Арганізацыя Мазырскага падполля ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны

0
156
Арганізацыя Мазырскага падполля ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны

З першых месяцаў акупацыі Мазыра “новая ўлада” змагалася з савецкімі патрыётамі. Напрыканцы верасня 1941 г. фашысты на цэнтральнай плошчы горада растралялі Лутца Юліўса Отавіча, 1882 года нараджэння, латыша, заатэхніка раённага фінансавага аддзела, яго жонку Лізавету Лявонцьеўну і дачку Паліну. Лутцы былі сувязнымі партызанскга атрада, у іх доме захоўвалася зброя, харчаванне і адзенне для партызан. Аднак гэта не зламала волю мясцовага насельніцтва, якое вяло барацьбу з ворагам.

Адначасова з партызанамі пачало дзейнічаць Мазырскае падполле. Сярод пакінутых упраўленнем НКВД Палескай вобласці для работы ў тыле ворага быў аператыўны работнік Палякоў Архіп Паўлавіч (Прымакоў А.П.). У склад яго групы ўваходзілі сувязісты-дыверсанты, “содержатели” канспіратыўных кватэр, агенты агульнага асведамлення. Для правядзення дыверсійнай работы была зарэзервавана зброя, узрыўчатка. Са жніўня 1941 г. па верасень 1942 г. Палякоў А.П. з’ўляўся кіраўніком падпольных груп органаў дзяржбяспекі ў Мазыры.

У верасні 1941 г. ствараецца падпольная група, аснову якой складалі людзі, накіраваныя для работы ў тыле ворага партыйнымі і савецкімі органамі. Яе ўзначальваў Васіль Іванавіч Крыцкі — былы бухгалтар аблздраўаддзела. З прыходам акупантаў Крыцкі быў прызначаны немцамі на пасаду бургамістра г. Мазыра, а Майсееў М. Ю. стаў яго намеснікам па Мазырскаму раёну. Пакінуты на падпольную работы Кузьміч А.І. уладкаваўся на працу ў нямецкі банк. Па подполлю і рабоце ён быў звязаны з Крыцкім, а з апошнім — настаўніца нямецкай мовы А.Г. Папрацінская, якая працавала ў немцаў перакладчыкам.

У падпольную групу таксама ўваходзілі Уласенка Н.Ф. — былы сакратар сельсавета, які стаў бургамістрам Каменскай воласці, былы старшыня калгаса імя Варашылава (в. Бабры) А.І. Міцура, прызначаны старастай в. Бабры. У групе прымала ўдзел былы старшы бухгалтар мэблевай фабрыкі “Энергія труда” Я.І. Бінецкая. Яе кватэра ў в. Навікі стала месцам сустрэч падпольшчыкаў. Бінецкая падтрымлівала сувязь паміж Крыцкім, Міцурай, Уласенкам і інш.

У кастрычніку 1941 г. па заданні ЦК КП(б)Б у раён Мазыра былі накіраваны Ціхан Абрамаў, Гаруля К., Сцяпан Пакацін, Купрэй Кельчанка, Адам Харманчук і іншыя. Яны прашлі кароткачасовую падрыхтоўку для вядзення падпольнай работы ў тыле ворага. Абрамаў напярэдадні вайны з’яўляўся супрацоўнікам Палескага абласнога упраўлення НКВД, яму было вядома, што Крыцкі пакінуты ў тыле ворага для выканання асобых заданняў. Абрамаў з даведкай на імя Малінава В. І., прыйшоў у гарадскую ўправу да Крыцкага. У даведцы паведамлялася, што “Грамадзянін Малінаў Васіль Іванавіч, ураджэнец г. Мазыра, Палескай вобласці, БССР, раней асуджаны Гомельскім нарсудом І уч. ад 13 чэрвеня 1940 г. па арт.106-А УК БССР, тэрмінам на 1 год і 6 месяцаў папраўчых работ. Меру пакарання адбываў пры Крычаўскай выпраўленчай калоніі з 30 чэрвеня 1940 года па 29 чэрвеня 1941 г. У сучасны момант ад далейшай меры пакарання вызвалены і накіраваны ў Крычаўскі райваенкамат”.

