Асобы ў абрадавым фальклоры беларуска-расійскага памежжа

0
922
Асобы ў абрадавым фальклоры беларуска-расійскага памежжа

У народнай культуры захаваліся паслядоўныя і грунтоўныя, са шматлікімі складнікамі, абрадавыя цырымоніі, а ў фальклоры ўтрымліваецца вялікая колькасць адпаведных абрадавых твораў. Пры даследаванні лексікі памежных гаворак яскрава выяўляецца ўзаемаўплыў суседніх блізкароднасных моў. Лакалізацыя Гомельскай вобласці на памежжы беларускіх, рускіх і ўкраінскіх тэрыторый абумовіла міжмоўнае кантактаванне, адлюстраванае ў абрадавым фальклоры Гомельска-Бранскага пагранічча. Абрадавы фальклор Гомельшчыны і Браншчыны выяўляе доўгатэрміновыя і трывалыя сувязі беларускай і рускай моў, абумоўленыя і падмацаваныя наяўным у штодзённым маўленні жыхароў рэгіёна беларуска-рускім білінгвізмам.

Сярод шматлікіх паэтычных абрадавых твораў колькасную перавагу маюць песні, якія традыцыйна выконваліся падчас значных для сямейнага і асабістага жыцця чалавека падзей, а таксама арыентаваліся на падзеі гаспадарчага жыцця чалавека, былі прымеркаваны да сезонных гаспадарчых работ і шчыльна звязаны з кліматычнымі ўмовамі рэгіёна.

Каляндарна-абрадавы фальклор Бранска-Гомельскага пагранічча адрозніваецца жанравай разгалінаванасцю і мае адметнае лексіка-тэматычнае напаўненне. Для многіх абрадавых твораў уласціва выкарыстанне абрадавага слоўніка, у якім значнае месца займаюць найменні асоб.

Ужо некалькі стагоддзяў абрадавы каляндар усходніх славян пачынаецца зімой з калядных святкаванняў. Адрасаванасць калядак на ўхваленне гаспадароў абумовіла ў іх складзе наяўнасць найменняў асоб па сацыяльным стане, роднасці, узросце:

Пане-гаспадару,

Ці спіш, ціляжыш? (в. Роўкавічы, Чачэрскі р-н) [1, с. 23];

Два царэвічы — королевічы (в. Казацкія Балсуны, Веткаўскі р-н) [1, с. 27];

Маладая дзевачка пер’е збірала (в. Роўкавічы, Чачэрскі р-н) [1, с. 29];

Ой, як будзіш ты маладую жонку браць (в. Насовічы, Добрушскі р-н) [1, с. 33].

Назвы асоб успамінаюцца ў песнях іншых каляндарных абрадаў:

— масленічных:

А ў нас сёння масленіца ж, масленіца,

Ды прыляцела ластавіца, ластавіца,

Села ў пана на таку, на таку

А пан кажа: “Засяку, засяку!” (в. Мядзведжае, Чачэрскі р-н) [1, с. 37];

— вяснянках:

Пан па рынку ходзе, паню пабуждае (в. Казацкія Балсуны, Веткаўскі р-н) [1, с. 75];

Я ж буду прасць мычку

Стараму дзеду на рукавічку,

А старэнькай бабульцы

На новую спаднічку (в. Залессе, Чачэрскі р-н) [1, с. 41];

Ой, намуцілі, ох, ямалада прыстоі… У!

Прыстоіла — покуль вадзіца сусті… У!

А сустоіцца — у мачыхі — серце одойдзе… У! (в. Шалухоўка, Веткаўскі р-н) [1, с. 43];

— восеньскіх ярынных:

Былі ў полі дзве дарожкі торных,

Хадзіў казак да дзевачак позна (в. Залессе, Чачэрскі р-н) [3, с. 74];

Як у том чаўночку паранёк сядзіць (Гомельскі павет) [3, с. 79].

