Архіў І.І. Грыгаровіча: гісторыя страты і вяртання

0
259
Архіў І.І. Грыгаровіча гісторыя страты і вяртання

16 мая 1961 г. у Цэнтральны дзяржаўны архіў літаратуры i мастацтва БССР (цяпер Беларуси дзяржаўны архіў-музей літаратуры i мастацтва), адпаведна распараджэнню Галоўнага архіўнага ўпраўлення пры Савеце міністраў СССР ад 24 верасня 1960 г. № 3/7773, з Цэнтральнага дзяржаўнага архіва літаратуры i мастацтва (ЦДАЛМ) СССР паступіла 118 адзінак захоўвання, якія былі абазначаны як «Матэрыялы з Юдзінскай калекцыі». Крайнімі датамі дакументаў, якія складалі гэтае паступленне, былі выведзены 1240-1896 гг. Заўважу, што акт «Аб перадачы дакументальных матэрыялаў» быў складзены ў ЦДАЛМ СССР 19 снежня 1960 г. на адрас Галоўнага архіўнага ўпраўлення БССР, а вопіс, а дакладней раздзел вопісу Юдзінскай калекцыі, які быў падрыхтаваны ў ЦДАЛМ СССР, меў назву «Матэрыялы дзяржаўных архіваў Беларускай ССР». Відавочна, што пытанне аб месцы захоўвання беларускай часткі «Матэрыялаў з Юдзінскай калекцыі» было вырашана на ўзроўні Галоўархіва БССР да іх перамяшчэння ў Беларусь, бо факт наступления ва ўзгаданым тут акце быў зафіксаваны і падпісаны ўжо выключна кіраўніцтвам ЦДАЛМ БССР [4]. У літаратурным архіве гэтае паступленне было ўлічана як самастойны фонд № 6. Пэўны час фонд меў назву «Грыгаровічы I. I. i М. I., Рымашэўскія Г. A. і П. Ф. (Матэрыялы з Юдзінскай калекцыі)».

У 1968 г. за фондам замацавалася назва «Калекцыя дакументаў Грыгаровічаў Івана Іванавіча і Мікалая Іванавіча, археографаў». Пад гэтай назвай у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва ён захоўваецца і цяпер. 3 гэтага ж часу найболый ранняй датай дакументаў фонда было прынята лічыць пач. XIX ст. (бо арыгінал XIII ст. не захаваўся) — час, калі па замове графа М. П. Румянцава рабіліся копіі для яго ўласных збораў у кансісторыях, магістратах, павятовых судах і інш., у тым ліку і для будучага «Беларускага архіва» 1.1. Грыгаровіча. Самай позняй датай дакументаў гэтага фонда з’яўляецца 1896 г. — іскавая справа графа Е. Патоцкага, заведзеная ў Варшаўскім акруговым судзе. Але пакуль што няма доказаў што гэты дакумент мае дачыненне да Румянцаўскіх збораў ці да археаграфічнай дзейнасці Грыгаровічаў.

У 2003-2004 гг., высвятляючы гісторыю «Калекцыі дакументаў Грыгаровічаў», мы накіравалі лісты ў многія архіўныя ўстановы Расіі. Адмоўныя адказы, па розных прычынах, атрымалі ад усіх адрасатаў. Выключэннем быў толькі Дзяржаўны архіў Краснаярскага краю. Ліст за подпісам дырэктара архіва Вольгі Робертаўны Сордзія паведамляў, што дакументальная частка калекцыі купца Г. В. Юдзіна, вядомага бібліяфіла, збіральніка рукапісаў і выдаўца, якая засталася ў Расіі пасля продажу ім сваёй бібліятэкі ў ЗША ў 1906 г., паступіла ў 1920-я гг. у Дзяржаўны гістарычны архіў Краснаярскага края. Г этая калекцыя налічвала звыш 9 тысяч адзінак захоўвання аўтэнтычных дакументаў па гісторыі Расіі і іншых краін. У яе складзе знаходзіліся дакументы, якія былі часткамі фондаў самых розных дзяржаўных архіваў СССР.

