Творчасць вядомых беларускіх пісьменнікаў другой паловы ХХ стагоддзя Івана Навуменкі, Івана Мележа, Віктара Казько цесна звязана з падзеямі іх малой радзімай. Прозе гэтых аўтарау характэрна такая мастацкая рыса, як аўтабіяграфізм — “уласцівасць адметнай манеры творчасці, ствараецца канцэнтраваным насычэннем мастацкіх тэкстаў мясцовымі этнаграфічнымі і іншымі дыялектызмамі, тапанімічнымі назвамі, фразеалагізмамі, прыказкамі, спецыфічнымі для пэўнай этнічнай тэрыторыі рэальнымі асабовымі Лмёнамі, мянушкамі, прозвішчамі” [1, с. 136]. У іх творах засведчаны пазеі з уласнага жыцця, па-мастацку перадаецца апісанне вядомых ім падзей, мясцін, літаратурных персанажаў і іх прататыпаў. У гэтым аспекце названыя пісьменнікі працягвалі традыцыі Я. Коласа і разам з іншымі беларускімі мастакамі слова — ураджэнцамі Усходняга Палесся, напрыклад, І. Шамякіным, Б. Сачанкам, У. Верамейчыкам, Я. Янішчыц, А. Федарэнкам, А. Бароўскім, У. Ліпскім — адлюстроўвалі асаблівасці матэрыяльнай і духоўнай культуры Палесся, ужываючы ў творах характэрныя для гэтага рэгіёна онімы.
Значную частку айконімаў “Палескай хронікі” І. Мележа складаюць рэальныя назвы Мазырскага Палесся (цяперашнія Калінкавіцкі і Хойніцкі раёны), тых мясцін, дзе нарадзіўся і рос пісьменнік: Глінішчы, Ламачы, Мазыр, Юравічы і г. д., іншыя, крыху перайначаныя — Алешнікі, Курані, Хвойнае… Як пісаў сам І. Мележ у аўтабіяграфічным нарысе: “3 радасцю і болем пад ’язджаю я кожны раз к родным сваім мясцінам. Ад Гомеля ці ад Мазыра — гледзячы па тым, з якога боку ідзе дарога к роднаму кутку, — пачынаюцца гарады, станцыі, вёскі, на якія не магу ўжо глядзець без хвалявання… Чым бліжэй вядзе дарога к Глінішчам, тым бліжэйшыя, даражэйшыя таварышы выходзяць насустрач — Юравічы і Хойнікі, Княжыца і Тунеўшчына. І нарэшце — родныя Глінішчы, дзе ўжо выходзяць насустрач такія таварышы, якія не названы на самых дасканалых картах, але якія моцна, на ўсё жыццё прапісаны ў сэрцы… ” [2, с. 87]. Такія айконімы роднага яму Палесся па-мастацку перадаюць адметнасці мясцовага рэльефу, расліннага і жывёльнага свету. Так, апелятывы алешнік, хвойнік, бярэзнік, якія ляжаць у аснове айконімаў Алешнікі, Хойнікі, Бярозаўка, адлюстроўваюць тыповы раслінны свет канкрэтных мясцін, ствараючы ў чытача праўдападобнае ўяўленне пра балотны і лясны край, што засведчаны ў “Палескай хроніцы”: “Абышоў падмерзлым узболаткам і Алешнікі, зрэзаў вялікі круг. Снег ужо начыста выбельваў сцежку і дарогу, на якую выбраўся за ўзболаткам, — хмызнякі па баках цямнелі незвычайна рэзка” [3, с. 125]. Такія онімы дапамагакць пісьменніку праўдзіва паказаць месца і час, пра якія ідзе гаворка ў творы, ствараюць агульны мастацкі фон твора, настройваючы чытача на адпаведную хвалю, перадаюць нацыянальны і рэгіянальны каларыт, фарміруюць своеасаблівую анамастычную прастору.
І. Мележ паслядоўна выкарыстоўваў мясцовыя неафіцыйныя варыянты імёнаў, ужываючы іх разам з некаторымі царкоўнымі, агульнавядомымі: Агрыпіна — Гарпіна; Аляксандр — Алесь; Антаніна — Антося; Аўдоцця — Аўдоля; Дар’я — Адар’я; Дзмітрый — Міця; Ефрасіння — Прося; Праскоўя — Параска; Харытон — Хоня, Хартон; Цімафей — Цімох; Фядосся — Хадося, Хадоська; Яўхімія — Хіма і інш. Асабовыя імёны ў “Палескай хроніцы” адлюстроўваюць фанетычныя асаблівасці рэгіянальнага анамастыкону: Мітрафан — Мітрахван; Трафім — Трахім; Фёдар — Хведар; Філімон — Халімон; Фрол — Хрол; Яфім — Яўхім; Яфрэм — Ахрэм і інш. Напрыклад: Барадаты Мітрахван выцягнуў з-пад плота старыя козлы, узяўшыся за бервяно, гукнуў Васіля [3, с. 107]. Такія онімы, перадаючы рэгіянальны каларыт, даюць уяўленне аб нацыянальнай прыналежнасці літаратурнага персанажа і яго сацыяльным статусе.
