
Брагінскі строй (далей — БС) вылучаецца, паводле М. Раманюка, разнастайнымі формамі паяснога адзення, багаццем раслінных арнаментаў, а таксама адметнымі шыйнымі ўпрыгожаннямі з бісеру. Умоўна можна разглядаць 2 разнавіднасці гэтага комплексу: архаічны, колішні, даўнейшы строй і больш позні яго варыянт, які сфармаваўся ў 20-30-х гг. ХХ ст. і быў абумоўлены з’яўленнем крамных тканін.
Архаічны БС уключае ў сябе палатняную паліковую сарочку з характэрнымі вышытымі 8-канцовымі зоркамі на рукавах, вышытым падалом, які адкрываўся спераду з-пад чырвонага, тканага ў палоску, андарака, што насілі кубарам, падтыкаючы падол на жываце, а таксама фартушок, тканы пояс і шыйныя ўпрыгожанні. У канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. сюды далучаецца і безрукавае адзенне, якое ўжо шырока бытавала на тэрыторыі Беларусі і было «важнай часткай святочнага комплексу адзення, асабліва дзявочага касцюма і ўбрання маладых жанчын» [2, с. 7]. Традыцыйна замужнія жанчыны ў гэты час яшчэ насілі чапцы і наміткі, якія пазней замянілі на хусткі.


Больш позняя разнавіднасць БС характэрызуецца рэвалюцыйнымі зменамі ў арнаментыцы сарочак, фартухоў і выкарыстаннем крамных тканін. На змену старажытным геаметрычным арнаментам прыходзіць раслінны, што было звязана з шырокім бытаваннем так званых бракараўскіх узораў, якія з’явіліся дзякуючы прадукцыі парфумернай кампаніі «Брокар и Ко». На сарочках і фартухах усё часцей вышывалі курчавыя кветкавыя матывы і гронкі вінаграда.
Папулярнай на Брагіншчыне, як і ў суседніх Церахоўскім раёне Гомельскай вобласці, а таксама ў памежных Чарнобыльскім раёне Кіеўскай вобласці і Гарадніцкім і Чарнігаўскі раёнах Чарнігаўскай вобласці [2, с. 23] становіцца спадніца з нагруднікам, злучаныя шырокім поясам, якія шылі з крамных баваўняных і віскозных тканін (сацін, штапель) і насілі з паркалёвымі сарочкамі [2, с. 23]. М. Віннікава дае падрабязнае апісанне крою гэтай адзежы: «Спадніца з нагруднікам вылучалася даволі складаным кроем і тэхналагічнымі асаблівасцямі пашыву. Пярэдняя частка станіка рабілася на гэстцы, мела невялікі прамавугольны выраз і зашпільвалася пасярэдзіне на гузікі. Пазушны разрэз афармляўся планкай, шырыня якой адпавядала шырыні пояса. Нагрудная частка станіка збіралася фестончатай зборкай і нашывалася паверх гэсткі. Спінка станіка мела рэльефныя швы, якія імітавалі больш складаны крой. Адметным аздабленнем нагрудніка былі дробныя трохвугольныя зубчыкі з рознакаляровай тканіны, ушытыя па перыметры гарлавіны, і вузкія канты па краях пояса і пазушнай планкі. Спадніца па таліі (ззаду і з бакоў) збіралася ў дробныя складкі, на падол нашываліся каляровыя стужкі. У 1950-х гг. дзяўчаты і маладыя жанчыны насілі такую адзежыну з паркалёвымі блузкамі, што ўпрыгожваліся кампазіцыямі з паліхромных раслінных матываў, вышытых крыжыкам або гладдзю. Пры гэтым пад спадніцу з нагруднікам надзявалі ніжнюю, больш доўгую палатняную спадніцу, падол якой быў аздоблены вышыўкай і карункамі. Спераду, згодна з даўняй традыцыяй, прыпіналі паркалёвы фартушок з вышыўкай» [2, с. 23].


Адметнай рысай БС з’яўляецца бісернае шыйнае ўпрыгожанне, якое мае назвы «кружка», «лавачка», «лучка». В. Пярмінава піша: «Кружкі ўяўлялі сабой арнаментальную стужку, плеценую з рознакаляровага бісеру, шырынёй каля 3 см, нашытую на такой жа шырыні тонкую тканіну. Для надання круглай формы вырабу ў тканіну ўшывалі палоску бяросты і тоўстай тканіны, магчыма, лямцу. Разнастайнымі былі варыянты арнаменту на кружках — у асноўным ромбавідныя і крыжападобныя элементы, аналагічныя арнаменту тканых і вышываных вырабаў. Бісерныя ўпрыгожанні часта былі шматколерныя, у іх гарманічна спалучаліся чырвоны, сіні, зялёны, жоўты, белы, чорны колеры; сустракаліся і чорна-белыя з рамбічным узорам» [3, с. 7].

