Асоба капітана Джона Сміта (1580-1631), выдатнага піянера каланізацыі Паўночнае Амерыкі, шматбакова і грунтоўна даследавана ў англамоўнай літаратуры. Ад часу, калі Сміт у 1608 г. надрукаваў першую кнігу пра Вірджынскую калонію1, да сярэдзіны гэтага стагоддзя апублікавана тысячы артыкулаў, даследаванняў ды кніжак пра гэта выдатнага ваяку, падарожніка, дзеяча. Навейшая вялікая праца пра капітана Сміта амерыканскага гісторыка і пісьменніка Філіпа Барбура выйшла ў 1964 г.2
Hi асоба Джона Сміта, ні ягоная дзейнаснь дагэтуль блізу не згадвалася ў беларускіх публікацыях3. Тымчасам колькі эпізодаў у Смітавым жыцці заслугоўваюць на тое, каб іх даследаваць ды задакументаваць і ў беларускім друку.
Капітан Сміт бьгў адным з заснавальнікаў у 1607 г., а пасля губернатарам першай сталай ангельскай калоніі ў Паўночнай Амерыцы, у Джэмстаўне каля Уільямсбургу, у штаце Вірджынія. Дык вось у 1607 г. капітан Джон Сміт «адкрыў Амерыку», а толькі чатыры гады перад гэтым, у 1603 г., ён быў на Беларусі, а менавіта ў Рэчыцы.
Перад тым як разгледзець абставіны, якія прывялі капітана Сміта у Рэчыцу, трэба сказаць коратка пра яго самога. Джон Сміт нарадзіўся ў невялічкім гарадку Вілаўбі, недалёка Ліверпуля ў Англіі. Ягоныя бацькі мелі гаспадарку, былі даволі заможныя, але не шляхецкага роду. Асвету Джон атрымаў толькі пачатковую. У 15 гадоў пакінуў школу і пайшоў да багатага купца ў падмайстры. Хутка пасля 1596 г. памёр ягоны бацька, і малады Джон, які ніколі не быў задаволены купецкім заняткам, у пошуках прыгодаў падаўся ў Галандыю, дзе ў той час пачалася вайна з Іспаніяй за незалежнасць.
Калі Сміту было 20 гадоў, ён вярнуўся ў Англію, каб апанаваць майстэрства вайсковай язды. Але тут яму не сядзелася, цягнула туды, дзе адбываліся падзеі, дзе ішлі войны. Пра турэцкія напады на Венгрыю ён ужо чуў раней, і карцела яму ўзяць удзел увайне супроць турак. Улетку 1601 г., пасля блуканняў па ўсёй Еўропе, жаўнер-прыгоднік Джон Сміт нарэшце дабраўся ў вугорскае войска ды быў у баях з туркамі. Хутка ён выслужыўся і атрымаў ранг капітана.
Адважны капітан Сміт шмат дзе харобра змагаўся, але ў адной з бітваў у Трансільваніі — карпацкай частцы цяперашняе Румыніі — пры пераходзе Карпатаў быў сур’ёзна ранены ды трапіў да турак у палон. Малады, здаровы арганізм перамог — Джон Сміт ад ранаў аправіўся, i, калі ўжо быў дастаткова дужы, з канвоем іншых палонных яго пагналі ў стары гандлёвы гарадок на Дунаі Аксіопаліс, што знаходзіцца каля 160 км на ўсход ад Бухарэста.
Там на рынку яго купіў нейкі Башаў Богал для падарунку сваей нарачонай, якая жыла ў Канстанцінопалі, куды Сміта і паслалі. Адбылося ўсё гэта недзе ўзімку і ранняй вясной 1603 г. Джон Сміт вельмі скупы на даты ў сваіх успамінах. Тут дарэчы будзе зазначыць, што ўсе факты ягоных падарожжаў узятыя з успамінаў самаго Сміта «Праўдзівыя падарожжы», якія ён напісаў і апублікаваў толькі пад канец свайго жыцця у 1630 г. у Лондане4. Нарачоная Башаў Богала, Чарыца Трабізанда, спаткала ДжонаСміта вельмі прыязна. Сміт быў малады, прыгожы, стройны, добра выхаваны. Паміж імі завязаліся інтымныя дачыненні, што выклікала незадаваленне Чарыцынай маці. Баючыся гневу маці, Чарыца пастанавіла паслаць Сміта на нейкі час да свайго брата, які меў далёка ў стэпах свой «тымар».
