Анонс выставы «Аляксандр Артвей: вяртанне ў Гомель»

0
223
Вяртанне ў Гомель

У 1937 годзе ў Гомель прыехаў грамадзянін Злучаных Штатаў Амерыкі Аляксандр Артвей (Alexander Artway). Гэта было яго не першае наведванне горада, але, як аказалася, апошняе…

Аляксандр Артвей нарадзіўся 25 сакавіка 1903 году ў Гомелі (!) ў сям’і Андрэя і Марыі Арцем’евых. Тут жа ў горадзе прайшло яго дзяцінства і юнацтва. Але бурныя рэвалюцыйныя падзеі 1917-1919 гадоў карэнным чынам змянілі жыццё Аляксандра. Не прыняўшы новай улады, ён разам з братам Сяргеем пакінуў родны горад у пошуках лепшага жыцця. Некалькі гадоў блуканняў па Еўропе – Бялград, Прага, Парыж… Толькі ў 1922 годзе Аляксандр прыехаў у ЗША, дзе і ўзяў сабе новае прозвішча — Артвей.

«Амерыканская мара» стала адной з галоўных ідэй, дала надзею на лепшае жыцьцё мільёнам эмігрантаў, якія прыязджалі ў Злучаныя Штаты Амерыкі. На новым кантыненце ў Аляксандра Артвея пачалося новае жыццё — ён стаў мараком. З’явілася ў яго і любімае хобі — фатаграфія. Аляксандр здымаў на фотаапарат не толькі сваё жыццё, але і архітэктуру Нью-Ёрка, а таксама краін, якія наведваў, быўшы мараком. За гады жыцця ў Амерыцы яго ніколі не пакідалі думкі пра сям’ю, якая засталася ў Гомелі. Ужо як грамадзянін Злучаных Штатаў Аляксандр ў 1929 годзе выправіўся да сваіх родных. Перад ім паўстала ўжо зусім новая краіна — СССР. Аднак ён убачыў усё той жа стары Гомель, дзе яго чакалі родныя людзі — маці, сястра, пляменніцы і пляменнік. З першай паездкі захавалася каля 20 фотаздымкаў. Усе здымкі канца 1920-х прысвечаны яго дому і блізкім.

У 1937 годзе Аляксандр, паклаўшы ў свой багаж фотаапарат, зноў адправіўся на сваю малую Радзіму. Да гэтага часу ў Гомелі актыўна праходзіла індустрыялізацыя, горад рос, мяняўся. Але Артвей бачыў усё той жа родны стары Гомель. Таму не выпадкова, што на яго здымках не знайсці новых гарадскіх аб’ектаў, а толькі тое, што было ў тыя гады, калі Аляксандр быў яшчэ хлапчуком. Ад гэтай паездкі захавалася больш за 150 фотаздымкаў, якія дэманструюць не толькі «сямейнае гняздо» і побыт, але яшчэ і сам горад. І, што характэрна, у кадры часта траплялі тыя месцы і аб’екты, якія ў хуткім часе цалкам зменяцца або знікнуць. У СССР у той час дзейнічаў цэлы шэраг адміністрацыйных мер, якія абмяжоўвалі магчымасць вырабляць свабодную фотаздымку, у тым ліку і аб’ектаў горада. Менавіта таму ў нас цяпер надзвычай мала відаў даваеннага Гомеля, у асноўным, гэта фотаработы журналістаў. Амерыканскаму грамадзяніну, які прыехаў на кароткі перыяд у СССР, па нявысветленых прычынах атрымалася абыйсці гэтыя забароны. І яго фотаапарат захаваў віды старога даваеннага Гомеля.

1940-я гады сталі фатальнымі ў адносінах паміж Аляксандрам Артвеем і сям’ёй у Гомелі. Спачатку памерла яго маці, затым сястра, а потым пачалася вайна і сцёрла з карты горада і дом Арцем’евых. Што стала з пляменнікам і братневымі — невядома. На доўгія гады перапынілася сувязь паміж Артвеем і Гомелем. Толькі фатаграфіі нагадвалі яму пра горад дзяцінства. Але на гэтым гісторыя не сканчаецца.

Праз 81 год пасля апошняга візіту фатографа ў Гомель гісторыкі Яўген Малікаў і Юры Панкоў выявілі, што ў Філадэльфіі размешчаны Архіў Аляксандра Артвея. Творчую спадчыну дрыгатліва аберагаюць дачка Аляксандра – Жанет (Jeanette Artway Jimenez) і галоўны захавальнік Архіва Кэці Такмэн (Katie Tackman).

Выстаўка “Аляксандр Артвей: вяртанне ў Гомель” — вынік двухгадовай карпатлівай працы, якая адкрывае не толькі для гамяльчан, але і для ўсіх беларусаў новае імя ў гісторыі фатаграфіі. Ян Булгак, Ісаак Сербаў, Мікалай Магілянскі, Юзэф Шыманчук, Соф’я Хамянтоўская… Зараз да гэтага спісу фатографаў першай паловы ХХ стагоддзя, якія здымалі беларускія землі, можна дадаць і Аляксандра Артвея!

На выставе ўпершыню (!) будуць прадстаўлены фатаграфіі сям’і Арцем’ева канца XIX – пачатку ХХ стагоддзя; побыту гамяльчан 1920-х гадоў; гарады і людзей другой паловы 1930-х. Унікальнасць малюнкам надае тое, што многія аб’екты тых гадоў сёння для нас малазнаёмыя. Ці часта можна ўбачыць фатаграфіі, дзе на плошчы Леніна гарманічна стаяць каталіцкі касцёл, пажарная каланча і помнік правадыру сусветнага пралетарыяту? Нічога з гэтых аб’ектаў да нашых дзён не дайшло, таксама як Праабражэнская царква і царква Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы. А ці ведалі вы, як выглядалі вуліцы Мінская і Могілкавая, якіх больш за 70 гадоў ужо няма на планах горада? Усё гэта можна будзе ўбачыць на нашай выставе!

Прыходзьце! А раптам на гэтых фотаздымках вы даведаецеся сярод гамяльчан сваіх продкаў? А можа, Аляксандр Артвей мог быць вашым сваяком?

11 верасня спадчына фатографа вяртаецца ў Гомель!

Прэзентацыя выставы “Аляксандр Артвей: вяртанне ў Гомель» адбудзецца 11 верасня ў 16:00 у Белай гасцінай цэнтральнай частцы палаца Румянцавых і Паскевічаў.

Куратар выставы – навуковы супрацоўнік Ю.В. Панкаў, т. 50-95-43

Выстава будзе доўжыцца з 11 верасня па 1 лістапада.

Час працы выставы:
аўторак-пятніца: 11.00-19.00; субота-нядзеля: 10.00–18.00.