Неад’емнай асаблівасцю Палесся ў мінулым былі дрымучыя лясы, пушчы, непраходныя балоты, азёры, таму ў анамастыконе Лельчыцкага раёна значную частку тапонімаў складаюць найменні тыпу Баравое, Забалацце, Заброддзе, Лазнішчы і інш. Напрыклад, на тэрыторыі Беларусі налічваецца 23 вёскі з назвай Забалацце, з іх 13 знаходзіцца на Гомельшчыне (Ельскі, Кармянскі, Лельчыцкі і інш. раёны) [1, с. 209]. Лясы складаюць 68 % тэрыторыі раёна, таму прыкладна 18 % айконімаў утворана ад апелятываў — назваў лясных масіваў, зараснікаў, парод дрэў і раслін: Альховая, Баравое, Букча, Вязавая, Дуброва і інш. Пад сельска — гаспадарчымі ўгоддзямі занята 15, 2 %. Найбольшыя рэкі Убарць, Каросцінка, Свінавод. У раёне 46 балот: Вялікае, Мохавае, Тапілаўскае, Шырокае, Яловец і інш. Найвышэйшая кропка знаходзіцца ва ўрочышчы Заграддзе, на паўднёвым усходзе ад Глушкавічаў. Карысныя выкапні: торф, абліцовачны камень, гліна, суглінкі [2, с. 421].
Лельчыцкі раён як частка Палесся, а ў мінулым Убарцкая, Буйнавіцкая і Мілашавіцкая воласці, размешчаны на паўднёвым захадзе сучаснай Гомельскай вобласці. Упершыню ў пісьмовых крыніцах яны ўпамінаюцца ў 1569 годзе. З таго часу Лельчыцы і іншыя айконімы вядомы як паселішчы Мазырскага павета Мінскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Некаторыя лінгвістычныя звесткі пра айканімію гэтага рэгіёна можна знайсці ў працах такіх вучоных, як Г. Іванова, А. Рогалеў, Т. Хадкевіч, В. Шур. Асобную дадатковую, нярэдка зусім новую інфармацыю пра анамастыкон Лельчыцкага раёна можна выявіць у кнігах “Памяць. Лельчыцкіраён”, “Хроніка Убарцкага Палесся”, а таксама ў манаграфіях і падручніках В. Шура: “Беларускія ўласныя імёны: беларуская антрапаніміка і тапаніміка”, “Уласнае імя ў сацыуме і мастацкім тэксце”, “Онім у мастацкім тэксце” і інш. у нарматыўным даведніку “Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь ” пад рэдакцыяй В. Лемцюговай, у энцыклапедычным выданні “Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя, Т 2, кн. 2. Гомельская вобласць”, у анамастычных слоўніках Н. Багамольнікавай “Айканімія Гомельшчыны”, Я. Рапановіча “Слоўнік назваў населеных пунктаў Гомельскай вабласці”, В. Жучкевіча “Краткий топонимичный словарь Белоруссии”, У Юрэвіча “Слова жывое, роднае, гаваркое”. У працах мясцовых краязнаўцаў Т. Буцькавец, Т Варакса і інш.
У наш час у Лельчыцкім раёне 74 паселішчы, сярод іх пераважаюць вёскі, а раней частымі былі хутары (Адрынка, Брадкі, Граца — 169), выселкі (Бліжні Млынок, Гваздзец, Ляшчаны — 13), фальваркі (Баравы, Веслінае, Карма — 10), засценкі (Горнавішча, Курганы, Лехполе – 8), маёнткі (Бярозы, Калкі — 4), сядзібы (Бабан,
Шушэраў — 3), якія да нашага часу зніклі або аб’яднаны ў тыповыя для рэгіёна іншыя паселішчы. Як сведчаць матэрыялы “Хронікі Убарцкага Палесся”, у выніку самых розных абставін — войнаў, калектывізацыі, хутарызацыі, урбанізацыі — на сённяшні час знікла, вышла з абыходу 315 паселішчаў і іх назваў.
