Адносіны гарадскога насельніцтва да знахарства на сучасным этапе (па матэрыялах Гомеля)

0
487
знахарства ў Беларусі

Захаванне элементаў традыцыйнай культуры ў сучасным беларускім грамадстве прасочваецца ў розных сферах жыцця. З аднаго боку, гэта спрыяе адраджэнню народных традыцый і ўзбагачае духоўны патэнцыял этнасу, з іншага — прымушае да аналізу прычын, якія вядуць да іх устойлівага замацавання ў межах сучаснай культуры. Навуковае тлумачэнне пытання аб уключанасці форм традыцыйнай культуры ў яе сённяшнія абрысы з’яўляецца актуальным не толькі для развіцця этналагічнай навукі, але мае і практычнае значэнне. Народная медыцына і знахарства не з’яўляюцца «мёртвымі рэшткамі» мінулага часу. Як паказваюць даследаванні мяжы XX — пачатку XXI ст., насельніцтва працягвае звяртацца да знахароў. Цікавасць да папулярнай літаратуры па народнай медыцыне і тэлеперадач падобнага кшталту сведчыць аб тым, што яе сродкамі карыстаецца пэўная частка насельніцтва.

Трэба заўважыць, што гарадское насельніцтва пры вывучэнні народнай медыцыны і знахарства беларусаў у значнай ступені выпадае з кола ўвагі даследчыкаў, арыентаваных на збіранне матэрыялаў у сельскай мясцовасці. Між іншым менавіта ў гарадах пражывае вялікая колькасць жыхароў краіны, менавіта сярод гараджан сёння значная частка з’яўляецца выхадцамі з сельскай мясцовасці і яшчэ не адарваная цалкам ад народных вытокаў, менавіта ў гарадскім асяроддзі, куды хутчэй пранікаюць навацыі і дзе выразна адбіваюцца наступствы ўніфікацыі ладу жыцця, цікава назіраць пэўную прыхільнасць да знахарскай практыкі і як у навуковых, так і ў практычных адносінах карысна даведацца аб водгуках на дзейнасць знахароў. Менавіта ў гарадах знайшлі прытулак «цаліцелі» розных кірункаў, таму важна вызначыць, якое месца на фоне гэтай стракатай групы «радзецеляў» аб цялесным і духоўным здароўі нацыі займаюць тыя, чыё майстэрства паходзіць ад самых глыбінных каранёў беларускай традыцыйнай культуры. З гэтай прычыны тэма адначасова мае і навуковую вартасць, і грамадскую значнасць.

Навізна даследавання абумоўлена і зваротам да вывучэння гарадскога асяроддзя ў сувязі са знахарскай практыкай і спробай аднавіць вобраз знахара на сучасным этапе, паколькі ранейшыя працы, нават апошніх дзесяцігоддзяў, былі сарыентаваныя ў большасці на аналіз знахарскага вопыту мінулых стагоддзяў.

