У 2012 г. праводзілася археалагічнае абследванне тэрыторыі г. Жлобін Гомельскай вобл. Жлобін знаходзіцца ў Беларускім Падняпроўі. У апошнія гады ён стаў трэцім па колькасці насельніцтва горадам Гомельскай вобл. Гэта павялічвае актуальнасць вывучэння ўсіх гістарычных этапаў яго развіцця.
Застаецца маладаследаванай ранняя гісторыя Жлобіна, прынамсі, дагэтуль невядомы час яго заснавання. Мэта працы – пошук новых гісторыка-археалагічных звестак пра Жлобін. Аб’ектамі абследаванняў з’яўляліся селішча і замчышча ў межах горада.
Падчас вайны паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай 1654–1667 гг. наказны гетман Войска Запарожскага І. Н. Залатарэнка, які ваяваў на баку Маскоўскай дзяржавы, у лісце ад 15 ліпеня 1654 г. паведаміў, што яго войскі спалілі “замак Злобін” (разам з замкамі Рэчыца, Стрэшын, Рагачоў, Горваль – усе гэтыя пункты ў сучаснай Гомельскай вобл.) [1]. Іншых пісьмовых звестак пра замак няма [2].
Замак Злобін прынята суадносіць з тэрыторыяй сучаснага г. Жлобін. У такім разе звесткі пра падзеі 1654 г. можна лічыць першай пісьмовай згадкай пра Жлобін. Злобін згадваецца ці як мястэчка, ці сярод гарадоў і ў некаторых іншых дакументах ваенных падзей 1654–1655 гг. [3].
Разам з тым, звернем увагу на тое, што на карце 1772 г. паказаны Вышні Жлобін і Ніжні Жлобін: Vysz. Złobyn, Nis. Złobyn (параўн. сучасн. польск.: niski – нізкі). Адзін з іх лакалізуецца ніжэй г. Рагачоў па р. Дняпро і суадносіцца з сучасным г. Жлобін; другі – вышэй Рагачова. Магчыма, укладальнікі пераблыталі “Вышні” і “Ніжні”, таму што пункт вышэй Рагачова пазначаны як “Nis.”, і наадворот (памылка магла ўзнікнуць у выніку таго, што карта выдавалася ў Парыжы) [3]. Вышні і Ніжні Жлобін (Vysz. Zlobyn, Nis. Zlobyn) паўтораны і на картах 1776, 1799 гг. [4; 5]. Акрамя таго, на картах 1772, 1776 гг. Жлобін (Złobyn) знаходзіцца на р. Бярэзіна, вышэй Горвалі (сучасная вёска Рэчыцкага р-на) па цячэнню. Т. ч., картаграфічныя крыніцы не даюць адназначнага варыянту месцазнаходжання Злобіна 1654–1655 гг.
У некаторых публікацыях сцвярджаецца, што першая згадка пра Жлобін пад назвай Хлепень адносіцца да 1492 г. Ёсць неабходнасць разгледзіць гэтае пытанне. Як высветлілася, упершыню такія звесткі згадваюцца ў Энцыклапедычным слоўніку Бракгаўза і Эфрона, т. XII, 1894 г. [6]. У даведцы Інстытута гісторыі АН БССР аб першай згадцы пра г. Жлобін ад 18.01.1989 г. (склалі М. К. Кошалеў, В. С. Менжынскі) даецца спасылка на Энцыклапедычны слоўнік 1844 г. – гэта памылка друку, трэба чытаць “1894”. У даведцы адзначана, што Жлобін пішацца ў 1492 г. пад назвай Хлепень у “Хроніцы Быхаўца”. Аднак пасля пераправеркі матэрыялаў В. С. Менжынскі склаў “Даведку Інстытута гісторыі АН РБ аб першых звестках пра г. Жлобін” ад 10.03.1992, у якой патлумачыў памылковасць меркавання пра 1492 г. як даце першай згадкі, і адзначыў, што матэрыялаў пра згадку Жлобіна ў XV – XVI стст. няма (даведкі захоўваюцца ў Жлобінскім гісторыка-краязнаўчым музеі).