Намі выяўлена, што значную частку айконімаў складаюць назвы–апелятывы мясцовага рэльефу: Грабяні, Забалацце, Заброддзе, Замошша, Заполле, Запясочнае, Прыбалавічы, Рубеж, Сін-Поле, Тонеж і іншыя (прыкладна 18%). Паводле граматычнай і родавай прыналежнасці айконімы дадзенай групы часцей за ўсё з’яўляюцца назоўнікамі множнага ліку (Глушкавічы, Грабяні, Картынічы, Прыбалавічы — 5), меней — ніякага роду (Забалацце, Заброддзе, Замошша,Заполле -4), мужчынскага (Рубеж, Тонеж — 2) і жаночага роду (Заберажніца –1).
Назвы-айконімы Лельчыцкага рэгіёна намі аб’яднаны ў наступныя семантычныя групы:
а) айконімы, утвораныя ад апелятываў, што ўказваюць на месца размяшчэння паселішча ў адносінах да якога-небудзь іншага аб’екта: Забалацце, Заброддзе, Загацце, Залессе, Замошша, Заполле, Запясочнае, Зарожжа і інш. Такіх назваў 23.
б) айконімы, утвораныя ад апелятываў, што адлюстроўваюць асаблівасці рэльефу: Горка, Грабяні, Курганы, Тонеж, Ямікі, Ямнікі, Ямы. Такіх назваў 7.
в) айконімы, утвораныя ад апелятываў, што называюць асаблівасці глебы: Гліннае, На Гліне, Пенькаватае, Пясочнае. Такіх назваў 4.
г) айконімы, утвораныя ад апелятываў, што адлюстроўваюць формы зямельных надзелаў: Даўгаўское, Круглае, Шырокае. Такіх назваў 3.
Спосаб утварэння такіх адзінак наступны:
а) прадуктыўнасць выяўляюць адзінкі, прадстаўленыя прэфіксам за- . Па мадэлі прэфікс за- + аснова апелятыва + канчатак: За-балацц-е, За-броддз-е, За-гацц-е, За-зеленн-е, За-полл-е, За-пясочн-ае, За-рожж-а, За-сунн-е, За-сучч-а і інш. Усяго 16 адзінак (4 %).
б) найбольш прадуктыўны ва ўтварэнні тапафармант: -ічы — Глушкав -ічы,
Картын -ічы, Сіман — ічы і інш. Усяго 8 адзінак ( 11 %).
Такім чынам, аналіз паказаў, што 16 айконімаў утворана прэфіксальным спосабам па мадэлі: прэфікс за- + аснова апелятыва + канчатак, што складае 4 % ад ўсёй айканімічнай сістэмы раёна; 8 тапонімаў утворана суфіксальным спосабам (тапафармант -ічы), што складае 11 % усёй сучаснай айканімічный сістэмы Лельчыцкага рэгіёна. Фармант на -ічы, -ычы адзін з самых старажытных фармантаў ва ўсёй славянскай анамастыцы. Тапонімы з гэтым суфіксам прынята лічыць патранімічнымі, гэта значыць тымі, якімі абазначалі патомкаў па імені іх продкаў, што жылі ў гэтых паселішчах або былі ўладальнікамі пасяленняў: Данілевічы (Даніл), Мілашэвічы (Мілаш), Сіманічы (Сымон).
У савецкі перыяд у сістэме айконімаў адбыліся значныя змены. Толькі ў 1964 годзе на тэрыторыі Беларусі было перайменавана больш за 300 назваў, тыповых для беларускага ландшафту: п. Вугал ^ Зялёны Востраў (Гомельскі раён), в. Качай-Балота ^ Рассвет (Акцябрскі раён), п. Клін ^ Пуцяводная Зорка (Гомельскі раён). [3, с. 121] У нашым рэгіёне былі заменены наступныя адзінкі: Асмаленік ^Ударнае (да 30 ліпеня 1964 года), Злодзін ^ Чырвонабярэжжа (да 1964 года), Засунне ^Першамайск (да 1961 года), Каросцін ^ Новае Палессе (да 30 ліпеня 1964 года), Стары Фальварак ^ Пабеднае (да 30 ліпеня 1964 года), Берасцяны Завод ^ Чапаеўск (да 21 студзеня 1969 года), Радзілавічы (Радзівілавічы) ^ Дзяржынск (4 лютага 1931 года), Магільнае ^ Мірнае (да 30 ліпеня 1964 года), Гарнавішча ^ Маркоўскае (да 1940 года) [4, с. 230]. Усяго 9 адзінак, што складае 7 % ад усіх тапонімаў.