Даследаванне знахарства беларусаў пачалося яшчэ ў другой палове ХІХ — пачатку ХХ ст. У гэты перыяд выходзяць класічныя працы П.В. Шэйна, Е.Р. Раманава, Н.Я. Нікіфароўскага, А.Я. Багдановіча, М. Федароўскага, у якіх сярод іншых тэм разглядаюцца народная медыцына і знахарства беларусаў, як правіла, у межах пэўнага рэгіёна. З пачатку 1920-х гг. колькасць прац, прысвечаных дадзенай тэматыцы, ідзе на спад, сярод значных — публікацыя палявых матэрыялаў А.К. Сержпутоўскага, а так­сама асобныя артыкулы ў розных перыядычных выданнях, напрыклад у часопісе «Наш край». З 1930-х гг. даследаванні ў дадзеным кірунку ў БССР фактычна спыняюцца. У Заходняй Беларусі ў 1920-1930-я гг. тэма народнай медыцыны і знахарства беларусаў закранаецца польскімі даследчыкамі К. Машыньскім і Ч. Пяткевічам. Аднаўленне даследавання па дадзенай тэматыцы прыпадае на 1960-я гг., калі выходзяць працы Л.І. Мінько1. У постсавецкі перыяд адзначаецца павышэнне цікавасці да вывучэння народнай медыцыны і знахарства. Вынікам назапашвання матэрыялаў з’яўляецца выхад шэрагу фун­даментальных прац, сярод якіх можна адзначыць «Замовы»2, «Народная медыцына»3 з серыі «Беларуская народная творчасць», друкуюцца і іншыя выданні4. У працах У.А. Ганчара даследуецца трансфармацыя знахарства беларускага Палесся на працягу ХХ ст., а таксама сучасны яго стан5. Пры гэ­тым сустракаецца толькі выпадковая інфармацыя аб канкрэтных прыкладах знахарскай практыкі ў гарадскіх населеных пунктах Беларусі. Напрыклад, Л.І. Мінько згадвае аб «практыкаваўшым» у 1950-я гг. у Брэсце Ількоўскім, які займаўся «прысушкамі» і быў прыцягнуты за гэта да суда6. Высновы больш шырокага характару трапляюцца ў працах выключна рэдка. Так, у 1920-я гг. Т. Кулакоў, характарызуючы мястэчка Азарычы як тыпова яўрэйскае, адзначае, што «знахары і шаптуны ў мястэчку адсутнічаюць»7. Такім чынам, працы па дадзеным пытанні і ў мінулым, і сучаснасці ў асноўным былі скіраваныя на вывучэнне знахарства апошняга этапу існавання традыцыйнай культуры беларусаў у ХіХ — першай трэці ХХ ст. і грунтаваліся на матэрыялах з сельскай мясцовасці. Гарадскі аспект тэматыкі па-ранейшаму застаецца маладаследаваным, а яго змястоўнае насычэнне з кожным днём істотна ўзмацняецца (пераезд сяльчан у гарады, асветніцкія намаганні СМІ ў бок папулярызацыі народнай культуры, распаўсюджанне іншых груп лекараў і методык лячэння і інш.).

Невялікая колькасць крыніц па сучаснаму знахарству беларусаў ускладняецца пры вывучэнні час­тым разыходжаннем стаўлення насельніцтва да знахароў і іх дзейнасці і афіцыйнай пазіцыі (органаў аховы здароўя і інш.).

Мэта даследавання — вызначэнне адносін да знахарства беларусаў у асяроддзі гарадскога насельніцтва на сучасным этапе. Для вывучэння быў выбраны Гомель — шматнаселены абласны цэнтр на сутыку падняпроўскага і ўсходнепалескага гісторыка-этнаграфічнага рэгіёнаў Беларусі, пры гэтым увабраўшы ў склад сваіх жыхароў выхадцаў з раёнаў, пацярпеўшых ад аварыі на ЧАЭС. Задачы вы­вучэння праблемы канцэнтраваліся вакол характарыстыкі вобраза знахара ў вачах сучасных гамяльчан, выяўлення відаў захворванняў, якія сталі прычынай звароту гараджан да знахароў, вывучэння розніцы ва ўяўленнях аб знахарстве сярод прадстаўнікоў розных полаўзроставых груп гараджан, паказу спецыфікі функцыянавання знахарства ў гарадскім асяроддзі ў адрозненне ад сельскай мясцовасці, дзе сёння пражывае большасць знахароў.

Традыцыйна пры вывучэнні знахарства навукоўцы абапіраліся на якасныя метады даследавання, такія як назіранне, апытанне. Аднак даследаванне гарадскога насельніцтва мае сваю спецыфіку (вялікая колькасць і стракаты склад і інш.), што абумовіла выбар колькасных метадаў даследавання. У выніку праведзенага намі ў 2008 г. анкетавання на розных аб’ектах Гомеля (сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы Гомеля, прадпрыемствы і інш.) было атрымана 500 анкет ад прадстаўнікоў розных узроставых груп: да 18 гадоў (54 анкеты), 18-24 гады (150), 25-34 гады (80), 35-55 гадоў (183) і старэйшых за 55 (33). Змест анкеты быў складзены з мэтай усебаковага раскрыцця знахарства як артэфакта сучаснай культуры беларусаў.