Намінацыя асоб у абрадавым фальклоры даволі пашыраная. Песні захоўваюць вялікі пласт абрадавай лексікі, якая называе чалавека з розных бакоў. У гэтай лексіка-тэматычнай групе колькасна выдзяляюцца назвы па роднасці:

Мамачка ж мая, ты, віша… У! (в. Стаўбун, Веткаўскі р-н) [1, с. 46];

Што б была жонка любімка… У! (в. Стаўбун, Веткаўскі р-н) [1, с. 47].

Назвы асоб паводле роднасці і сваяцтва ў абрадавых песнях Гомельска-Бранскага пагранічча маюць фанетычную і словаўтваральную варыянтнасць, абумоўленую спецыфікай мясцовага вымаўлення, асаблівасцямі рыфмоўкі і ўплывамі суседніх гаворак:

Не бяры сабе дочар панскаю (в. Беседзь, Веткаўскі р-н) [1, с. 60];

А бяры сабе доч хазяйскаю (в. Беседзь, Веткаўскі р-н) [1, с. 60];

І жонка молада, клала горада (в. Беседзь, Веткаўскі р-н) [1, с. 58];

Дзе жана плача — там расы німа (в. Беседзь, Веткаўскі р-н) [1, с. 58];

Ой, дзе маць плача — там рака цячэ (в. Стаўбун, Веткаўскі р-н) [1, с. 68];

Маці старая, сястра малая,

Ох і я, люлі, сястра малая (в. Беседзь, Веткаўскі р-н) [1, с. 58];

Матка старанька, сястра маленька, ..

Жана молада, дзеткі дробныя (в. Неглюбка, Веткаўскі р-н) [1, с. 68];

Братка ж перайшоў — сестра ўтонула,

Ох і вой, люлі, сестра ўтону.. У! (в. Шалухоўка, Веткаўскі р-н) [1, с. 62];

А брат пірайшоў, сястраўтнула,..

Ай, не пі, брацяц, ў той рэчкі воды (в. Стаўбун, Веткаўскі р-н) [1, с. 70];

Дзе матка плачэ — там рака цячэ (в. Казацкія Балсуны, Веткаўскі р-н) [1, с. 63].

Часам варыянтнасць абумоўлена стылістычнымі адметнасцямі, і афіксальныя ўтварэнні перадаюць пяшчоту і ласкавасць да родных:

Ой, пусці, мамачка ж, да ў садок гуляць (в. Беседзь, Веткаўскі р-н) [1, с. 78];

А прыду к мамачцы, да матка сварыцца (в. Стаўбун, Веткаўскі р-н) [1, с. 79];

Не ‘ддавай мяне, мая мамачка,

Ох і ой, люлю, мая мама (в. Казацкія Балсуны, Веткаўскі р-н) [1, с. 80];

А ўжо ж твая матуленька даўно кліча (в. Стаўбун, Веткаўскі р-н) [1, с. 87];

Падкідая,

Свайго сыночка навучая… У! (в. Стаўбун, Веткаўскі р-н) [1, с. 47];

Каралёў сын,

Узяў Гануську заручаньку… У! (в. Стаўбун, Веткаўскі р-н) [1, с. 49];

Прыказала:

Не едзь, дачушачка, паперад вой… У! (в. Стаўбун, Веткаўскі р-н) [1, с. 48];

Пусці, татачка, ў зялён сад гуляць (в. Шалухоўка, Веткаўскі р-н) [1, с. 61];

Да й табе ў таткі не векаваці (в. Нелюбка, Веткаўскі р-н) [1, с. 65];

Дзе сястрычанька — там крынічанька (в. Стаўбун, Веткаўскі р-н) [1, с. 68];

Ой, панясу ж татку да на парадачку,..