Некаторыя паселішчы маюць адну або некалькі варыянтаў назваў. Напрыклад, Глушкавічы — Глушкевічы — Глушковічы, Картынічы — Каротычы — Карценічы — Корцянічы — Корціневічы, Прыбалавічы — Прыбыловічы, Тонеж — Тонежы — Танеж. Даследчыкі тапанімісты заўсёды цікавіліся этымалогіяй назваў геаграфічных аб’ектаў, аднак існуе вялікая колькасць мясцовых назваў, у якіх захоўваецца наша памяць, наша гісторыя. Гэтыя назвы забываюцца, змяняюць свае марфалагічныя і фанетычныя характарыстыкі, а гэта значыць, што вялікі каштоўны пласт культуры знікае.
Некаторыя айконімы нашага раёна вельмі спецыфічныя. Так, Грабяні (Грэбені, Шляхт 1850 г. ) толькі мн. лік, Р -нёў, -нямі, -нях, вёска (у народзе часцей сяло), вядома з 1881 года, спачатку як хутар у Мазырскім павете Мінскай губерні, а потым засценак Шляхт пры пасялковай дарозе.
Узнікненне гэтага паселішча наступнае: прыкладна 160 гадоў таму прыехалі сюды тры вялікія сям’і з-пад Мінска з прозвішчам Івашкевіч, Некрашевіч і Казлоўскі. Згодна з актавай паперай ад 1 ліпеня 1842 года памешчык Міхаіл Добрынскі паводле закладнога права на 9 гадоў пасяліў ва ўрочышчы Стары Фальварак маёнтка Стадолічы іх для земляробства з правам пчалярства і палявання. Яны пасяліліся на асобных хутарах. Каля дарогі па загаду пана была пабудавана карчма, якая належала яўрэю Лібману. Была яна патрэбна для таго, каб рабіць прыпынак, праязджаючы са свайго маёнтка ў Славечна. Пазней пан загадаў сем’ям, якія жылі на хутарах, перасяліцца ў адно месца: паселішча атрымала назву Грэбень, ад мікратапоніма грэбень са значэннем — “невялікае прадаўгаватае ўзвышша, грыўка”, што пацвярджаецца мясцовым ландшафтам. В. Жучкевіч адзначае, што ад апелятыва грэбень утвораны наступныя назвы: Грэбень (Жыткавіцкі, Пухавіцкі раёны), Грабянец (Чэрвенскі раён), Грабянёва (Магілеўскі, Аршанскага і інш. раёны), Грабёнка (Чэрвенскі раён). [5, с. 84] Хутар Шляхт узнік ад таго, што знаходзіўся на шляху пры дарозе на Украіну. Ёсць яшчэ меркаванне, што гэты тапонім роднасны назве шляхта — сацыяльная група насельніцтва. На нашу думку, гэта больш верагодна, бо жыхары вёскі называлі сябе дваранамі і ганарліва ставіліся да суседзяў [6, c. 133].
