З чаго складаецца імідж навучальнай установы, яе ўспрыняцце ў навуковым і культурным сусвеце, нарэшце, вядомасць і слава? Са старажытных сцен, што перажылі стагоддзі і былі сведкамі векавой эвалюцыі чалавецтва? Са змрочных скляпенняў бібліятэк і кніжных сховішчаў, дзе спачываюць фаліянты ў пергаментна-драўляных вокладках? З пустынна-гулкіх аўдыторый, што памятаюць рэха крокаў шматлікіх пакаленняў вандроўнікаў у краіну ведаў? Ці, наадварот, з ультрасучасных карпусоў са шкла і бетону, начыненых навейшай электронікай, лазерамі і кампутарамі? А можа, славу ўніверсітэта складваюць сівыя (і не вельмі) акадэмікі і прафесары (у мантыях і без іх), пра якіх так любяць апавядаць вясёлыя гісторыі і анекдоты? Хто яго ведае! Відаць, і з першага, і з другога, і з трэцяга. Але хутчэй за ўсё сапраўдную славу AlmaMater прыносяць яе выпускнікі. Так, наўрад ці вылучаўся чым-небудзь сярод сярэднявечных універсітэтаў той, што знаходзіўся ў італійскім горадзе Падуя. Але менавіта ён стаў сусветна вядомым, бо тут вучыліся тыя, хто спыніў сонца і закруціў зямлю (Г. Галілей), а потым разам адправіў іх у сусветны кругабег (М. Капернік), хто нёс сонца маладзіковае асветы людзям паспалітым (Ф. Скарына). Вось чаму іх імёны з пашанай згадваюць і ў самой Італіі, і ў Польшчы, і на Беларусі – а гэта значыць і ва ўсім свеце.
Па-сапраўднаму пра вышэйшую навучальную ўстанову пачынаюць гаварыць толькі тады, калі ў ёй складваюцца пэўныя традыцыі і навуковыя школы. Калі ж гаворка заходзіць пра галоўную ВНУ Палесся, Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны, то ў першую чаргу згадваецца славутая алгебраічная школа Л. А. Шамяткова, даследаванні фізікаў, творчыя дасягненні якіх добра вядомы не толькі на Беларусі, але ў Еўропе і ЗША.
Разам з тым традыцыйнае суперніцтва фізікаў і лірыкаў, сутнасць якога больш паэтычна і не менш дакладна ўвасоблена ў класічнай прытчы пра васількі і жыта, у сценах ГДУ вырашаецца не менш дакладна і паэтычна – васількі ў жыце, хлеб і песня, краса і спажытак…
Ці не таму значныя поспехі маюць і нашы лірыкі, што дазваляе павесці гаворку аб сапраўднай гомельскай школе ў нацыянальнай літаратуры. Маецца на ўвазе творчая дзейнасць толькі непасрэдна звязаных з універсітэтам мастакоў слова. Зараджэнне ўніверсітэцкай школы прыгожага пісьменства практычна супадае са станаўленнем нашай AlmaMater. І адразу яна становіцца цэнтрам духоўнай культуры рэгіёна. Ля іх вытокаў стаялі маладыя паэты Леанід Гаўрылаў, Мікола Сурначоў, Васіль Корнеў, чые светлыя ўваходзіны ў краіну паэзіі абарвала вайна. Яны назаўсёды засталіся ў нашай памяці і беларускай паэзіі зусім маладзенькімі, як і іх юнацкія творы.
Усяго дваццаць тры гады пражыў на белым свеце Леанід Гаўрылаў, які загінуў на самым пачатку вайны. Заўчасная смерць не дала маладому хлопцу на ўсю магутнасць разгарнуць паэтычныя крылы. А гэтыя крылы, як лічыць яго аднакурснік К. Кірэенка, былі для высокага і шырокага палёту. Аб гэтым і сведчаць творы – магчыма часам недасканалыя, але такія шчырыя, адкрытыя. Здарылася так, што на паэтычным шляху Л. Гаўрылава не было пачатковага этапу. Уваходзіны так і засталіся спадчынай. Але і па гэтых творах мы бачым, якога паэта ад нас забрала вайна. Жыццё, смерць і бяссмерце маладога воіна звязаны і з подзвігам яго маці, якая ў невыносных умовах захавала на ўласных грудзях сшытачак з творамі сына і яго сціплы здымак, тым самым уратаваўшы яго голас ад векавога забыцця. Маці дала творам сына другое жыццё: дзякуючы яе мацярынскай любасці і веры, мы сёння можам ізноў пачуць пранікнёныя вершы яе сына.
