Актыў праваслаўных абшчын на Гомельшчыне ў пасляваенны час: сацыядэмаграфічная характарыстыка

0
48
Абшчына праваслаўных у Гомелі

У гісторыі ўзаемаадносін Рускай праваслаўнай царквы і савецкай дзяржавы пытанне аб асаблівасцях фарміравання афіцыйнай іерархіі ўнутры праваслаўных абшчын у другой палове 1940-х — першай палове 1950-х гг. пакуль застаецца недаследаванай праблемай. Пры гэтым адной з характэрных рысаў названага часу як раз і з’яўляецца паскораная фармалізацыя структуры рэлігійных асяродкаў пад уплывам правядзення распачатай дзяржавай у 1945 годзе абавязковай рэгістрацыі абшчын РПЦ.

Асноўны блок архіўных крыніц па дадзенай праблематыцы складаюць рэгістрацыйныя справы і іншыя афіцыйныя дакументы з фондаў упаўнаважаных Савета па справах Рускай праваслаўнай царквы пры Савеце народных камісараў (з 1946 г. — Савет міністраў) СССР па Гомельскай і Палесскай абласцях. Гэтыя крыніцы ўтрымліваюць шырокі пласт фактычнага матэрыялу: звесткі аб размеркаванні пасадаў унутры абшчыны; прозвішчы, імёны, імёны па бацьку ўсіх старшынь і членаў царкоўных саветаў і членаў рэвізійных камісій; дадзеныя аб годзе нараджэння, узроўні адукаванасці, судзімасці, месцы жыхарства і родзе заняткаў кожнага члена прыходскага актыву. Апрацоўка інфармацыі такога кшталту дазваляе пашырыць кола разглядаемых гістарычных праблем праз вызначэнне склада актыва праваслаўных абшчын, аналіз яго полаўзроставай і сацыяльнай структуры.

Неабходна адзначыць, што на ход вылучэння неабходнай для рэгістрацыі абшчыны колькасці вернікаў («дваццатак»), на правядзенне ў прыходах выбараў царкоўных саветаў і рэвізійных камісій, а таксама на далейшае зацвярджэнне ўпаўнаважанымі складу органаў прыходскага самакіравання ўплывалі некалькі фактараў.

Па-першае, у першыя пасляваенныя гады прыхаджане сутыкнуліся толькі з вонкавымі станоўчымі праявамі новай дзяржаўна-канфесійнай палітыкі: абшчынам афіцыйна перадаваліся занятыя імі падчас акупацыі царкоўныя будынкі, вярталіся адабраныя ў 1930-я гг. культавыя рэчы, упаўнаважаныя Савета па справах РПЦ пры СНК СССР выступапі як абаронцы правоў вернікаў, і нават стымулявалі іх актыўнасць па стварэнню ў прыходах кіруючых органаў адміністрацыйнымі метадамі, накіроўваючы ў гарадскія і раённыя выканаўчыя камітэты службовыя лісты з патрабаваннямі забяспечыць яўку служыцеляў культа і прадстаўнікоў рэлігійных абшчын з ўсімі неабходнымі для рэгістрацыі паперамі, у тым ліку ca спісамі членаў царкоўных саветаў і рэвізійных камісій [1, с. 249].

З другога боку, унутраная прычына такой лаяльнасці была ў патрэбе ўмацавання прэстыжу СССР на міжнароднай арэне. Увогуле, працэс аднаўлення царкоўна-прыходскай структуры на тэрыторыі акупаванай Гомельшчьшы, наступнае захаванне і дастаткова стабільнае легальнае існаванне гэтай структуры ў савецкай краіне сталі магчымымі толькі дзякуючы наяўнасці знешніх палітычных стымулаў для іх актуалізацыі.

