Асаблівасці намінацыі сядзібнага комплексу на тэрыторыі беларуска-расійскага памежжа

0
284
Асаблівасці намінацыі сядзібнага комплексу на тэрыторыі беларуска-расійскага памежжа

Кожны народ за часы свайго існавання накапіў каштоўную спадчыну. Усходнія славяне ў гэтых адносінах не выключэнне. Разам з багатым па колькасці і разнастайным у жанрава-стылявых адносінах фальклорам, разам з велізарнай скарбонкай сямейна-абрадавай і каляндарна-абрадавай лексікі састаўной часткай духоўнай і матэрыяльнай культуры ўсходніх славян з’яўляецца архітэктура і будаўніцтва.

Самабытнасць і непаўторнасць Гомельшчыны як часткі Усходняга Палесся і беларуска-расійскага памежжа заслугоўвае асобнай даследчыцкай увагі. Для мовазнаўства каштоўным і неабходным з’яўляецца даследаванне лексікі, звязанай з будаўніцтвам і дойлідствам рэгіёна.

Тэрытарыяльнай часткай беларуска-рускага памежжа Гомельшчыны з’яўляецца Добрушскі раён. Лексіка будаўніцтва, якая не толькі захавалася, але і актыўна функцыянуе (аб чым сведчаць матэрыялы этнаграфічных і дыялекталагічных экспедыцый выкладчыкаў і студэнтаў філалагічнага факультэта УА “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны”), дазваляе прасачыць змяненні некаторых архітэктурных прыхільнасцей жыхароў беларуска-расійскага памежжа, абумоўленыя рознымі аб’ектыўнымі сацыяльна-культурнымі фактарамі.

Традыцыйнае жыллё ўсходніх славян уяўляе сабой сядзібны комплекс жылых і гаспадарчых пабудоў: хата, клеці, адрына, гумно, лазня, хлеў [1]. Часам гэты комплекс пашыраўся за кошт асобнага склепа, або пограба, капцільні, сушні [1].

Сучасны фактычны матэрыял сведчыць аб некаторым скарачэнні колькасці сядзібных пабудоў і, адпаведна, аб скарачэнні лексікі, што іх называе.

Так, на тэрыторыі Добрушскага раёна працягваюць актыўнае функцыянаванне лексемы хата і дом. Прычым першае з указаных слоў часта ўспрымаецца гаворачым як беларускае, а ў штодзённым жыцці выкарыстоўваецца слова дом. Гэта найменне ўжываецца не толькі ў адносінах да самой хаты, але і да ўсяго сядзібнага комплексу: дом ‘уся гаспадарка сям’і’. Лексема хата ў спалучэнні з адпаведным парадкавым лічэбнікам ужываецца для наймення пакояў: Там, дзе печ стаіць, эта трэцяя хата. Я так называю (в. Грушаўка)5.

Звычайна для адасобленай сялянскай гаспадаркі ў беларускай і рускай мовах ужываецца лексема хутар. Адзначаецца найменне з падобнай семантыкай і ў Добрушскім раёне:

хутар ‘аддаленае месца, дзе жылі людзі’: На хутары жылі больш кулакі, ну тыя, хто многа што дзелалі (в. Вуць).

Для ўсёй сядзібы зрэдку ўжываецца назва імушчэство ‘маёмасць’, якая з’яўляецца бясспрэчным вынікам рускага моўнага ўплыву на рэгіён: Імушчэства ў нас було бальшое (в. Вуць).

Наступная рыса традыцыйнага жылля — агароджа. У Добрушскім раёне для наймення агароджы пашырана слова забор ‘агароджа вакол якогасьці месца’: О, забор у нас так і быў (в. Вуць).

Кожная абавязкова мае дах. Успомнім, што для беларускай літаратурнай мовы, а таксама для многіх беларускіх гаворак уласцівымі для наймення самай верхняй часткі хаты з’яўляюцца словы страха і дах. У гаворцы жыхароў Добрушскага раёна такія лексемы амаль не сустракаюцца. Часцей ужываецца слова рускай мовы крыша: На крышу, верх хаты, клалі салому, а зараз шыфер (в. Церахоўка); Крыша — эта над хатай. Сама высока находз ’іцца. (в. Івакі). Уплыў рускай мовы назіраецца і ў частым выкарыстанні для назвы столі слова паталок: Паталок белілі. Мелам белілі (в. Івакі).