Каштоўнымі ў гэтым рэчышчы бачацца дзённікавыя запісы М. Раманюка, зробленыя падчас этнаграфічных экспедыцый у Брагінскі і Хойніцкі раёны (1969, 1971, 1973 гг.), дзе аўтар фіксуе не толькі рэгіянальныя назвы бісерных упрыгожанняў, спосабы іх пляцення, але і апісвае іншыя жаночыя аздабленні: «У вёсцы Грушнае (Брагінскі раён) — «пляцёнка» («пляцёначка») — шыйнае ўпрыгажэнне са штучнага бісера, які нанізвалі на нітку і нашывалі на латку або кару (луб). Таксама людзі назвалі «маніста», «каралі», «занізкі».
«Занізкі» насілі таксама і ў вёсцы Спярыжжа (Брагінскі раён). У адрозненне ад караляў яны вырабляліся з пацер дробнага памеру, звязаных адразу ў тры-чатыры нізкі. Акрамя «занізак» насілі «каралі», медныя і срэбраныя персні, завушніцы куплёныя. «Болей караляў у гаюноў1, мы бліжэй да мястэчка, да Брагіна, то меней чаплялі», — гавораць спярыжцы» [4, с. 27].


«У вёсцы Камарын (Брагінскі раён) занатаваны «лучка», «лавачка». «Лучка» — шыйнае ўпрыгожванне ў выглядзе ашыйніка-абручыка. Назва яго розная, у в. Калыбань — лучка, а ў г. Камарын — «лавачка», «намісто». Спачатку бісер нанізвалі на 10 нітачак і пляцецца, а пасля нашывалі на бяросту ці раменьчык шырынёй тры сантыметра. Носіцца разам з маністай» [4, с. 27].
«”Лавачка”, як выплецены з бісера пасак, нашыты на чорную аксамітную стужку, таксама зафіксавана ў вёсцы Гдзень (Брагінскі раён). Гэта ўпрыгажэнне тут сустракаецца ў наступным варыянце — «кружкі», з рознакаляровага бісеру, які нашывалі на бяросту ці цвёрдую паперу. У дзённіку пазначана: «кружкі» называлі ў Чыкалавічах, а на Украіне «пляцёнка» або «лучкі».


Прыведзеная інфармацыя дазваляе казаць аб існаванні разнастайных варыянтаў аднаго і таго ж віда ўпрыгажэння, зафіксаванага пад адрознымі назвамі ў многіх рэгіёнах Брагінскага раёна. Знешне даволі падобныя вырабы адрозніваюцца паміж сабой спосабам выканання і спалучэннем колераў, арнаментам» [4, c. 34].
М. Раманюк абагульняе сабраную інфармацыю і вылучае наступныя тэхналагічныя прыёмы вырабу бісерных упрыгожанняў:
«1. Бісер нанізвалі на нітку, а затым нашывалі на латку або кару (луб); (пляцёнка).
- Бісер нанізвалі на пэўную колькасць нітачак (10), спачатку іх спляталі паміж сабой, а пасля ўжо нашывалі на бяросту ці раменьчык шырынёй тры сантыметра; (лучка).
- Выплецены з бісера пасак нашывалі на менавіта чорную аксамітную стужку; (лавачка).
- Рознакаляровы бісер нашывалі на бяросту або цвёрдую паперу (кружкі)» [4, c. 34].
У распаўсюджанні кружак на Брагіншчыне бачыцца ўплыў суседніх украінскіх традыцый. Падобныя бісерныя ўпрыгожанні сустракаюцца на Падоллі і Валыншчыне — «силянкі», «плетінкі», «пупчики», «драбинки», «галочки», «очки», у Галічыне — «ґердани», «ґерди», якія часам мелі выгляд шырокага каўняра, што закрываў грудзі. Падобныя вырабы былі папулярныя і ў румынскай частцы Букавіны пад назвай «маржэле» (margele).
Як бачым, Брагінскі строй, нягледзячы на ўплывы памежных украінскіх земляў, захаваў сваю адметнасць і непаўторнасць сярод іншых комплексаў усходнепалескага рэгіёну і з’яўляецца адной з найважнейшых каштоўнасцяў матэрыяльнай культурнай спадчыны Брагіншчыны. Бісерныя ўпрыгожанні, як візітоўка гэтага краю, сёння могуць быць такімі ж папулярнымі, як і сучасныя жаночыя прыкрасы, а для майстроў-рамеснікаў — гэта яшчэ і адна з крыніц натхнення на стварэнне рэчаў з нацыянальным каларытам.
Крыніцы і літаратура:
- Раманюк М. Беларускае народнае адзенне. — Мн., Беларусь, 1981.
- Віннікава М.М. Гарсэт, кабат, шнуроўка: безрукаўка ў беларускім народным адзенні: практычны дапаможнік. — Мн., Медысонт, 2010.
- Пярмінава В.У Бісерапляценне ў беларускай традыцыі. — Мн., Медысонт, 2015.
[1] Гаюнамі анзывалі жыхароў поўдня Брагінскага раёна, што жылі па гаях [4, с. 15].
Аўтар: Ю. Літвінава
Крыніца: Днепровский паром. 2017 г. Материалы научно-исследовательского полевого семинара «Культурно-исторический потенциал Восточного Полесья и перспективы развития регионального туризма» (11-12 августа 2016 г., г. Брагин). Ст. 21-28.