Акрамя таго, імкненне савецкіх улад выкарыстаць дзейнасць праваслаўнай царквы ў якасці інструмента знешняй палітыкі безумоўна абапіралася і на рэлігійныя настроі насельніцтва. Патрэба савецкіх грамадзян у адпраўленні рэлігійных культаў не была цалкам пераадолена ні напярэдадні вайны, нягледзячы на татальнае знішчэнне іншадумцаў, ні, тым больш, ва умовах ваеннага ліхалецця, калі зварот да веры стаў для шырокіх колаў насельніцтва натуральным падмуркам маральнага і псіхалагічнага ўмацавання. Цяжкасці пасляваеннага перыяду толькі працягнулі гэту тэндэнцыю, але ва ўмовах панавання атэістычнай ідэалогіі такое становішча не магло быць трывалым. У гэты час савецкія ўлады далі паслабленне вернікам, але наладжванне прыходскага жыцця павінна было адбывацца пад пільным кантролем дзяржавы.

Таму існаваў яшчэ адзін вектар работы дзяржаўных органаў: перад імі былі пастаўлены сакрэтныя задачы па ўзмацненню кантролю за дзейнасцю прыхаджан, па збору аператыўнай інфармацыі на месцах і выкрыццю небланадзейных праз шматступенныя персанальныя праверкі па пайменных спісах усіх членаў «дваццатак» [1, с. 248-249]. I гэта была асноўная мэта праведзенай дзяржаўнай рэгістрацыі, якая, зразумела, не даводзілася да ведама вернікаў, але намаганні ўладаў па паскарэнню працэса рэгістрацыі ў сукупнасці з дзяржаўным вакірунакам на ўзмацненне атэістычнай прапаганды для большасці прыхаджан і так былі сведчаннем часовасці легалізацыі царкоўна-прыходскага жыцця.

Названыя фактары спрыялі актывізацыі дзейнасці вернікаў сталага веку і адштурхнулі моладзь ад публічнага пазіцыявання сваёй рэлігійнасці. Таму ў лік «дваццатак», а таксама ў склад царкоўных саветаў і рэвізійных камісій уваходзілі ў асноўным людзі, старэйшыя за 60 гадоў. Так, у спісах заснавальнікаў царкоўных прыходаў у в. Пірэвічы (Жлобінскі раён), г.п. Брагін, с. Артукі (Рэчыцкі раён), г.п. Тураў зусім няма вернікаў, маладзейшых за 40 год, і пераважную большасць складаюць пенсіянеры [2, л. 5; 3, лл. 6-7, 18, 39-40, 50-51; 4, л. 4; 5, лл. 2-3, 5-6, 28-32]. Праўда, былі і выключэнні: напрыклад, у в. Броннае Рэчыцкага раёна сярод 20 заснавальнікаў прыхода былі пазначаны 2 чалавекі ва ўзросце ад 20 да 30 гадоў, 6 — ад 30 да 40,1 — ад 40 да 50,1 — ад 50 да 60, і 10 — старэйшыя за 60 год [6, лл. 9-9 зв.].

У справаздачах упаўнаважаных таго часу пазначаецца, щто большасць вернікаў у пасляваенны час складалі жанчыны сярэдняга і сталага ўзросту, «моладзі амаль не бачна» [5, л. 35], але на царкоўныя святы прыходзілі нават маладыя жанчыны з дзецьмі [7, л. 19].

Нягледзячы на колькасную перавагу жанчын сярод прыхаджан (звычайна — 9/10 ад агульнай колькасці [5, л. 35; 7, л. 23]), менавіта мужчыны паўсюдна складалі актыў прыходскіх абшчын і ў большасці выпадкаў кіраванне прыходам з’яўлялася чыста мужчынскай справай. Старастамі абіраліся выключна мужчыны, у царкоўных саветах і рэвізійных камісіях суадносіны мужчын і жанчын складалі ў асноўным 5:1 [3, л. 6-7; 4, л. 4; 8, лл. 13-17; 9, л. 14-14 зв.; 10, лл. 4-5]. Часцей за ўсё сярод такіх жанчын аказваліся незвычайныя асобы, як, напрыклад, былая паслушніца Св. Троіцкага манастыра з Калужскай вобласці Скараход Т.В. [3, л. 39].