Жыллё як уласна месца пражывання чалавека спрадвеку ў сядзібным комплексе мела пэўныя стасункі з падсобнымі гаспадарчымі памяшканнямі. Звычайна кажуць пра пашыранасць так званага двухкамернага жылля, якое ўключала хату і сенцы [1]. У сенцах таксама магла аддзяляцца невялікая камора (каморка) ці кладоўка. Гэты старажытны тып планіроўкі паступова пад уздзеяннем новых архітэктурных і сучасных дызайнерскіх уплываў змяняецца. Аднак старажытныя найменні захоўваюцца: лексема сенцы на тэрыторыі Добрушскага раёна зараз ужываецца ў некалькіх, даволі блізкіх значэннях:

‘частка хаты’: Эта я сенцамі называю (г. Добруш);

‘пярэдняя частка хаты’: Хата пачінаецца — то сенцы (г. Добруш);

‘першы пакой у хаце’: Як у хату заходзіш — адразу сенцы (в. Ларышчава); Як уваходзіш з вуліцы адразу былі сенцы, бо і сена ляжала, і каровы жылі, і свінні. А патом дальшэ у хату заходзілі (в. Церахоўка).

Хата не заўсёды распачыналася з сенцаў. Каля ўваходу ў сенцы часам ладзілася паўадкрытая галерэя, якая называлася падсені, падчэні, ганак [1]. Захоўваюцца звесткі пра такія пабудовы і на беларуска-расійскім памежжы:

ганкі ‘прыбудова перад уваходнымі дзвярамі’: Гаварылі ганкі. А вон на ганках гэта ступенкі (в. Івакі).

А іншы раз першы пры ўваходзе ў хату пакой называецца калідор або карыдор: У калідор уходзіш, а патом ужо у хату (в. Івакі); Як у хату уходзіць дак сразу карыдор (в. Грушаўка). Слова мае і варыянт з суфіксам суб’ектыўнай ацэнкі: У карыдорчыке у меня галошы стаят, а зімой там совсем холадна (г. Добруш).

Першы пакой у хаце мае найменні-субстантывы піредня і прыхожая ‘памяшканне, якое знаходзіцца адразу пры уваходзе ў хату, дзе знаходзіцца абутак і верхняе адзенне’: Первую комнату называлі піредня (в. Івакі); Як у хату заходзіш первая комната, называлася прыхожая (в. Івакі); Тут прыхожая (в. Церахоўка).

Прыклады сведчаць аб тым, што сенцы маглі выкарыстоўвацца як гаспадарчае падсобнае памяшканне. Разам з тым на Беларусі вядома трохкамерны тып жылля, у які, акрамя хаты і сенцаў, уваходзіла яшчэ клець ‘памяшканне для захоўвання збожжа, прадуктаў, бытавых рэчаў, адзення’. Лексема мела сінанімічныя: камора, кладоўка, спіжарня, свіран. Пры гэтым памяшканне з такім функцыямі магло знаходзіцца разам з жыллем (быць часткай хаты), а часам было асобнай пабудовай. З такой семантыкай у беларускіх гаворках ужываюцца словы свіран, паўклець, клець, імбар, шпіхлер, лямус [1].

Даследаваны фактычны матэрыял, адзначаны на тэрыторыі Добрушскага раёна, указвае, што памянёныя найменні або не існавалі тут, або з часам былі страчаны. З пералічаных лексем для абазначэння дапаможных гаспадарчых памяшканняў унутры хаты сустракаецца толькі кладоўка (і памяншальнае кладовачка) ‘невялікі пакойчык у хаце для захавання гаспадарчых прылад’: Кладоўка ёсць, там банкі усякія (г. Добруш); Ну чулан — кладовачка, калі ў хату сразу заходзіш (в. Івакі). Блізкім па семантыцы з’яўляецца назва чулан ‘невялікае памяшканне, якое знаходзіцца ў першым пакоі хаты’: У чулан усё лажылі (г. Добруш).

Звычайна лексемай чулан абазначаецца частка дома, цёмнае памяшканне без вокнаў, дзе клалі прадукты і загатоўкі на зіму: Чулан — гэта месца ў вуглу хаты (г. Добруш). Зрэдку такім чынам называецца асобная ад хаты гаспадарчая пабудова для захавання прадуктаў: Там, у чулане усё лежыць (в. Церахоўка).

