Асветніцкія погляды М.В. Доўнара-Запольскага

0
161
Асветніцкія погляды М.В. Доўнара-Запольскага

Мітрафан Віктаравіч Доўнар-Запольскі з’яўляецца выдатным прадстаўніком беларускай гістарыяграфіі канца 19-пачатку 20 ст. У сваіх працах ён глыбока прааналізаваў гістарычныя падзеі, пытанні, звязаныя з беларускай культурай, асветай, станам навучальнай справы, народнай адукацыяй. Асветніцкія погляды М.В. Доўнар-Запольскага замацоўваюць і развіваюць лепшыя традыцыі замежнай і айчыннай педагогікі: прызнанне вялікай ролі культуры, асветы ў развіцці грамадства, неабходнасць пашырэння асветы, навучання на роднай мове, навучання назалежна ад нацыянальных, саслоўных, рэлігійных асаблівасцей, развіцця жаночай адукацыі, неабходнасць развіцця адукацыі на дэмакратычных асновах.У сваіх працах М.В. Доўнар-Запольскі аналізуе праблемы развіцця беларускай асветы, адзначае ролю гістарычных асоб у развіцці культуры, асветы, аналізуе станоўчыя і адмоўныя рысы працэсу развіцця беларускай асветы.

М.В. Доўнар-Запольскі ў значнай ступені займаўся папулярызацыяй навукі, культуры і асветы Беларусі, аналізаваў яе гістарычныя карані. Гісторык адзначаў, што літаратура і асвета ў старажытнай Русі развіваліся разам з пранікненнем у народную масу хрысціянскіх пачаткаў і пісьменства, падтрымліваліся жывымі зносінамі з Візантыяй. Увядзенне епархій і з’яўленне манастыроў ён разглядаў як ступені ў развіцці асветы, буйнымі цэнтрамі асветы ён лічыў Тураў, Смаленск і Полацк. Але асабліва вялікае значэнне М.В.Доўнар-Запольскі надаваў Смаленску, які стварыў ў сценах сваіх манастыроў цэлую літаратурна-асветную школу. Гісторык падкрэсліваў вялікае значэнне дзейнасці Клімента і Аўраамія, называў іх “бліскучымі зоркамі на смаленскім небасхіле”[1, с. 50]. Іх з’яўленне было не выпадковай з’явай, таму што ў Смаленску былі школы, перапісванне рукапісаў і кніг знаходзіла сабе збыт. У Смаленску былі розныя школы: школа звычайнага старажытнарускага тыпу, дзе вучыўся Аўраамій, і школа вышэйшага тыпу, дзе навучанне грунтавалася на вывучэнні грэчаскай і лацінскай моў і дзе мітрапаліт Клімент атрымаў шырокую філасофскую адукацыю. Вакол гэтай школы групаваўся гурток грэцыстаў і лаціністаў, якія вялі паміж сабой багаслоўскія і філасофскія спрэчкі. Смаленскія кнігасховішчы мелі багаты кніжны матэрыял, там былі цудоўныя літаратурныя творы. М.В.Доўнар-Запольскі адзначае вялікую ролю Смаленска ў гісторыі Старажытнай Русі, такую ж важную, як і ролю старэйшага з гарадоў — Кіева.

М.В.Доўнар-Запольскі дае аналіз стану асветы ў Тураве і гэта дае магчымасць сцвярджаць, што і тут былі даступныя сродкі да шырокай асветы. Дзейнасць Кірылы Тураўскага з’яўляецца прыкладам аратарскага майстэрства. Пропаведзі Кірылы Тураўскага мелі цесную сувязь з навукай, таму што былі перасыпаны багатым запасам навуковасці. М.В.Доўнар-Запольскі падкрэслівае вялікае значэнне асветніцкай дзейнасці Ефрасінні Полацкай, якая прысвяціла сябе перапісванню кніг, заснавала жаночы манастыр паблізу Полацка, мужчынскі Багародзіцкі манастыр для падрыхтоўкі свяшчэннаслужыцеляў. Гісторык адзначае станоўчы факт выпрацоўкі і развіцця беларускай мовы, чаму ў вялікай ступені садзейнічала багатая літаратура беларускай зямлі.

