Асаблівасці абраду пахавання стралы ў вёсцы Пералёўка Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці

0
274
Асаблівасці абраду пахавання стралы ў вёсцы Пералёўка Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці

Абрад пахавання стралы бытуе на тэрыторыі Гомельска-Бранска-Чарнігаўскага памежжа. Гэтая абрадавая з’ява — «спецыфічная адметнасць веснавой каляндарна-абрадавай паэзіі беларусаў, гэта рэгіянальная з’ява, бо прэтэндуе на пэўную самастойнасць, аўтаномнасць» [1, с. 29]. Варта адзначыць, што абрад адбываецца на саракавы дзень пасля Вялікадня. Святочная цырымонія пачынаецца з выканання абраду пераносу свячы: «Перад тым, як іці на стралу, сразу праходзіла Свяча. Свяча праходзіла ў хаце таго, да каго яна перашла. Усе бабы прыходзілі ў гэту хату. Свяча ў плаццях была. Мы маліліся, а пасля абедалі» [2]. Пасля завяршэння абрадавых дзеянняў, звязаных са свячой, жыхары пачынаюць збірацца ў цэнтры вёскі, каб перайсці непасрэдна да выканання абраду пахавання стралы: «После таго, як паабедалі, усе сабіраюцца і ідуць на цэнтр вёскі, на перакростак. З усіх вуліц ідуць, і маладыя, і старыя. Яны ідуць пад рукі і спяваюць песні» [2].

Калі ўсе мясцовыя жыхары і госці сабраліся на абраным месцы, пачынаецца абрад пахавання стралы з ваджэння карагодаў. Папярэдне рыхтуюць адзін з галоўных атрыбутаў абраду — ляльку: «Жанчыны разбіваюцца па парах і ходзяць карагодам, пяюць песні. Патом робяць ляльку з трапак. Пасля зноў карагоды водзяць і песні пяюць. Патом ужо ідуць па вуліцы, дзе людзі павыносілі сталы з усякімі блюдамі і ўгашчалі ўсіх, каб у хазяйстве ўсё добра было» [2].

Ваджэнне карагодаў каля кожнай хаты вёскі, выбар дзяўчыны, якая павінна была быць у вяночку і сімвалізаваць вясну, абавязковае частаванне ўдзельнікаў абраду мёдам і іншымі стравамі — важныя структурныя кампаненты гэтага абраду. Пасля таго, як прайшлі па вёсцы, трэба было ісці да месца, дзе расло жыта, дзе працягвалася выкананне абраду. Падкрэслім, што ўвесь шлях суправаджаецца спевамі: Патом ідуць з вёскі туды, дзе жыта расце. У жыце карагод водзяць па кругу. Патом выкапываюць магілку для стралы і кладуць ляльку ў яе» [2]. Мясцовыя жыхары верылі, што выкананне гэтага абраду дапаможа ім пазбегнуць пажараў і страт ад навальніцы. Пакладзеныя ў ямку побач з лялькай грошы, упрыгожванні, іншыя прадметныя атрыбуты павінны былі засцерагчы і паспрыяць ураджайнасці нівы: «У магілку людзі кідаюць грошы. Людзі гавораць, што страла збераге нас ад молніі і гразы, паможа захаваць уражай» [2]. Перад тым, як пакінуць поле, людзі адрывалі сабе па тры каласкі, каб зберагчы сябе і сваю хату ад маланкі. Каласы звычайна захоўвалі каля абразоў: «Усе бралі па тры каласы і неслі дамоў, дзе ставілі іх у кут. Гэта дзелалі для таго, штобы граза не ўдарыла ў хату ілі чалавека» [2]. Пасля завяршэння абраду пахавання стралы ўдзельнікі вярталіся да таго месца, дзе ён пачынаўся, і працягвалі пець песні, весяліцца.

Літаратура

  1. Новак, В. С. Абраднасць і паэзія «Пахавання стралы» / В. С. Новак. — Гомель: Гом. дзярж. ун-т, 2002. — 269 с.
  2. Уласныя запісы звестак ад жыхаркі в. Пералёўка Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці Пілігузавай Лідзіі Васільеўны, 1957 г. н.

Аўтар: Я.М. Пархоменка
Крыніца: Дни студенческой науки. Материалы XLIХ студенческой научно-практической конференции (Гомель, 14–15 мая 2020 года). В двух частях. Часть 2. Гомель ГГУ им. Ф. Скорины. 2020. С. 46-47.