Архітэктурная спадчына Мазыра

0
1741
Малюнак 1 — Мазыр. Кляштар бернардзінцаў; цяпер Свята-Міхайлаўскі сабор (XVII ст., барока) і архітэктурная спадчына Мазыра
Малюнак 1 — Мазыр. Кляштар бернардзінцаў; цяпер Свята-Міхайлаўскі сабор (XVII ст., барока)

Мазыр мае даволі багатую і разнастайную архітэктурную спадчыну сярод якой ёсць помнікі віленскага барока, мадэрну, канструктывізму, сталінскага ампіру і інш.

Да самых цікавых будынкаў горада адносіцца комплекс былога кляштара бернардзінцаў: касцёл і жылы корпус; цяпер Свята-Міхайлаўскі сабор (малюнак 1).

Бернардзінскі кляштар быў заснаваны 25 чэрвеня 1645 г. намеснікам Стэфанам Лозкам. Будынкі яго спачатку былі драўляныя і пацярпелі ад пажару ў канцы XVII ст. У 1760-1778 гг. маршалак мазырскі Казімір Аскерка “адбудаваў касцёл з грунту” ў стылі позняга барока, які быў асвячоны ў гонар Міхаіла Архангела 16 ліпеня 1775 г. [1, с. 241]. Кляштар складаўся з касцёла і прыбудаванага да яго з усходняга боку жылога корпуса. Ён быў закрыты расійскімі ўладамі пасля шляхецкага паўстання ў 1832 г. і прыстасаваны пад гарадскую бальніцу, а ў 1839 г. аддадзены пад прысутныя месцы. З 1847 г. там размяшчаўся шпіталь. Будынак касцёла быў перададзены праваслаўным вернікам, але ў 1839 г. ён значна пацярпеў ад пажару. У сувязі з гэтым пачалася рэканструкцыя, і ў 1865 г. сабор асвяцілі ў імя архістраціга Міхаіла [2, с. 108].

Свята-Міхайлаўскі кафедральны сабор — помнік архітэктуры барока, 3-нефавы, 2-вежавы. Галоўны фасад раскрапаваны пілястрамі і карнізамі. Уваход аформлены кілепадобным парталам з крывалінейным франтонам.

Пры перабудове верхнія ярусы вежаў барочнага характару замянілі на чацверыковыя званіцы ў стылі позняга класіцызму, завершаныя псеўдарускімі шатровымі купаламі з цыбулепадобнымі галоўкамі. Прастора інтэр’ера падзелена 4 слупамі на 3 нефы. Цэн­тральны неф Свята-Міхайлаўскага сабора перакрыты цыліндрычным скляпеннем, бакавыя — крыжовымі на падпружных арках, абапёрты на слупавыя і насценныя пілястры. Сёння скляпенні аздоблены арнаментальным і сюжэтным фрэскавым жывапісам. На арганныя хоры, якія знаходзяцца над уваходам, вядуць вітыя ўсходы ў тоўшчы фасад най сцяны. Пад 5-граннай алтарнай часткай, аддзеленай іканастасам, знаходзіцца крыпта. Да нашых дзён захавалася некалькі надмагільных пліт буйнога шляхецкага роду Аскеркаў.

У 30-я гг. XX ст. у царкве знаходзілася турма НКУС Палескай вобласці. Па некаторых звестках у крыпце сабора былі растраляны 1892 чалавекі. Пра гэтыя падзеі сведчыць мемарыяльная дошка на храме.

Жылы корпус мае характерную галерэйную планіроўку, келлі маюць выхад у калідор, асветлены аконнымі праёмамі. Гэта 2-павярховы Г-падобны ў плане будынак. У тарцовай частцы размяшчалася вялікая квадратная зала — трапезная, перакрытая цыліндрычнымі скляпеннямі на распалубках.

Помнікам барока з’яўляецца таксама цыстэрцыянскі жаночы кляштар (1743-1745 гг., 1893-1894 гг.), размешчаны па вул. Гогаля. Таўшчыня сцен касцёла дасягае 1,5 м, па перыметры на вышыні антаблемента знаходзяцца круглыя адтуліны, якія, магчыма, выкарыстоўваліся як байніцы для абароны. У інтэр’еры масіўнасць бакавых сцен зменшана разгрузачнымі арачнымі нішамі, якія адзначаюць месцы прысценных алтароў. Алтарная частка вылучана пілонамі, якія моцна выступаюць. У пачатку XIX ст. сцены храма былі ўпрыгожаны фрэскавым жывапісам.

У межах сучаснай тэрыторыі Беларусі цыстэрцыянскіх кляштароў было толькі тры: два з іх — мужчынскі і жаночы — у Мазыры, у т. зв. Анёльскай даліне (урочышча Кімбараўка). Навагрудскі кашталян, уладальнік зямель у Мазырскім павеце Антоній Аскерка прыкладна ў 1710-я гг. ахвяраваў на будаўніцтва кляштара з касцёлам [3, с. 93].