У працах М.В.Доўнара-Запольскага даецца падрабязны аналіз асаблівасцей культуры і асветы ў перыяд дзейнасці Віленскага універсітэта. Гісторык адзначае, што агульны развал Рэчы Паспалітай ў эпоху яе падзелаў ў значнай меры адбіўся на стане асветы. Школы заняпалі ў колькасных і якасных адносінах. Сельскіх школ не было зусім ці яны сустракаліся надзвычай рэдка, і нават ў асяроддзі памешчыкаў назіраліся нецярпімасць да асветы іх падданых. У рускіх абласцях Рэчы Паспалітай захаваліся прыходскія школы, сярэднія школы знаходзіліся пераважна ў руках езуітаў. Праграма гэтых сярэдніх школ па-ранейшаму была шырокай, але гэта было сухое безжыццёвае навучанне рыторыцы і філасофіі. Вядомы публіцыст і прафесар таго часу ксёндз Калантай называў гэтыя школы “пасмешышчам”.

Аналіз дзейнасці Адукацыйнай камісіі, г.зн. Міністэрства народнай адукацыі, якое па тым часе было першым у Еўропе, даў магчымасць М.В.Доўнару-Запольскаму паказаць станоўчую роль беларусаў, прадстаўнікоў ідэі самастойнасці Літоўскай Русі. Гэтыя прадстаўнікі стаялі на чале школьнага руху. Гісторык паказвае значную ролю ў дзейнасці Адукацыйнай камісіі апошняга канцлера Вялікага княства Літоўскага, графа, вельмі адукаванага памешчыка Іяхіма Храбтовіча, які адзін з першых зрабіў палёгкі для сялян, а таксама літоўскага пісара, бліжэйшага памочніка Ігнація Патоцкага. М.В.Доўнар-Запольскі адзначае станоўчыя рысы ў дзейнасці Адукацыйнай камісіі: дэтальнае знаёмства са станам школ на месцах з дапамогай камандзіравання асобных візітатараў, стварэнне таварыства для выдання элементарных кніг, выяўленне фундушаў, г.зн. маёнткаў, якія раней належалі езуітам, а потым перайшлі Камісіі на справы асветы, падрыхтоўку плана усёй школьнай справы ў Польшчы і Літве, распрацоўку праграмы для навучання з мэтай стварыць чалавека і грамадзяніна. М.В.Доўнар-Запольскі сцвярджае той станоўчы факт, што вышэйшы тып школы меў энцыклапедычны характар навучання. Тут побач са звычайнымі школьнымі прадметамі (гісторыя моў, славеснасць і г.д.), выкладаліся такія навукі, як натуральнае права, мараль, эканомія, палітычнае права, гісторыя мастацтваў, рамяства, натуральная гісторыя, гігіена, земляробства, агародніцтва і г.д. Як станоўчы факт М.В.Доўнар-Запольскі адзначае з’яўленне першых жаночых школ (у выглядзе асобых пансіёнаў), падкрэслівае цяжкасці, якія былі звязаны з недахопам настаўнікаў, шматпрадметнасцю школ. Адмоўнымі рысамі развіцця асветы М.В.Доўнар-Запольскі лічыў той факт, што вайсковыя практыкаванні дрэнна спалучаліся са школьнай справай, забіралі ў навучэнцаў шмат часу, падкрэсліваў, што часта ў школах не хапала падручнікаў, затое ў дастатковай колькасці былі стрэльбы і шаблі. М.В.Доўнар-Запольскі адзначае, што недахопы дзейнасці Адукацыйнай камісіі былі звязаны з умовамі таго часу, з агульнымі тэндэнцыямі педагогікі 18 ст., якая рэфармавала школу пасля таго, як у ёй знік уплыў езуітаў. М.В.Доўнар-Запольскі паказаў станоўчую ролю Адукацыйнай камісіі: негледзячы на тое, што Адукацыйная камісія праіснавала ў беларускіх абласцях нядоўга, яна падняла школьнае пытанне, зацікавіла ім грамадства, уліла ў школу новыя прагрэсіўныя ідэі.