У 1957 г. па рашэнні Галоўнага архіўнага ўпраўлення СССР калекцыя была перавезена ў Маскву, дзе, відавочна, была размешчана на плошчах Цэнтральнага дзяржаўнага архіва літаратуры і мастацтва СССР, наноў прайшла навукова-тэхнічную апрацоўку. Быў складзены агульны вопіс на ўсю калекцыю. У аснову сістэматызацыі матэрыялаў калекцыі ў новым вопісе быў пакладзены прынцып іх размеркавання па дзяржаўных архівах Расіі*. Яны склалі першы том вопісу. Дакументы, аднесеныя да дзяржаўных архіваў саюзных рэспублік, склалі другі том вопісу. Матэрыялы кожнага архіва складалі ў вопісе самастойны раздзел. Пасля завяршэння гэтай працы Галоўархівам СССР было прынята рашэнне аб перадачы матэрыялаў былой калекцыі Г. В. Юдзіна ў дзяржаўныя архівы Расіі і саюзных рэспублік у колькасці і складзе, якія значыліся ў адпаведных адрасных раздзелах. У Краснаярск было вернута крыху больні за 2500 адзінак захоўвання, дакументы якіх з’яўляліся выключна крыніцамі па гісторыі Сібіры і Краснаярскага краю ці належалі да гісторыі роду і сям’і Юдзіных [2]. У Беларусь паступілі адзінкі захоўвання з раздзела «Матэрыялы дзяржаўных архіваў Беларускай ССР», якія па вопісу значыліся ў межах №№ 8750-8865, а наўздагон да іх былі далучаны №№ 7124, 7125, 8315, раней аднесеныя, відавочна памылкова, да нейкіх іншых архіваў.

Такім чынам, пра тое, што перададзеныя дакументы належалі выключна збору ці калекцыі Грыгаровічаў, на момант перадачы іх у літаратурны архіў Беларусі гаворкі не было, а перадаваліся вылучаныя з агульнай Юдзінскай калекцыі даку­менты па гісторыі Беларусі [4]. У гэты збор увайшлі дакументы як Грыгаровічаў, так і прадстаўнікоў шляхецкіх беларускіх родаў Рымашэўскіх, Пацэйкаў, асобныя дакументы па гісторыі сацыяльна-грамадскага ўладкавання, гісторыі царквы, гісторыі права і інш. Тут належыць гаварыць пра пазней дапушчаную памылку пры ўдакладненні назвы і статусу гэтага наступления ўжо ў ЦДАЛМ, што і сёння можа ствараць няправільнае ўяўленне аб тым, што ўсе 118 адзінак гэтай калекцыі маюць выключнае дачыненне да дзейнасці бацькі і сына Грыгаровічаў [1].

Узнікае пытанне: а як увогуле магла трапіць у Краснаярскую калекцыю куп­ца Г. В. Юдзіна такая значная частка архіва Грыгаровічаў, што пачынаў сваю гісторыю ад першай чвэрці XIX ст. у беларускім Гомелі? Тут варта згадаць пра саму асобу збіральніка. Генадзь Васілевіч Юдзін (1840-1912) з канца 1860-х гг. пачаў збіраць бібліятэку, і менавіта яна зрабіла яго вядомым не толькі ў Расіі, але і за яе межамі. 3 сярэдзіны 1890-х гг. увагу збіральніка пачынае захапляць эпісталярная і ўвогуле рукапісная спадчына самых розных асоб. У 1895-1902 гг. у Маскоўскім архіве Міністэрства юстыцыі працаваў чыноўнік I. С. Бяляеў, які па даручэнні Г. В. Юдзіна здымаў копіі з дакументаў, у якіх ён быў зацікаўлены. Магчыма, што I. С. Бяляеў быў не толькі капіявістам дакументаў, але мог і спрыяць наступлениям у калекцыю рукапісных матэрыялаў непасрэдна ад уладальнікаў такіх. Праз некалькі дзесяцігоддзяў памеры кніжных і дакументальных збораў сталі такімі вялікімі, што правільна іх захоўваць і сістэматызаваць станавілася справай складанай. У 1902-1903 гг. Юдзін вядзе перапіску аб продажы сваёй бібліятэкі ў ЗША.

