Андрэй Пятровіч Эльман

0
200
Андрэй Пятровіч Эльман

15 лістапада 2014 года спаўняецца 110 год з дня нараджэння цудоўнага чалавека, выдатнага педагога, рэктара Мазырскага педагагічнага інстытута, Ганаровага грамадзяніна горада Андрэя Пятровіча Эльмана [1, 511].

Нарадзіўся А.П. Эльман у г. Елабуга Вяцкай губерні (Татарыя). Да вайны закончыў інстытут Чырвонай Прафесуры пры ЦВК СССР. Працоўную дзейнасць пачынаў у 1919 годзе. З 1937 па 1939 гады працаваў дырэктарам Гомельскага педагагічнага інстытута, з 1940-га — сакратар Гомельскага, Новасібірскага і Гродзенскага абкамаў КПБ. Вайну сустрэў у Беластоку: быў членам Цэнтральнага штаба партызанскага руху. З 1942 па 1943 гады працаваў у Новасібірску. Дзень Перамогі сустрэў у Гродне. Адтуль неўзабаве быў пераведзены ў Мінск на пасадў намесніка Старшыні Савета Міністраў БССР. У 1949-1952 гг. — намеснік старшыні Палескага аблвыканкама, у 1952-68 гадах быў прызначаны дырэктарам, затым рэктарам Мазырскага педагагічнага інстытута. На гэтай пасадзе працаваў 16 гадоў да самага выхаду на пенсію (1968 год). З нагоды 90-годдзя А.П. Эльману было прысвоена званне Ганаровага грамадзяніна горада Мазыра. Наш зямляк быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, шматлікімі медалямі. 19 снежня 1995 года А.П. Эльмана не стала.

Андрэй Пятровіч даў пуцёуку ў жыццё цэлай плеядзе студэнтаў, для педагогаў, хто меў магчымасць працаваць побач з ім, быў мудрым настаўнікам і дарадцам. А ўвогуле гэта быў інтэлігент з вялікай літары, носьбіт культуры. Будучы на заслужаным адпачынку, яшчэ доўгі час узначальваў Мазырскі краязнаўчы музей. Яго цікавіла культурнае жыццё мінулага і сучаснага горада, разам з землякамі ён марыў і пра заўтрашні дзень Мазыра. Гэтыя думкі, меркаванні раскрываліся ў газетных артыкулах і замалёўках, сустрэчах за “круглым сталом” у педінстытуце і на прадпрыемствах з моладдзю рэгіёна.

Я з’яўляюся сведкай цікавых стасункаў з Андрэем Пятровічам пад час свайго студэнцтва ў педінстытуце. Для мяне ён назаўсёды застаўся найвыдатнейшым узорам адданасці сваёй справе, маім духоўным настаўнікам. Напярэдадні 110-й гадавіны з дня яго нараджэнння міжволі ўзнік у памяці верш, які я прысвяціла свайму настаўніку да 90-годдзя. Дарэчы, ён тады быў надрукаваны на старонках газет і калектыўнага паэтычнага зборніка “Ты, Мазыр, мой Парнас”, прагучаў нават на беларускім радыё, яго каменціравалі педагогі і студэнты. Хачу, каб гэтыя паэтычныя радкі на хвілінку вярнулі чытачоў у мінулае і нагадалі ўсім пра нашага знакамітага земляка, што бліскуча выканаў сваё прызначэнне на ўсеагульную карысць грамадства, дзяржавы, педагогікі.

Андрэй Пятровіч, ў гэты дзень адметны
Дазвольце да зямлі Вам пакланіцца.
Вы — наш любімы, незабыўны рэктар,
Прыміце блаславенне, што бруіцца
Ад Мазыра, ад усяго Палесся,
Ад нашай роднай Прыпяці напеўнай,
Ад вучняў Вашых, што з пашанай, нізка
Схіляюць галаву, пачуўшы — Эльман.
Высакародны, мудры наш Настаўнік,
Выхоўвалі Вы сэрцам і душою,
Вы для калег дарадцам сталі, сябрам,
Зрабілі інстытут адной сям’ёю.
Па-рыцарску прыгожую паставу
Схілялі Вы, вітаючы студэнтаў,
Ніколі не шукалі лёгкай славы,
Не беглі ад людзей ў апартаменты.

На вечарах студэнцкіх па-шляхецку
Заўжды былі галантным кавалерам,
Палескім дзецям наш любімы рэктар
Даваў урок культуры і даверу.
А Ваш цудоўны курс літаратуры!
Антычнасці загадкавыя далі
Вы адкрывалі віртуозна…
Бурна Аратарскі Ваш талент мы віталі.