Турэцкая Атаманская Імпэрыя ў той час дасягнула свае найбольшае велічы і сілы, яе ўладанні раскінуліся ад Адрыятыкі аж да Каспійскага мора. Каб заахвоціць да каланізацыі дзікіх далёкіх мясцовасцяў, турэцкі паша даваў сваім выслужаным ваякам надзелы зямлі і кіраўніцтва тымарамі — вайсковымі ўмацаваннямі, дзе яны былі поўнымі ўладарамі. У адзін з такіх тымараў на другім далёкім беразе Чорнага мора і трапіў Сміт.
Сваё падарожжа па Чорным моры, праз Керчанскуго пратоку ў Азоўскае мора ды далей на Дон, Джон Сміт дакладна і маляўніча апісвае ў сваіх успамінах. У часе падарожжа з ім абьгходзіліся даволі добра, быў ён хутчэй госцем, як нявольнікам, таму меў магчымасць назіраць, што рабілася вакол яго, а памяць Сміт меў асаблівую. Аднак калі сказаць пра запамінанне ды перадачу на пісьме татарскіх ды асабліва славянскіх назоваў, з гэтым справа была горшая.
Праз шэсць-сем дзён падарожжа па Доне і пасля яшчэ двухдзённай дарогі апынуліся нарэшце ў «Налбрыц, у правінцыі Тартарыі», дзе жыў Чарыцын брат Тымор Баша. Не зважаючы на суправаджальны ліст, Сміта ён спаткаў вельмі непрыязна. Яго цалкам агалілі, далі балахон з грубай воўны, пояс з сырой скуры, на шыю павесілі ярмо, і ён стаўся ізноў «нявольнікам з нявольнікаў».
Але Сміт быў не з такіх, каб доўга цярпець няволю. Аднаго дня пад канец лета, пры малацьбе пшаніцы, Тымор Баша прычапіўся за нешта да Сміта ды пачаў яго біць. Гэта была кропля, што перапоўніла чашу цярпення. Сміт схапіў цэп ды збіў свайго крыўдзіцеля да смерці, забраў ягоную вопратку, каня, узяў на дарогу пшаніцы і кінуўся наўцёкі ў стэп куды яго вочы і конь павялі.
Два ці тры дні блукаў ён гэтак па Дзікім Полі, а яно тады сапраўды было дзікае — ні сялібы, ні горада, і толькі татары ды казакі адважваліся там праязджаць. Але капітан Сміт быў добрым навігатарам, знаў, што знаходзіцца недзе далёка на ўсходзе і, каб вярнуцца на волю, да сваіх, кіраваўся на захад, аж пакуль не натрапіў на “вялікую дарогу Кастраган”. Гэтая дарога была нічым іншым, як шляхам, па якім ішлі караваны ў Астрахань, гэтак званы Чорны шлях. На скрыжаваннях гэтай дарогі ён заўважыў дарожныя знакі: паўмесяц, які, як прыпушчаў Сміт, паказваў дарогу на Крым, сонца — на Кітай, а крыж – безумоўна кірунак, дзе былі хрысціянскія краіны. Вось на знак крыжа і пайшоў Сміт праз стэп ды трымаўся таго кірунку 16 дзён. Стомлеы і галодны, увесь час у страху, што яго ізноў зловяць у палон, Сміт ужо зусім згубіў надзею выйсці жывым з гэтай прыгоды, як неспадзёўкі натрапіў, як ён кажа, на гарнізон «маскавітаў» у «Аэкопаліс, на рацэ Дон». Але ніякага Аэкопалісу з гарнізонам маскавітаў у той мясцовасці гісторыя не знае.