Першы вялікі блок пытанняў тычыўся ўяўленняў гамяльчан аб знахарах. Самай распаўсюджанай у наш час з’яўляецца полаўзроставая ідэнтыфікацыя знахара. Найбольшая колькасць рэспандэнтаў — 252 чалавекі (50,4 %) — у якасці назвы знахара прывялі полаўзроставыя абазначэнні «баба» і «дзед». У той жа час іншыя найменні знахароў, такія як «шаптуха» (ці «шаптун») і «знахар» (ці «знахарка»), выбрала значна меншая колькасць рэспандэнтаў — 108 (21,6 %) і 62 (12,4 %) адпаведна. Прычым колькасць людзей, якія адзначылі два апошнія варыянты, змяншаецца адпаведна пры пераходзе ад моладзі да старэйшых узроставых груп. Прычынай гэтага можна лічыць уплыў літаратурны і СМІ, у той час як прадстаўнікі старэйшага ўзросту часцей арыентуюцца на традыцыю сваёй роднай мясцовасці.

Самымі распаўсюджанымі сярод гамяльчан з’яўляюцца наступныя вызначэнні тых, каго можна назваць знахаром: «той чалавек, які лечыць з дапамогай сродкаў народнай медыцыны», «той, хто ведае якасці лекавых раслін, лечыць з дапамогай лекавых раслін», «той чалавек, які мае надзвычайную сілу», «той, хто лечыць з дапамогай магіі», «той, хто верыць у Бога і дапамагае людзям», «чалавек сталага ўзросту, бабка». Пэўных адрозненняў у адказах сярод узроставых груп тут заўважана не бы­ло. Перш за ўсё, як мы бачым, інфарманты-гараджане выдзяляюць лячэбную функцыю знахароў, а ўжо потым акрэсліваюць больш шырокае поле яго дзейнасці ў выглядзе выразу «дапамагае». Наступнай важнай характарыстыкай знахара ўвогуле і знахарскай дзейнасці ў прыватнасці выступае сувязь са звышнатуральным: «мае надзвычайную сілу», «хто лечыць з дапамогай магіі», «верыць у Бога». Тут нават канкрэтызуецца крыніца гэтай сілы (Бог), што суадносіцца з сучаснымі ўяўленнямі аб знахары як асобе, што звяртаецца менавіта да Бога.

Нарэшце гараджанамі, браўшымі ўдзел у анкетаванні, удакладняецца і ўзрост (сталы), і пол (жаночы) знахара, яго месца жыхарства (пераважна сельская мясцовасць). Моладзь больш ахвотна звяр­таецца да знахароў, якія пражываюць у гарадах, у той час як прадстаўнікі старэйшага пакалення больш звяртаюцца да знахароў з сельскай мясцовасці. Аднак самы значны крытэрый, які назвалі рэспандэнты, — эфектыўнасць дзейнасці і пры рэкамендацыі пэўнага знахара, па нашых назіраннях, важнае значэнне надаецца яго станоўчым характарыстыкам. Пацвярджэннем апошняга тэзіса з’яўляюцца адказы рэспандэнтаў на пытанне аб крыніцах іх ведаў аб знахарах. Так, абсалютная большасць, 387 чал. (77,4 %), назвалі менавіта сваякоў і знаёмых як крыніцу атрымання інфармацыі аб знахарах. СМІ ж узгадалі толькі 126 чал., большасць з іх — у асноўным прадстаўнікі моладзі. Як правіла, інфармацыю аб знахарстве рэспандэнты атрымліваюць час ад часу.

У наступным пытанні рэспандэнтам прапанавалася пералічыць тыя кірункі дзейнасці знахароў, з якімі насельніцтва звярталася да іх у мінулыя часы і з якімі звяртаецца зараз. Рэспандэнтам былі прапанаваны асноўныя функцыі знахароў у наш час (лячэнне людзей, жывёлы, варажба), а таксама такія характарыстыкі да кожнага з іх, як «часта», «рэдка», «займаліся раней», «не займаюцца». Варыянт адказу «лячэнне людзей» выбралі 395 чал. (79 %), прычым абсалютная большасць апытаных (344, або 68,8 %) ахарактарызавалі гэты занятак знахароў як часты. 204 (40,8 %) рэспандэнтаў адзначылі варажбу як занятак знахароў. Прычым, на думку 96 (19,1 %) з іх, дадзены кірунак дзейнасці знахароў часта запатрабаваны з боку насельніцтва, як лічыць моладзь. Іншых заняткаў знахароў рэспандэнты не адзначылі.