Салому і сена жыхары Добрушскага раёна захоўваюць у скірдоўках:

скірдоўка ‘месца, дзе захоўвалася салома або сена’: Салому злажвалі ў скірдоўку, было інцересна, весялей (в. Вуць). Такое самае найменне мае і час загатоўкі саломы і сена: Скірдоўка прышла — салому злажвалі (в. Вялікі хутар).

А самай пашыранай назвай асобных гаспадарчых пабудоў у сядзібным комплексе з’яўляецца сарай, хаця асноўная семантыка слова ‘пабудова для ўтрымання хатняй жывёлы’: А на дваре сарай (в. Прудоўка); У сарае свінні у мяне стаяць (г. Добруш). Частка сарая можа адводзіцца і для захавання сена. У такім выпадку ўжываецца назва сенавал: Зверху робім сенавал, каб яшчэ не будаваць болей нічога (в. Церахоўка).

Пабудова хаты — справа адказная, цяжкая, якая патрабуе шмат сіл, часу і галоўнае — сродкаў. Уся сядзіба будавалася не адразу, а па меры заробкаў гаспадароў. Таму часткі хаты, якія будаваліся пазней, “прыбудоўваліся” да хаты, атрымлівалі адпаведныя традыцыйныя назвы:

прыстройка: І кухня летняяя у прыстройкі (г. Добруш);

прыстрояк: Некаторыя эта прыстрояк завут (г. Добруш).

Кліматычныя ўмовы пражывання беларусаў, як і іншых усходніх славян, абумовілі неабходнасць і значнасць для жыцця падтрымання ў хаце пэўнага тэмпературнага рэжыму. Узімку клімат вымагае атаплення хаты, што зноў жа патрабавала адпаведных матэрыяльных затрат, у сувязі з чым асобныя часткі хаты не атапліваліся. Вышэйадзначаныя прыклады паказваюць, што звычайна не былі цёплымі калідоры, кладоўкі, чуланы, прыхожыя.

Для ўсходнеславянскага традыцыйнага жылля характэрная рысай з’яўляюцца і асобныя пабудовы, якія не маюць магчымасці атаплення і выкарыстоўваюцца толькі ў цёплыя часіны. Паколькі такія пабудовы часта выкарыстоўваліся для прыгатавання ежы, каб не забруджваць і не задымліваць хату, то і называліся яны летняя кухня: У меня две кухні. Эта летняя кухня і тая вось гдзе пліта стаіт (г. Добруш).

Адсутнасць у старажытнасці халадзільных установак абумовіла існаванне пэўных паглыбленых у зямлю памяшканняў. Дарэчы, людзі сталага ўзросту і зараз мяркуюць, што ў такога роду памяшканнях прадукты харчавання захоўваюцца лепш. Для такіх пабудоў існуюць найменні склеп, пограб, лёх, байрак, яма.

На тэрыторыі Добрушскага раёна такія памяшканні рабіліся традыцыйна ўнутры хаты і называліся пограб (у розных фанетычных варыянтах) ці падвал ‘месца пад падлогай’: Палезу у погреб вечарам (в. Прудоўка); Места пад полам называецца пограб ц’і падвал. Там хранім гурочкі, капусту (в. Івакі); У падвале бульбу хранілі (г. Добруш); Места пад полам называецца падвал. Там ляжаць бурякі, банкі с варэньем ставім (в. Ларышчава); Раней падвал капалі звычайна на кухні і ставілі ўсе што наросцім (в. Церахоўка). Часта такое памяшканне спецыяльным чынам прыстасоўвалася: пограб ‘выкапаная яма, абкладзеная дошкамі або цэглай, у якой захоўвалі прадукты’: Капаем яму, робім сцены па бакам і зверху потым засыпаем зямлей ды і атрымоўваецца погреб (в. Церахоўка).

Іншы раз ужываецца слова падполье ‘выкапаная яма, абкладзеная дошкамі або цэглай, у якой захоўвалі прадукты’: Ну картошку ў падполье хранілі, а сейчас вот закаткі (в. Івакі).

Супрацьлеглае падвалу месца ў хаце — прастора пад страхой — таксама заўсёды старанна выкарыстоўвалася ў гаспадарцы, а таму, натуральна, мела пэўныя найменні. У беларускіх гаворках звычайна для назвы месца пад дахам ужываюцца словы гара, гарышча, падстрэшша.