Сумленна, сціпла, мужна і натхнёна
Прыйшлі Вы к сонечнаму 90-годдзю.
Палескі край наш радасцю напоўнен,
Вас любяць і шануюць у народзе.
[2, 106]

Ніколі не забуду, як Андрэй Пятровіч патэлефанаваў мне адразу пасля выхаду верша ў друк, падзякаваў і прамовіў словы, якія запомніліся на ўсё жыццё: “Галя, я никогда не пожалел о том, что когда-то зачислил 15-летнюю девочку без паспорта в ряды студентов…”

Пасля маёй публікацыі пасыпаліся тэлефонныя званкі ад мазыран. Людзі выказвалі шчырую ўдзячнасць за ўвагу да свайго паважанага земляка.

І вось яшчэ некалькі асабістых момантаў-успамінаў аб стасунках з А.П. Эльманам, шчырых і дарагіх сэрцу.

Пасля публікацыі майго першага верша ў мазырскай газеце “Камуніст Палесся” Андрэй Пятровіч не толькі павіншаваў мяне, студэнтку другога курса, але і прапанаваў творчую дапамогу: запрасіў на кансультацыі, якія прынеслі мне многа карыснага як паэту-пачаткоўцу.

У маім сямейным архіве захаваўся фотаздымак, дзе Андрэй Пятровіч прысутнічае на студэнцкім спектаклі “Паўлінка” паводле п’есы Янкі Купалы. У першым радзе залы рэктар сядзіць побач з вахцёрам студэнцкага інтэрната цёцяй Дусяй і электрыкам Барысам Койфманам. Хачу падкрэсліць, што фотаздымак пацвярджае не панібратства, а яскравую дэмакратычнасць адносін, чалавечнасць, душэўнасць A.П. Эльмана. Субяседніка заўсёды слухаў уважліва, гаварыў няспешна, таму кожнае яго слова ўрэзвалася ў памяць. Студэнтам добра запаміналіся яго лекцыі, выступленні перад вялікай аўдыторыяй, размовы адзін на аддн.

Прыемна ўсведамляць, што мая першая педагагічная практыка па літаратуры праходзіла пад непасрэдным кіраўніцтвам Андрэя Пятровіча Эльмана. Запомніліся яго слушныя, высокапрафесійныя метадычныя парады, добразычлівыя, бацькоўскія адносіны да студэнтаў.

Успамінаецца цікавы момант, калі на святкаванні юбілею выдатнай актрысы Мазырскага тэатра Ніны Ісакаўны Зальцман мы з Сяргеем Петуховым спявалі раманс “Дивлюсь я на небо” на словы ўкраінскага паэта Міхайлы Пятрэнкі. Прысутныя слухалі яго з задавальненнем, а потым доўга апладзіравалі. Андрэй Пятровіч павіншаваў нас і потым асабіста мне сказаў: “Галя, я заметил, что в вашем голосе появились драматические нотки, которые свидетельствуют о вашем творческом росте как исполнителя.”

Думаю, што ўспаміны пра гэтага цудоўнага, інтэлігентнага і высакароднага чалавека, грамадзяніна і педагога захаваліся не толькі ў маім сэрцы. А свой сціплы рэквіем я хачу завяршыць страфой з таго самага верша, толькі крыху перафразіраванай: “Сумленна, сціпла, мужна

і натхнёна прыйшлі Вы к сонечнаму 110-годдзю. Палескі край наш радасцю напоўнен, Вас помняць і шануюць у народзе”.

Літаратура

  1. Памяць. Мазыр. Мазырскі раён: [гісторыка-дакументальная хроніка] / [рэдкалегія: І. Д. Замулка, М. С. Кусянкоу, А. Л. Петрашкевіч, М. У. Саучык, Р. Феранц; гарадская камісія па стварэнні гісторыка-дакументальнай хронікі: І. Д. Замулка, І. В. Піліпчук, Л. В. Арлоу, А. Р. Бобр, А. Ю. Васько, Т. А. Нікіціна, Я. М. Фарберау, В. В. Шур]. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1997. — 573, [1] с.: іл.
  2. Ты, Мазыр, мой Парнас: зборнік вершау / складальнік В. Р. Андрыеускт — Мазыр: Калор, 2001. — 124, [3] с.

Аўтар: Г.М. Дашкевіч
Крыніца: Мозырщина: люди, события, время: материалы Междунар. науч.-практ. конф., Мозырь, 23-24 мая 2014 г. / УО МГПУ им. И. П. Шамякина; редкол.: Т. Н. Сыманович (отв. ред.) [и др.]. — Мозырь, 2014. — 295 с. С. 23-26.