Некалькі дзён таму гамельцы заўважылі, што на вуліцы Пралетарскай адбываюцца будаўнічыя працы на ўнікальным помніку архітэктуры. Некаторымі жыхарамі горада было выказана меркаванне, што на аб’екце замест рэстаўрацыі адбываюцца неабгрунтаваныя працы, якія могуць пашкодзіць будынку. Мы вырашылі больш падрабязна разабрацца ў сітуацыі і выслухаць пазіцыю ўладальніка дома, а таксама меркаванне Андрэя Скідана — навуковага супрацоўніка Веткаўскага музея, спецыяліста па традыцыйнай драўлянай архітэктуры.
Уладальнік: «Пашкоджанне дрэва даходзіць да ста працэнтаў»
Нагадаем, што драўляны дом, які абліцаваны цэглай, выкупіў на аўкцыёне гомельскі прадпрымальнік. Цяпер ён актыўна займаецца тым, што стараецца прывесці дом у добры стан і, скажам, выконвае сваю задачу з вялікай цікавасцю. Таксама прадпрымальнік сам прапанаваў пагаварыць пра будучыню дома, але папрасіў не згадваць свайго імя ў інтэрв’ю.

— Раскажыце, якія ў вас планы, што зараз адбываецца з домам на вул. Пралетарская, 16?
— План адзіны — аднавіць гістарычную значнасць гэтага аб’екта. З усімі элементамі дэкору, аднаўленнем фасада ў тым выглядзе, у якім ён быў створаны першапачаткова, і адпавядаў усім нормам. З аднаўленнем [вырабам новых] ліштваў, каваных рашотак. Будынак вельмі складаны. Вельмі шмат драўляных элементаў, якія знаходзяцца ўнутры дома. Яны з’едзеныя грыбкамі, пашкоджаныя гнілатой. Пашкоджанне дрэва даходзіць да ста працэнтаў. Усё гэта прыходзіцца аднаўляць [нанава]. Да куплі мы не ведалі, які будынак па стане. Будынак некалькі разоў гарэў, і пажары значна пашкодзілі існуючыя перакрыцці будынка.
На сённяшні момант мы атрымалі ўсе неабходныя дакументы і зараз аднаўляем дах, для таго, каб не адбылося далейшага разбурэння помніка. Вельмі ўдзячныя ўсім, хто ўдзельнічае ў гэтым праекце. Удзячныя, што ва ўсіх месцах знаходзім паразуменне: у Міністэрстве культуры, у гарадскіх раённых уладаў. Спадзяемся, што ў нас усё атрымаецца ў самыя кароткія тэрміны і атрымаецца годна. Да ўсеагульнага агляду прадстаўляем карцінку, якая павінна атрымацца па выніках. Яна зацверджана. Думаю, усё будзе прыгожа.

— Вы сказалі, што шмат драўляных элементаў згніла, нешта знішчыў грыбок. Але няўжо нельга захаваць тыя ж ліштвы, якія візуальна ў нядрэнным стане?
— Ліштвы згнілі цалкам і не падлягаюць ніякаму аднаўленню. Яны не толькі згнілі, але трэснулі і разваліліся. Яны будуць адноўлены наноў у такім жа выглядзе.
— А хто будзе аднаўляць ліштвы?
— Мы правялі тэндэр. Шмат кампаній выказалі жаданне паўдзельнічаць: мастацкія майстэрні, вучылішча, якія спецыялізуюцца ў дадзенай сферы прац і іншыя. У іх ёсць усё неабходнае абсталяванне, каб вырабіць гэтыя рэчы. Яны рабілі і аднаўлялі ў многіх месцах нашай краіны гэтыя элементы.
— Арганізацыя ўжо выбрана?
— Яшчэ ня выбрана да канца.
— Можаце расказаць, паміж якімі арганізацыямі адбываецца выбар?
— Не, гэта камерцыйнае пытанне. Я магу адразу сказаць: адныя сказалі 6 тысяч даляраў, а іншыя сказалі 30 мільёнаў. У тых, у каго 6 тысяч даляраў, не ўсё зразумела з дакументамі, таму ёсць пытанні — а ці ўсё нармальна? Адразу скажу, гэта будуць не нашы [арганізацыі], нашы не змаглі б зрабіць.
