Асаблівасці моўнай гаворкі жыхароў Буда-Кашалёўскага раёна

0
104
Асаблівасці моўнай гаворкі жыхароў Буда-Кашалёўскага раёна

Агульнавядома, што геаграфічнае становішча Беларусі абумовіла многія асаблівасці яе культурнага жыцця і мовы. На працягу стагоддзяў краіна зведвала уплыў суседак — Расіі, Украіны, Польшчы. Невыпадкова асобныя моўныя з’явы — цікавы прадмет лінгвістычных даследаванняў, сярод якіх не апошняе месца займае разгляд так званай “трасянкі”.

Трасянка, як вядома, — своеасаблівы моўны гібрыд — з’ява даволі пашыраная, асабліва ў малых населеных пунктах. Яна так глыбока пусціла свае карані, што нават у месцах, значна аддаленых ад расійскай мяжы, яе можна сустрэць і апісаць. Мэта прапанаванага навуковага артыкула — даследаванне асаблівасцей мовы жыхароў Буда-Кашалёўскага раёна, у прыватнасці, параўнальны аналіз моўных з’яў, характэрных для носьбітаў традыцыйнай духоўнай культуры.

Звернемся непасрэдна да аналізу асаблівасцей моўнай гаворкі жыхароў вёскі Буда Люшаўская, месцазнаходжанне якой характарызуецца, у першую чаргу, адносна невялікай аддаленасцю ад раённага цэнтра (горада Буда-Кашалёва (19 км)) і суседствам з іншымі невялікімі, амаль што вымерлымі населенымі пунктамі (Шутнае, Хмяльное). Найбольш шматлікую групу насельніцтва (625 жыхароў паводле 2004 г.) складаюць пенсіянеры, дзесьці на 1\3 менш налічваецца людзей ва ўзросце ад 35 да 50 год, каля пяці дзясяткаў моладзі і дзяцей. Нягледзячы на тое, што моладзь выязджае, а, можа, нават і дзякуючы гэтаму, у вышэйназваным населеным пункце назіраецца моцная прывязка да традыцый.

Сярод інфармантаў, ад якіх мэтаскіравана ў палявой экспедыцыі праводзіўся запіс фальклорна-міфалагічных матэрыялаў, выберам чатырох чалавек, прааналізуем іх мову, а таксама разгледзім некалькі выпадкаў, што тычацца гаворкі прыезджых. Аўтэнтычныя запісы, расшыфраваныя з дыктафона, возьмем за аснову аналізу і будзем у сваіх разважаннях зыходзіць з іх.

Не сакрэт, што чым старэй чалавек, тым больш слоў ён выкарыстоўвае ў паўсядзённым жыцці з роднай мовы, і наадварот, чым маладзей, тым больш ахвотна карыстаецца рускімі словамі. У сувязі з гэтым прапануем два прыклады, першы з якіх запісаны ад мужчыны ва ўзросце 49 гадоў: “Эта не расказаць. Яно чалавек не хоча, а падумае — і ў яго палучаецца. У нас была баба Тонька у Шутным, яна нікалі на малых не глядзела, бо еслі на малога паглядзіць, усегда той будзе крычэць, пакуль не палечыш. Яна гавора: “Я сама не хачу, а вот пагляжу на дзіцёнка, што-нібудзь падумаю — і дзіцёнку становіцца плоха”. После яе ўсегда нада было к бабкам несці шаптаць” (запісана ад Ніцыеўскага Вячаслава Вячаслававіча, 1970 г.н.). Параўнаем са звесткамі, запісанымі ад жыхаркі гэтай жа вёскі, якой споўнілася 83 гады: “Я колісь замуж пашла і пасцірала. І такая была мяцеліца. Адзін чалавек ішоў і кажа на мяне: “Няўжо ты не баісся, што такая мяцеліца, не холодно табе?” Ну і што? Вечарам мяне зазнабіло. Я на печ палезла. Мяне трасе во так во-во, пака мая свякруха не палячыла зглаз”.