Доля Міколы Сурначова была болей спагаднай, калі так можна сказаць: лёс яму адмераў амаль дваццаць восем гадоў. І загінуў ён за два тыдні да Перамогі, не дайшоўшы да Берліна роўна 8 кіламетраў. Якраз там стаіць брацкая магіла, што прыняла навекі маладога хлопца з Сожа. А сваю долю паэт прадказаў яшчэ ў 1941 годзе, на Заходнім фронце, у славутым вершы «У стоптаным жыце». Прадчуванне ўласнага лёсу пад пяром паэта становіцца велічным прадказаннем трагедыі ўсяго пакалення, якому ніколі ўжо не ехаць «да блізкага гаю, да роднага дому». Цяпер ніводная славянская анталогія ваеннай паэзіі ўжо не можа адбыцца без славутай балады М.
Сурначова. Невыпадкова сам аўтар «Василия Теркина» перастварыў яе на рускай мове і трагедыйныя радкі твора загучалі ў суладдзі з вядомымі радкамі «Его зарыли в шар земной».
Вайна стала вызначальнай і ў паэзіі Кастуся Кірэенкі. Тонкі лірык на пачатку свайго творчага шляху, які зайздросціў летняму дажджу, што мае права вольна дакрануцца да рукі каханай, першы свой паэтычны зборнік цалкам прысвячае гераічным будням воіна. Для паэта галоўным становіцца не ўвасабленне прыгажосці краявідаў роднага Палесся, а ўслаўленне подзвігу радавога салдата, які абараняе родны край і сваё светлае заўтра. Толькі ў апошнія гады жыцця, будучы ўжо прызнаным майстрам, лаўрэатам Дзяржаўных прэмій, Кастусь Кірэенка на новым этапе звяртаецца да асэнсавання класічных праблем быцця, рэзка мяняючы змест сваіх твораў. Паэт спасцігае, што веліч чалавечай душы раскрываецца не толькі ў пагранічных сітуацыях вайны. Рэальныя чалавечыя трагедыі (адчуванне сваёй нявечнасці на зямлі, самотнае каханне) даюць не менш значныя і велічныя вехі існавання ў гэтым свеце.
Своеасаблівым сімвалам долі паэтаў-франтавікоў стаў лёс Паўлюка Пранузы. Атрымаўшы дыплом настаўніка ў першыя дні вайны, ён пайшоў не дзяцей вучыць, а іх бараніць. Малады артылерыст-зенітчык усе чатыры гады вайны быў на пярэднім краі. За ўсіх сваіх палеглых сяброў дайшоў да Берліна і распісаўся на Рэйхстагу. А пасля вайны ўсё аддаваў дзецям – да выхаду на пенсію працаваў настаўнікам. І быў Паэтам. Цудоўнае ўвасабленне памкненняў гераічнага і летуценнага пакалення!
Якраз згаданыя выпускнікі-франтавікі і прынеслі сапраўдную заслужаную славу Гомельскаму педінстытуту як кузніцы паэтаў. Іх творчы вопыт у спалучэнні з юнацкай няўрымслівасцю, рамантычнай захопленасцю, падчас нават экзальтаванасцю і суровай, бязлітаснай праўдай вайны стаў вызначальным для ўсёй паэтычнай генерацыі, бо менавіта яны ўпершыню паядналі на практыцы штык і пяро, заплаціўшы за гэтыя спробы сваёй крывёю і нават жыццём. Ці не таму іх творчая спадчына непадзельная – яна стала па сутнасці інтрадукцыяй, уступам да той велічнай калектыўнай балады мужнасці і адвагі, якая праз некаторы час паведае ўсяму свету аб мужнасці і нескаронасці беларусаў. І невыпадкова, што праз пэўны час жыццёвы і творчы вопыт паэзіі, агнём абпаленай, на новым узроўні згадаюць пісьменнікі-эпікі, у тым ліку і тыя, што прыйдуць у сцены галоўнай навучальнай установы роднага Палесся.