У населеных пунктах Добрушскага раёна часцей сустракаецца слова рускай мовы чердак і яго “збеларушаныя” варыянты чэрдак і чардак: Старыя вешчі складываю на чердак (г. Добруш); На чердаке ў нас сцірка сохла (г. Добруш); Над паталком і пад крышэй, вун там вон, эта чэрдак. Там усякіе ненужные вешчы лежаць (в. Івакі); Гаворым чэрдак. Сушым там грыбы і ягады (в. Церахоўка); Чардак — звычайна сушылі там ягады і грыбы (в. Церахоўка). Выкарыстанне русізма выклікана як лакалізацыяй на паграніччы, так і беларуска-рускім білінгвізмам штодзённага жыцця Гомельшчыны, асабліва яе ўсходніх раёнаў.

Іншы раз для абазначэння месца пад страхой выкарыстоўваецца апісальнае найменне на хату: Бывала, што каб ад маткі ці ад бацькі схавацца, прыходзілася на хату лезці (в. Вуць).

Цяжка ўявіць традыцыйную беларускую ці рускую сядзібу без лазні. У апошні час наяўнасць лазні ў межах сядзібнага комплексу — з’ява даволі рэдкая, хутчэй пэўная даніна традыцыі, а таксама прыкмета заможнасці гаспадароў. І зноў адзначым, што ў Добрушскім раёне часцей сустракаецца рускае найменне гэтай карыснай і неабходнай для чалавечага жыцця пабудовы баня ‘лазня’. У нас гавораць баня, дак бані у нас німа (в. Прудоўка).

Такім чынам, асноўнай асаблівасцю народнага жылля Добрушскага раёна назіраецца актыўнае ўзаемадзеянне спрадвечных традыцый і павеваў сучаснасці. Аб іх паспяховым спалучэнні сведчыць, напрыклад, наяўнасць ЖК-тэлевізараў у пакоі каля сенцаў.

Лексіка будаўніцтва і традыцыйнага народнага жылля тэрыторыі беларуска-расійскага памежжа сведчыць аб цесным узаемаўплыве ў гэтай тэматычнай групе беларускай і рускай моў. У працэсе наймення частак жылля, асобных гаспадарчых пабудоў, якія ўваходзяць у сядзібны комплекс, насельніцтва памежных абласцей выкарыстоўвае нароўні з спецыфічнымі беларускімі адзінкамі (ганкі, сенцы, скірдоўка) і лексемы рускай мовы (чердак, чулан, сарай). Існуе і група лексем, агульных для ўсходнеславянскіх моў (кладоўка, пограб). Уся ўказаная лексіка прайшла на беларускай тэрыторыях фанетычную асіміляцыю і падпала пад адметнасці мясцовага вымаўлення. Даследаваныя найменні развіліся і захаваліся ва ўсходнеславянскіх мовах яшчэ са старажытных часоў агульнаўсходнеславянскага моўнага адзінства або былі запазычана з іншых моў (балтызм скірдоўка, цюркізмы сарай, чулан) у тыя старажытныя часы.

Літаратура

1. Традыцыйныя тыпы паселішчаў і жылля на Беларусі [Электронны рэсурс]. — Рэжым доступа : http://ethno.iatp.by./ — Дата доступа : 19.05.2012.

5  Тут і далей прыводзіцца фактычны матэрыял картатэкі лінгвістычнай лабараторыі кафедры беларускай мовы УА “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны” з указаннем у дужках лакалізацыі — населеных пунктаў Добрушскага раёна Гомельскай вобласці. Ілюстрацыі прыводзяцца з захаваннем фанетычных і граматычных адметнасцей мясцовага вымаўлення.

Аўтар: К.Л, Хазанава
Крыніца: Традиционная культура на территории Российско-Белорусского по­граничья: историко-этнографический и лингвокультурологический аспек­ты: Материалы XIV международной научно-практической конференции (г. Новозыбков, Брянская область, 14-15 ноября 2012 г.) / Под ред.: С.Н. Стародубец, В.В. Мищенко, В.Н. Пустовойтова, Ю.А. Шевцовой, О.В. Белугиной. — Брянск: РИО БГУ, 2012. – С. 199-205.