Адзінкавыя антрапонімы ў гомельськім іменаслове апошняй трэці XX стагоддзя (мужчынскія імёны)

0
75
Адзінкавыя антрапонімы ў гомельськім іменаслове апошняй трэці XX стагоддзя (мужчынскія імёны)

Кожны іменаслоў паводле частотнасці ўжывання таго ці іншага антрапоніма мае чатыры асноўныя групы: папулярныя (дзесяць найболып распаўсюджаных імён), ужывальныя (тыя, што знаходзяцца вышэй за каэфіцыент папулярнасці), рэдкія (ніжэйшыя за адзначаны каэфіцыент) і адзінкавыя [1]. Зразумела, што характэрныя асаблівасці пэўнага антрапанімікона любой часавай або прасторавай лакацыі вызначаюцца ў першую чаргу паводле аналізу першай і другой груп (папулярныя і ўжывальныя антрапонімы), але не меншую цікавасць, на нашу думку, уяўляюць сабой і адзінкавыя імёны, асабліва з пункту погляду іх з’яўлення і існавання.

Мэтай нашага артыкула з’яўляецца рознабаковы аналіз (колькасны і якасны) складу мужчынскай часткі іменаслова горада Гомеля (даныя органаў ЗАГС Чыгуначнага раёна, сабраныя і перапрацаваныя аўтарам) апошняй трэці XX стагоддзя (1971-2000 гады).

Статыстычная інфармацыя падаецца згодна са зробленымі аўтарам колькаснымі падлікамі на аснове апрацоўкі 37208 запісаў аб нараджэнні асоб мужчынскага полу з 1951 па 2000 гады [2].

У 70-я гады XX стагоддзя колькасць адзінкавых імён у мужчынскім іменаслове Гомеля была роўная 34, што складала 35,79% ад усёй колькасці ўжытых за тэты перыяд мужчынскіх антрапонімаў і 0,33% ад усёй зарэгістраванай колькасці носьбітаў мужчынскага полу. Гэта такія імёны, як Алека, Амары, Альберт, Андрыс, Арсен, Арыф, Афанасій, Ваграм, Ванлаў, Веньямін, Вікенцій, Вітаўтас, Гардзей, Герман, Данііл, Дзямід, Зіновій, Ігнат, Іларыён, Іраклій, Леў, Мадэст, Марк, Марс, Мікіта, Мілан, Раміз, Рэм, Спартак, Сурэн, Філіп, Эльдар, Юлій, Янаш. Што тычыцца асаблівасцей паходжання нетрадыцыйных для славянскага іменаслова адзінак, то заўважна, што прысутнічаюць імёны арабскага (Сурэн, Амары), цюркскага (Арыф, Эльдар) паходжання, прыбалтыйскія варыянты традыцыйных онімаў (Андрыс, Вітаўтасў, адзначаецца і ўжыванне т. зв. новага (паслярэвалюцыйнага) імя Уладлен.

Калі параўнаць дынаміку ўжывання адзінкавых антрапонімаў у параўнанні з данымі мінулага дзесяцігоддзя [2, с. 47], то можна адзначыць, што колькасць такіх онімаў павялічваецца больш чым напалову (з 20 да 34 адзінак). Галоўнымі крыніцамі папаўнення катэгорыі адзінкавых імён становяцца іменасловы Заходняй Еўропы і былых савецкіх краін. Да першай трупы адносяцца, напрыклад, онімы Андрыс, Вацлаў, Марс, Янаш. Да імен другой групы можна аднесці онімы, якія характерны для мусульманскіх краін: Амары, Арыф, Раміз, Сурэн. Зразумела, што такія імёны былі зарэгістраваны ў неславянскіх і змешаных сем’ях. Яшчэ адну групу складаюць кананічныя праваслаўныя імёны, якія ў розныя гістарычныя перыяды змяняюць сваю частотнасць: Афанасій, Гардзей, Данііл, Дзямід, Зіновій, Ігнат, Іларыён, Леў, Мадэст і інш.

У 80-х гадах колькасць адзінкавых мужчынскіх імён складае 47: Азім, Андрус, Андрыян, Арвідас, Арман, Арсен, Аскер, Атар, Браніслаў, Валяр ’ян, Генрых, Герман, Дан, Даніэль, Джамал, Жан, Жасэ Марыяна, Жумабай, Забар, Здзіслаў, Іосіф, Карым, Кім, Клімент, Крысціян, Кузьма, Макар, Мурат, Мухамада, Назар, Прохар, Рафаіл, Рынат, Самір, Сатар, Стас, Уладлен, Усевалад, Фрол, Хрысціян, Шэрхан, Эдвард, Эміль, Эрык, Юлій, Юльян, Яфім. У працэнтных суадносінах гэта складае 38,84% ад усёй колькасці ўжытых за гэты перыяд мужчынскіх антрапонімаў і 0,37% ад усёй зарэгістраванай колькасці носьбітаў мужчынскага полу.

