Алесь Гурло — На Сожы

0
55
На Сожы

Ой, цяжка быць на бездарожжы!
Ой, цяжка быць, як хто пакіне!
Хаджу ўзьбярэжжам рэчкі Сожы…
Яе далёка рвуцца плыні.

Мяне хвалююць і трывожаць
І іх ігра, і іх усплёскі.
Хто сілу хваль тых пераможа,
Што цешаць блізкім і далёкім?

Ня маю думак я варожых,
А нешта моцна сэрца цісьне.
Я рад бязьмерна рэчцы Сожы,
І роўна міла рэчка Сьвіслач.

І тут і там мне роўна гожа,
Але і тут і там мне горка,
Што сэрца цісьне і трывожыць
І вузкі шлях і шлях прасторны.

Гомель. 1926 г.

***

Заўвага гомельскага гісторыка і пісьменніка Сяргея Балахонава:

Верш Алеся Гурло «На Сожы» здаецца цьмяным, нягеглым і поўным нематываваных саплей роўна датуль, дакуль не ведаеш, што напісаны ён яшчэ да ўз’яднання Гомеля з Беларуссю.

Верш быў апублікаваны ў пятым нумары часопіса «Полымя» за 1926 г., калі праца па падрыхтоўцы другога ўзбуйнення БССР ішла, але трэсці чырвонай анучай перад тымі, ад каго залежыла канчатковае рашэнне, не рэкамендавалася.

«Ня маю я думак варожых, // А нешта моцна сэрца цісьне» – акурат прыклад спробы максімальна ўнікнуць канкрэтыкі. Но вы же понімаете!