Як вышэй ужо казалася, пісаў свае ўспаміны Сміт больш за 20 гадоў пасля сваіх еўрапейскіх і амерыканскіх прыгодаў. Чагодобра не памятаў, стараўся ўстанавіць паводле картаў, найчасцей вельмі недакладных, ды па тагачасных скупых геаграфічных вопісах. Што ж гэта быў за гарадок, у якім у 1603 г. стаяў гарнізон маскавітаў? На мой погляд, гэта быў Цараў-Барысаў, нядаўна перад гэтым, у 1599 г., збудаваны стэпавы горад з мэтай абароны ад татарскіх нападаў. Горад быў пабудаваны на загад цара Барыса Гадунова — адсюль і назоў Цараў-Барысаў. Гэта быў самы паўдзённы маскоўскі ўмацаваны гарадок на Данцы (а не на Доне). Паўстаў ён даволі нерацыянальна і не доўга праіснаваў. На пазнейшых расійскіх картах яго і не знойдзеш. Але ў 1603 г. ён быў у самым росквіце.
Сміта прывялі да «губернатара», які пасля даўгіх выпытаў пераканаўся, што Сміт не нейкі злачынец, а сапраўды ўцякач зтурэцкага палону. Ён загадаў зняць з яго ярмо. Калі Сміт ачуняў ад свае цяжкае прыгоды ды крыху адпачыў, яго накіравалі зкараванам далей у глыб краіны — як ён пісаў: «па Зумаласке на Карагнаў». Тры галоўныя татарскія шляхі, Мураўскі, Ізюмскі і Калміускі, праходзілі з Крыма па Дзікім Полі — шляхі, якімі крымскія татары нападалі на Маскву. Цараў-Барысаў і гарады-крэпасці, як Валуйкі, Аскол ды іншыя, і былі пабудаваныя з мэтай адбіваць такія напады. Адным з гэтых шляхоў, самым усходнім, Калміускім, або інакш Сакма-Калміускім — Смітава «Зумалацке» — і пайшоў караван на Чарнаўск — Смітаў «Карагнау».
Караван кіраваўся на поўнач, пад Маскву, Сміт, пэўна ж, быў не ў стане вымагаць ці раіць куды ехаць, ён палкам залежаў ад сваіх праваднікоў, якія і павялі яго праз Чарнаўск, Елец («Летч» паводле Сміта) і, нарэшце, у Данкоў. Тут ужо Сміт, відавочна, не вытрываў і пайшоў сваёй дарогай, бо ад Данкова ягоны шлях рэзка павярнуў на захад да Бранска — «Бэрніскэ», далей на поўдзень на Ноўгарад-Северскі («Неўгрод ін Сэбырыя», як Сміт яго перахрысціў). Тут перайшоў ён маскоўска-літоўскую мяжу.
Войнаў Вялікае Княства Літоўскае ў той час з Маскоўшчынай не мела, і перайсці мяжу не было справай складанай. Так ён апынуўся на тэрыторыі Беларусі, як Сміт піша, «Літуаніі, у Рэчыцы на рацэ Ніпэр». Рэчыца была першым горадам Вялікага Княства Літоўскага, які Сміт успамінае, хоць прайсці ён мусіў і праз Гомель, бо дарога з Ноўгарада-Северскага вяла праз Гомель5. Перабраўся Сміт праз Дняпро паромам, праўдападобна, недзе вышэй Рэчыцы, ды правым берагам кіраваўся да Рэчыцы (дарогі пераважна ішлі правым берагам, бо левы, нізкі бераг Дняпра быў балоцісты і часта заліваўся паводкамі). Да Рэчыцы капітан Сміт прыйшоў недзе ўвосень 1603 г.
Сустрэлі Сміта ў Рэчыцы гасцінна. Затрымаўся ён хіба ў замку, бо быў госцем нейкай афіцыйнай асобы, як гэта выглядае з ягоных словаў. Адсюль яго з такой жа ўвагай праводзілі ў «Короскі» — Карасцень. Не ўспамінае Сміт, аднак, ані Лоева, ані Брагіна, праз якія ён мусіў праходзіць, каб трапіць у свой наступны пункт Карасцень, які ўжо на Украіне. У Брагіне ў той час быў князь Адам Вішнявецкі, малады гуляка — любіў баляваць, прымаў гасцей. На ягоным двары заўсёды было шмат людзей з розных краінаў. Надзіва, Сміт ні словам не згадаў пра Брагін.