Як можна заўважыць, у актыўным іменаслове гэтага перыяду ўжываюцца імёны арабскага (Азім, Карым, Самір, Сатар, Шэрхан), цюркскага (Аскер) паходжання, сустракаюцца літоўскія (Андрус, Арвідас) імёны. Адзначаюцца два новыя онімы — Кім, Уладлен. Адно імя мае падвойную форму — Жасэ Марыяна. Адзін онім ужываецца ў скарочанай форме — Стас.

Нацыянальны аспект іменаслова становіцца больш разнастайным. Колькасць выпадкаў іменавання ў неславянскіх і змешаных сем’ях узрастае ўдвая. Геаграфія паходжання запазычаных антрапонімаў значна пашыраецца. Адзначаюцца антрапонімы наступных рэгіёнаў: Каўказа (азербайджанцы, армяне, лезгіны, адыгейцы, грузіны), Сярэдняй Азіі (казахі, узбекі, туркмены, таджыкі), Прыбалтыкі (літоўцы, латышы), Заходняй Еўропы (палякі, італьянцы, балгары), Бліжняга Усходу (афганцы), сустракаецца нават антрапонім прадстаўніка Афрыкі — імя дзіцяці гвінейкі і бенінца (Жасэ Марыяна). Павышаецца колькасць імён прадстаўнікоў цыганскай дыяспары, якія пачынаюць рэгістраваць сваіх дзяцей у органах ЗАГС. Актывізуецца працэс інтэрнацыяналізацыі, большасць міжнародных кантактаў ідзе па лініі вучоба — работа — адпачынак. Гэты працэс і становіцца галоўнай прычынай узнікнення новых запазычаных антрапонімаў. Тым не менш, у мужчынскім іменаслове гэтага перыяду адзначаецца і пэўная колькасць кананічных праваслаўных імён: Іосіф, Клімент, Кузьма, Макар, Назар, Прохар, Усевалад, Фрол, Яфім.

У параўнанні з папярэднім перыядам колькасць адзінкавых імён значна ўзрастае. Галоўную ролю пры гэтым адыгрываюць онімы краін Бліжняга Усходу (Азім, Аскер, Атар, Джамал, Жумабай, Карым, Мурат, Мухамада, Рынат, Самір, Сатар, Шэрхан). Пэўную групу складаюць онімы дзяржаў Заходняй Еўропы (Андрус, Арвідас, Арман, Генрых, Дані эль, Жан, Крысціян, Эміль, Эрык).

У 90-я гады XX стагоддзя колькасць адзінкавых імён у мужчынскім іменаслове роўная 71: Аведзік, Адольф, Адрыян, Айдар, Алан, Альберт, Амар, Андрыян, Арсен, Артурас, Арыстарх, Арыян, Аскар, Астап, Астэрый, Аўдзей, Багуслаў, Браніслаў, Валяр ’ян, Гарый, Генрых, Джал, Дыез Ань, Дык, Елісей, Іаан, І гнаній, Ільяс, Крэсціян, Леанард, Ліван, Люкас, Магомед, Макар, Мілан, Мірсамір, Музафар Шах, Патрык, Радзіслаў, Райн, Раландас, Расул-Руслан, Ратмір, Роберт, Рузмет, Рустан, Рычард, Рэкард, Сабір, Саід, Самір, Сандзі, Севасцьян, Сергій, Таміслаў, Туан, Тхен Лонг, і’ыеп, Тэймур, Уладас, Уладлен, Уласціслаў, Фадзей, Францішак, Хаанг Ха, Хан, Цімуржан, Чынгіз, Эмір, Юльян, Яфім. У працэнтных суадносінах гэта складае 46,41% ад усёй колькасці ўжытых за гэты перыяд мужчынскіх антрапонімаў і 0,99% ад усёй зарэгістраванай колькасці носьбітаў мужчынскага полу.

Трэба адзначыць, што ў мужчынскім іменаслове крыніцай папаўнення з’яўляюцца шматлікія арабскія (Амар, Магамед, Мірсамір, Саід, Самір, Хан, Цімуржан, Эмір) і цюркскія імёны (Айдар, Аскар, Рузмет, Чынгіз). Даволі шмат падвойных імён — Дыез Ань, Музафар Шах, Расул-Руслан, Тхен Лонг, Хаанг Ха.