Арыентуючыся на анамастычную традыцыю гаворак роднага Палесся, І. Мележ часта называе жанчын не толькі па імені ці прозвішчы, а выкарыстоўвае андронімы — найменні жонкі, утвораныя ад імя, прозвішча ці мянушк мужа, якія пераважаюць у сферы вусных зносін вясковых жыхароў: Дамеціха стала збіраць вячэру [3, с. 126]; — Пайду лепей да Захарыхі, — рашыла на [Хадоська] [3, с. 355]. У яго раманах намі засведчана 24 такія онімы: Васілёва (Маня), Дамеціха, Захарыха, Ігнаціха, Халімоніха, Харытоніха, Хвельчыха, Хроліха, Цімашыха, Бараніха, Глушачыха, Карчыха, Лантухова, Грыбчыха, Дзятліха, Дзятлікава, Зайчыха, Карчыха, Нібыта-Ігнаціха, Смарчыха, Чарнушчыха, Чарнушкава, Цімашыха, Хведарава (Вольга). Напрыклад: “Чутно, жонка зноў скора рассыплецца? — сказаў Глушак, які даўно прыкмеціў, што Зайчыха цяжарная” [3, с. 302]. Вось жа шчасце ўвалілася ў рукі Цімашысе! [3, с. 372]. Такія адзінкі пераважна ўжываюцца ў дыялагічным дыскурсе персанажаў і вельмі рэдка ў мове аўтара.
У творчасці пісьменніка Івана Навуменкі, які нарадзіўся ў мястэчку Васілевічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці, прасочваецца трывалая сувязь паміж роднымі мясцінамі і падзеямі, вобразамі, персанажамі. Вядомая трылогія пісьменніка (раманы “Вецер у соснах” (1967), “Сасна пры дарозе” (1962) і “Сорак трэці” (1973)) заснавана на аўтабіяграфічным матэрыяле, у аснову якога пакладзена апісанне ўдзелу пісьменніка ў падзеях Васілевіцкага падполля. У гады Вялікай Айчыннай вайны ён, як і персанаж трылогіі Міця Птах, быў удзельнікам маладзёжнай камсамольскай падпольнай групы ў Васілевічах (у Бацькавічах), пазней перайшоў да партызан. За многімі з’явамі і падзеямі ў творы ўгадваецца ўласна перажытае пісьменнікам, а героі твораў маюць сваіх прататыпаў, месца дзеяння — канкрэтныя мясціны Палесся. Рэальныя або блізкія да рэальных тапонімы І. Навуменка выкарыстоўвае з мэтай выяўлення прасторавых арыенціраў, стварэння дакументальнасці і праўдападобнасці падзей, што адлюстроўваюцца ў трылогіі. Пра гэтую асаблівасць раманаў І. Навуменкі ўжо пісалі даследчыкі. Так, у кнізе “Памяць. Рэчыцкі раён” ёсць звесткі: “Справу, пачатую васілевіцкімі падпольшчыкамі, працягвала мясцовая моладзь. У лютым 1942 года, як сведчаць дакументы, на кватэры Вольгі Белай (у сапраўднасці — Шчэрскай) пад выглядам вечарынкі сабраліся вучні Васілевіцкай сярэдняй школы. Сярод іх былі Мікалай Белы, Іван Навуменка, Іван Доўжык, брат Вольгі — Анісім Белы і інш.” [4, с. 255]. У. Каваленка ўстанаріў, што персанажы І. Навуменкі маюць сваіх прататыпаў. Так, Іван Лобік у сапраўднасці Іван Іосіфавіч Доўжык, які ў гады вайны служыў на чыгуначнай станцыі і выконваў заданні савецкай разведкі. Прататыпам вобраза капітана Мазурэнкі стаў Ф. С. Манзіенка. Анісім Белы, які ў Васілевічах узначаліў падпольную арганізацыю “За Радзіму”, — гэта вобраз Сяргея Амельчанкі. М. Белы, які пасля смерці А. Белага ўзначаліў падпольшчыкаў, у трылогіі гэта вобраз Міколы Цябута. Вобразы здраднікаў таксама маюць прататыпаў: бургамістр Васілевіч Іонас — Крамер, намеснік бургамістра Губанаў — Лубан, чыгуначны майстар Дубчак — Адамчук. Такім чынам, ствараючы літаратурны вобраз, пісьменнік стараўся падабраць прозвішчы, падобныя да прозвішчаў іх прататыпаў: Мазурэнка — Манзіенка, Доўжык — Лобік і г. д.
