучыню. Падобным адносінам яна прывучыла маю маці й мяне – прызнаюся, гэта даведзена да рэфлектыўнага узроўню і часам выклікае неразуменьне ў іншых. Бабуля верыць у Бога, верыць па-сапраўднаму, але ня любіць папоў і царкву. Мая бабуля памятае продкаў да чацьвёртага калена, штогод наведвае іхныя магілы. Мая бабуля любіць чытаць – аналітычную прэсу й гістарычныя творы мастацкай літаратуры. Мая бабуля ведае, хто такі Брэд Піт, але можа растлумачыць, дзе Скарына друкаваў свае кнігі. Мая бабуля… распавядаць можна не адну гадзіну.
Усё пералічанае: ад фактаў жыцьця і да асаблівасьцяў характару – усё, на мой погляд, выклікае пачуцьцё павагі й гонару за гэтага чалавека. Перажыць столькі цяжкіх момантаў і заставацца аптымістычнай і жыцьцярадаснай, увесь час знаходзіцца ў руху, карысным руху, нягледзячы на ўзрост, жыць цяперашнім з думкамі аб будучым і ўспамінамі аб мінулым, жыць ня дзеля сябе, а дзеля людзей – хіба ж нельга ганарыцца такім чалаевекам? Можна! Бабуля, я табой ганаруся! І яна гэта ведае.