У 1907 г. у Расію накіроўваецца прадстаўнік Вашынгтонскай бібліятэкі Кангрэса ЗША А. В. Бабін для пакупкі юдзінскіх збораў. Як адзначана ў гістарычнай даведцы да фонда Г. В. Юдзіна, які і сёння захоўваецца ў Краснаярскім архіве, прададзеная бібліятэка «склала ядро славянский часткі Вашынгтонскай бібліятэкі Кангрэса ЗША». Пасля продажу бібліятэкі Г. Юдзін працягваў і далей збіранне кніг і рукапісаў. Пасля яго смерці ў 1912 г. яго калекцыі перайшлі да спадчыннікаў, а ў 1920-я гг. былі нацыяналізаваны і перададзены ў Краснаярскі музей, а пазней — у Дзяржаўны гістарычны архіў Краснаярскага краю [2].

Дакументы Грыгаровічаў, мяркую, маглі трапіць у калекцыю пасля смерці Мікалая Іванавіча Грыгаровіча — сына і прадаўжальніка справы I. I. Грыгаровіча. М. I. Грыгаровіч (1835-1889), загадчык архіва і бібліятэкі Свяцейшага Сінода, зрабіў значны ўнёсак у развіццё архіўнай справы Расіі. Вывучаў арганізацыю многіх расійскіх архіваў, распрацаваў сваю уласную сістэму ўладкавання архіваў, якую з поспехам прымяніў у працы Сінадальнага архіва. Па яго ініцыятыве ў 1865 г. была створана камісія для разборкі і апісання спраў названага архіва, сам ён працаваў у яе складзе справаводам, прымаў удзел у падрыхтоўцы да выдання 4 тамоў Апісання дакументаў і спраў Свяцейшага Сінода, Поўнага збору пастаноў па Ведамству праваслаўнага вызнання, у апісанні архіва грэка-уніяцкіх мітрапалітаў, удзельнічаў у зборы матэрыялаў для Рускага біяграфічнага слоўніка. М. I. Грыгаровіч уваходзіў у склад Камісіі па ахове помнікаў даўніны, Камісіі аб разглядзе праекта па ўладкаванні рускіх архіваў, з’яўляўся прадстаўніком духоўнага ведамства у статыстычным савеце пры міністэрстве ўнутраных спраў, быў сябрам Археаграфічнай камісіі, царкоўна-археалагічнага таварыства і інш. Факты жыцця і дзейнасці Мікалая Іванавіча даюць падставы меркаваць, што менавіта ён быў захавальнікам архіва бацькі (у сям’і Грыгаровічаў, акрамя Мікалая, былі яшчэ сыны Іван, Васіль, Міхаіл і дачка Марыя), а многія крыніцы з яго збораў выкарыстаў пазней у сваіх працах [1]. Пра сям’ю Мікалая Грыгаровіча звестак пакуль што не сабрана, але ёсць меркаванні, што сва­ей уласнай сям’і ён не меў. 3 кастрычніка 1887 г. ён пакутаваў на нервовую хваробу і ў сакавіку 1889 г. быў вызвалены з пасады. Апошнія дні жыцця правёў у лякарні для душэўнахворых на ст. Удзельная Фінляндскай чыгункі, дзе і быў пахаваны.