Ой, парай, татачка, да добру радачку (в. Беседзь, Веткаўскі р-н) [1, с. 78];

Штодзень жа б’е,

Свёкарка-тата, жалеймя… У! (в. Стаўбун, Веткаўскі р-н) [1, с. 47];

Што свёкар каная,

Свякроўка ўмірая (в. Стаўбун, Веткаўскі р-н) [1, с. 76];

Ай і свякрушачка да й знаругаецца,..

Ай, не ўмееш ты да свёкра шанаваць (в. Стаўбун, Веткаўскі р-н) [1, с. 79];

Я ж цябу пускаю — прасісяў дзяверкі,..

Дзевярочак, родны братка, пусці пагуляці (в. Неглюбка, Веткаўскі р-н) [1, с. 84].

Заканамернае ў народных песнях ужыванне абрадавых назваў асоб паводле сямейнага стану:

Ў цябе, мамачка, халастой хаджу,

Ох і я, люлі, халастой хаджу.

Халастой хаджу, нежанаценькі (в. Беседзь, Веткаўскі р-н) [1, с. 58];

Жыла ўдава,

У тыяўдавы дзяцей ні… У! (в. Стаўбун, Веткаўскі р-н) [1, с. 48].

Вылучаюцца таксама найменні асоб па ўзроставых характарыстыках і адносінах адзін да аднаго:

Танок вядзе,

Шчэ й з маладымі малодка… У!

З малодкамі,

А шчэ й змаімі падружка… У! (в. Стаўбун, Веткаўскі р-н) [1, с. 46];

Ты убі, стряла, добра молайца (в. Беседзь, Веткаўскі р-н) [1, с. 58];

Па том молайцу некаму плакаці (в. Неглюбка, Веткаўскі р-н) [1, с. 67];

Па садочку ж бег малойчык, ў гуслі грая (в. Стаўбун, Веткаўскі р-н) [в, с. 87];

Парай, татачка, як з нялюбом жыць (в. Шалухоўка, Веткаўскі р-н) [1, с. 61];

Калі люб табе — да й нелюбенькі,

Калі міл табе да не міленькі (в. Шалухоўка, Веткаўскі р-н) [1, с. 61];

Ох, там нялюбы мой да за сталом сядзіць (в. Казацкія Балсуны) [1, с. 80].

Сярод назваў асоб у абрадавым фальклоры Гомельшчыны маюцца і найменні паводле дзейнасці і нават ступені якаснага яе выканання:

За парабка,

Да й парабачка-гультаёчка…У! (в. Стаўбун, Веткаўскі р-н) [1, с. 46];

Не табе жана і не нам слуга (в. Беседзь, Веткаўскі р-н) [1, с. 60];

Канюхі свішчаць, трох каней ішчаць (с. Стаўбун, Веткаўскі р-н) [1, с. 71];

За таго казачаньку, за маладога (в. Неглюбка, Веткаўскі р-н) [1. с. 5].

Фіксуюцца ў песнях назвы асоб паводле паходжання, якія па словаўтваральных рысах з’яўляюцца імёнамі па бацьку:

Старцоўна плача — страцаваць хоча,..

Папоўна плача — папаваць хоча,..

Царэўна плача — царстваваць хоча (в. Казацкія Балсуны, Веткаўскі р-н) [1, с. 71].

Абрадавы фальклор Гомельска-Бранскага пагранічча характарызуе ўказанне на асоб паводле знешнасці:

Ў доме міленькі, чарнабрывенькі (в. Шалухоўка, Веткаўскі р-н) [1, с. 62];

А мой міленькі, чарнабрывенькай (в. Неглюбка, Веткаўскі р-н) [1, с. 67];

Ой, а ці белага да ці румянага, ..

Ой, ці Ванюшачку ж да кучаравага, .. (в. Беседзь, Веткаўскі р-н) [1, с. 78].

Старажытны ўсходнеславянскі анамастыкон таксама захаваўся ў абрадавых фальклорных творах:

Ой, Іван едзя — царэўну вязе…

Ой, Ляксей едзя — папоўну вязе,..