Варта адзначыць, што г. Хлепень згадваецца пад 1492 г. ў “Хроніцы Быхаўца” разам з гарадамі Мязеск (зараз Мяшчоўск Калужскай вобл.), Любуцеск (існаваў на тэрыторыі сучасн. Ферзікоўскага р-на Калужскай вобл.), Мцэнск (зараз Арлоўскай вобл.), Серпайск (зараз сяло Сярпейск, Мяшчоўскі р-н Калуж. вобл., усе – Расія) [7]. У Сычоўскім р-не Смаленскай вобл. ёсць в. Хлепень з гарадзішчам. У лісце вялікага кн. маскоўскага Івана Васільевіча (лістапад – снежань 1492 г.) разам з Хлепенем згадваецца “воласць Рагачоў” (магчыма, сучасн. с. Рагачова Дмітраўскага р-на Маскоўскай вобл). Пра ўсе гэтыя гарады пішацца ў дакументах у сувязі з памежнымі спрэчкамі паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Вялікім Княствам Маскоўскім.
Верагодна, пры ўкладанні слоўніка Бракгаўза і Эфрона “воласць Рагачоў” была памылкова суаднесена з г. Рагачоў (Гомельскай вобл.), а з Хлепенем атаясамляўся суседні Жлобін.
На памылковасць суаднясення Хлепеня са Жлобіным ўказаў М. А. Ткачоў [8, с. 178]. Месцазнаходжанне спрэчных зямель 1492 г., у т. л. Хлепеня, разглядаў В. М. Цемушаў, у яго працы пытанне аб суаднясенні Хлепеня са Жлобіным не паўстала [9].
Частыя пісьмовыя звесткі пра Жлобін пачынаюць сустракацца ў дакументах з 1790-х гг. Населены пункт набыў у 1818 г. афіцыйны статус мястэчка. Буйнамаштабныя карты 1853, 1899 гг. і фотаздымак пач. ХХ ст. паказваюць, што гістарычная частка Жлобіна размяшчалася паміж Свята-Траецкім саборам, р. Дняпро, колішнім ручаём Чорначка (прыток Дняпра, цяпер у калектары) і шляхам Рагачоў – Рэчыца (зараз вул. Маркса). Паводле вынікаў апытання мясцовых жыхароў, гэтую тэрыторыю забудавалі (пераважна аднапавярховымі дамамі) і па свайму значэнню менавіта яна з’яўлялася цэнтрам горада аж да Вялікай Айчыннай вайны. Падчас вайны будынкі панішчылі, а пазней заклалі гарадскі парк культуры і адпачынку “Прыдняпроўскі”.
На гэтай тэрыторыі ў 1983 г. М. А. Ткачоў выявіў і абследаваў замчышча і селішча (падчас збору археалагічных звестак пра замкі Беларусі). На замчышчы размяшчаецца спартыўная школа і школьны стадыён. Селішча знаходзіцца паміж замчышчам і р. Дняпро, на ім цяпер парк. М. А. Ткачоў выявіў на селішчы культурны пласт таўшчынёй да 1 м з керамікай XIV–XVII стст. [10].
У 2012 г. на селішчы абследавалася паверхня культурнага слоя шырынёй 25 – 30 м уздоўж замчышча і далей на поўдзень, па заходняй ускраіне парка ў паласе шырынёй 10 м. Агульная плошча абследаванага ўчастку – каля 5150 кв. м., на ім збіраўся паверхневы матэрыял.