М.В.Доўнар-Запольскі адзначыў дзейнасць рускага ўрада па арганізацыі і абнаўленні школы на новых пачатках. Паралельна з дзейнасцю Адукацыйнай камісіі ў яшчэ не далучаных да Расіі абласцях у Магілёўскім намесніцтве аднаўлялася праца школ. У 1791г. былі адкрыты малыя народныя вучылішчы (тып школы, набліжаны да сярэдняй) у Оршы, Копысі, Мсціславе, Чэрыкаве, Невелі, Веліжы. У Магілёве ў 1789 г. было адкрыта галоўнае народнае вучылішча, якое уяўляла сабой сярэднюю школу з даволі шырокай праграмай. Такое ж вучылішча бало адкрыта ў Полацку. У Віцебску было адкрыта 4-класнае вучылішча. У Полацку, Віцебску, Дынабургу былі захаваны езуіцкія калегіі. У такім выглядзе школы перайшлі ад Аду­кацыйнай камісіі ў распараджэнне рускіх улад пасля далучэння астатняй часткі Беларусі да Расіі.

М.В.Доўнар-Запольскі паказаў становішча школьнай справы ў абласцях, далучаных пасля 2-га і 3-га падзелаў. Ён падрабязна апісвае розныя навучальныя ўстановы ў беларускіх гарадах і мястэчках, лічачы гэта пэўнымі дасягненнямі. У Вільні, акрамя ўніверсітэта, была яшчэ павятовая 6-класная школа, у межах Віленскай губерніі былі яшчэ 3-і 4-класныя школы: у мястэчку Баруны Ашмянскага павета, у Лідзе, Шчучыне, Калтынянах, Мерачы. У Гродне, Навагрудку, Жыровічах былі 6-класныя школы; ніжэйшыя школы былі ў Брэсце, Слоніме, Лыскаве, Вількаміры. У Мінскай губерніі, акрамя галоўнай школы ў Мінску, былі меншыя школы ў Слуцку, Бабруйску, Мазыры, Паставах, Халопенічах. Акрамя гэтых урадавых школ, былі яшчэ канвікты, г.зн. школы, якія ўтрымліваліся на ахвяраванні, для навучання дзяцей бедных шляхціцаў, а таксама прыватныя пансіёны. Канвікты звычайна ўтрымліваліся піярамі ці базыльянамі. У Вільні былі 4 канвікты [1, ст.255-256].

М.В.Доўнар-Запольскі адзначыў вартасці і недахопы ў школах, якія былі адкрыты Адукацыйнай камісіяй. Да недахопаў ён адносіў малую колькасць здольных і вартых настаўнікаў. Не ўсе прадметы выкладаліся на падставе новых падручнікаў, не ўсюды школы мелі прыдатныя памяшканні. Аднак спадчына Адукацыйнай камісіі, атрыманая рускімі ўладамі, мела важнае значэнне ў гісторыі асветы Беларусі.

У першыя гады рускай улады школьная справа знаходзілася ў распараджэнні міністэрства, якое не прыкладала асаблівых намаганняў для развіцця мясцовай школы. Але пры Аляксандру I у Расіі школьная справа была рэфармавана і школа на Беларусі перайшла ў распараджэнне мясцовых людзей. Гэты перыяд М.В.Доўнар-Запольскі лічыць кароткім перыядам росквіту школьнай справы на Беларусі, але адзначае, што характар новай школы прыняў своеасаблівае адценне, школа атрымала спецыфічны польскі нацыянальны ўхіл, які выключаў усё, што нагадвала Беларусь, Літву.

У працах М.В.Доўнара-Запольскага можна знайсці цікавыя думкі аб дзейнасці Віленскага універсітэта, які быў адкрыты на месцы Віленскай акадэміі. Віленскаму універсітэту былі дадзены шырокія правы тагачасных расійскіх універсітэтаў. Статут Віленскага універсітэта ва ўсім быў падобны да статута расійскіх універсітэтаў з той, аднак, розніцай, што ў ім быў захаваны багаслоўскі факультэт і яму дадзена права распараджацца тымі маёнткамі, якія былі ахвяраваны Віленскай акадэміі, а таксама ўсімі езуіцкімі фундушамі, што забяспечвалі ў краі школьнае навучанне. Як станоўчы факт М.В.Доўнар-Запольскі адзна­чае пэўную аўтаномію Віленскага універсітэта. У сувязі з аўтаноміяй універсітэцкі савет меў права выбіраць прафесараў, дэканаў і рэктараў, меў свой суд, цэнзуру, друк. Ва ўніверсітэце былі наступныя факультэты: фізіка-матэматычных навук, медыцынскіх, маральна-палітычных (юрыдычных), славесных навук, багаслоўскі.