Вось гэтак Джон Сміт пакінуў краіну, у якой, як ён піша, прымалі яго так, што «ніколі ў сваім жыцці, ні раней, ні пазней, ён не спатыкаўся з большай пашанай, увагай і гасціннасцю». Ніводны «губернатар», дзе ён праходзіў, у дадатак да звычайнага штодзённага пажытку і адзення, не прамінуў абдараваць яго. Наш край пакінуў на ім уражанне як краіна, дзе «людзі цывілізаваныя, добра адзетыя, дамы іхныя маюць цікавую мэблю… Хаты збудаваныя з бярвенняў, паложаных адзін на адзін, ды злучаных зарубамі па рагох…» — тут ен дае дакладнае апісанне беларускіх вясковых хатаў. Не забыўся Сміт згадаць і пра нашыя дарогі праз балоты, вымашчаныя круглякамі, якія часам цягнуліся праз два-тры дні падарожжа.
Далей ішоў Сміт праз Украіну, Польшчу, Вугоршчыну і нарэшце вярнуўся ў сваю Англію. Там якраз рыхтавалася тады экспедыцыя у Амерыку, Сміт скарыстаў нагоду, і ў 1607 г. ён ужо быў у Вірджыніі.
Вернемся цяпер да Рэчыцы ды на аснове захаваных гістарычных матэрыялаў паспрабуем устанавіць, якою яна была ды як выглядала, калі ў яе мурах гасціў будучы выдатны піянер каланізацыі Паўночнае Амерыкі. Адна з занядбаных галінаў гісторыі Беларусі — гэта вывучэнне мінулага гарадоў. Старавечнасць нашых гарадоў ды іхнае значэнне, як гаспадарчае, так і вайсковае, мала адзначаецца, і яшчэ удакументоўваецца. Рэчыца не выключэнне. Весткі пра Рэчыцу вельмі скупыя, раскіданыя, выпадковыя.
Рэчыца размясцілася на правым, стромым беразе Дняпра. Здаўна яна была горадам важным, ляжала на гандлёвым шляху з варагаў у грэкі. Дзеля свайго стратэгічнага палажэння часта перажывала ваенныя падзеі. Перш нападалі на яе чарнігаўскія князі, пазней, у 1214 (першая летапісная згадка пра Рэчыцу), князь Мсціслаў Наўгародскі цалкам знішчыў горад і часова прылучыў яго да свайго княства. У XIV ст., пры Гедыміне, Рэчыца ўвайшла ў склад Вялікага Княства Літоўскага. З 1392 па 1430 г. Рэчыцай валодаў вялікі князь Вітаўт, ён і ўмацаваў яе ды пабудаваў замак. У спісе гарадоў-замкаў канца XIV ст. згадваецца і Рэчыца.
Замак займаў тэрыторыю прыблізна аднаго гектара, меў пяць вежаў формы шматгранніка, вежы былі пакрытыя стрэшкамі. Унекаторых з вежаў былі вартоўні. Увесь замак быў апаясаны зямельным валам і глыбокім ровам. Злучаўся замак з горадам пад’ёмным мостам. У замку былі жылыя памяшканні, дзе жыў дзяржавец-арандатар замка; у замку ж адбываліся земскія суды і перахоўваліся судовыя кнігі. Утрыманне замка было абавязкам дзяржаўцаў.