Але ў выключных абставінах жанчыны-прыхаджанкі праяўлялі патрэбную актыўнасць. Напрыклад, маці старшыні Шарпілаўскага сельскага савету Царанкова аказвала ўплыў на сына, каб ён не перашкаджаў вернікам будаваць новы малітоўны дом і адпраўляць богаслужэнні манаху Шчамялёву [7, лл. 4-5]; прыхаджанка царквы ў в. Ямпаль Рэчыцкага раёна Ў Чарэднік ўзяла на сябе абавязкі делегата і некалькі разоў звярталася да ўпаўнаважанага з патрабаваннем адчыніць царкву вернікам [7, лл. 34,42].

Сацыяльны склад членаў устаноўчых «дваццатак» быў неаднародны, пры гэтым трэба адзначыць, што сярод іх амаль не было людзей, займаючых кіруючыя пасады. У якасці выключэння можна назваць брыгадзіра калгасу «Шлях Леніна» Дубаўца Данііла Мікалаевіча, які быў царкоўным старастай Малчанаўскага прыходу ў Рэчыцкім раёне. 19 з 20-ці заснавальнікаў гэтай рэлігійнай абшчыны былі калгаснікамі. адзін — аднаасобнік. У тым ліку 14 чалавек — мужчыны, 6 — жанчыны. Сярэдні ўзрост — 58 гадоў [ 11, с. 234].

У большасці іншых прыходаў на Гомельшчыне актыў таксама складалі калгаснікі [2, л. 6-6 зв.; 5, лл. 28-32; 9, л. 17-22; 12, лл. 15-20]. Бьші і свае мясцовыя асаблівасці: у г.п. Брагін у склад царкоўнага савета і рэвізійнай камісіі ўваходзілі акрамя калгаснікаў 3 сапожнікі і адзін рознарабочы [3, лл. 6-7, 18, 26-28, 39-40, 50-51], у г.п. Тураў — 4 служачых воднага транспарту [5, лл. 28-32]; у с. Артукі налічваўся вялікі працэнт аднаасобнікаў сярод царкоўных актывістаў — 35 % [4, І л. 5]; у в. Свірыдавічы — усе актывісты былі сярэднякамі-хлебаробамі, раней служылі радавымі ў царскай арміі [13, лл. 10-15]. У сваю чаргу казначэй прыходскай абшчыны в. Гарочычы Рубанік П.В. служыў радавым у Чырвонай арміі, меў медалі «За адвагу», «За баявыя заслугі», «За ўзяцце Берліна» [9, л. 19].

Упаўнаважаны Савета па справах РПЦ па Палесскай вобласці Назарчук, спасылаючыся на адсутнасць пратаколаў пасяджэнняў царкоўнага савета і рэвізійнай камісіі Брагінскай абшчыны, адзначаў, што яны ніякай работы не праводзяць [14, л. 14], але насамрэч галоўнай прычынай тут бачыцца не адсутнасць сапраўднай работы, а малаадукаванасць актыву. У большасці прыходаў на тэрыторіі Гомельшчыны актыў складалі людзі з пачатковай адукацыяй [5, лл. 28-32; 9, лл. 17-22; 13, лл. 10-15; 15, лл. 13-18].

У пасляваенныя гады прыход стаў цэнтрам прыцягнення людзей розных узростаў, пры гэтым большасць вернікаў складалі людзі сталага веку. У жыцці абшчын удзельнічалі як мужчыны (10-15 %), так і жанчыны (85-90 %), але ў справе кіравання прыходам перавага заўсёды аддавалася мужчынам. У населеных пунктах Гомельшчыны ў межах адной абшчыны звычайна адбывалася гуртаванне аднаасобнікаў і калгаснікаў, служачых і дробных вытворцаў, што сведчыць аб вацыяльнай прываблівасці рэлігійнай дзей-насці і пэўным бракаванні атэістычных захадаў улад у пасляваенны час.