— А як вы лічыце, калі арганізацыі прапануюць меньшы кошт, ці не азначае гэта, што і якасць будзе горшай?
— Тэма для нашай гутаркі скончана: і з нагоды тэндэру і па пытанні, хто і за колькі гэта зробіць. Гэтае пытанне здымаем і ў яго далей не будзем паглыбляцца. Мы далі заданне людзям, убачылі, што яны могуць зрабіць. Усё будзе выканана ў тым выглядзе ў тых памерах, якія ў нас ёсць у наяўнасці, якія ў нас прадугледжаны ў праектным рашэнні.

— А як збіраецеся эксплуатаваць гэты будынак?
— Я яшчэ не вырашыў. Цяпер незразумелая эканамічная абстаноўка і мы не ведаем, што можа быць далей.
Такім чынам, са словаў уладальніка дома можна зразумець, што драўляная аснова прыйшла ў непрыдатны стан, драўляны дэкор таксама ў незадавальняючым выглядзе. У выніку ўсіх работ, якія праводзяцца на помніку архітэктуры, ад дома застанецца аўтэнтычнай цагляная абліцоўка. Дэкаратыўныя драўляныя элементы будуць заменены на такія ж новыя.
Ліштвы ўпрыгожаныя складанай каронай
Андрэй Скідан: «Дэкор гэтага дома можна рэстаўраваць»
Андрэй Скідан з’яўляецца дастаткова вядомым у Гомелі спецыялістам па традыцыйнай драўлянай архітэктуры. Дзякуючы яго дзейнасці ў музеях можна ўбачыць унікальны драўляны дэкор, які мог быць знішчаны пад каўшом экскаватара. У 2014 г. Андрэй Скідан быў адным з кіраўнікоў работ па разборцы драўлянага дома па Валатоўскай, 17 — тады энтузіясты разабралі будынак, каб яго аднавіць у будучыні на новым месцы.
— Наколькі вы інфармаваны пра стан дома на вул. Пралетарская, 16?
— Добра ведаю гэты будынак. Я быў унутры дома, як супрацоўнік Веткаўскага музея, падчас правядзення там работ. Мякка кажучы, стан будынку не вельмі добры. Я першапачаткова думаў, што ён цагляны капітальны, а аказалася, што ён драўляны, абкладзены цэглай. Тут не трэба быць вялікім спецыялістам, каб зразумець, што зруб парахнее значна хутчэй, чым цэгла. Спарахнелы зруб з’яўляецца самай вялікай праблемай — ён пачаў асядаць, дэфармавацца. Хутчэй за ўсё і канструкцыя даху пачала дэфармавацца, прыйшла ў нягоднасць. Натуральна, што драўляны зруб хутчэй за ўсё таксама нягодны і патрабуе замены цэлых звенняў (вянцоў). Тэарытычна, у гэтай сітуацыі патрабуецца замена ніжніх і падаконных вянцоў. А мы ведаем, што кроўля была пашкоджаная, таму і верхнія вянцы маюць пашкоджанні. Мы сутыкаліся з такой сітуацыяй пры разборы драўлянага дома на Валатаўской, 17, які быў таксама ў кепскім стане. У выніку, значную частку зруба трэба замяняць. Пры гэтым вонкавая цагляная сцяна вельмі тонкая і можа дэфармавацца пры адсутнасці сувязі з бервяным зрубам.

— А што наконт драўлянага дэкору? Ці можна захаваць тыя ж ліштвы?
— Я працую як раз з рэчамі такога кшталту. Калекцыя драўлянага разьбянога дэкора Веткаўскага музея сфармаваная збольшага з дэмантаваных элементаў дэкора будынкаў. І я ведаю, у якім стане яны бываюць. Мне яшчэ не трапляліся аконныя ліштвы, якія немагчыма было захаваць. Быў нават выпадак, калі я сабраў па частках ліштву, па якой праехаў экскаватар. Яна была раструшчаная, але я яе аднавіў, склеіў, і яна зараз экспануецца на выставах. Таму пры жаданні ліштвы можна аднавіць. Рэстаўрацыя — гэта як раз працэс аднаўлення аўтэнтычных элементаў. Не стварэнне новай «рэканструкцыі», а менавіта аднаўленне аўтэнтычнай рэчы. Кансервацыя захаваўшыхся элементаў і рэканструкцыя некаторых страчаных.