Наступны блок пытанняў меў выключную значнасць для даследавання і быў звязаны з асабістым вопытам рэспандэнтаў у карыстанні паслугамі знахароў. Так, з апытаных намі жыхароў г. Гомеля 245 чал. (або 49 %) карысталіся паслугамі знахароў. З іх большасць складаюць прадстаўнікі старэй­шых узроставых груп. Пры адказе на пытанне: «Вы звярталіся да знахароў, якія жывуць: у горадзе/ у сельскай мясцовасці» — 97 чал. (39,6 % ад колькасці звяртаўшыхся да знахароў) звярталіся да знахароў, якія пражываюць у горадзе, і 160 (65,3 %) рэспандэнтаў звярталіся да знахароў з сельскай мясцовасці Гомельскай вобласці. Сярод гарадоў згадваліся Гомель, Ветка, г. п. Касцюкоўка, Калінкавічы, Мазыр, Рэчыца. Фактычна гамяльчане карыстаюцца знахарскімі паслугамі на тэрыторыі практычна ўсёй Гомельскай вобласці, адкуль і паходзяць карані гараджан. Адзінкавымі з’яўляюцца выпадкі, калі рэспандэнты адзначаюць населеныя пункты па-за межамі Гомельскай вобласці (Лунінецкі раён Брэсцкай вобласці, Асіповіцкі, Быхаўскі раёны Магілёўскай вобласці, Барысаўскі раён Мінскай вобласці, а таксама Мінск, Віцебск, Шклоў, Бабруйск, адзінкавае згадванне аб Гараднянскім раёне Чарнігаўскай вобласці). Калі чалавек мае выбар звярнуцца да некалькіх знахароў, сваю ролю адыгрываюць такія фактары, як магчымасць пэўнага знахара вылечыць пэўную хваробу, водгукі аб ім, адлегласць. З аддаленнем ад Гомеля колькасць населеных пунктаў, у якія рэспандэнты прыязджалі да знахароў за дапамогай, змяншаецца.

Як паказваюць дадзеныя нашага даследавання, абсалютная большасць рэспандэнтаў — 240 чал. (або 98 % ад карыстаўшыхся паслугамі знахароў) — звярталіся да знахароў за лячэннем ад пэўных захворванняў. Пры гэтым большасць з іх ахарактарызавала інтэнсіўнасць свайго звяртання да знахароў як «рэдка». «Частым» сваё звяртанне да знахароў за дапамогай у лячэнні хвароб палічылі 76 рэспандэнтаў (31,6 %). Тое, што каля трэцяй часткі насельніцтва, якое звярталася да знахароў за дапамогай, рэгулярна карыстаецца знахарскай практыкай пры развіцці навукой медыцыны і густой сетцы медыцынскіх устаноў, паказвае актуальнасць знахарскай практыкі на пачатку ХХІ ст. не толькі ў сельскай мясцовасці, але і ў горадзе. Што тычыцца знахарскай дзейнасці па лячэнню жывёлы, то ў гараджан няма і патрэбы ў дадзеным кірунку названай дзейнасці, інфарманты, якія адзначылі дадзены пункт, прыводзяць прыклады са свайго дзяцінства, вясковага жыцця. Што тычыцца варажбы, яе адзначылі 37 чал. (15,1 % ад звяртаўшыхся да знахароў за дапамогай). Прычым сярод іх шмат моладзі.