Найбольш раннія знаходкі – ляпная кераміка, якая знойдзена на тэрыторыі Жлобіна ўпершыню. На некаторых фрагментах адзначаліся сляды паралельных расчосаў па ўсёй паверхні. На некаторых фрагментах па расчосах наносіліся кароткія дыяганальныя штрыхі. Такі арнамент характэрны для культуры штрыхаванай керамікі, але сустракаецца ў іншых культурах железнага веку. Абломкі ганчарнай непаліванай керамікі – найбольш частыя знаходкі на селішчы. Пераважаюць фрагменты цёмна-шэрага колеру, які атрымлівалі задымліваннем. Паверхня неглянцаваная, таўшчыня сценак 0,1–0,8 см, донцаў да 0,9 см. Па формуле [R=(L²+4h²):8h]×2 вылічваўся знешні дыяметр аднаго з венцаў: 15 см; донца – 9,3 см. Задымлівалі пераважна кухонны посуд. Кераміка адносіцца да XVI–XVIII стст. Сустракаецца таксама паліваная кераміка, якая пакрывалася палівай па знешняй альбо па ўнутранай паверхнях. У палівы жоўты, зялёны, карычневы і шэры колеры розных адценняў. Ёсць фрагменты з празрыстай палівай. У некаторых фрагментаў ёсць белыя плямы – магчыма, сляды ангабавання. Прасочваліся рознай формы профілі сценак. Таўшчыня сценак 0,1 – 0,4 см, донца да 0,7 см. Звычайна палівай пакрывалі сталовы посуд. Радыус буйнога фрагмента донца – 7,4 см. Знешні дыяметр двух венцаў – 8,7 см (куфаль, карычневы) і 13 см (міска, жоўта-зялёная). Кераміка з празрыстай палівай і ангабаваннем адносіцца да XVI–XVII стст., непразрыстай – да XVII – пач. ХХ стст.
На селішчы знойдзены фрагменты глінабітных канструкцый. У іх з аднаго боку плоская паверхня без слядоў апрацоўкі, у тоўшчы – шматлікія сляды саломы, якую дамешвалі для трываласці канструкцыі. З унутранага боку – сляды абпальвання. Верагодна, яны адносіліся да глінабітных печаў. Глінабітныя печы ў жылых пабудовах рабілі да І пал. ХІХ ст.; печы-домніцы, пра што сведчаць знаходкі шлакаў, — да 1870-х гг.
Сярод знаходак – гліняная абмазка сцен. У Гомельскай вобласці гліняная абмазка знойдзена, у прыватнасці, пры раскопках Турава (Жыткавіцкі р-н). У жлобінскай абмазкі плоская роўная паверхня з абодвух бакоў, без слядоў абпальвання і дамешак саломы. На некаторых фрагментах – апрацоўка ў выглядзе паралельных расчэсаў, якія наносіліся, верагодна, толькі па знешняй ці па ўсёй паверхні. Таўшыня – да 1,8 см – паказвае, што абмазкай пакрывалі вялікія збудаванні, магчыма, замкавыя сцены.
Па пісьмовых крыніцах вядома, што глінай абмазвалі драўляныя замкі Гомеля, Рэчыцы, Стрэшына, якія існавалі адначасова з замкам Злобін.
На селішчы часта сустракаўся шлак, што можа сведчыць пра існаванне мясцовай металургічнай вытворчасці. Выплаўка жалеза з мясцовай сыравіны (бурага жалязняка) вялася на тэрыторыі Беларусі з VII ст. да н. э. да 1870-х гг., звычайна па-за межамі паселішчаў, побач з месцамі здабычы сыравіны. Відавочна, вытворчасць жалеза тут існавала да таго, як склалася забудова — не пазней XV–ХVI стст. Сярод знаходак ёсць таксама невялікі фрагмент кафлі (румпы), вырабаў з жалеза і шкла, цэглы ХІХ ст.
Аглядаліся таксама схілы замчышча. Паверхневы матэрыял на іх аналагічны матэрыялу з селішча. У складзе сабраных артэфактаў — каваны цвік-ухналь даўжынёй 2,5 см.