Дык вось, я хачу сказаць з поўнай адказнасцю, што дэкор гэтага дома можна рэстаўраваць з рэканструкцыяй страчаных элементаў.
А стварэнне новых ліштваў замест старых — гэта, мякка кажучы, выглядае дзiўным.
Каваныя кранштэйны навеса над уваходам
— Ці можна сёння знайсці арганізацыю, якая б змагла ўзнавіць нанава аконныя ліштвы і іншы драўляны дэкор?
— Зараз майстры могуць паўтарыць лепш, бо ў нас ёсць сучасныя тэхналогіі. Гомель заўсёды славіўся сваёй школай рэзчыкаў. Калі я працаваў на Гомельдрэве сталяром-станочнікам, у мяне была добрая практыка вырабу высакаякаснай мэблі. Са мною работалі высакакласныя спецыялісты. Таму ў Гомелі ёсць добрыя майстры. Гэта нават быў бы цікавы прэцэдэнт — стварэнне поўнага высокакваліфікаванага аналагу драўлянага дэкора, ліштваў. Іншая справа, што гэта вельмі дорага. Калі майстар сапраўдны прафесіянал, то гэта будзе каштаваць зусiм не танна.
— Які кампраміс можа быць знойдзены на дадзеным этапе паміж гаспадаром дома і гомельцамі, якія нязгодныя з тымі дзеяннямі, якія адбываюцца зараз на помніку?
— Можна адрэстаўраваць ліштвы. Можна захаваць драўляныя элементы падзору, разьбяны карніз, разьбяны фрыз. Гэта ўсё можна захаваць, даклеіць адсутныя кавалкі, замяніць згніўшыя часткі, зняць старую фарбу фенам. Раней драўніну падбіралі вельмі якасную, і тое што матэрыялу 100–120 год, робіць яму толькі гонар. А сучасныя прапіткі, фіксацыі робяць дрэва яшчэ больш трывалым.
Альбо рэканструкцыя. Гэта значна ўскладняе задачу гаспадара. Яму трэба знайсці шэраг спецыялістаў, якія здолеюць паўтарыць ліштву ва ўсіх дробязях. Напрыклад, на ліштвах ёсць карнізны пояс, на якім прысутнічае 3–4 розныя профілі. Каб падабраць менавіта такія профілі, трэба замаўляць спецыфічныя фрэзы. А проста зрабіць з таго, што ёсць, нельга. Аканіцы на фасадзе на будаўнічым праекце выглядаюць някепска. Але гэта павінен быць не прыблізны муляж, а поўная копія. Аканіцы павінны раскладвацца і адкрывацца, яны павінны быць функцыянальнымі.
Гэты дом шмат для каго з’яўляецца адным з памятак дэкаратыўнай значнасцi Гомеля, адзнакаю ўмельства мясцовых майстроў, выразным помнiкам нашай непаўторнай гарадской культуры.
Таму, захаваць праявы мастацкай значнасцi мiнулага — значыла б для сённяшнiх майстроў, пацвердзiць сувязь пакаленняў, пераемнасць i мастацкай i вытворчай культуры. Задача не з простых: заўсёды лягчэй новае будаваць, чым аднаўляць старое. Але ў нас i мажлiвасцяў болей.
Дэкаратыўныя дэталі фрыза і карніза
У матэрыяле прыведзены дзве розныя кропкі гледжання на праблему. Спадзяемся, што на дадзеным этапе будзе знойдзены кампраміс паміж уладальнікам дома і гомельцамі, якія заклапочаны будучыняй архітэктурнага помніка. Тым больш, што неабыякавыя жыхары не патрабуюць нічога звышнезвычайнага і звышскладанага — усяго толькі зберагчы ўсё тое, што захавалася да нашых дзён.
Аўтар: Марыя Булавінская