Антывелікодная кампанія савецкай улады на Гомельшчыне ў 1920-х гг.

0
1251
Антывелікодная кампанія савецкай улады на Гомельшчыне ў 1920-х гг.

Савецкая ўлада адным з важных пунктаў сваей унутранай палітыкі аб’явіла выкараненне “перажыткаў мінулага”, пад якімі ў першую чаргу разуме­ла рэлігію. Важнае месца ў гэтым кірунку адводзілася змяншэнню ўплыву на грамадства праваслаўнай царквы, як буйнейшай канфесіі ў СССР. Адпаведна, у першую чаргу гэтая барацьба заключалася ў выцясненні праваслаўнай царквы з грамадскай сферы. І, паколькі за кароткі тэрмін прымусіць людзей адмовіцца ад рэлігіі, якая аказвала значны ўплыў на іх светапогляд, было скла­дала, дзяржаўныя органы імкнуліся замяніць яе новай ідэалогіяй, выражэннем якой павінна была стаць новая “сацыялістычная” або “чырвоная” абраднасць. Так, з пачатку 1920-х гг. улада пачынае праводзіць новыя святы, напрыклад, “чырвоны Вялікдзень”, “чырвонае Раство”, якія суправаджаліся масавымі агітацыйнымі дзеяннямі і прапагандысцкімі мерапрыемствамі. Сцэнарыі свят з антырэлігійным утрыманнем складаліся з мітынгаў, вулічных масавых маніфестацый, падчас правядзення якіх характэрнымі рысамі было спальванне крыжоў, пудзіла Бога і папоў, і г.д.

Мэтай дадзенага даследавання з’яўляецца аналіз і выяўленне асаблівасцей правядзення антывелікоднай кампаніі на Гомельшчыне ў 1920-х гг. Тэрытарыяльныя рамкі даследавання адпавядаюць мяжы Гомельскай акругі 1920-х гг. Храналагічныя рамкі абраны не выпадкова, бо менавіта на працягу 1920-х гг. распрацоўваўся і выкарыстоўваўся той варыянт кампаній супраць рэлігійных святаў, які ўжываўся на працягу наступных дзесяцігоддзяў. Пры даследаванні дадзенай праблематыкі былі выкарыстаны архіўныя матэрыялы з Дзяржаўнага архіва грамадскіх аб’яднанняў Гомельская вобласці [1-8].

Гомельшчына ў пачатку 1920-х гг. уяўляла сабой шматканфесійны рэгіён прадстаўлены праваслаўнымі, каталікамі, іўдзеямі, пратэстантамі і стараверамі. Да прыходу да ўлады бальшавікоў жыццё насельніцтва было прасякнула рэлігійнымі ўяўленнямі. Наступление на рэлігію новымі ўладамі актыўна стала ажыццяўляцца ў форме “антырэлігійных свят”. Асабліва ўважліва савецкае кіраўніцтва праводзіла антывелікодную кампанію, паколькі гэтае свята з’яўлялася важным для веруючых розных канфесій. Фактычна ў рэгіёне праводзілася дзве кампаніі: супраць іўдзейскага і супраць хрысціянскага Вялікадня. У дадзеным даследаванні будзе разгледжана кампанія менавіта су­праць апошняга, у яго праваслаўным варыянце.

Падрыхтоўку да агітацыйнай кампаніі органы савецкай улады звычайна пачыналі за месяц, або нават раней да свята. У акругкомы і райкомы дасылаліся спецыяльныя пастановы, у якіх даваліся канкрэтныя рэкамендацыі па разгортванні лекцыйнай работы, распаўсюджванню пэўнай літаратуры, размяшчэнню антывелікодных артыкулаў у сродках масавай інфармацыі. Правядзенне самой кампаніі пачыналася за два тыдні да Вялікадня і заключалася ў арганізацыі шэрагу дакладаў антырэлігійнага характару. Размовы і лекцыі праводзіліся на заводах, фабрыках, калгасах, у клубах, хатах-чытальнях і г.д. Галоўным чынам, гэта былі лекцыі на навуковыя тэмы: паходжанне Вялікадня ў культурна-гістарычным аспекце; цуды звязаныя з Вялікаднем, іх навуковае тлумачэнне і г.д. Лектарамі выступалі партыйна-камсамольскія сілы, а таксама наву­ковыя працаўнікі, настаўніцтва, аграномы і інш. Адным з лозунгаў антырэлігійнай прапаганды з’яўлялася замена рэлігійных свят агульнадзяржаўнымі, выхад у дні Вялікадня на працу, адмова ад наведвання культавых устаноў, ад правядзення святочных рэлігійных абрадаў і г.д.

Антырэлігійная агітацыя праводзілася сярод розных груп насельніцтва як у горадзе, так і ў вёсцы. Сярод гараджан на ўсіх прадпрыемствах, фабрыках, заводах, клубах праводзіліся сходы на якіх ставіліся пытанні аб характары пра­вядзення антывелікоднай кампанії [6, арк. 51]. Рабочы працэс арганізоўваўся так, каб адцягнуць па магчымасці ўсіх працоўных ад хатняга святкавання і прыцягнуць іх у клубы і тэатры. У першыя дні Вялікадня ва ўсіх клубах уладкоўвалі клубныя вечары на якіх былі прадстаўлены: кіно, светлавыя карціны, жывая газета, канцэрты, спектаклі і г.д. [4, арк. 133]. Рабочым прапаноўваўся выхад на працу ў велікодныя дні з кампенсацыяй на майскія святы 2-мя днямі. Трэба адзначыць, што ў перыяд антывелікоднай кампанії дзейнічалі так званыя палітсуды, на якіх разглядаліся справы над рабочымі і членамі іх сем’яў за правядзенне Вялікадня [6, арк. 52].