Сапраўды, яе студэнтамі адразу пасля таго, як сціхлі грымоты навалы, сталі М. Даніленка, А. Капусцін, Іван Пятровіч Шамякін. Якраз у гэты час народны пісьменнік, будучы студэнтам-завочнікам Гомельскага педінстытута, днём вучыў дзетак, а вечарамі ў халаднаватай хаціне пачынаў пісаць свае першыя раманы. Праўда, праз некаторы час ён патрапіць у ВПШ, бо пераедзе ў Мінск, але першыя ўрокі творчасці спазнаў усё ж такі ў сценах нашай AlmaMater. Новае пакаленне, у адрозненне ад папярэднікаў, было больш схільным да прозы. Гэта тлумачыцца хутчэй за ўсё тым, што яму патрэбна было выказацца за ўсіх сваіх равеснікаў, якія не дайшлі да светлай Перамогі. Хаця, канешне, у сценах, якія памяталі гулкія галасы сваіх таленавітых выхаванцаў, не магло заціхнуць паэтычнае слова. Магчыма, паэты проста не заявілі аб сабе так магутна, як згаданыя вышэй празаікі. Хаця мажлівасці для гэтага былі. Цікавыя замалёўкі роднай прыроды пакінуў Алесь Хведар, дзеткам прысвяцілі свае першыя кнігі Нічыпар Парукаў і Станіслаў Кацуба, згадкі якога пра родны куточак могуць упрыгожыць любую анталогію.
Новы ўзлёт творчай актыўнасці студэнцтва прыпадае якраз на той час, калі на базе педінстытута ствараўся ўніверсітэт. Змены закранулі самыя разнастайныя сферы яго жыцця. Выраслі новыя карпусы, у сцены якіх увайшлі і новыя творчыя асобы, пачынаючы ад рэктара Бокуця Б.
В., таленавітага фізіка, які, нягледзячы на выразную спецыфіку прафесіі, а можа, што болей верагодна, дзякуючы ёй, надзвычай захапляўся роднай мовай і прыгажосцю паэтычнага слова.
Спрыяў гэтай высакароднай справе і тагачасны першы прарэктар, а потым рэктар Л. А. Шамяткоў, натура, адораная не толькі талентам вучонага, але і тонкім эстэтычным пачуццём, любоўю да мастацтва ва ўсіх яго праявах. З гэтага часу частымі гасцямі ў ГДУ сталі пісьменнікі, у тым ліку і народныя, поўнаводна бруілася «Крынічка» – літаб’яднанне пры кафедры беларускай літаратуры, якой пачаў кіраваць паэт у душы прафесар Мікола Грынчык, які прыехаў з Мінска ствараць кафедру беларускай літаратуры.
Шмат карыснага для гэтай вялікай справы зрабіла шматтыражка «Гомельскі ўніверсітэт», творчы калектыў якой пад кіраўніцтвам адметнага Уладзіміра Балогі здолеў паяднаць вакол сябе цікавую таленавітую моладзь. А яе было надзвычай многа – на кожным курсе падавалі сур’ёзныя надзеі па некалькі здольных паэтаў. Іменна ў гэты час вельмі хораша заявілі пра сябе Таіса Мельчанка, Ніна Шклярава, Рыгор Андрэявец, Алесь Дуброўскі, Станіслаў Крупенька, Міхась Башлакоў, Віктар Ярац, Віктар Стрыжак, Алесь Лозка. Прычым амбіцыі і творчы патэнцыял большасці аўтараў не абмяжоўваўся толькі маштабамі ўніверсітэта. Іх агульныя «Уваходзіны» (а менавіта так сімвалічна назваў свой першы зборнік В. Ярац) сталі па сутнасці прадвесцем уваходзін у вялікую літаратуру новай паэтычнай генерацыі. Так яно і павінна было быць – сонца заўсёды прачынаецца на ўсходзе, а Беларусь з Палесся пачынаецца.