Ой, Раман едзя — старцоўну вязе (в. Казацкія Балсуны, Веткаўскі р-н) [1, с. 71].

Фактычны матэрыял сведчыць аб пераважным выкарыстанні ў функцыі абрадавых лексем онімаў-дэмінутываў, якія маюць у абрадавых творах стылістычную нагрузку, ствараючы надзвычайную эмацыянальнасць фальклорных элементаў і перадаючы замілаванасць аўтараў і выканаўцаў героямі песні:

Красна Ніначка піравоз дзяржала (в. Казацкія Балсуны, Веткаўскі р-н) [1, с. 27];

На той кладачкі Віцячка стаіць (в. Насовіч, Добрушскі р-н) [1, с. 33];

Вясна, вясна, вясняначка,

Дзе твая дачка Уляначка? (в. Залессе, Чачэрскі) [1, с. 41];

Ці малому

Да йЦімошку маладо… У! (в. Стаўбун, Веткаўскі р-н) [1, с. 46];

Ой, там Сашанька ручнічкі ткала (в. Неглюка, Втекаўсік р-н) [1, с. 66];

Ой, ці Ванюшачку ж да кучаравага, .. (в. Беседзь, Веткаўскі р-н) [1, с. 78];

За таго Ляксеячку, за халастога (в. Неглюбка, Веткаўскі р-н) [1, с. 85];

Там жа гуляў моладзец, малады Пятруська (в. Свабода, Веткаўскі р-н) [1, с. 98].

Сустракаюцца варыянтныя асабовыя памяншальныя ўтварэнні:

Дзяцей німа,

Адна дачушка Гануша… У!

Ганушачка,

І тая з войскам збіра… У!

Збіраецца,

Ганусе мамка прыказва… У! (в. Стаўбун, Веткаўскі р-н) [1, с. 48];

Да стаенкі,

А Ганусячку ў святлічаньку… У! (в. Стаўбун, Веткаўскі р-н) [1, с. 49].

Зрэдку ў абрадавых творах ужываюцца поўныя імёны асобы — імя разам з імем па бацьку:

Ганна Паўлаўнаручнікі ткала (в. Стаўбун, Веткаўскі р-н) [1, с. 69].

Адметна, што абрадавы фальклор прапануе сваё ўспрыманне такіх імён:

Воленька Іванаўнаў варотах стаіць… У!..

Ляксейка Васіллявіч на коні едзе… У! (в. Неглюбка, Веткаўскі р-н) [1, с. 85].

Даследаванне лексікі абрадавых песень беларуска-расійскага памежжа, адзначаных на Гомельшчыне, выяўляе колькасную групу найменняў асоб з дастатковай лексіка-тэматычнай дыферэнцыяцыяй. Сярод асабовых намінацый выдзяляюцца назвы паводле роднасці, прафесіі, узросту, сямейнага стану, знешнасці. Уласцівасцю абрадавых твораў з’яўляюцца памяншальна-ласкальныя формы і спарадычнае выкарыстанне спалучэнняў імён і імён па бацьку. Паколькі творы абрадавага фальклору захаваліся са старажытных часоў, то ўжытыя ў іх асабовыя імёны даюць падставы меркаваць аб адметнасцях антрапанімікону мінулага.

Спіс выкарыстаных крыніц

  1. Беларускі фальклор у сучасных запісах: Традыцыйныя жанры Гомельскай вобласці / уклад. В. А. Захарава і інш.; уклад. муз. часткі У. І. Раговіч. — Мінск: Універсітэцкае, 1989. — 384 с.

Аўтар: К.Л. Хазанава
Крыніца: Скарынаўскія традыцыі: гісторыя і сучаснасць: зборнік навуковых артыкулаў: у 2 ч. Ч. 1 / рэдкал.: А. М. Ермакова (гал. рэд.) [і інш.]; М-ва адукацыі РБ, Гом. дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2015. — 252 с. С. 100-106.