Адбыўся ў Вялікую Айчынную вайну паміж партызанскімі атрадамі “Чырвоны Кастрычнік” (камандзір Э.Я. Чырлін), А.Ф. Каваленкі, І.Р. Жулегі, Капаткевіцкім (А.А. Жыгар) і нямецка-фашысцкімі акупантамі 17.2.1942 у в. Азарычы Даманавіцкага раёна.
У вёсцы месціўся варожы гарнізон з 70 чалавек, знаходзіліся склады з хлебам, прызначаным для дасылкі ў Германію. Аперацыяй кіраваў Герой Савецкага Саюза Ф.І. Паўлоўскі. Атрад Каваленкі прыкрываў дарогу Кабыльшчына – Азарычы, узвод атрада “Чырвоны Кастрычнік” – дарогу Азарычы-Валасовічы. У 7 гадзін раніцы партызаны скрытна занялі заходнюю частку Азарыч, ударная група атакавала караваульнае памяшканне праціўніка. У выніку трохгадзіннага бою партызаны разграмілі гарнізон, знішчылі каля 40 салдат і афіцэраў, захапілі 2 станковыя і 1 ручны кулямёты, 25 вінтовак, каля 50 тыс. патронаў, раздалі насельніцтву 850 т. збожжа.
Аўтар: М.Ф. Шумейка
Крыніца: Т. 1. А — Беліца / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. Ст. 67.