Усе паэты вылецелі з бацькоўскіх хат і назаўсёды захавалі ў сваіх сэрцах удзячнасць сваёй маленькай радзіме. Яны нават і свае першыя зборнікі называлі зусім проста: «Мая вёска» (Н. Шклярава), «Вясковая песня», «Бацькоўскі дом» (Т. Мельчанка), «Касавіца» (М. Башлакоў), «Вечныя даннікі» (так называўся зборнік В. Стрыжака), яны з замілаванасцю згадвалі свой «Начны паром» (М. Башлакоў), «Дняпроўскі бакен» (В. Ярац) і, урэшце, дні свае залатыя. Па сутнасці была складзена адметная паэтычная анталогія краявідаў Палесся, яе некідкай, на першы погляд, але такой захапляльнай прыроды. Яскрава ўсё гэта ўвасоблена ў паэзіі Міхася Башлакова, які маляўніча і экспрэсіўна заявіў сябе песняром роднага краю. Чытач не мог не захапіцца павольна-зажуранай Прыпяццю, веліччу Дняпра-Славуціча, сівымі туманамі непрыкметнай на першы погляд Убараці, цудоўнымі акварэльнымі замалёўкамі палескіх лугоў, бароў, славутага Цар-дуба. Подыхам сапраўднай замілаванасці прыгажосцю сусвету з яго такімі рэальнымі і ў той жа час выключна таямнічымі аспектамі існавання прасякнута пастэльная, акварэльная лірыка Віктара Ярца. Па-жаночы шчырай, безабароннай, напеўнай і мілагучнай уяўлялася паэзія Т. Мельчанкі і Н. Шкляравай. Па-новаму спасцігнуць скарбы народнай паэтыкі спрабавалі А. Лозка і А. Дуброўскі.
Але не толькі эмацыянальнасцю, непасрэднасцю, захопленасцю і замілаванасцю вылучаліся нашыя лірыкі. Праз кроплю ўбачыць сусвет, узважыць «Міг і Вечнасць» (зборнік Н. Шкляравай), заглянуць у твары далёкіх прашчураў, адчуць непарыўнасць яднання ўсіх пакаленняў, што прайшлі па гэтай зямлі – вось лейтматыў іх творчых пошукаў.
Новы этап паэтычнай гісторыі ўніверсітэта звязаны з імем Анатоля Сыса, асобы таленавітай, шчодра адоранай, няўрымслівай, падчас непрадказальнай. Яго кіпучая энергія не заўсёды знаходзіла адэкватны выхад, што, як вядома, уласціва амаль усім творчым натурам. Пачаўшы са з’едлівых пародый на М. Башлакова, У. Верамейчыка, іншых гомельскіх паэтаў, ён праходзіць складаную эвалюцыю, паклаўшы пачатак яшчэ адной цікавай тэндэнцыі.
Пасляваеннае пакаленне нашых таленавітых выпускнікоў, вылецеўшы з роднага ўніверсітэта, нібы тыя птушачкі, у неабсяжную сінечу жыцця, асядалі ўсё ж такі на роднай Гомельшчыне. Яны станавіліся здольнымі педагогамі, выдатнікамі народнай асветы, журналістамі раёнак, супрацоўнікамі абласнога радыё і тэлебачання (В. Маючы, дырэктар тэлеканала «Беларусь – 3», А. Трацэнка, С. Краснабарод, А. Старчанка), кіраўнікамі самых разнастайных устаноў, супрацоўнікамі музеяў (Г. Нячаева, Л. Раманава, П. Цалка). А якраз з часоў А. Сыса найбольш таленавітыя і ўпартыя, як некалі Дзюма і Бальзак – Парыж, Гогаль – Пецярбург, Крашэўскі – Варшаву, вырашылі штурмаваць Мінск, здабываючы менавіта ўжо там славу і прызнанне. Можа яны і мелі рацыю – на тыя часы ў сталіцы былі рэдакцыі практычна ўсіх літаратурна-мастацкіх газет і часопісаў, усе выдавецтвы і культурныя цэнтры. Тым болей, што ехалі яны зусім не правінцыяламі – амбіцыі і спадзяванні былі немаленькімі. І ў значнай ступені апошнія рэалізаваліся.