Па ініцыятыве караля Рэчы Паспалітай, вялікага князя літоўскага Аўгуста II і прыёра мужчынскага кляштара Бенедыкта Ражанскага быў створаны жаночы драўляны кляштар. Манашкі былі пераведзены з Вільні, дзе да гэтага часу існаваў адзіны ў BKJI кляш­тар цыстэрцыянак. Казімір Сапега падарыў цыстэрцыянкам 30 тыс. злотых. На гэтыя сродкі быў пабудаваны мураваны храм Св. Міхаі­ла Архангела ў 1743-1745 гг. [4]. У 1750 г. (праз 6 год пасля адбудавання) прыстанак пацярпеў ад казакаў падчас гайдамацкіх хваляванняў. Пры кляштары існавала школа для дзяўчынак, дзе выкладалі арыфметыку, музыку, гігієну, французскую і лацінскую мовы. Праіснаваў жаночы прыстанак у Анёльскай даліне да 1883 г. Кляш­тар быў перададзены праваслаўнаму ведамству, і касцёл рэканструяваны ў 1893-1894 гг. пад царкву Св. Троіцы [38, с. 93].

У савецкі час кляштар быў сховішчам, інтэрнатам і спартыўнай базай.

Да сённяшняга дня захаваўся 2-павярховы мураваны будынак, прамавугольны ў плане. Накрыты ён 2-схільным дахам. Фаса­ды рытмічна расчлянёны прамавугольнымі вокнамі, у прасценках шырокімі лапаткамі. На першым паверсе планіроўка галерэйная з аднабаковым размяшчэннем тыпавых келляў з цыліндрычнымі скляпеністымі перакрыццямі. Апошнім часам доўжыцца рэстаўрацыя, пасля яе заканчэння комплекс павінен набыць той выгляд, які меў у часы свайго росквіту. У 90-я гг. XX ст. храм быў асвячоны біскупам — кардыналам Казімірам Свёнтакам. Інтэр’ер святыні адноўлены. Галоўны алтар выкананы сучасным майстрам з Польшчы, а алтарны абраз — копія знакамітага цудадзейнага абраза Маці Божай Юравіцкай, які прыналежыў некалі езуітам. У храме захавалася старажытная драўляная статуя Езуса Хрыста (XVIII ст.).

Яшчэ адзін культавы будынак — былы Дом абароны (к. XIX — пач. XX ст.) — цяпер Свята-Мікольская царква — помнік архітэктуры канструктывізму, прамавугольны ў плане 2-павярховы будынак, накрыты высокім дахам, мае асіметрычную аб’ёмную кампазіцыю (малюнак 2). Дамінантай яго галоўнага фасада з’яўляецца аб’ём круглаватай лесвічнай клеткі, завершанай шатром. Над уваходнай лоджыяй — тэраса. Дом меў калідорную планіроўку.

Малюнак 2 — Свята-Мікольская царква, колішні Дом абароны (канструктывізм)
Малюнак 2 — Свята-Мікольская царква, колішні Дом абароны (канструктывізм)

Да помнікаў архітэктуры канструктывізму, што ўключаны ў Нацыянальны рэестр помнікаў гісторыі і культуры, належыць буды­нак драматычнага тэатра імя I. Мележа, пабудаваны ў 1929-1932 гг. з цэглы як клуб-тэатр (малюнак 3). 2-павярховы, асіметрычны ў пла­не, П-падобны будынак мае размежаваныя відовішчную і клубную часткі, якія аб’яднаны папярочным крылом-пераходам. Уваход у тэатр вырашаны ў выглядзе паўкруглай каланады на галоўным фасадзе. Архітэктура фасадаў заснавана на спалучэнні круглаватага і прамавугольнага аб’ёмаў на рытме прамавугольных вертыкальных і гарызантальных аконных праёмаў. Відовішчная частка будынка ўключае паўкруглы вестыбюль, фае з паўкруглымі лесвіцамі, глядзельную залу, сцэну і службовыя памяшканні для акцёраў па баках. Месцы ў глядзельнай зале размешчаны амфітэатрам. У будынку працавалі мазырскія тэатры: рабочай моладзі (з 1935 г.), калгасна-саўгасны (1935-1938 гг.), Палескі абласны драматычны (1938-1941 гг., 1944-1946 гг.).