Абавязкова трэба адзначыць, что абодва інфарманты ўсё сваё жыццё пражывалі на тэрыторыі Беларусі. Глузд Ніна Міхайлаўна, 1936 г.н. пераехала ў в. Буда Люшаўская з вёскі Кажушкі іншага рэгіёна Беларусі, а Ніцыеўскі Вячаслаў Вячаслававіч — з в. Шутнае. Розніца ва ўзросце адбілася на асаблівасцях іх мовы, у першую чаргу, на колькасці выкарыстаных беларускіх слоў (амаль 80% сустракаецца ў прыведзеным фрагменце гаворкі Ніны Міхайлаўны і 70% — у фрагменце гаворкі Вячаслава Вячаслававіча). Больш

грунтоўны аналіз астатніх матэрыялаў, з якога выключаны агульныя для беларускай і рускай мовы словы, дэманструе іншую статыстыку — 68% слоў з роднай мовы выкарыстоўвае рэспандэнт-жанчына і 57% — мужчына (для разгляду бралася па 7 фальклорных адзінак з аднаго і другога боку). Але гэта тычыцца толькі тых жыхароў, жыццёвыя лёсы якіх геаграфічна звязаны толькі з тэрыторыяй Беларусі.

Разгледзім таксама запіс звестак, зроблены ад жанчыны 46 год — Старыкавай Алены Кастанцінаўны, якая пераехала ў дзіцячым узросце з Казахстана ў Беларусь: “Штоб зуб ні балел, нужно сказаць ноччу: “Месяц, месяц, у цебя зубы есць? Есць. Дык здзелай так, штоб у меня зубы ні балелі”. Тры разы плюнь чераз левае плечо — і ўсё”. Як бачна з прыведзенага урыўку, мова жанчыны насычана рускамоўнымі словамі, нават беларускія словы яна вымаўляе па­руску. Адзначым, што доля беларускіх слоў у тэксце замовы складае 27%, а калі браць пад увагу і астатнія запісаныя ад яе фальклорныя матэрыялы, то атрымаем сярэдняе значэнне — 42%. Паколькі мэтай аналізу першапачаткова было параўнанне долі беларускіх слоў у маўленні людзей розных сацыяльных і ўзроставых груп, разгледзім яшчэ адзін прыклад: “А ета, як дажынаюць, дзелалі. Сабіралі — ну, тады ж ужэ цвілі этыя, геаргіны ужэ цвілі, цвяты — кладуць кусочак хлеба, пасыпаюць соллю і ету ўжэ кветку сдзелаюць там на колышак і становяць, штоб к тому году ўраджай быў”. Шваякова Валянціна Аляксандраўна, 1938 г.н., ад якой запісана дадзеная фальклорная адзінка, правяла ў Беларусі амаль усё сваё жыццё, але выязджала працаваць у Расію. У прыведзеным прыкладзе доля беларускіх слоў складае прыблізна 40%, а калі прымаць у разлік і астатнія запісы, то — амаль 60%. Такі вынік дазваляе дапусціць: фактар узросту ўсё ж такі мае значэнне (Валянціне Аляксандраўне 81 год) і з’яўляецца дамінуючым пры ўмове, што чалавек нарадзіўся і правёў значную частку жыцця ў Беларусі. Нельга не адзначыць пры гэтым, што ўплыў рускай мовы на чалавека, радзімай якога не з’яўляецца Беларусь і які не чуў у дзяцінстве беларускай мовы ад бацькоў, становіцца мацнейшым, чым звычайна. Пэўны час знаходжання ў іншаэтнічным (беларускім) асяроддзі, несумненна, таксама мае значэнне, але будзе разглядацца намі як другасная з’ява. Атрыманыя вынікі і тое, чым яны тлумачацца, прымем у разлік, аналізуючы асаблівасці мовы кожнай з прыведзеных асоб.