Пры дапамозе Крыцкага Абрамаў уладкаваўся на працу грузчыкам у сталовую. Гэта дазваляла Цімафею Яўсеевічу, які меў пропуск, ездзіць па горадзе і днём і ноччу, збіраць патрэбныя звесткі. Ужо к канцу 1941 г. Абрамаву пры дапамозе Рамана Казачэнкі, Мікалая Казарэза, Сцяпана Пакаціхіна ўдалося стварыць баявую падпольную групу, у якую былі ўцягнуты Данііл Карасёў, Аляксей Смародскі, Амяльян Пархоменка і інш. У студзені 1942 г. да іх далучыўся брыгадны ваенны ветэрынарны ўрач Мікалай Міхайлавіч Говараў, пасланы у Мазыр Жытомірскім падпольным цэнтрам для разгортвання барацьбы супраць захопнікаў.

У лістападзе 1941 г., пасля пабегу з нямецкага лагера, прыбыў у Мазыр былы выкладчык педвучылішча Авер’ян Сцяпанавіч Мураўёў. З групай Казлоўскага яго звёў К.В.Катлінскі, з якім яны былі знаёмы па педагагічнай рабоце ў даваенныя часы.

У снежні 1941 г. у будынку школы па вуліцы Камсамольскай адбыўся сход падпольнай групы, на якім абмяркоўвалася толькі два пытанні:

“1. Зрыў мерапрыемстваў ворага ў Мазыры.

  1. Збор зброі, вывучэнне людзей і падрыхтоўка іх для партызанскага атрада”.

Жыхары Мазыра, у тым ліку і падпольшчыкі, каб пазбегнуць арышту, адпраўкі на прымусовыя работы ў Германію і мець нейкія сродкі для існавання, вымушаны былі недзе працаваць. Так, Мураўёў лічыўся пэўны час супрацоўнікам бібліятэкі. Разам з ім працавалі Катлінскі К.В., Шастакоўскі А.І., Пячкоўскі С.В. і інш.

У іх функцыі ўваходзіла прывядзенне ў парадак кніг, якія былі сабраны з розных біблятэк ў школу па вуліцы Камсамольскай. На пачатку 1942 г. Мураў’ёў быў вызваны да бургамістра, дзе яму была прапанавана ўзначаліць школьны аддзел гарадской управы. Пры гэтым была пастаўлена задача, каб ні адна са школ пры акупантах не працавала. Такі давер з боку Крыцкага да Мураўёва быў звязаны з тым, што ён ведаў Авер’яна Сцяпанавіча па даваеннаму жыццю. Па прапанове Крыцкага Мураўёвым былі пастаўлены на ўлік 120 настаўнікаў і замацаваны за пэўнымі школамі, што дазволіла ім пазбегнуць вывазу на прымусовыя работы. Вясной 1942 г. па прапанове Крыцкага школьным аддзелам была пераведзена з в.Слабада ў Свірыноўскую школу настаўніца Ніна Сімановіч, яўрэйка па нацыянальнасці. Такім чынам, было выратавана жыццё жанчыны і двух яе дзяцей.

У снежні 1941 г. паміж калінкавіцкай і мазырскай групамі ваеннаслужачых ўсталяваліся цесныя сувязі. На пачатку 1942 г. яны аб’ядналіся ў адну арганізацыю з мэтай сумеснай работы па стварэнню партызанскага атрада. Для абмеркавання арганізацыйных пытанняў падпольшчыкі збіраліся ў Калінкавічах у Бакуна, у Мазыры — на кватэрах Казарэза, Раднеўскага і інш. На адной з такіх сустрэч, якая адбылася напрыканцы студзеня 1942 г. было вырашана стварыць партызанскі атрад у Калінкавіцкім раёне і перапраўляць туды людзей з Мазыра і Калінкавіч.

Аўтар: М.В. Мішкевіч, вуч. ДУА “Мазырскі дзяржаўны абласны ліцэй”
Крыніца: Первый шаг в науку: тезисы докладов 72-й научно-технической конференции учащихся, студентов и магистрантов, Минск, 21-29 апреля 2021 г. — Минск: БГТУ, 2021. – С. 74-76.