Найбольш распаўсюджанай хваробай, з якой насельніцтва г. Гомеля звяртаецца да знахароў за дапамогай, з’яўляецца «спуг» (зляк). Гэта супадае з нашымі ранейшымі назіраннямі, якія пацвярджаюць распаўсюджанасць названай хваробы, што дыягнастуецца знахарамі ў хворых. «Урокі» і «насланне» таксама адзначыла даволі вялікая колькасць рэспандэнтаў — 48 (20 % ад звяртаўшыхся да знахароў за лячэннем) і 53 (22,1 % ад звяртаўшыхся да знахароў за дапамогай) чалавек адпаведна. Колькасць тых, хто звяртаўся да знахароў за дапамогай у лячэнні іншых хвароб, — меншая (пры рожы да знахароў звярталася 16,2 %, «скулы» — 4,5 %, звіхдар -12,9 % ад звяртаўшыхся да знахароў за лячэннем), радзей лячылі: «волас», «агульнае недамаганне», «уросшы ногаць», «аціт», «язву», «рак», «нервовыя захворванні», «павышаную санлівасць», «боль у хрыбце», «кашаль». Часцей за ўсё зварот да знахара адбываецца ў выніку доўгага і беспаспяховага лячэння метадамі навуковай медыцыны. Таксама гэтаму садзейнічаюць традыцыйныя ўяўленні (якія і сёння падзяляюць знахары і значная колькасць насельніцтва) аб хваробах «спуг», «урокі», «насланне», якія, калі іх не лячыць, могуць, як кажуць знахары, «удаўнівацца» і выклікаць самыя розных захворванні.

Амаль аднадушнымі былі рэспандэнты пры адказе на пытанне: «Ці вядома шарлатанства пад відам знахарства?» Станоўчы адказ далі 415 чал., або 83 %, адмоўны — толькі 47 чал. (9,4 %). Прычыны такога адказу хаваюцца ў падзеях апошніх 20 гадоў, калі наглядаецца ўздым розных кірункаў нетрадыцыйнай медыцыны, асабліва ў гарадскім асяроддзі, арыентаваных у асноўным на абагачэнне. Пацвярджэннем гэтага з’яўляецца апісанне рэспандэнтамі змен у знахарстве мінулых часоў і сучаснасці. Больш за ўсё рэспандэнтаў адзначылі, што «стала больш шарлатанаў», як напісаў адзін з іх: «Знаха­ри одели деловые костюмы». Некаторыя рэспандэнты дадавалі ўдакладненне аб шарлатанах — «асабліва ў горадзе». Сярод іншых новаўводзін гамяльчане падкрэслілі: «знахарамі забываюцца традыцыйныя абрады», «выкарыстанне знахарамі гараскопаў», «стала больш біяэнергетыкі», «зна­харства стала больш камерцыялізавана», «навуковыя ўвядзенні ў знахарстве» (гэта значыць не адрозніваюцца знахары і народныя лекары). Другая важная група характарыстык сведчыць аб змяншэнні сферы знахарскай дзейнасці: «да знахароў сталі менш звяртацца ў параўнанні з мінулымі часамі», «знахары саступілі ўрачам», «раней замовы перадаваліся вусна, а зараз пісьмова».

Такім чынам, гарадское насельніцтва і ў пачатку ХХІ ст. шырока выкарыстоўвае ў розных абставінах знахарскія метады лячэння. Колькасць гамяльчан, якія прыхільна ставяцца да знахарства і карысталіся яго паслугамі, па выніках анкетавання, вагаецца ад 49 % (звяртаўшыхся да знахароў за дапамогай) да 75 % (колькасць людзей, якія вераць у эфектыўнасць знахарства). Дамінуючы вобраз знахара — сталая жанчына-сялянка. Хваробы, прычыны якіх лічацца знахарамі і насельніцтвам звышнатуральнага паходжання і не дыягнастуюцца навуковай медыцынай, складаюць сёння аснову зна­харскай практыкі. З іншага боку, пры дамінаванні матэрыялістычнага светапогляду наглядаецца тэндэнцыя, асабліва сярод моладзі, тлумачыць знахарскую дзейнасць з рацыянальных пазіцый. Па ма­тэрыялах даследавання гарадскога насельніцтва ў параўнанні з сельскім больш выразна прасочваецца выдзяленне знахарскай функцыі лячэння як асноўнай. Насельніцтва г. Гомеля больш звяртаецца да знахароў з сельскай мясцовасці ці невялікіх гарадоў Гомельшчыны, дзе знахарская практыка мала адрозніваецца ад вясковай. Пры гэтым дзейнасць розных народных лекараў (біяэнергетыкаў і г. д.) і шматлікія выпадкі шарлатанства, звязаныя з гэтай дзейнасцю, выклікаюць недавер насельніцтва да знахароў, практыкуючых у горадзе.