М.В. Доўнар-Запольскі паказаў значэнне Віленскага універсітэта для развіцця адукацыі, прааналізаваў структуру адукацыі пад кіраўніцтвам Віленскага універсітэта. Сярэдняя і ніжэйшая адукацыя нагадвала арганізацыю школ Адукацыйнай камісіі і адпавядала сістэме народнай адукацыі, прынятай у Расіі ў 80-я гады 18 ст.У губернскіх гарадах былі адкрыты губернскія гімназіі, у павятовых — павятовыя вучылішчы ў складзе трох класаў. Меркавалася адкрыццё прыходскіх вучылішчаў. Ад універсітэцкага савета залежала назначэнне настаўнікаў, рэвізія навучальнай дзейнасці, распараджэнне сродкамі. У гэты перыяд школьная справа ўпершыню атрымала больш шырокае развіццё.

М.В. Доўнар-Запольскі адзначыў ролю гістарычных асоб у развіцці школьнай справы: А.Чартарыйскага, Ф. Чацкага, Я. Снядзецкага, Калантая, Страйноўскага. Галоўны кірунак усёй навучаль­най справе ў акрузе задаваў яе папячыцель князь Адам Чартарыйскі. Гісторык адзначае, што князю належа­ла толькі павярхоўнае і аддаленае кіраванне навучальнай справай. Значна большае значэнне меў знакаміты вучоны Фадзей Чацкі, візітатар валынскіх і кіеўскіх вучылішчаў. Буйны вучоны і грамадска-палітычны дзеяч Ф.Чацкі самастойна распараджаўся ў межах свайго візітатарства, яго праграма дзеянняў, яго ўплыў адбіліся на ўсім ходзе навучальнай справы. Ён быў недастаткова дасведчаны ў педагагічнай справе, таму яго выдатным дарадчыкам быў былы рэктар Кракаўскага ўніверсітэта Калантай, які быў пісьменнікам з дэмакратычнымі поглядамі. Вучэбныя планы, праграмы, падбор асоб, увесь дух школ накіроўваўся Чацкім паводле ўказанняў Калантая. Доўнар-Запольскі адзначае, што самыя вядомыя прадстаўнікі польскай нацыянальнасці паводле розуму і моцна развітога нацыянальнага пачуцця сышліся ў адной агульнай справе кіравання школамі ў беларускіх, украінскіх і літоўскіх губернях.У іх руках, адзначае М.В.Доўнар-Запольскі, школа зрабілася зброяй палітыкі. Дзякуючы рэктару Страйноўскаму Віленскі універсітэт набыў шмат но­вых сіл, буйных вучоных, было выдатна пастаўлена навучанне на медыцынскім факультэце. Але гэтымі сіламі былі не палякі, таму палітыку Страйноўскага асуджалі Чацкі, Калантай, Снядзецкі. Супраць навуковага кірунку Страйноўскага і яго калег быў высунуты нацыянальны кірунак. Паланізацыя школы і грамадства рабіла вялікія поспехі. Калантай не мог дараваць Страйноўскаму таго, што паводле статута універсітэта была ўведзена кафедра рускай мовы, ён даказваў, што зусім няма рускай літаратуры як навукі і таму нельга было ўводзіць кафедру. М.В. Доўнар-Запольскі адзначыў ролю Яна Снядзецкага ў развіцці Віленскага ўніверсітэта. Ян Снядэцкі, паляк, перакананы нацыяналіст, буйны вучоны-астраном, палітычныя і нацыянальныя мэты ў навуцы ставіў на першае месца.

Магутным уздымам польскай культуры М.В. Доўнар-Запольскі тлумачыць той факт, што у 1818 г. у Вільні адкрываецца галоўнае друкарскае таварыства для друкавання твораў на польскай мове, з’ яўляецца шэраг часопісаў, навуковых таварыстваў.

