Антырэлігійная дзейнасць на Гомельшчыне ў першай палове 1920-х гадоў

0
1177
Антырэлігійная дзейнасць на Гомельшчыне

Асновай “царкоўнай палітыкі” савецкай дзяржавы стаў “Дэкрэт аб свабодзе сумлення, царкоўных і ралігійных аб’яднаннях” (ад 20 студзеня 1918 г.). Апошнія пункты дэкрэта сведчаць аб поўнай прававой безабароннасці царкоўных і рэлігійных арганізацый і аб’яднанняў, што цалкам выявілася пры яго ажыццяўленні. Гэты дакумент быў ахарактарызаваны патрыярхам Ціханам як “акт ганення на рэлігію і царкву”1. У гады грамадзянскай вайны і ў час барацьбы з голадам улады адбіралі царкоўныя каштоўнасці. Пасля звароту Ціхана да ўсяго народа царква дабраахвотна, за кароткі тэрмін сабрала каля 9 млн. рублёў у дапамогу галадаючым. Аднак яна рашуча не пагадзілася з канфіскацыяй гістарычных рэліквій і хрысціянскіх святынь. За гэта некаторыя царкоўныя іерархі ў 1922 г. былі расстреляны, а патрыярх Ціхан арыштаваны. Пачаліся абвінавачванні ў контррэвалюцыйных дзеяннях.

Летам 1921 г. ў інфармацыйнай зводцы Гомельскай ГубЧК ў спецыяльным параграфе “Духавенства” паведамлялася: “Духавенства настроена контррэвалюцыйна, але трымаецца скрытна і агітацыю вядзе непрыкметна”2. Яго актывізацыя была звязана якраз з канфіскацыяй царкоўных каштоўнасцей, якая рабілася груба і даволі груба з правакацыйнай мэтай. Існавалі ўстаноўкі: “чым большую колькасць прадстаўнікоў рэакцыйнай буржуазіі і рэакцыйнага духавенства ўдасца нам у гэтым выпадку расстраляць, тым лепш. Патрэбна менавіта зараз правучыць гэту публіку так, каб на некалькі дзесяткаў год ні аб якім супраціўленні яны і марыць не маглі”3.

У Гомельскай губерні канфіскацыя царкоўных каштоўнасцей праводзілася спецыяльна створанай камісіяй. З пачатку кампаніі і да 30 сакавіка 1922 г. было канфіскавана: ”У Гомелі з цэркваў — 8 пудоў 21 фунт 15 зал. 48 доляў срэбра; золата — 33 зал. 36 доляў; 58 каштоўных камянёў, не лічачы жэмчугу. У касцёле — 1 фунт 81 зал. i 21 долі срэбра; у сінагогах — 20 фунтаў 62 зал. 40 доляў срэбра”. Усяго па Гомельскай губерні да 1 траўня 1922 г. было канфіскавана: “66 пудоў 32 фунта 61 зал. 79 доляў срэбра; 38 зал. 1З доляў золата; 268 розных самацветаў; 71 руб. 55 кап. срэбрам; 1 руб. 13 кап. меддзю”4. За супраціўленне канфіскацыі ў Гомелі быў арыштаваны епіскап Канстанцін.

Канфіскацыя “лішкаў” царкоўных каштоўнасцей з храмаў усіх канфесій была прадпісана дэкрэтам УЦВК ад 26.02.1922. г. як “фінансавая мера, раўназначная ўнутранаму найбольш рацыянальнаму віду пазыкі”5. Гэта быў самы цяжкі час для царквы і для ўсяго духоўнага жыцця народа. Некаторыя служыцелі культа меркавалі так: трэба саступіць і гэтым самым захаваць царкоўнае жыццё і ўздзеянне на міран. Вось так з’явіліся аднаўленцы ў царкве.

Разам з аднаўленцкай групай “Жывой царквы” ўжо летам 1922 г. узнік шэраг новых канкурыруючых з ёю царкоўных груп: група “Царкоўнага адраджэння” на чале з епіскапам Антоніным; група “Старажытна-Апостальскай царквы” на чале з Новікавым; і група “Працоўнай царквы” на чале з епіскапам Пуцятай і свяшчэннікам Святагорам. Нягледзячы на прынцыповыя разыходжанні, ва ўсе аднаўленцкія групы ўваходзілі толькі рэлігійныя дзеячы, якія ўсведамлялі неабходнасць прыстасавання да савецкай улады.