Іменна нашы выпускнікі былі сярод заснавальнікаў таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя», якое кінула выклік традыцыям застою, заспакаення, халтуры ў літаратуры. Па-рознаму можна ацэньваць дзейнасць згаданага аб’яднання, але, самае галоўнае, яно ўскалыхнула спакойную плынь літаратурнага ікультурнага жыцця рэспублікі. І гэта была не проста чарговая змена пакаленняў, не чарговае рушэнне аўтарытэтаў, бяздумная барацьба па тыпу – у рожкі са старымі. Маладыя неслі сапраўды новае – і светабачанне, і светаўспрыняцце, і яго ўвасабленне. Яскравы прыклад: удумёны, засяроджаны Эдуард Акулін, які наважыўся паўтарыць подзвіг Максіма Багдановіча напачатку стагоддзя ў канцы ХХ веку. Адштурхоўваючыся ад славутага «Санета» вялікага кніжніка, ён прыўнёс у нашу паэзію акрапаэму, а потым, як прыступкі лесвіцы, па якой уздымалася еўрапейскае краснае слова, згадаў віланэль, рытурнэль, канцону, ронда, трыялет, тэрцыны і іншыя класічныя формы, якіх так нам яшчэ не дастае да гэтага часу.
Пачаўшы з універсітэцкай самадзейнасці, дзе ці не ўпершыню ў краіне загучалі рытмы беларускага року (А. Бяляцкі, Э. Акулін, С. Скачынскі і А. Кавалёў стварылі першы гурт «БАСКі», названы па першых літарах уласных прозвішчаў), той самы Э. Акулін стаў не толькі пранікнёным лірыкам, але і слынным бардам, лаўрэатам многіх фестываляў аўтарскай песні. І ён не застаўся адзінокі. Хутка ўсе пачулі і належна ацанілі захапляльны голас Вальжыны Цярэшчанкі, якая, увабраўшы традыцыі спеўнай Гомельшчыны, пералажыла на матыў сваёй душы класічныя радкі айчыннай паэзіі. Не згубіліся на гэтым фоне і яе ўласныя песні. Прызнаным бардам лічыцца цяпер і Андрэй Мельнікаў, пераможца многіх хітпарадаў. Цікавыя аўтарскія музычныя праграмы Уладзіміра Каленчыкава і Святаслава Крупенькі здольны зацікавіць любую аўдыторыю. Дастаткова згадаць, што славуты рэпер Сярога, які напісаў шлягер пра чорны бумер, тры гады вучыў нямецкую мову ў ГДУ. Зямля ў нас такая – болей нічога і не скажаш.
А згадаем нашых паэтэс. Надзеяй новай паэзіі называюць Ларысу Раманаву, аб творчай манеры якой некаторыя крытыкі сцвярджаюць, што яна не піша, а быцам выдыхае свае вершы. Разам з тым, яна імкнецца спалучыць выяўленчую палітру лірыкі з аўрай матэрыялізаваных помнікаў сярэднявечча, сярод якіх працуе ў сценах музея. Шчырую споведзь складанай, таямнічай душы жанчыны, што далучаецца да шматфарбнага, супярэчлівага, грознага сусвету ўяўляе сабой лірыка Вольгі Куртаніч. Вачыма філософа, які вызначае вартасць існавання, сутнасць часу і нашага яго ўспрыняцця, глянула на свет Ірына Багдановіч. Класічныя біблейскія матывы арганічна ўвайшлі ў яе мастацкую галактыку, дзякуючы чаму ўспрымаюцца не як даніна модзе, а як вынік натуральнай эвалюцыі ў напрамку стварэння сапраўднай філасофскай паэзіі.
Завяршаючы гаворку пра слаўны гомельскі «дэсант», трэба згадаць і арыгінальнага Анатоля Казлова, які здолеў у сваіх творах аб’яднаць у адзінае цэлае фантастычнае і рэальнае, штодзённы побыт і містыку.
Але пакінем будучым гісторыкам літаратуры разгадваць феномен «гомельскай школы».