  1. Саўчык, К. В. Станаўленне інстытута ўпаўнаважаных Савета па «правах Рускай праваслаўнай царквы і Савета па справах рэлігійных культаў пры СНК СССР па Гомельскай вобласці ў 1944-1945 гг. // К. В. Саўчык // Гомелыцина в событиях 1917-1945 гг. : материалы науч.-практич. конф. / ред. рол.: А. А. Коваленя [и др.]. — Гомель: БелГУТ, 2007. — С. 245 — 250.
  2. Рэгістрацыйная справа рэлігійнай абшчыны ў в. Пірэвічы Жлобінскага раёна // Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці (ДАГВ). — Фонд 1354. — Вoпіс 5. — Справа 48.
  3. Рэгістрацыйная справа рэлігійнай абшчыны ў г.п. Брагін // ДАГВ. — Фонд 3441. — Вопіс. — Справа 51.
  4. Рэгістрацыйная справа рэлігійнай абшчыны ў с. Артукі Рэчыцкага раёна // ДАГВ. — Фонд 3441. — Boп. 3. — Спр. 8.
  5. Рэгістрацыйная справа рэлігійнай абшчыны ў г.п. Тураў // ДАГВ. — Ф. 1354. — Вопіс 5. — Справа 15.
  6. Рэгістрацыйная справа рэлігійнай абшчыны ў в. Броннае Рэчыцкага раёна // ДАГВ. — Фонд 1354. — Вопіс 5. — Справа 25.
  7. Інфармацыйныя справаздачы аб рабоце ўпаўнаважанага Савета па справах РПЦ пры СМ СССР па Гомельскай вобласці за 1953 г. // Дзяржаўны архіў грамадскіх аб’яднанняў Гомельскай вобласці (ДАГАГВ). — Фонд 144 Вопіс 60. — Справа 77.
  8. Рэгістрацыйная справа рэлігійнай абшчыны ў в. Заспа Рэчыцкага раёна // ДАГВ. — Фонд 3441,- Вопіс 3. — Справа 25.
  9. Рэгістрацыйная справа рэлігійнай абшчыны ў в. Гарочычы Калінкавіцкага раёна // ДАГВ. — Фонд 3441. — Вопіс 3. — Справа. 50.
  10. Рэгістрацыйная справа рэлігійнай абшчыны ў в. Мікулічы Брагінскага раёна//ДАГВ. — Ф. 3441. — Воп. 3. — Спр. 23.
  11. Савчик, Е. Конфессиональная жизнь Речицкого региона в первые послевоенные годы (по официальным документам) / Е. Савчик // “Шостыя Міжнародныя Доўнараўскія чытанні”, 14-15 лістапада 2007 г. : матэрыялы]; у 2 ч. Ч. 2 : Рэчіца ў часе і прасторы: 795 год заснавання горада / B. М. Лебедзева (адк. рэд.) [і інш.]. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2008. — C. 230-238.
  12. Рэгістрацыйная справа рэлігійнай абшчыны ў в. Кашэвічы Петрыкаўскага раёна // ДАГВ. — Фонд 1354. — Вопіс 5. — Справа 23.
  13. Рэгістрацыйная справа рэлігійнай абшчыны ў в. Свірыдавічы Рэчыцкага раёна // ДАГВ. — Фонд 3441. — Вопіс 3. — Справа 9.
  14. Квартальныя справаздачы аб дзейнасці ўпаўнаважанага Савета па справах РПЦ пры СМ СССР па Палесскай вобласці і звесткі аб колькасці цэркваў і малітоўныз дамоў за 1947 г. // Занальны дзяржаўны архіў у г. Мазыр. — Фонд 596. — Вопіс 1. — Справа 4
  15. Рэгістрацыйная справа рэлігійнай абшчыны ў в. Малчаны Рэчыцкага раёна // ДАГВ. — Фонд 3441. — Вопіс 3. — Справа 46.

Аўтар: К.В. Саўчык
Крыніца: Православие на Гомельщине: историко-культурное наследие и современность: сборник научных статей. / Г. А. Алексейченко (отв. ред.). — Гомель : ГГУ, 2010. Ст. 170-174.