Па-за замкам знаходзіўся рынак, будынкі магістрата, святыні, заезджы дом і дамы больш заможных гараджанаў. Гэтая цэнтральная частка была абведзеная другою лініяй абаронных умацаванняў. Асноўная частка горада знаходзілася паміж другім і трэцім умацаваннямі. Як бачым, Рэчыца была добра ўмацаваная. Разам з Рагачовам, Шкловам, Магілёвам, Старым Быхавам і Оршай Рэчыца тварыла сістэму абароны на Дняпры. У спакойны ж час Рэчыца ахоўвалася толькі двума ці трыма вартаўнікамі-жаўнерамі, якіх утрымлівала грамада і дзяржавец. Акрамя таго грамада давала шэсць старажоў — «а тыя сторожы» — паводле прывілею, выдадзенага Жыгімонтам Старым рэчыцкаму дзяржаўцу Сямёну Палазовічу ў 1529 г., — «маюць замку нашага ў варот сцерачы і клікаці і ўсякія іныя паслугі на тым замку служыці» — як, прыкладам, нарыхтоўваць дровы, прыбіраць, папраўляць і рабіць падобныя паслугі6.
Яшчэ перад тым, у 1511 г., паводле граматы, данай тым жа Жыгімонтам Старым, Рэчыца атрымала права ўносіць падаткі непасрэдна ў скарб, як было пры вялікім князі Вітаўце, і гэтым яна атрымала частковае магдэбурскае права, права на самаўрад. У 1561 г. Жыгімонт Аўгуст даў грамату жыхарам Рэчыцы, у якой быў больш дакладны вопіс падаткаў і павіннасцяў, а таксама права суда і гандлю. У 1566 створаны Рэчыцкі павет, і Рэчыца сталася павятовым горадам. У 1596 г. Жыгімонт Ваза ізноў пацвердзіў усе правы і прывілеі.
У канцы XVI ст., калі пачаліся казацкія напады, войска ў Рэчыцы відавочна не было, бо ў 1593 г. Жыгімонт Ваза пісаў да Крыштофа Радзівіла, гэтмана Вялікага Княства: «Пабачыўшы, што служба ротмістраў на замках нашых ускраінных у час перамір’я з суседам нашым Маскоўскім не патрэбная і скарбу нашаму шкодная, я загадаў скасаваць яе»7.
I першы прыход казакаў пры канцы 1595 — пачатку 1596 г. для Рэчыцы не быў такім трагічным, як для іншых беларускіх гарадоў. Налівайка са сваімі казакамі ўцякаў тады з Магілёва, у якім нарабіў шмат шкоды — рабаваў, забіраў з сабой коні, жанчын, дзяўчат. Паводле Баркулабаўскае хронікі, казакі «золата і срэбра мноства пабралі і так шкоду саромную чынілі, горш злых непрыяцеляў альбо злых татар». Рэчыцы Налівайка не знішчыў, тут ён толькі напісаў ліст да Жыгімонта Вазы, і суліў свае паслугі прыстрашыць непакорных каралю людзей. За гэта ён прасіў караля адвесці казакам для пасялення частку пустыні між Бугам і Днястром. Адказу ад караля ён не атрымаў і хутка пакінуў Рэчьцу8. Моцна пацярпела Рэчыца ад казакаў толькі пазней, у 1648-1650 гг., калі Рэчыцу захапіў Нябаба. Затым у 1654 г. рэчыцкі замак быў дарэшты знішчаны казакамі Залатарэнкі9.
На пачатку ж XVII ст. Рэчыца, калі яе наведаў капітан Сміт, жыла поўным жыццём. Жыхарства ў той час было каля дзвюх тысяч. Займаліся яны гандлем, рамяством, земляробствам, гародніцтвам, пчалярствам, рыбалоўствам, сплавам лесу й будоўляй чаўноў. Будавалі пераважна пласкадонныя баркі і берліны, дзеля таго, што на Дняпры шмат меляў. Баркі ўжываліся галоўна для сплаву лесу па Дняпры на Украіну і да татараў, там яны звычайна прадаваліся разам з лесам. Рэчыца была важным рачным портам, дзе рух розных тавараў спрыяў канцэнтрацыі спецыялістаў разнастайных прафесій.
У лясах каля Рэчыцы было шмат смалярняў. Мясцовыя смалагоны былі добрымі спецыялістамі і славіліся далёка сваімі вырабамі. Не выключана, што капітан Сміт мог тут бачыць смаляроў за працай ды быць азнаёмлены з іншымі майстрамі.
