Асаблівасці гомельскага іменаслова сярэдзіны ХХ стагоддзя

0
707
Асаблівасці гомельскага іменаслова сярэдзіны ХХ стагоддзя

Даследчыкі анамастыкі адзначаюць, што статыстычныя дадзеныя іменаслову могуць быць атрыманы ў любых галінах анамастыкі. Вынікі статыстычнага аналізу антрапанімікону дазваляюць высветліць змены ў яго структуры на працягу пэўнага перыяду ці вызначыць асноўныя рысы іменаслоўнай сістэмы на канкрэтным этапе развіцця грамадства. Антрапанімічная прастора як сукупнасць асабовых імён заўсёды прыцягвала і прыцягвае ўвагу даследчыкаў. Асабліва гэта тычыцца іменаслову ХХ стагоддзя.

Мэтай нашага артыкула з’яўляецца вызначэнне асаблівасцей функцыянавання гомельскага іменаслову 50-х гадоў ХХ стагоддзя.

Дадзеныя гэтага перыяду атрыманы ў выніку выбаркавага статыстычнага аналізу (1951, 1952, 1956 гады). У разглядаемы час было ўжыта ў актыўным іменаслове наступная колькасць імёнаў: 97 мужчынскіх і 124 жаночыя. Колькасць носьбітаў складае адпаведна 4304 і 4044 асобы. Дзясяткі самых папулярных імён змешчаны ў табліцы.

Табліца — Самыя папулярныя імёны антрапанімікону Гомеля 50-х гадоў ХХ стагоддзя

Мужчынскія імёны Жаночыя імёны
Імя Колькасць носьбітаў Імя Колькасць носьбітаў
Аляксандр

683

Людміла

490

Уладзімір 558 Валянціна 332
Віктар 312 Таццяна 311
Сяргей 236 Галіна 243
Мікалай 228 Тамара 238
Валерый 217 Наталля 215
Міхаіл 199 Святлана 200
Анатолій 177 Алена 163
Леанід 155 Ларыса 145
Генадзій 117 Ала 134

 

Так як дзесяццю самымі папулярнымі імёнамі было ахоплена 2912 носьбітаў мужчынскіх і 2471 носьбіт жаночых імён, то ступень традыцыйнасці складае адпаведна 67,67 % і 61,09 % (прыблізна 3/5 ад усяго іменаслову).

Сярэдні каэфіцыент аднайменнасці, які атрыманы дзяленнем колькасці зарэгістраваных носьбітаў на колькасць імён, роўны 44 у мужчынскім іменаслове і 33 у жаночым. Вышэй за ступень аднайменнасці знаходзіліся наступныя імёны: Юрый, Ігар, Яўгеній, Пётр, Алег, Віталій, Васілій, Барыс, Валянцін, Рыгор. Сярод жаночых імён папулярнымі былі онімы Любоў, Ірына, Надзея, Ніна, Вольга, Ганна, Марыя, Зінаіда, Раіса, Вера, Наталія, Лідзія, Жанна, Лілія.

У мужчынскім іменаслове ў гэты перыяд вылучаецца параўнальна вялікая колькасць старажытнаяўрэйскіх імён. Многія з іх належалі прадстаўнікам яўрэйскай дыяспары. Адзначаецца наяўнасць новага імя — Кім. Што тычыцца паходжання жаночага іменаслова, то адметнасцю перыяду стала ўжыванне імён з мовы ідыш (Мера, Бейля, Зелда), шматлікіх скарачэнняў (Ася, Бася, Сіма, Слава, Геня, Рыва, Ліля). Амаль усе гэтыя адзінкі належаць прадстаўніцам яўрэйскай дыяспары. Адзначаюцца і т.зв. новыя імёны з ярка выражанай рэвалюцыйнай тэматыкай — Эра, Электрына, Аніліна.

Колькасныя пагадовыя паказчыкі імён выглядаюць у мужчынскім іменаслове наступным чынам: 1951 — 77, 1952 — 66, 1956 — 59 адзінак; у жаночым антрапаніміконе дадзеныя такія: 1951 — 104, 1952 — 89, 1956 — 74 імя. Такім чынам, пік колькасці ўжытых онімаў у мужчынскім антрапаніміконе прыходзіцца. на 1951 год — 78 імён, а мінімум на 1956 год — 59 імён. У жаночым антрапаніміконе паказчыкі наступныя: найбольшая колькасць ужытых імён зарэгістравана ў 1951 годзе — 100 адзінак, а найменшая ў 1956 годзе — 74 імя.

У мужчынскім іменаслове ў разглядаемы перыяд павялічваецца частотнасць імён Аляксандр, Сяргей, Генадзій. Затое зніжаецца папулярнасць онімаў Уладзімір, Міхаіл, Анатолій, Яўгеній, Валерый, Пётр, Леў, Эдуард, Георгій. У жаночым іменаслове на працягу дзесяцігоддзя ўзрастае папулярнасць імён Таццяна, Наталля, Алена, Ала, Ніна, Антаніна. Адначасова зніжаецца частотнасць імён Валянціна, Надзея, Любоў, Сафія, Фаіна, Марыя, Лідзія, Людміла, Зоя.

Колькасць адзінкавых онімаў у мужчынскім іменаслове роўная 36: Адзік, Антон, Аўраам, Аўсей, Афанасій, Бінцыян, Веньямін, Вікторый, Гарый. Гаўрыла, Заўдат, Захар, Золік, Зяма, Ізольд, Ісай, Кім, Кірыл, Кузьма, Лазар, Лейба, Майсей, Макар, Матус, Мацей, Мотэль, Мсціслаў, Рафаіл, Рубін, Руслан, Сахна, Серафім, Франц, Фядос, Чаідура, Юзаф. Колькасць адзінкавых онімаў у жаночым іменаслове роўная 37: Аліса, Аніліна, Бейля, Берта, Браніслава, Геня, Джанэта, Жаніна, Зелда, Іраіда, Капіталіна, Ксенія, Ліля, Луіза, Маіна, Мара, Марфа, Мера, Мінна, Муза, Наіна, Неаніла, Нехама, Ніяніла, Рыва, Рытша, Рэма, Станіслава, Стэла, Фрыда, Хася, Хая, Электрына, Эльвіра, Эра, Ядвіга, Янна.