У параўнанні з папярэднім дзесяцігоддзем колькасць адзінкавых онімаў узрастае з 46 да 71 адзінкі. Крыніцамі папаўнення адзінкавых імён мужчынскага іменаслова сталі наступныя фактары. Найбольш важную ролю адыгрываюць т. зв. “старыя” онімы (Адрыян, Арыстарх, Астап, Астэрый, Аўдзей, Валяр ’ян, Елісей, Ігнацій, Макар, Севасцьян, Фадзей, Яфім). Асаблівую цікавасць выклікае ўвядзенне ў актыўны іменаслоў кананічных формаў некаторых папулярных онімаў (Іаан, Сергій). Другой крыніцай папаўнення адзінкавых антрапонімаў сталі заходнееўрапейскія імёны, якія маюць аналагі ў беларускім іменаслове (Артурас, Крэсціян, Люкас, Уладас), і тыя, што такіх аналагаў не маюць (Патрык, Райн, Раландас). Такія змены ў складзе колькасці адзінкавых онімаў у параўнанні з ростам колькасці імён актыўнага іменаслову дазваляюць зрабіць вывад аб тым, што функцыя адзінкавых онімаў амаль не змянілася, нягледзячы на некаторыя колькасныя ваганні.

Калі разглядаць перыяд цалкам (з 1971 па 2000 гады), то можна зрабіць наступныя вывады:

  1. У мужчынскім іменаслове адзначаецца ўжыванне 114 чыста адзінкавых онімаў, што складае 30,89 % ад усёй колькасці зарэгістраваных за разглядаемы перыяд мужчынскіх імён і 0,38 % ад усёй колькасці носьбітаў мужчынскага полу: Аведзік, Адольф, Адрыян, Азім, Айдар, Алан, Алека, Амар, Амары, Андрус, Андрыс, Арвідас, Арман, Артурас, Арыстарх, Арыф, Арыян, Аскар, Аскер, Астап, Астэрый, Атар, Аўдзей, Афанасій, Багуслаў, Ваграм, Вацлаў, Веньямін, Вікенцій, Вітаўтас, Гардзей, Гарый, Дан, Даніэль, Джал, Джамал, Дзямід, Дыез Ань, Дык, Елісей, Жан, Жасэ Марыяна, Жумабай, Забар, Здзіслаў, Іаан, Ігнацій, Іларыён, Ільяс, Іосіф, Іраклій, Карым, Кім, Клімент, Крысціян, Крэсціян, Кузьма, Леанард, Ліван, Люкас, Магамед, Мадэст, Марс, Мірсамір, Музафар Шах, Мурат, Мухамада, Патрык, Прохар, Радзіслаў, Райн, Раландас, Раміз, Расул-Руслан, Ратмір, Рафаіл, Роберт, Рузмет, Рустан, Рынат, Рычард, Рэкард, Рэм, Сабір, Саід, Сандзі, Сатар, Севасцьян, Сергій, Спартак, Стас, Сурэн, Таміслаў, Туан, Тхен Лонг, Тыеп, Тэймур, Уладас, Уласціслаў, Фадзей, Францішак, Фрол, Хаанг Ха, Хан, Хрысціян, Цімуржан, Чынгіз, Шэрхан, Эдвард, Эльдар, Эміль, Эмір, Эрык, Янаш.
  2. Большасць адзінкавых антрапонімаў запазычаны з іменасловаў іншых краін і іншых іменаслоўных сістэм (Азім, Амары, Жумабай, Сабір, Хаанг Ха і інш.) і толькі некаторыя з іх з’яўляюцца традыцыйнымі для беларускага антрапанімікона (Адрыян, Афанасій, Вікенцій, Ігнацій, Севасцьян і інш.).
  3. Пранікненне ў беларускі іменаслоў такіх адзінкавых нетрадыцыйных онімаў (арабскія, цюркскія, в’етнамскія імёны, заходнія варыянты традыцыйных антрапонімаў), якія паступова становяцца неад’емнай часткай беларускага іменавання, з’яўляецца вынікам сучаснага працэсу інтэрнацыяналізацыі, які ўплывае не толькі на іменаслоўную сістэму кожнай краіны, але і на агульную сусветную культуру.

Спіс выкарыстаных крыніц

  1. Карніеўская, Т. А. Да пытання аб вызначэнні структуры сучаснага беларускага іменаслову / Т. А. Карніеўская // Актуальныя пытанні лінгвістыкі, лінгвастылістыкі і лінгвакультуралогіі: да 75-годдзя з дня нараджэння прафесара Абабуркі М. В.: матэрыялы Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі, 20 мая 2016 г., г. Магілёў, МДУ імя А. А. Куляшова / пад рэд. В. М. Шаршнёвай. — Магілёў: МДУ імя А. А. Куляшова, 2016. — С. 49-52.
  2. Карніеўская, Т. А. Іменаслоў горада Гомеля другой паловы XX стагоддзя: манаграфія / Т. А. Карніеўская; М-ва адукацыі РБ, Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2010. — 168 с.

Аўтар: Т.А. Карніеўская
Крыніца:
Міжнародныя Шамякінскія чытанні “Пісьменнік — Асоба — Час”: матэрыялы VI Міжнар. навук.-практ. канф., Мазыр, 27 верас. 2019 г. / УАМДПУ імя I. П. Шамякіна; рэдкал.: А. У. Сузько (адк. рэд.) [і інш.]. — Мазыр: МДПУ імя I. П. Шамякіна. 2019. — С. 109-112.