Нядзелямі ў Рэчыцы бывалі багатыя кірмашы. З бліжэйшых вёсак прывозілі на продаж авёс, жыта, пшаніцу, гародніну, сена, мёд, воск, рыбу, жывёлу (хатнюю жывёлу можна было прадаваць на рынку ад Св. Барталамея, 24 жніўня, аж да мясапусту). Купцы з Магілёва прывозілі крамныя рэчы, а скуплівалі воск, мёд, скуры, смалу, дзёгаць. З далёкіх мясцовасцяў, з-за мяжы, прывозілі соль, салёную рыбу, садавіну, турэцкую бакалею, мігдалы ды іншыя прысмакі. Прадаваліся таксама мясцовыявырабы, як, прыкладам, вырабы жалеза з балотнай руды, якая здабывалася на месцы, ды вырабы рэчыцкіх бровараў.
У Рэчыцы была мытная камора, дзе збіралася мыта з мясцовых купцоў за ўвоз ды вываз тавараў за мяжу, з іншаземцаў за продаж тавараў на мясцовых рынках ці за перавоз праз тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага.
Была ў Рэчыцы тады адна праваслаўная царква — Уваскрасенская, пабудаваная яшчэ здаўна. На пачатку XVII ст. была пабудаваная уніяцкая царква св. Мікалая. Дакладных дадзеных пра яе заснаванне няма, але на плане сярэдзіны XVII ст. яна ўжо азначаная. На гэтым плане азначаныя дамініканскі манастыр і касцёл св. Троіцы, заснаваныя ў 1634 г. План гэты, праўдападобна, быў зроблены ў часе казацкіх войнаў10.
Вось гэтак выглядала Рэчыца ў 1603 г., калі яе наведаў капітан Cміт. Умацаваны горад-замак у маляўнічай мясцовасці на стромым беразе Дняпра, з добра наладжаным гандлем і рамяством, без сумлеву прыцягнуў да сябе ўвагу нашага падарожніка.
Калі ўжо на амерыканскай зямлі капітан Сміт стаўся губернатарам Вірджынскай калоніі і пачаў разбудоўваць яе, паўстала патрэба спецыялістаў для ўсіх дзялянак жыцця. Іх пачалі вербаваць з краёў Еўропы праз розныя ангельскія кампаніі. Ведаючы цяпер пра знаёмства капітана Сміта з Беларуссю, можна прыпушчаць, што ў Вірджынію маглі трапіць і нашыя землякі, асабліва спецыялісты па вырабу смалы і дзёгцю. У беларускім друку гэты погляд выказваўся, але з пэўнасцю сцвердзіць прысутнасць беларусаў у Вірджынскай калоніі можна будзе толькі ў выніку далейшых пошукаў як у амерыканскіх архівах, гэтак і ў архівах брытанскіх кампаній.
- Smith J. A true relation of such occurences accidents of noate as hath hapned in Virginia… London, 1608.
- Barbour P. L. The three worlds of Capitan John Smith. Boston, 1964.
- Кіпель В. Беларуская спадчына ў Амэрыцы // Беларус (Нью-Ёрк). 1975 №219. Ліп.
- Smith J. The true travels, adventures & observations of Capitan John Smith.. – London, 1630.
- Умецкі Б. Рэчыца. Мн., 1968. С. 7.
- Любавский М. Областное деление и местное управление Литовско-русского государства // Обшество истории и древностей российских: Чтения. М-1892-1893. Дополи. № 47. Кн.4.
- Wisner, Н. Wojsio litewskie pierwszej polowy XVII w. (studia i materjaly do historii wojskowosci. Warsawa, 1973. V.19. Cz.l.Str. 127-131).
- Эварицкий Д.И. История запорожских Козаков. СПб., 1895. Т.2. С. 136.
- Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России. Т. 14. СПб., 1889. С 130-138.
- Егоров Ю. Градостроительство Белоруссии. М., 1954. С.76.
Аўтар: Зора Кіпель (Нью-Ёрк, ЗША)