М.В. Доўнар-Запольскі таксама разглядае станоўчую ролю тайных таварыств ў развіцці беларускай асветы: таварыства Прамяністых, гурток “Сяброў карысных забаў”,таварыства “Заране”, таварыства філарэтаў, г.зн. аматараў дабрадзейнасці, таварыства шубраўцаў. Таварыства філаматаў М.В. Доўнар-Запольскі разглядае ў якасці навуковай нацыянальнай карпарацыі. Яно мела, з аднаго боку, навуковы характар, з другога — імкнулася “узвысіць дабрабыт айчыны”. Такой жа студэнцкай карпарацыяй было і таварыства Прамяністых. У правілах апошняга таварыства быў шэраг павучанняў, якія заклікалі яго членаў да любві да бацькоўскай зямлі. Любоў ды айчыны павінна была выяўляцца ў тым, каб жадаць дабра сваім суайчыннікам кожнага саслоўя і ўсяму народу, зберагаць карысныя звычаі бацькоў, любіць і вывучаць род­ную мову. Таварыства філарэтаў насіла навуковы характар, мела на мэце статыстычнае вывучэнне краю, падтрымку школ.

М.В. Доўнар-Запольскі паказаў ролю перыядычнага друку ў развіцці асветы. “Газета Літоўская”, а потым “Дзённік Віленскі” быў блізкім да ўніверсітэцкага асяроддзя і змяшчаў на сваіх старонках папулярныя артыкулы мясцовай прафесуры. У 1806 г. з’явілася “Віленская літаратурная газета”, дзе змяшчаліся артыкулы навуковага характару. У “Віленскім штотыднёвіку” праф. Іяхім Лялевель змяшчаў гістарычныя артыкулы. У “Полацкім штомесячніку” таксама змяшчаліся артыкулы гістарычнага характару. У Мінску Міхаіл Брадоўскі, інспектар тутэйшай гімназіі, выдаваў “Мінскую газету”.

М.В. Доўнар-Запольскі прааналізаваў становішча жаночай адукацыі і прааналізаваў цікавыя факты. Граф Пратасаў рэвізаваў Беларускую навучальную акругу і знайшоў у жаночых школах “дух, варожы ўраду і рускай нацыянальнасці” Міністэрства апынулася ў цяжкім становішчы і пачало пісаць цыркуляры пра тое, як пераадолець “народныя прадузятыя думкі”. З канца 30-х гадоў Міністэрства адкрыла шэраг жаночых пансіёнаў (усяго 6) з аказаннем прыватным прадпрымальнікам вельмі малой дапамогі ад казны. У 1837 г. у Беластоку адкрыты інстытут шляхетных дзяўчат. У 40-я гады былі закрыты жаночыя вучылішчы пры манастырах. На месцы зачыненых школ міністэрства амаль не адкрыла новых, за выключэннем Віленскага жаночага пансіёна і аднакласных школ у Віцебску, Мінску і двухкласных у Вільні. М.В. Доўнар-Запольскі адзначае, што жаночая адукацыя сканцэнтравалася ў невялікай колькасці прыватных пансіёнаў, але ўсе яны ўтрымліваліся асобамі польскага паходжання. І таму М.В. Доўнар-Запольскі робіць выснову: у рэшце рэшт меры Уварава разладзілі старую школу, пазбавілі край вышэйшай навучальнай установы, далі краю тыя ж дваранскія школы толькі з рускай мовай, нічога не далі для народнай адукацыі.

М.В. Доўнар-Запольскі зрабіў значны і грунтоўны аналіз гісторыі беларускай асветы і культуры.

Літаратура

  1. Доўнар-Запольскі М.В. Гісторыя Беларусі / М.В.Доўнар-Запольскі. — Мінск “Беларуская Энцыклапедыя” імя Петруся Броўкі, 1994. – 510 с.

Аўтар: А.С. Баранава
Крыніца: Зборнік дакладаў i тэзісаў VI Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Традыцыі і сучасны стан культуры і мастацтваў» (Мінск, Беларусь, 19-20 лістапада 2015 года) /гал. рэд. А. І. Лакотка; Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. — Мінск : Права і эканоміка, 2016. — С. 677-680.