У цэнтры аднаўленцы першапачаткова даволі хутка пераадолелі супраціўленне “ціханаўцаў”. На месцах справа была складаней. Уздзеянне іх ідэй не толькі не пранікала больш-менш глыбока ў асяроддзе духавенства, вернікаў, але і ў большасці выпадкаў выклікала з іх боку рэзкі пратэст.

У Гомельскай губерні царкоўны рух, які пачаўся са спазненнем, таксама меў месца і прыняў, на думку сакратара губкама Хатаевіча, “характар мірнай рэвалюцыі”. Пасля арышту епіскапа Канстанцінаусе без выключэння папы да самых чарнасоценцаў уключна абвясцілі сябе прыхільнікамі “Жывой царквы6. Пачалася барацьба паміж прыхільнікамі розных прэтэндэнтаў на епіскапскае месца (Варлаам, Канстанцін). Цэнтр царкоўнага жыцця тады быў у Магілёве. У кастрычніку 1922 г. у Гомелі было створана Губернскае царкоўнае упраўленне епархіяльнымі справамі. На з’ездах i нарадах духавенства (у прыватнасці, на губернскім з’ездзе благачынных) усе царкоўнікі аднагалосна прымалі рашэнне аб поўнай сваёй прыхільнасці да савецкай улады7.

Бальшавікі адразу ўсвядомілі рэальную магчымасць з дапамогай аднаўленцаў разбіць старую “царкоўную машыну”. Нават пасля рас­каяння Ціхана i яго вызвалення, пасля перапалоху i замяшання, якое намецілася ў колах аднаўленцаў, ім аказвалася падтрымка з боку розных дзяржаўных органаў (ДПУ, НКУС, НКЮ). Яна аказвалася нягледзячы на тое, што інструкцыяй тых жа НКЮ i НКУС, прынятай у чэрвені 1923 г., ”забаранялася ўсім дзяржаўным установам шляхам адміністрацыйнага ўмяшання падтрымліваць які-небудзь культ або якое-небудзь царкоўнае ўпраўленне на шкоду іншым культам або рэлігійным групоўкам”8.

Такім чынам, стаўшы на бок аднаўленцаў, улады ўсё больш умешваліся ва ўнутрыцаркоўныя справы рэлігійных арганізацый. што не адпавядала дэкрэту аб аддзяленні царквы ад дзяржавы. У сакрэтным цыркуляры Гомельскага губкама ўсім павятовым і раённым камітэтам  РКП(б) губерні адзначалася: “Наша задача ў першую чаргу дамагчыся канчатковага паслаблення і знішчэння ўнутрыцаркоўнай арганізацыі, сілы і ўздзеяння ціханаўцаў, якія з’яўляюцца для сучаснага моменту найбольш непажаданай і небяспечнай публікай”. Былі і канкрэтныя заданні: “Неабходна на месцах устанавіць найбольш поўнае з нашага боку ўздзеянне на ход царкоўнага руху ў бок яго большага паглыблення і далучэння да яго шырокіх слаёў вернікаў, каб вылавіць і абясшкодзіць усе ціханаўскія элементы. Зараз якраз своечасова будзе паставіць (не зверху, а знізу, і знутры) канкрэтнае пытанне аб зняцці званоў, аб дадатковай канфіскацыі каштоўнасцей (на патрэбу школ і ўздым сельскай гаспадаркі). Гэта разварушыла б, акрамя духавенства, і сялян-вернікаў і дало б нам магчымасць правесці адначасова сваю антырэлігійную кампанію9.