Найперш звернем увагу на жанчыну-рэспандэнта 83-гадовага ўзросту (Глузд Ніну Міхайлаўну), якая нарадзілася ў Беларусі і правяла тут усё сваё жыццё. Яе маўленне амаль поўнасцю пазбаўлена рускамоўнага ўплыву, яна выразна “дзекае” (“адзін”), “цекае” (“мяцеліца”), “акае” (“пасцірала”). Варта заўважыць, што аканне ў яе мае пэўныя адметнасці: на канцы некаторых слоў не пад націскам застаецца выразным “о” (“зазнабіло”), а гэта, у сваю чаргу, цягне за сабой і пастаноўку папярэдняга “о” ў моцнае становішча (“холодно”). Нельга не адзначыць таксама наяўнасць асіміляцыі па мяккасці (“сьвякруха”) і шыпячага да свісцячага (“баісся”), пастаноўку літары “е” на месцы другой галоснай у пачатку слоў тыпу “як” і “гэта” (“ек заходзіць сонцэ”, “ета ж усе малітвы”). Прыметнай з’яўляецца форма слова “заўсёды”, якая трансфармуецца ў нешта сярэдняе паміж рускай і беларускай версіямі (“заўсегда”). Змены назіраюцца і ў іншых словах: ёсць — “іе” (“загавараў багата у мяне такіх іе”), той — “тае” (“душы тае нет”), ужо — “ужэ” (“і ўжэ сала”), памылі — “памулі” (“а патом ужэ змялі, пол памулі”). З некаторых дзеясловаў выкідаецца асобны склад і замяняецца літарай “ю”: растоплюю, прышчэплююць, запалююць (“ставяць, штоб пара ішла, і свечку запалююць”, “вот малому дзіцяці заўсегда булаўку прышчэплююць”).

Калі параўноўваць, больш усяго супадзенняў у асобных моўных з’явах назіраецца паміж людзьмі адной узроставай катэгорыі, таму, вяртаючыся да жанчыны (Шваякова Валянціна Аляксандраўна), што пэўны тэрмін папрацавала ў Расіі, адзначым наяўнасць таго ж “ета” замест “гэта” (“радзіла ету трэцюю дачку”), “ужэ” замест “ужо” (ужэ відна было”), выразных дзекання і цекання (“тут Дзмітраўна”, “вот як целеграфны”), асіміляцыі па мяккасці (“мінуты цераз дзве стукае”). У адрозненне ад папярэдняй жанчыны (Глузд Ніна Міхайлаўна), рэспандэнт Шваякова Валянціна Аляксандраўна добра прамаўляе “ў” там, дзе яно павінна быць (“туды пагляджу — німа нічога, сюды — стаіць стоўб”, “а ў мяне прастыў тады правы глаз”), але і ступень выкарыстання рускіх слоў, прыстасаваных да беларускай мовы, таксама вышэйшая (“а раньшэ ж елі”, “як-то ўстрэцілісь”, “устрычае саседа ля кладбішча”, “прыкалываюць шпэльку к рубашке ад зглазу”). Кідаецца ў вочы амаль поўная адсутнасць злучніка “ці”: яго замяняе рускае “ілі” (“кідалі абуткі — галошы ілі туфелькі”).