Нацыянальны склад жаночага іменаслова дадзенага дзесяцігоддзя даволі разнастайны. Большую частку складаюць імёны, якія належаць прадстаўніцам яўрэйскай нацыянальнасці. У сярэдзіне ХХ стагоддзя ў Г омелі заставалася яшчэ даволі моцная яўрэйская дыяспара. Аналіз актавых запісаў (з удакладненнем прозвішча, імя, імя па бацьку, нацыянальнасці) дазволіў зрабіць вывад аб тым, што прадстаўніцам вышэй азначанай нацыянальнасці належалі імёны рознага паходжання.

Сярод гэтых імён былі:

— старажытнаяўрэйскія: Ева, Ізабэла, Нехама, Серафіма, Хая, Элеанора;

— новаяўрэйскія: Бейля, Зелда, Мера;

— старажытнагрэчаскія: Дора, Іда, Муза;

— лацінскія: Бэла, Роза, Стэла;

— германскія: Берта, Мінна, Фрыда, Эльвіра, Эма;

— персідскія: Эсфір;

— скарачэнні онімаў рознага паходжання: Ася, Бася, Рыва, Сіма, Слава.

Нацыянальны склад мужчынскага іменаслова амаль не адрозніваецца ад

жаночага. Вялікую колькасць складаюць адзінкі, якія належаць прадстаўнікам яўрэйскай нацыянальнасці. У мужчынскім іменаслове такіх імён значна больш у адносінах да ўсяго наяўнага антрапанімікона. Гэтыя адзінкі амаль усе маюць старажытнаяўрэйскае ці новаяўрэйскае паходжанне:

— старажытнаяўрэйскія імёны: Абрам, Арон, Аўраам, Веньямін, Давід, Захар, Ізраіль, Іосіф, Ісай, Ісак, Лазар, Мацвей, Навум, Натан, Рафаіл, Рубін (ад Рувім), Саламон, Самуіл, Сахна, Серафім;

— новаяўрэйскія: Лейба, Мотэль.

Імёны такога тыпу разам са сваімі варыянтамі складаюць трэць наяўнага іменаслову адзначанага перыяду. Прадстаўткі яўрэйскай нацыянальнасці насілі онімы і іншага паходжання. Сярод гэтых імён сустракаюцца:

— старажытнагрэчаскія: Зіновій, Леў, Яфім;

— лацінскія: Марк, Фелікс;

— германскія: Адольф;

— старажытнаегіпецкія: Маісей, Майсей;

— славянскія: Барыс, Браніслаў, Мсціслаў;

— скарочаныя імёны рознага паходжання: Адзік.

У дадзеным дзесяцігоддзі адзначаецца ўжыванне нетрадыцыйных імён пры называнні прадстаўнікоў каўказскіх народаў: Заўдат, Чаідура.

Адметнасцю разглядаемага перыяду з’яўляецца разнастайнае напісанне онімаў у выніку анамастычнай непісьменнасці і адсутнасці спецыялізаваных слоўнікаў. Некаторыя імёны маюць неўнармаванае напісанне (адзінкі падаюцца ў квадратных дужках на рускай мове — мове запаўнення дакументаў): [Бэлла] — [Белла] — [Бэла], [Инесса] — [Иннеса] — [Инеса] — [Инэсса], [Нелли] — [Нэлла] — [Нэлли] — [Нелля] — [Нэлля] — [Неля]. Некаторыя онімы вызначаюцца варыянтамі паводле паходжання: Сафія — Соф’я, Наталія — Наталля, Серафіма — Сіма, Жанна — Жаніна — Жанэта — Яніна, Мая — Маіна, Лілія — Ліля. У мужчынскім іменаслове таксама адзначаюцца варыянтныя рады: Георгій — Юрый — Ягор, Саламон — Зяма, Маісей — Майсей, Віктар — Вікторый, Аўраам — Абрам, Адольф — Адзік, Іосіф — Юзаф.

Такім чынам, асноўнымі рысамі гомельскага іменаслова перыяду 1951­1960 гадоў з’яўляюцца:

— даволі вялікая разнастайнасць онімаў актыўнага іменаслова, асабліва жаночай яго часткі;

— наяўнасць шматлікіх онімаў старажытнаяўрэйскага і новаяўрэйскага паходжання і іх варыянтаў як выразнік значнай колькасці прадстаўнікоў яўрэйскай дыяспары;

— неўнармаванасць афіцыйных формаў імён з-за адсутнасці спецыялізаваных слоўнікаў, а таксама наяўнасці анамастычнай непісьменнасці.

Аўтар: Т.А. Карніеўская
Крыніца: “Традыцыі матэрыяльнай і духоўнай культуры Усходняга Палесся: праблемы вывучэння і захавання ў постчарнобыльскі час”, IV міжнародная навук. канф. (2013; Гомель). IV Міжнародная навуковая канферэнцыя “Традыцыі матэрыяльнай і духоўнай культуры Усходняга Палесся: праблемы вывучэння і захавання ў постчарнобыльскі час”, 31 мая 2013 г. [Тэкст]: матэрыялы / рэдкал.: А. А. Станкевіч (гал. рэд.) [і інш.]. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2013. – С. 73-76.