  1. Гл.: Минько Л.И. Знахарство: Истоки, сущность, причины бытования. Мн., 1971; Ён жа. Народная медицина Бело­руссии (краткий исторический очерк). Мн., 1969.
  2. Гл.: Замовы / Уклад., сістэм. тэкстаў, уступ. арт. і камент. Г.А. Барташэвіч. Мн., 2000.
  3. Гл.: Народная медыцына: рытуальна-магічная практыка / Уклад., прадм. і паказ. Т.В. Валодзінай. Мн., 2007. (Беларуская народная творчасць).
  4. Гл.: Ненадавец А.М. Сілаю слова. Чорная і белая магія. 2002. С. 351; Полацкі этнаграфічны зборнік. Вып. 1. Народная медыцына беларусаў Падзвіння: У 2 ч. / Склад. А.У. Лобач, У.С. Філіпенка. Наваполацк, 2006. Ч. 1.
  5. Гл.: Ганчар У. А. Аб адным спосабе лячэння крыксаў у знахарскай практыцы беларусаў Усходняга Палесся // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Мн., 2009. Вып. 6. С. 330-334; Ён жа. Аплата паслуг у сучаснай знахарскай практыцы беларусаў // Студенческая наука — 2006: Региональная науч.-практ. конф. студентов вузов Могилевской обл. Моги­лев, 2006. С. 107-108; Ён жа. Атрыманне знахарскіх ведаў у сне ў беларусаў Палесся ў ХХ — пачатку ХХІ ст. // Беларусь у гістарычнай рэтраспектыве ХІХ-ХХ стагоддзяў: этнакультурныя і нацыянальна-дзяржаўныя працэсы: Зб. навук. арт.: У 2 ч. Гомель, 2009. Ч. 2. С. 21-29; Ён жа . Даследаванне сучаснага знахарства метадам анкетавання // Творчество молодых — 2005: Науч.-практ. конф. студентов и аспирантов ГГУ им. Франциска Скорины. Гомель, 2006. С. 228-229; Ён жа. Знахар у сучаснай беларускай вёсцы: самавызначэнне і самарэалізацыя асобы // Сучасны гісторыка-культурны працэс: самавызначэнне і самарэалізацыя суб’екта: Матэрыялы Рэсп. навук. канф., Мінск, 16-17 мая 2006 г. Мн., 2006. С. 98-100; Ён жа. Лячэнне ад змяіных укусаў і яго вытокі ў сучаснай знахарскай практыцы беларусаў // Европа: актуальные проблемы этнокультуры: Мате­риалы Междунар. науч.-теорет. конф., Минск, 27 апр. 2007 г. Мн., 2007. С. 326-328; Гончар В. О. О лечении, осуществляе­мом на современном этапе знахарями Западного и Восточного Полесья (по материалам заговоров) // Гісторыка-культурная спадчына Брэсцка-Пінскага Палесся: паміж мінулым і будучыняй (да 450-годдзя г. Століна): Зб. матэрыялаў Міжнар. навук. канф., Столін, 28-29 верас. 2005 г.: У 2 ч. Брэст, 2006. Ч. 1. С. 81-86.
  6. Гл.: Минько Л.И. Суеверия и приметы. Мн., 1975. С. 53-54.
  7. Кулакоў Т. Мястэчка Азарычы Мазырскай акругі // Наш край. 1928. № 8-9. С. 81-89.

Аўтары: А.Р. Яшчанка, У.А. Ганчар
Крыніца: Веснік Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Сер. 3, Гісторыя. Філасофія. Псіхалогія. Паліталогія. Сацыялогія. Эканоміка. Права. — 2011. — № 2. — С. 64-68.

The characteristic of the attitude of townpeople to witchcraft in the beginning of the XXI century is in the article. The materials of field ethnographic works of 2008 year are used by the authors. On this basis, are considered the image of the whitch-doctors, common among the urban population, the most requested types of witch-doctors activity and degree of a demand of witchcraft among townspeople.