Падкрэслім, што “ілі” замест “ці” сустракаецца і ў гаворцы жанчыны (Старыкавай Алены Канстанцінаўны, 1973   г.н.), якая

пераехала з Казахстана (“ілі на пажар тожа сабака можа выць”), і ў гаворцы мужчыны (Ніцыеўскага Вячаслава Вячаслававіча, што ўсё сваё жыццё правёў у Буда-Кашалёўскім раёне (“ілі можа зеркала трэснуць”). Засяродзім увагу на асаблівасцях моўнай гаворкі вышэйназваных інфармантаў. У маўленні рэспандэнта-мужчыны найперш заўважаецца прысутнасць “ў”. Нават у жанчыны-інфарманта з найбольшай працэнтнай суаднесенасцю беларускіх слоў да рускіх “у” пераходзіла ва “ў” не заўсёды. Тут жа (у гаворцы мужчыны) — пастаянна (“спусціў яго з горкі”, “гарэў, глаза закатываў”, “а ён ляжыць чорны ўвесь”). Затое ў мове мужчыны няма асіміляцыі па мяккасці (“спусціў яго з горкі”). Вялікая група рускіх слоў прыстасоўваецца пад беларускую мову (“нада астанавіцца”, “атражэнне бачуць”, “два пакойнікі далжно быць”). Асаблівай увагі заслугоўвае слова “яшчэ”, якое застыла ў пераходнай паміж рускай і беларускай формамі (ешчо). Тут ужо няма літары “щ” (яна распалася на дзве асобныя — “ш” і “ч”), але і не з’явілася пачатковае “я” і канцавое “э”. У некаторых словах націск перанесены на іншыя склады. Тады гукі, трапіўшы ў ненаціскное становішча, падпарадкоўваюцца агульным правілам (“нікалі”). Дзеканне, як і цеканне, выражаны моцна (“дзецкую балезь”, “не хацелі выпісываць”). Мужчына часта ўжывае рускія злучнікі замест беларускіх (“но еслі ён закрычыць”, “еслі вязуць пакойніка”).

Разгледзім адметныя рысы маўлення Старыкавай Алены Канстанцінаўны, якая пераехала ў Беларусь з Казахстана. Амаль 30 гадоў яна пражывае ў в. Буда Люшаўская. За гэты час набыла наступныя асаблівасці беларускага маўлення: дзеканне і цеканне (“бо будзеш бедным”, “бацькі німа”), аканне (“с мамкай разгаварывалі”, “тожа і шаптала”), прыстаўныя перад галосным у пачатку слова (“сестра прышла пад вакно”). Не прасочваецца ў яе гаворцы выразнай асіміляцыі па мяккасці (“бацюшка пасвяціў нашу дзярэўню”), жанчына часта вымаўляе “і” на месцы “я” (“бацькі німа”. “было ў міне”), выкарыстоўвае такія словы, як “тутака”, “када”, пазбягае чаргаванняў (“памазаць па барадаўкі”), прыпадабнення шыпячых да свісцячых (“прымета плахая, пасварышся”). Вельмі шмат у яе мове рускіх слоў (“еслі дзіцёнак балеіт”, “каго первым устрэціў”, “асколкі нада ў сарай занесці”), прысутнічаюць і прамежкавыя формы (“чераз левае плечо” (“цераз-через”)). Ёсць словы, у якіх замест “а” вымаўляецца “о” ў выніку змены націску (“покуль”). Прыведзеныя рысы маўлення даюць падставы сцвярджаць адназначна, што чалавек не нарадзіўся ў Беларусі.

Такім чынам, на канкрэтных прыкладах, узятых з асабістых палявых экспедыцыйных матэрыялаў, мы разгледзелі, як руская мова можа ўплываць на беларускую, у якіх канкрэтных формах выяўляецца гэта ўзаемадзеянне і якімі асаблівасцямі вылучаецца мова асобных рэспандэнтаў з улікам сацыяльнага і ўзроставага фактараў.

Аўтар: К.В. Ніцыеўская
Крыніца: Идиолект русской языковой личности как отражение лингвокультур­ной ситуации в славянском пограничье: сборник докладов участников Международного научного форума (г. Новозыбков, Брянская область, 23­26 октября 2019 г.) / Под ред. С.Н. Стародубец, В.Н. Пустовойтова, С.М. Пронченко. — Брянск: ООО “АВЕРС”, 2019. — С. 135-139.