Кожнай вясною непазбежна настае
той момант, калі лісце на дрэвах
перастае здзіўляць
Сапраўды, лісце на дрэвах ужо перастала здзіўляць. Здавалася, што ж яшчэ наогул можа здзівіць чалавека ХХІ стагоддзя? Вось менавіта тут і прыходзяць на дапамогу святы сусветнага маштабу, якія дазваляюць падзівіцца з тых знаходак, што яны да святочных дзён і падрыхтавалі. Адзін з такіх дзён – Сусветны дзень музеяў, калі сіламі і жаданнямі супрацоўнікаў устаноў культуры ствараецца ці то казка, ці то шоў, якое самым непасрэдным чынам разбаўляе атмасферу шэрых будняў.
У межах Сусветнага дня музеяў ужо здаўна ладзяцца так званыя Ночы музеяў, якія некалькі апошніх год не абыходзяць і Гомель. У філіяле Веткаўскага музея народнай творчасці ў межах Ночы музеяў 18 траўня адбылося святкаванне “Ночы Цмока”. Пад акампанемент фонавай музыкі (“Тройца”, “Guda” і інш.) каля музея сабралося довалі шмат людзей. З вітаннем да цікаўнага народа звярнуўся навуковы супрацоўнік музея і вядоўца ў адной асобе -Пятро Цалка і даў старт “Ночы”.
Першым ў праграме вечара выступіў бард Аляксей Андрухін са стылізаванымі народнымі песнямі. Іх у рэпертуары выканаўцы – безліч. У тым ліку знаходзяцца тут і такія, пад гарачыя рытмы якіх не-не ды і пачынаеш падтанцоўваць сам. Аляксей тым часам, заўважыў дзяўчат з ГМКГА “Талака”, што непадалёку стаялі і падпявалі, паклікаў іх да сябе, і разам яны заспявалі народную песню акапэльна.
Працягнуў своеасаблівы дыялог Аляксея з публікай Пятро расповедам пра Цмока. Аказваецца, гэта – добрая пачварына. Як парадаксальная добрэнная пачварына Цмок і на свет з’яўляецца не без парадоксаў. Па-першае, павінен існаваць чорны певень (што само па сабе ўжо з’яўляецца рэдкасцю). Па-другое, гэты певень павінен знесці яйка (!), якое гаспадар або гаспадыня носіць пад рукой 40 дзён. З гэтага яйка вылупліваецца яшчарка, якую патрэбна карміць салодкім, смачным (малачком, цукерачкай), і тады яна аддзячыць: вырасце і будзе насіць гаспадарам дабро – золата, срэбра, а галоўнае – збожжа, паколькі для беларусаў спакон вякоў галоўным багаццем з’яўляўся хлеб. Як бачым, адносіны Цмока да сям’і былі абумоўлены адносінамі саміх гаспадароў да Цмока. У пацвярджэнне гэтага Пятро прыводзіць аповеды, запісаныя ў вёсках за 10-20 кіламетраў ад Гомеля.
Прыняў эстафету вечара музыкальны гурт “Млын сонца”, які ведае народную культуру не звонку і заўсёды гатовы паказаць смак гэтай культуры іншым. Пад акампанемент ліры, дуды, домры, бубна, флейты, барабана гучалі народныя песні, пасля чаго да музыкаў далучыліся прадстаўнікі клуба гістарычнага танца “Бельфіорэ” ў сярэднявечных строях, і песенны паказ змяніўся танцавальным: тут і “Ойра”, і “Падыспань”, і танцы-творы з “Полацкага сшытка”. Па-рознаму назіралі за дзействам, што разгарнулася, людзі: дзеці – з непрыхаванай цікаўнасцю і радасцю ў вачах, падлеткі – больш засяроджана, у дарослых не абыходзіцца без каментарыяў. “Неяк на тварах у танцораў малавата жыцця. Здаецца, калі б сам такія строі апрануў – то і ажыў бы адразу, літаральна расцвіў бы” – “А мне як звычайнаму назіральніку вельмі цікава паглядзець і самі танцы, і падзівіцца на строі танцораў”, – дзеляцца ўражаннямі жанчыны. Ды з місіяй сваёй – “завесці” публіку – гурты ўсё ж справіліся: з энтузіязмам да скокаў далучаюцца гледачы!
Але гэта было яшчэ не ўсё. Эпоха Сярэднявечча знакамітая не толькі сваімі танцамі. Адзін з яе прадстаўнікоў – гэта рыцар. Наступнымі ў праграме вечара стваралі атмасферу Сярэднявечча чальцы клуба гістарычнай рэканструкцыі “Старая вежа”, якія прадставілі публіцы ваеннае пабоішча рыцараў-латнікаў к. ХІІІ – пач. XV стагоддзяў. Сыходзіліся на рысталішчы воіны і адзін на адзін, быў прадэманстраваны і такі прыём, як бугурт, ці, як кажуць у народзе, “сценка на сценку”. Страшнае і небяспечнае відовішча прадставілі ўвазе рыцары, на працягу якога не заціхалі воклічы падтрымкі з боку хлопцаў і воклічы перасцярогі з боку прадстаўніц жаночага полу. Тым не менш, самі рыцары не шкадуюць, што ўдзельнічаюць у пабоішчах. Як прызнаецца Ян Шарманаў, ён жа рыцар Ян, “гэтыя баі – выдатны спосаб для выйсця адрэналіну. Акрамя таго, баі з’яўляюцца своеасаблівым дапаможнікам па гісторыі. Праз фестывалі, дзе даводзіцца прымаць удзел, мы далучаемся да гістарычных рэаліяў, сягаем у ствараемую намі самімі эпоху”.
Нарэшце, гледачы здолелі ўявіць сабе, як жа дыхае Цмок (а выдыхае ён, як вядома, полымя). Фаер-шоу – вогненнае відовішча – разгарнулася перад гледачамі сіламі прадстаўнікоў тэатра агню “Atesh”.
Розныя ўражанні атрымалі наведвальнікі ад сённяшняга свята. Зінаіда Мікалаеўна, адна з наведвальніц, шчыра прызнаецца, што, трапіўшы на “Ноч Цмока”, не чакала тут убачыць столькі хараства і вытанчанасці, што ўвасобілі ў сабе музыкі і танцоры. Іншая ж наведвальніца, якая падыспела якраз да ваеннага пабоішча, распавяла, што ў Палаца-паркавага ансамбля ў адрозненні ад філіяла Веткаўскага музея, “свята выдалася бяздарным у адносінах відовішчнасці. Хочацца больш душэўнага, прыгожага”.
Што казаць, мудры Сенека ў свой час пісаў, што хто паўсюль – той нідзе. Таму вывад просты: каб атрымаць асалоду ад нечага – трэба на гэтым адным і засяродзіцца. Ці ж нам не ведаць?!
P.S. Дарэчы, а мо, сабе Цмока завесці?
😉
Аўтар: Марына Давідзюк
Фатаздымкі аўтара