У мастацкіх замалёўках Бацькавічаў пазнаецца роднае паселішча І. Навуменкі — Васілевічы. Пісьменнік любіў сваю малую радзіму і паслядоўна называў Васілевічы толькі мястэчкам: “Бацькавічы сталі цэнтрам раёна ўжо тры гады назад… У мястэчку акрамя школы яшчэ два двухпавярховыя каменныя будынкі, стары таполевы парк, паблізу — гарадзішча — парослы лесам узгорак, акружаны земляным валам. Была старажытная царква, пабудаваная, як расказваюць старыя, без адзінага жалезнага цвіка, але яна згарэла ў часе адступлення немцаў у васемнаццатым годзе. Другую царкву — новую — зачынілі. Цяпер у ёй клуб” [5, с. 16]. У змененай назве Бацькавічы аўтар захаваў фармант множнага ліку -ічы, а ў аснову айконіма паклаў апелятыў бацька, свядома падкрэсліўшы, што гэта зямля яго продкаў, яго малая радзіма. В. Шур адначае, што фармант -ычы (-ічы) “універсальны і вельмі прадуктыўны: ужываўся ў этнаніміі ўсіх славянскіх моў, калі такія множналікавыя айконімы выкарыстоўваліся як назвы родаплемянных калектываў, патомкаў па імені іх продкаў, месцаў калектыўных пасяленняў і інттт.” [6, с. 85]. З вялікай пяшчотай і замілаваннем апісвае І. Навуменка родныя мясціны: “Мястэчка відаць адсюль, як на далоні, — вялікае, раскідзістае, яно цягнецца праз усю раўніну ад лесу да лесу. Чыгунка як бы дзеліць яго папалам [5, с. 16]. Хлопцы любяць мястэчка — нічым яно асабліва не славутае, няма ў ім ні рэчкі, не забрукавана пакуль што ніводнай вуліцы, але ўсё адно здаецца, што лепшай мясціны на свеце няма. Носіць мястэчка прыгожую назву — Бацькавічы, і думаецца, незоанма”. “У кнізе
“Живописная Россия ’’ Адама Кіркора, якая выйшла амаль сто гадоў назад, Бацькавічы называюцца ў ліку самых старажытных паселішч гэтага краю… Паводле падання, недзе паблізу ад гэтых мясцін быў забіты князь Ігар, той самы, што двойчы за адзін год хацеў пажывіцца данінай у непакорных драўлян” [5, с. 16]. Так, у апісанні Гарбылёў (у сапраўднасці Калінкавічаў), Журавічаў (Юравічаў), Грамоў (ст. Нахаў), Вербічаў (Лозак), Піляцічаў (Бабічаў), Кавенькаў (Навінак) пісьменнік дае пэўныя падказкі-апісанні гэтых мясцін. І. Я. Навуменка адзначыў, што адчувае сябе жыхаром “не столькі Гомельшчыны, колькі Палесся”. I дадаў: “Сёння я магу сказаць, што недзе ўвабраў ужо ў душу Мінск, хаця пра яго я яшчэ нічога не напісаў. Мне падабаецца мінская мясцовасць. I лясы тут не горшыя, чым у нас, на Палессі. Для мяне Гомельшчына — радзіма, але нейкім чынам радзімай становіцца і Мінск”.
Традыцыі Я. Коласа і І. Навуменкі творча прадоўжыў У. Верамейчык, беларускі паэт, ураджэнец Мазыршчыны, які ў сваіх творах ужываў пераважна рэальныя і рэдка перайначаныя анамастычныя адзінкі. Так, ён у сваіх гумарэсках замяніў айконім Калінкавічы на Галінкавічы, захаваўшы пры гэтым дакладную словаўтваральную мадэль, апісаўшы прыродныя асаблівасці горада: “Гарадок, дзе нарадзіўся наш герой, пах мазутам і чьгункай, хаця ў Галінкавічах і садоў многа і цукру людзі паназапашвалі. Праз Галінкавічы беглі сталёвыя магістралі ва ўсе канцы і напрамкі свету” (“Граза зайцоў”) [7, с. 16].