Заслугоўвае ўвагі знаходка, пра якую паведаміў краязнаўца Г.М. Пархоменка. Некалькі гадоў таму ён выявіў на дне Дняпра, побач з селішчам дубовы кол, які мог быць элементам абарончых умацаванняў. Кол захоўваецца ў жлобінскім музеі. Яго зрабілі з жэрдкі (ступень маронасці, паводле адпаведных табліц складае 280 – 570 год). Такім чынам, выраб можна аднесці да XV – пач. XVIІ стст. Магчыма, ён мог уваходзіць у берагавую агароджу “двара” – маёнтка, які, напэўна, злучаўся з замкам. Паводле пісьмовых крыніц вядома, што ў пач. ХVII ст. такі двор існаваў ля замка ў Стрэшыне, ён быў абнесены агароджай з хваёвых бярвенняў, а ад Дняпра – дубовымі вострымі каламі.
Атрыманыя матэрыялы дазваляюць зрабіць наступныя высновы. У гэтым месцы паселішча існавала ўжо ў эпоху жалеза – прыблізна ў к. І тыс. да н. э. – пач. І тыс. н. э. Найбольш раннія знаходкі з тэрыторыі г. Жлобіна адносяцца да XIV ст. (паводле М. А. Ткачова). Абранню месца для Жлобіна спрыялі, відавочна, прыблізна аднолькавая адлегласць да суседніх замкаў па Дняпру – Рагачова і Стрэшына, і зручны ўчастак для прыстані (вышэй і ніжэй па берагу працяглая забалочанасць). Непарыўнасць развіцця паселішча паццвярджаецца матэрыяламі XV – XVIII стст., прыблізна з XVI ст. прасочваюцца адзнакі мястэчка. Разам з тым, пакуль рана рабіць канчатковыя высновы пра час утварэння Жлобіна, для чаго патрабуюцца далейшыя даследаванні. У абследаваннях бралі ўдзел магістр гістарычных навук А. В. Петухоў і вучаніца 11 класа гімназіі А. Леончык (Светлагорск). Сабраныя археалагічныя матэрыялы перадаваліся ў Жлобінскі гісторыка-краязнаўчы музей.
- Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России, собранные и изданные Археографической комиссией: в 15 т. (Дополнения к т. 3). – СПб., 1863 – 1892. – Т. 14: 1654–1655 [гг.]. – СПб., 1889. – С. 137.
- Ткачоў М. А. Замкі і людзі. – Мінск, 1991. – С. 152.
- Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России… – С. 83, 100, 137, 424, 433, 710.
- Carte de la Pologne divisée par provinces et Palatinats et subdivisée par districts / construite d’après quantité d’arpentages d’observations par J.A.B. Rizzi Zannoni. – Paris, 1772. – С. 121.
- A Map of the Kingdom of Poland and the Grand Duchy of Lithuania including Samogitia and Curland. – London, 1799.
- Энциклопедический словарь: в 43 т. – СПб., 1890–1907. – СПб., 1894. – Т. 12: Жилы – Земпах. – С. 127.
- Хроніка Биховця // Ізборник [Электронны рэсурс]. – 2003. – Рэжым доступу: http://litopys.org.ua/psrl3235/lytov08.htm – Дата доступу: 20.02.2013.
- Ткачоў М. А. Замкі і людзі. – С. 178.
- Цемушаў В. “Вайна пад час міру”. Першая памежная вайна ВКЛ з Масквою (1486–1494) // Arche: пачатак [Электронны рэсурс]. – 2012. – Рэжым доступу: http://arche.by/by/page/science/12115 – Дата доступу: 20.02.2013.
- Ткачёв М. А. Изучение средневековых памятников Белоруссии / Археологические открытия 1983 г. – М., 1985. – С. 407-408.
Аўтар: Т. В. Маслюкоў (Светлагорск Гомельскай вобл.)
Крыніца: Археологические исследования в Еврорегионе «Днепр» в 2012 году: междунар. сб. науч. ст. / междунар. редкол. : О. М. Демиденко (отв. ред.), Н. Н. Кривальцевич (зам. отв. ред.), О. А. Макушников (науч. ред.), Ю. В. Панков (отв. секр.) [и др.] ; Гом. обл. исполн. ком., Ин-т истории НАН Б, Гом. гос. ун-т им. Ф. Скорины [и др.]. — Гомель: ГГУ им. Ф. Скорины, 2013. — 210 с.