Малюнак 3 — Мазырскі драматычны тэатр імя I. Мележа (канструктывізм)
Малюнак 3 — Мазырскі драматычны тэатр імя I. Мележа (канструктывізм)

Прыёмы, характэрныя для архітэктуры мадэрну, выкарыстаны ў будаўніцтве былой дзіцячай бальніцы (малюнак 4, на с. 4 вок­ладкі). Структура будынка адпавядае класічнай планіроўцы палацаў Беларусі XVII-XVIII стст. Пад карнізам размешчаны гарадкі. З усходняга боку да будынка прыбудавана круглая вежа, у якой знаходзіцца лесвіца. Сваімі агульнымі абрысамі шпіталь нагадвае ад­начасова сярэдневяковы рыцарскі замак з яго зубцамі і вежамі і спячага дракона з востраканцовымі “шыпамі” пінакляў і “луской” фігурнай муроўкі на агульным пясочным колеры.

Малюнак 4 - Былая дзіцячая бальніца ў МазырыПрадстаўнік тыповай грамадзянскай архітэктуры ў Мазыры канца XIX ст. — 2-павярховы, прамавугольны ў плане дом, першы паверх якога мураваны, а другі — драўляны. Будынак накрыты 4-схільным дахам. Усё дэкаратыўнае аздабленне яго — гэта разныя аконныя ліштвы другога паверха і невялікі дэкор ці без дэкора. Характэрная яго асаблівасць — 3-часткавае чляненне фасада. Вокны размешчаны адпаведна яму: 3 з іх скампанаваны ў цэнтры і па аднаму па баках.

Цікавым з’яўляецца будынак мазырскага турэмнага замка, пабудаванага ў канцы XIX ст.

Самы загадкавы будынак у горадзе знешне непрыкметны — дзіцячая спартыўная школа № 1, якая знаходзіцца на былой Замкавай гары — магчыма, гэта мураваная сведка існавання мазырскага замка. Будынак узгадваецца ў дакументах як замкавая скарб-ніца, адзначаеццапланамі горада 1769 г., 1800 г. і 1825 г. [5, с. 19; 6]. Так, план 1800 г. адлюстроўвае цэнтральную частку Мазыра — дзве часткі Замкавай гары. У першай — размяшчаліся “деревянные при­сутственные места и каменная кладовая для хранения казен­ных сумм” (“драўляныя прысутныя месцы і мураваная кладоўка для захоўвання казённых сум”), у другой — “старинное клад­бище и деревянная греко-российская церковь во имя Преобра­жения Господнего” (“старадаўнія могілкі і драўляная грэкарасійская царква ў імя Ператварэння Гасподняга”).

“Топографическое описание Минской губернии” пра Мазыр у канцы XVIII ст. сведчыць: “отменных зданий никаких не имеет­ся, за исключением одного бернардинского каменного кляштора и развалившихся двух земляных замков, называемых ста­рым и новым, на коих в старом — одна только деревянная цер­ковь, а в новом — ветхий дом для присутственных мест и при нем каменный архив” (“выдатных будынкаў ніякіх няма, за выключэннем аднаго бернардзінскага каменнага кляштара і разваленых двух земляных замкаў, называных старым і новым, на якіх у старым — адна толькі драўляная царква, а ў новым — драхлы дом для прысутных месцаў і пры ім каменны архіў” [7, с. 123].

Такім чынам, архітэктурная спадчына Мазыра патрабуе далейшага даследавання і сістэматызацыі, выяўлення агульных і асаблівых рыс у кантэксце агульнадзяржаўнага і еўрапейскага развіцця.

Спіс літаратуры

  1. Габрусь, Т.В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т.В. Габрусь. — Мінск: Ураджай, 2001. — 287 с.
  2. Кулагін, А.Н. Праваслаўныя храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А.Н. Кулагін. — Мінск : БелЭн, 2001. — 328 с.
  3. Кулагін, А.Н. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік /
  4. А.Н. Кулагін. — Мінск: БелЭн, 2000. — 216 с.
  5. Нацыянальны гістарычны архіўБеларусі (НГАБ). — Фонд 1771. — Воп. 1. — Спр. 1. — Арк. 7 адв.
  6. Крукоўскі, А.Я. Горад Мазыр і яго ваколіцы / А.Я. Крукоўскі II Наш край. — 1927. — №3, — С. 17-28.
  7. НГАБ. — Фонд 1477. — Воп. 1. — Спр. 1662. — Арк. 1.
  8. Егоров, Ю. Градостроительство в Белоруссии / Ю. Егоров. — М.: Гос. издательство по строительству и архитектуре, 1954. — 282 с.

Аўтар: А.Я. Барсук
Крыніца: Шацілкаўскія чытанні : зборнік навуковых артыкулаў [складзены на аснове матэрыялаў III навукова-практычнай канферэнцыі “Шацілкаўскія чытанні” / укладальнік Т. В. Маслюкоў]. — Светлагорск. — 2011. — Вып. 2. — С. 71―77