Архіўнай спадчынай бацькі і сына Івана і Мікалая Грыгаровічаў пасля смерці апошняга мог апекавацца Іван Іванавіч Грыгаровіч (1833-1904) — старэйшы з сыноў археографа і святара. Іван Грыгаровіч-сын скончыў у свой час Пецярбургскі ўніверсітэт, быў сябрам гістарычнага таварыства пры ўніверсітэце, працаваў у Мікалаеўскай акадэміі Генеральнага штаба, Смольным інстытуце, інспектарам Пецярбургскага камерцыйнага вучылішча. Як гісторык, быў спецыялістам у галіне навейшай і палітычнай гісторыі, выдаў некалькі кніг. Яго накіды да кнігі «Сигизмунд, барон Герберштейн, его жизнь и значение как писателя о России» захаваліся ў названым тут фондзе літаратурнага архіва, праўда, памылкова прыпісаны брату Мікалаю. У апошнія гады жыцця Івана Грыгаровіча-сына, праз давераных асоб (не выключана, што з Г. Юдзіным браты Грыгаровічы былі асабіста знаёмыя), сямейны архіў і быў перададзены ў надзейныя сховы збіральніка.

Упершыню пра дакументы з асабістага архіва Грыгаровічаў у Дзяржаўным архіве Краснаярскага краю расказаў вядомы савецкі і рускі гісторык А. А. Праабражэнскі (1925-2002). Будучы вучоны пасля сканчэння ў 1950 г. Маскоўскага гістарычна-архіўнага інстытута быў накіраваны на працу на пасаду начальніка вышэй назва­нага архіва, на якой адпрацаваў тры гады. Зразумела, што асаблівую яго ўвагу як гісторыка-архівіста прыцягнула «Юдзінская калекцыя»[3]. Не выключана, што менавіта з яго высноў адносна гэтай калекцыі і пачалася яе навуковая экспертиза, за якой паследавалі далейшыя падзеі. Калекцыя, калі да знаёмства з ёй прыступіў А. А. Праабражэнскі, мела вельмі блытаную сістэматызацыю. Апрацаваная ўпершыню толькі ў 1940-1942 гг., яна глыбока не вывучалася: размеркаванне па вопісах было праведзена адвольна, без уліку прыналежнасці да гістарычных перыядаў, моўных асаблівасцей, геаграфіі ўзнікнення і аўтарства дакументаў. Усе адзінкі захоўвання былі размеркаваны па 102 вопісах, а значная частка іх увогуле не была апісана. Зразумела, што і дакументы Грыгаровічаў былі ўключаны ў розныя вопісы, колькасць якіх налічвала каля дзесяці.

Сучасныя гісторыкі маюць унікальную магчымасць вывучаць збор сямейнага архіва Грыгаровічаў без абмежаванняў і далёкіх вандровак. Але найперш сучасныя гісторыкі, архівісты і навуковая грамадскасць увогуле павінны паклапаціцца пра выданне спадчыны Івана Іванавіча Грыгаровіча, добрая частка якой чакае свайго чытача амаль два стагоддзі.

* «ЦГДА», «ЦГИАМ», «ЦГИАЛ», «ЦГВИА», «ЦГАВМФ», «ЦГАЛИ» і архіў «МИД».


Крыніцы і літаратура

  1. Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. — Ф. 6. BОп. 1. Адз. зах. 2, 14, 15, 25.
  2. Личные фонды: Справочник. // Администрация Красноярского края. Комитет по делам архивов. Красноярск, 2001.
  3. Преображенский, А. А. Коллекция Юдина в государственном архиве Красноярского края / А. А. Преображенский // Археографический ежегодник на 1958 год. — М., 1960. — С. 267-268.
  4. Справа фонду № 6 «Калекцыя дакументаў Грыгаровічаў Івана Іванавіча і Мікалая Іванавіча, археографаў» // Беларуси дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва: аддзел уліку.

Аўтар: Г.В. Запартыка
Крыніца: Гомельский дворцово-парковый ансамбль: от усадьбы до музейного комплекса: сбор­ник материалов международной научно-практической конференции. – Гомель: Барк, 2019. — С. 160-163.