У рамане “Неруш” В. Казько таксама прысутнічае аўтабіяграфізм. Прасочым гэта такімі падзеямі, апісанымі ў яго творах. Дуб — дамінуючае дрэва на Палессі. Вось і ў творы пісьменнік захапляецца сілай і веліччу векавечных дубоў. “Дыханне дубровы, здаровае і чыстае, нібыта само дыханне Палесся” [8, с. 43]. Дубы ў Княжборы былі такія вялікія, што “на пні падвода развярнуцца магла” [7, с. 45]. Баравікі ў дуброве касой касілі. Але “адной вясной, адным летам прапала ўсё: ссеклі дубы, а праваліліся пад зямлю і грыбы” [8, с. 45]. Як пра вялікую бяду, піша В. Казько, выкарыстоўваючы прыём адухаўлення, пра вынішчэнне дубровы: “Княжбор уліўся слязьмі, плакалі амаль у кожнай хаце, разам з усёй краінай, як па бацьку родным убіваліся, нібыта ўсе ў адну хвіліну асірацелі, страцілі бацюхну-карміцеля” [8, с. 46]. Пісьменнік называе дуброву бацюхна-карміцель. Дуброва заўсёды карміла чалавека, давала прытулак, абагравала. Дуб у фальклоры здаўна славіўся сваёй магутнасцю. Гэтае дрэва называлася векавечным, бо ніхто не ведаў, колькі гадоў самым старажытным дубам, колькі розных дзівос пабачылі яны на сваім вяку, сведкамі якіх падзей яны сталі. Напэўна, невыпадкова і вёску, у якой адбываецца дзеянне, назваў аўтар Княжбор, бо на Тураўшчыне ёсць вёска Князь-Бор, што знаходзіцца недалёк ад Вільчы, дзе быў дзіцячы дом, у якім выхоўваўся будучы пісьменнік. Успаміны аўтара пра сіаё дзяцінства, пэўныя біяграфічныя моманты знайшлі адлюстраванне на старонках твора пры апісанні знаёмых пісьменніку падзей, пэўных тапонімаў. У рамане “Неруш” Княжборам завецца вёска, каля якой ніякага бору няма, але аўтар тлумачыць паходжанне назвы наступным чынам: “Мо ад суму па гэтым боры і назвалі людзі сваё селішча, таму што княжборцы радаслоўнай сваёй не памятаюць, адкуль яны прыйшлі…” [8, с. 91]. Непарыўную еднасць чалавека з прыродай сімвалізуюць тапонімы, ужытыя ў творы: —Мацвею ўсё гэта было родным; Свілёва, Балонь, Махахеева дуброва — самі назвы яму гучалі зусім так, як гучаць словы “маці”, “бацька”” [8, с. 91].
Такім чынам, аўтабіяграфізм у творчасці пісьменнікаў, ураджэнцаў Палесся, выяўляецца праз мастацкае апісанне рэальных анамастычных аб’ектаў, стварэнне ў тэкстах тыповых для Палесся анамастычных адзінак, апісанняў расліннага і жывёльнага свету канкрэтнага рэгіёна, што дазваляе мастакам слова адлюстраваць рэалістычныя і праўдападобныя падзеі і малюнкі, уласцівыя і характэрныя для гэтага рэгіёну.
Літаратура
- Шур, В. В. Уласнае імя ў мастацкім тэксце: манаграфія / В. В. Шур. — Мазыр: УА МДПУ імя І. П. Шамякіна, 2010. — 207 с.
- Мележ, І. Трохі згадак і думак / І. Мележ // Роднае слова. — — № 2. — С. 87 — 92.
- Мележ, І. Збор твораў: у 10 т. / І. Мележ / рэдкал. Ю. С. Пшыркоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Т. 5: Людзі на балоце: Раман з “Палескай хронікі” — Мінск: Маст. літ., 1981. — 415 с.
- Гарады і вёскі Беларусі: энцыклапедыя: у 8 т. / НАН Беларусі, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. — Мінск: Беларус. Энцыкл., 2004 — 2012. — Т. 1, кн. 1.: Гомельская вобласць / [С. В. Марцэлеў]. — 632 с.
- Навуменка, І. Збор твораў: у 6 т. / І. Навуменка. — Мінск: Маст. літ., 1983. — Т. 4: Вецер у соснах. Смутак белых начэй, раманы. — 528 с.
- Шур, В. В. Слова ў мастацкім кантэксце: онімы, метафары: манаграфія / В. В. Шур., С. Б. Кураш. — Мазыр: УА МДПУ імя І. П. Шамякіна, 2013. — 268 с.
- Верамейчык, У. Местачковы сэкс: апавяданні і гумарэскі / У. Верамейчык. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1994. — 31 с.
- Казько, В. Неруш: раман. Суд у Слабадзе: аповесць: для ст. шк. узросту / В. Казько. — Мінск: Юнацтва, 1991. — 589 с.
Аўтар: М.У. Канцавая
Источник: Міжнародныя Шамякінскія чытанні “Пісьменнік — Асоба — Час”: матэрыялы IV Міжнар. навук-практ. канф., Мазыр, 2 кастрычніка 2015 г. / МДПУ імя І. П. Шамякіна; рэдкал.: А. у. Сузько (адк. рэд.) [і інш.]. Мазыр, 2015. С. 86-91.