Зараз гэта вёска ў Стадоліцкім сельскім савеце, размешчана за 21 км на паўднёвы ўсход ад раённага цэнтра і за 60 км ад чыгуначнай станцыі Ельск. Насельніцтва складае каля 205 жыхароў (паводле звестак сельсавета на 2017 год). У яе наваколлі выяўлены археалагічныя помнікі. На заходняй ускраіне, насупраць вясковых могілак ва ўрочышчы Струбачы знаходзілася 7 курганоў [7, с. 45]. У час Вялікай Айчыннай вайны нямецка-фашысцкія захопнікі спалілі ўсю вёску. У цэнтры яе знаходзіцца помнік на ўшанаванне памяці 143 жыхароў. Найбольш распаўсюджанымі прозвішчамі з’яўляюцца Івашкевіч, Некрашевіч. [7, с. 364]. Жыхароў называюць грабянюкамі, мужчыну — грабянюк, жанчыну — грабянючка [1, с. 210 ].
Такім чынам, аналіз паказаў, што найбольшая колькасць айконімаў утворана ад апелятываў–назваў мясцовага рэльефу, прыкладна 18 %. Тапонімы гэтай групы часцей назоўнікі множнага ліку. Паводле лексічнага складу ўтваральных асноў айконімы раёна дзеляцца на некалькі семантычных груп: а) айконімы, утвораныя ад апелятываў, што адлюстроўваюць месца размяшчэння паселішча ў адносінах да якога–небудзь іншага аб’екта; б) айконімы, утвораныя ад апелятываў, што адлюстроўваюць асаблівасці рэльефу; в) айконімы, утвораныя ад апелятываў, што адлюстроўваюць характар глебы; г) айконімы, утвораныя ад апелятываў, што адлюстроўваюць формы зямельных надзелаў. Найбольшая частка камонімаў (каля 11 %) утворана суфіксальным спосабам пры дапамозе тапафарманта -ічы: Буйнавічы, Глушкавічы, Данілевічы, Картынічы, Мілашэвічы, Сіманічы, Прыбалавічы, Стадолічы, 4 % складае прэфіксальны спосаб па мадэлі (прэфікс за- + аснова апелятыва + канчатак): Заброддзе, Замошша, Заполле і іншыя. Значны пласт айканіміі складаюць камонімы, якія знікаюць у выніку самых розных сацыяльных працэсаў (7 %), напрыклад, Асмаленік, Злодзін, Засунне, Каросцін, Стары Фальварак, Берасцяны Завод, Радзілавічы (Радзівілавічы).
Спіс выкарыстанай літаратуры і крыніц
- Багамольнікава, Н. А. Айканімія Гомельшчыны: Слоўнік\ Н. А. Багамольнікова, А. А. Станкевіч, Навук. рэд. В. П. Лемцюгова. — Гомель: УА “ГДУ імя Ф. Скарыны”, 2003. — 392 с.
- Беларусь: Энцыкл. даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэд. калегія: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драю, А. М. Хількевіч. Мн.: БелЭн, 1995. — 800 с.: іл.
- Нацыянальная мова і нацыянальная культура: аспекты ўзаемадзеяння: навуковы зборнік да 60-годдзя П. А. Міхайлава \ рэд.кал.: А. В. Барысевіч, Д В. Дзятю, Н. П. Лобань [і інш.]: адк. рэд. Д В. Дзятко. — Мінск: Права і эканоміка, 2010. — 298 с.
- Памяць: Гіст.-дакум.хрошка Лельчыцкага раёна. -Мінск: “Паліграфафармленне”, 2002. — 606 с.: іл
- Хроніка Убарцкага Палесся / Аўтар-уклад А. І. Атнагулаў; Навук. рэд. В. Л. Насевіч.-Мн.:Тэхналогія, 2001. — 496 с.: іл.
- Жучкевич, В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии / В. А. Жучкевич. -Минск: Изд. БГУ, 1974. — 448 с.
- Шур, В. В. Уласнае імя ў соцыуме і мастацкім тэксце: манаграфія \ В. В. Шур. — Мінск: Інстытут радыялогіі, 2015. — 300 с.
Аўтар: І.А. Чарэйская
Крыніца: Духоўная спадчына Усходняга Палесся: зборнік навуковых артыкулаў / рэдкал.: А. М. Воінава (гал. рэд.) [і інш.]; М-ва адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2018. – С. 39-42.