Тым болей, што работы гэтай ім хопіць на доўгія гады, і пачатак таму пакладзены. Успомнім хіба той новы струмень, што прыўнеслі нашы выпускнікі і ў плынь айчыннага літаратуразнаўства. З часоў заснавання ўніверсітэта сапраўдным лідэрам літаратуразнаўчай навукі быў светлай памяці прафесар Мікола Грынчык, імя якога з павагай успамінаюць яго вучні, што складаюць цяпер аснову літаратуразнаўчых кафедраў. Згаданая паэтэса Ірына Багдановіч працуе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, яна – адзін з найбольш перспектыўных гісторыкаў літаратуры, аўтар цікавых манаграфій, зараз завяршае работу над доктарскай. Плённа працуюць з маладымі літаратарамі Анатоль Казлоў – былы рэдактар газеты творчай інтэлігенцыі «Літаратура і мастацтва», цяпер супрацоўнік часопіса «Нёман»; Вольга Куртаніч – член рэдкалегіі творчых газет; рэдактар часопіса «Верасень», намеснік рэдактара часопіса «Дзеяслоў» Эдуард Акулін. Цікава заявілі пра сябе І. Афанасьеў, В. Шынкарэнка, А. Мельнікава, А. Брадзіхіна, Н. Капшай, С. Ханеня, Ю. Сальнікава, кнігі і артыкулы якіх добра вядомы спецыялістам і шырокаму чытачу.
Аднак навука аб літаратуры – гэта не толькі сур’ёзнае раскладванне па палічках вартасцей і недахопаў твораў канкрэтнага аўтара. Падчас лёгкая іронія замяняе знішчальны артыкул.
Таму складванне традыцый лічыцца завершаным толькі тады, калі ў межах школы складваецца і сапраўдная парадыйная традыцыя. Гэта сведчыць аб тым, што ёсць пэўны матэрыял для несур‘ёзнай, як быццам, гаворкі, і ёсць людзі, здольныя яе павесці.
У нас паэтамі становяцца і студэнты, і акадэмікі, як Іван Харламаў.
Так волнует порой вдохновенье,
Что и впрямь мне строки не унять…
Без поэзии, без горенья
– Ни трудиться,
Ни друга встречать!
Іван Фёдаравіч прайшоў добрую школу паэзіі: пісаў амаль усе жыццё – першыя творы друкаваў яшчэ ў юнацкім узросце. У сваей творчасці заставаўся традыцыяналістам у добрым разуменні слова. I не толькі таму, што ў большасці твораў апісваў родную Шарпілаўку, медзяныя сосны на беразе Сажа, але і таму, што не ганяўся за кідкай выразнасцю, незвычайнай асацыяцыяй, зігзагам паэтычнай думкі. Для яго галоўнае – маральна-этычны ўрок, што вынікае з узнаўляемай падзеі. Можа, тут сказваецца і акадэмічная грунтоўнасць, і любімая Педагогіка – падчас аўтар нават збіваецца на маралізатарскія сентэнцыі, а лірычны пачатак саступае дыдактычнаму. Але якраз гэтым і цікавы акадэмік і паэт Іван Харламаў. У нас вучыўся адзін у краіне паэт-рабочы М. Буткевіч.
Зямля Гомельшчыны – унікальная, спеўная, меладыйная, паэтычная. Тут гучалі радкі бессмяротных «Словаў» Кірылы Тураўскага яшчэ ў ХІІ ст. І гэтая зямля нараджала і яшчэ народзіць не адно пакаленне талентаў, якія будуць здабываць асвету ў сценах галоўнай навучальнай установы Палесся – Гомельскага дзяржаўнага ў ніверсітэта імя Ф. Скарыны. Высока-высока ў небе над бясконцымі шляхамі Гомельшчыны кружацца белыя буслы. Традыцыі працягваюць А. Бараноўскі, А. Кацюргіна, Г. Новік, Я. Малевіч, М. Маліноўская. І гэта добрая прыкмета.
Аўтар: І.Ф. Штэйнер
Крыніца: Юбилейная научно-практическая конференция, посвященная 85-летию Гомельского государственного университета имени Франциска Скорины (Гомель, 17 июня 2015 г.): материалы: в 4 ч. Ч. 1 / редкол.: О. М. Демиденко (гл. ред.) [и др.]. – Гомель: ГГУ им. Ф. Скорины, 2015. – С. 221-225.