Яскравым прыкладам адносін паміж губернскімі ўладамі і прадстаўнікамі аднаўленцкай царквы з’яўляецца пісьмо адказнаму сакратару губкама Гілінскаму члена РКП(б) Вінаградава. У тэатры імя Калініна 19.03.1925 г. ён быў сведкам публічнага выступлення епіскапа Антоніна пад назвай “Як выратаваць царкву?”, якое было прысвечана “папулярызыцыі ідэй рэлігійна-аднаўленцкага саюза “Адрадженне”. Гзта выступленне было санкцыянавана ўладамі і выклікала неразуменне ў радавьіх камуністаў, на што звярнуў увагу Вінаградаў. Па яго словах, у гэтым выступленні “чырвонай ніткай праводзілася думка аб тым, што фактычна аддзяленне царквы ад дзяржавы ёсць фікцыя, што на самой справе ”аднаўленцкія” арганізацыі знаходзяцца ў некаторай сувязі і залежнасці ад органаў улады… А ў адным месцы Антонін прама спаслаўся на “прыватны даклад свой ва УЦВК” і на заяву Калініна аб тым, што “аднаўленцтва не дреннае, ды вось неабходна вам дзейнічаць па рэвалюцыйней”10.

Пасля заканчэння ў Маскве ў траўні 1923 г. аднаўленцкага Царкоўнага Сабора гомельскае партыйнае кіраўніцтеа праявіла вялікую зацікаўленасць у тым, каб азнаёміць з яго вынікамі шырокія масы рабочых і сялян, у першую чаргу з асуджэннем на Саборы патрыярхаў Ціхана. Меркавалася зрабіць гэта вельмі асцярожна, каб “не стварыць у масах уражанне, быццам мы, партыя і савецкая ўлада, у нейкай ступені ўдзельнічалі ў гэтай унутрыцаркоўнай барацьбе, зазываем з адной лаўкі у іншую. Лепей было б устрымацца ад непасрэдных агітацыйных выступленняў па гэтым пытанні членаў партыі, праводзячы гэту работу пa магчымасці праз настаўнікаў, праз іншых падыходзячых беспартыйных і шляхам друкаванай агітацыі”11.

I ўсе-такі, нягледзячы на актыўную падтрымку аднаўленцаў дзяржаўнымі органамі, кампанія па разбурэнні адзінства Рускай Праваслаўнай царквы, адлучэнні яе іерархіі ад кіраўніцтва і замена яе больш лаяльнымі новаму рэжыму свяшчэннаслужыцелямі-аднаўленцамі ў цэлым пацярпела няўдачу. У першай палове 20-х гадоў рэлігійнасць у масавым асяроддзі заставалася вельмі вялікай. Асабліва хутка расла колькасць сектанцкіх арганізацый на вёсцы. У сакрэтным цыркуляры Гомельскага губкама ўсім павятовым і раённым камітэтам партыі ад 15.05.1923 г. у сувязі з гэтым было сказана наступнае: “Па некаторых дадзеных колькасць аформленых членаў сектанцкіх арганізацый дайшла па Расіі да 600000 чалавек, г.зн. ужо перавышае колькасць членаў нашай пар­тыі”12.

Пачаліся распрацоўвацца і прымацца новыя антырэлігійныя меры. Самавольства i беззаконне ў адносінах да царквы і вернікаў набывала ўсё большыя маштабы.

Літаратура

  1. Русское православие: вехи истории. — М., 1989. с.617.
  2. Філіял ДАГВ. Ф. 1. Воп.1. Спр.523, Арк.З.
  3. Ленин В.И. Письмо В.М. Молотову для членов Политбюро ЦК РКП(б) // Известия ЦК КПСС. – 1990, № 4. с. 193.
  4. Філіял ДАГВ. Ф. 1. Воп. 1. Спр.475. Арк.75.
  5. Там жа. Спр.1513, Арк.18.
  6. Там жа. Спр.883. Арк.4.
  7. Там жа.
  8. Алексеев В. Был ли патриарх Тихон “вождём” церковной контрреволюции? // Диалог. — 1990, №10. — с. 103.
  1. Філіял ДАГВ. Ф.1. Boп. 1. Спр. 883. Арк 4-5.
  2. Там жа, Спр. 1668. Арк.89.
  3. Там жа. Спр. 883, Арк.8.
  4. Там жа, Арк.9.

 

Аўтар: М.І. Старавойтаў, А.М. Шаўцова
Крыніца: Зборнік матэрыялаў навукова-практычнай канферэнцыі “Гомельшчына – старонкі мінулага” (15-16 лютага 1996 г.), Гомель, 1996, ГДУ. Ст. 111-116