Для ажыццяўлення антырэлігійных, у тым ліку і антывелікодных мерапрыемстваў у вёску, дзе пазіцыі ўлады былі слабейшыя, накіроўваліся сябры кампартыі. Так, у газеце “Селянін” за май 1927 г. быў размешчаны артыкул, які характарызуе падрыхтоўку агітатараў: “Кандыдат КП(б) Б тав. Пазняк А. забраўся ў глухую вёску Бук і цэлыя святы 3 дні праводзіў пад чаркай самагонкі. Я думаю, такія камуністы няхутка выведуць нашу цёмную вёску з рэлігійнага дурману” [5, арк. 312].

Трэба адзначыць, што ўводзілася і так знаваная “камсамольская ўсяночная”. Арганізоўвалі яе звычайна ў клубах, а ў 12 гадзін ночы ўдзельнікі ўсяночнай з факеламі праводзілі дэманстрацыю [2, арк. 171]. Асаблівая ўвага звярталася на правядзенне антывелікоднай кампанії сярод жанчын. Іх прыцягвалі на ўсе мітынгі, палітсуды, гутаркі і вечары шляхам індывідуальных запрашэнняў, размеркаванні сярод іх квіткоў і г.д. [1, арк. 5]. Таксама, асобна праводзілася кампанія і сярод школьнікаў. Задача кампаніі: “праз школьнікаў перанесці ў сям’ю і грамадства на­вуковае паняцце пра Вялікдзень, як свята пакінутае ў спадчыну ад перажыткаў мінулага, як вынік цемры і невуцтва” [7, арк. 53-54].

Антывелікодная кампанія не мела таго поспеху, на які разлічвала савецкая ўлада. Насельніцтва працягвала адзначаць Вялікдзень. Так, рабочыя фабрыкі “Везувій” у 1930-м г. казалі: “Сёння і заўтра ва ўсіх клубах устройваюцца вечары з танцамі. Такія вечары ж часта бываюць у клубах, а ў царкве служба бывае раз на год, так лепш пойдзем у царкву” [8, арк. 331]. Таксама недастатковая падрыхтаванасць антырэлігійных агітатараў прадвызначыла лёс кампанії [3, арк. 102-103]. Так, на запалкавай фабрыцы “Везувій” у 1930-м г. дакладчык паказваючы аўдыторыі шкоднасць велікодных свят, заявіў: “Яўрэі пры святкаванні Вялікадня выпякалі мацу, у якую дадавалі кроў рускіх”. Гэта прывяло да масавых абурэнняў з боку рабочых, і ён, бачна жадаючы супакоіць іх, працягваў: “ра­ней рускія таксама забівалі рускіх і кроў ужывалі на афарбоўку яек”. Аднак, гэта вызвала яшчэ большае абурэнне і дакладчык быў змушаны прыпыніць свой выступ і пайсці [8, арк. 328].

Нягледзячы на ўсе захады савецкай улады, накіраваныя на выцясненне рэлігійных абрадаў і традыцый, кардынальна змяніць сітуацыю ў 1920-х гг. ва ўлады не атрымалася. У разглядаемы перыяд насельніцтва працягвала святкаваць Вялікдзень [4, арк. 133]. Больш ахвотна новую сістэму каштоўнасцей прымала моладзь, аднак гэты працэс у 1920-я гг. толькі пачынаўся.

Літаратура

  1. Гомельскому женотделу РКП (б) // Государственный архив общественных объеди­нений Гомельской области (ГАГООГО). Ф. 2. Оп.1. Д.500. Л. 5.
  2. Отчет Агитпропа Клинцовского Укома РКП (б) Б с 20 марта по 25 июля 1923 г. // ГАООГО. Ф. 1. Оп. 1. Д. 1844. Л. 169-171.
  3. Протокол совещания бюро городских партячеек от 31-го марта 1928 г. // ГАГООГО. Ф. 3. Оп. 1.Д. 352. Л. 102-103.
  4. Інформация о проведении антипасхальной кампании 18 апреля 1928 г. // ГАГОО­ГО. Ф. 3. Оп. 1.Д. 352. Л. 133.
  5. Информация “Коммунист на пасху” в газете “Селянін” // ГАГООГО. Ф. 4286. Оп.1а. Д.37. Л. 312.
  6. План проведения Антипасхальной кампании // ГАГООГО. Ф. 5. Оп. 1. Д.601. Л. 51-52.
  7. Копия Зав. школами гор. Гомеля. О проведении антирелигиозной компании в шко­лах в связи с религиозным праздником Пасхи // ГАГООГО. Ф. 5. Оп. 1. Д. 601. Л. 53-54.
  8. Специальная сводка № 36 Гомельского окружного отдела ГПУ БССР «Об отме­ченных недочетах общественных организаций в проведении антирелигиозной кампании и отражении пасхальных дней в рабочей среде» // ГАГООГО. Ф. 3. Оп. 1.Д. 714. Л. 328-331.

Аўтар: Настасся Казлова
Крыніца: Религия и общество 10: сборник научных статей / под общ. ред. В. В. Старостенко, О. В. Дьяченко. Могилев : МГУ имени А. А. Кулешова, 2016. 380 с.: ил.