Вызваленне Беларусі з-пад гітлераўскай акупацыі давала магчымасць прыступіць да аднаўлсння зруйнаванай гаспадаркі і сацыяльна-культурнай сферы. Пачаліся гэтыя работы менавіта з Гомельшчыны, якая была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў пад час правядзення Чырвонай Арміяй Гомельска-Рэчыцкай, Рагачоўска-Жлобінскай і Калінкавіцка-Мазырскай наступальних аперацый. Яшчэ на беларускай зямлі ішлі баі, а ў вызваленых Гомельскай і Палескай абласцях пачаліся аднаўленчыя работы. Як і іншыя бакі савецкай рэчаіснасці, іх прыярытэтныя накірункі і канкрэтны змест билі вызначаны вышэйшым партийным кіраўніцтвам. Пастанова СНК СССР і ЦК УКП(б) «Аб неадкладных мерах па аднаўленню гаспадаркі ў раёнах, вызваленых ад нямецкай акупацыі» ал 21 жніўня 1943 г. визначила задачи, якія ўскладваліся на цэнтральныя і мясцовыя органы кіравання, па аднаўленні народнай гаспадаркі і ліквідацыі цяжкіх наступстваў вайны [1].
Адной з перших патрэб паўставала неабходнасць адбудовы сістэмы савецкага партыйнага, адміністратыўнага і гаспадарчага кантролю над вызваленымі тэрыторыямі. У верасні 1943 г. ЦК КП(б)Б зацвердзіў абласныя, гарадскія і раённыя аператыўныя групи Гомельскай і Палескай вобласцей, якія павінны былі займацца аднаўленнем савецкіх органаў і інших структур улады. Аднак кадравая праблема была даволі вострай — адчуваўся вялікі недахоп як кіраўнікоў, так і спецыялістаў усіх ўзроўняў, якія павінны былі вырашаць пастаўленыя задачы па аднаўленні гаспадарчага жыцця і сацыяльнай сферы. На кіруючыя пасады накіроўваліся ўдзельнікі партызанскага і падпольнага руху, а таксама былыя франтавікі, якія па стане здароўя не маглі быць мабілізаваныя ў дзеючую армію. Кіраўнікамі сталі Ф. Жыжанкоў, С. Лебедзеў, Е. Барыкін, В. Ледзянёў. Старшынёй Ельскага райвыкуанкама стаў былы камандзір 37-й Ельскай партызанскай бригады А. Мішчанка, а сакратаром РК КП(б)Б — 3. Чарнаглаз. У Брагіне старшынёй райвыканкама быў призначань! былы партызанскі камісар П. Зіновіч. На вызваленай тэрыторыі аднавілі сваю дзейнасць сельскіе саветы.
Першапачатковай задачай мясцовага кіраўніцтва было будаўніптва і рамонт жылля, арганізацыя медыцынскага абслугоўвання насельніцтва, аднаўленне дзейнасці прадпрыемстваў і сельскагаспадарчай вытворчасці. Аднаўленчыя работы пачыналіся ў даволі цяжкіх сацыяльна-эканамічных умовах ваеннага часу. Ваенныя дзеянні і палітыка акупацыйных улад, якая праводзілася на беларускіх землях, прывялі да велізарных матэрыяльных і людскіх страт. Была знішчана і разрабавана амаль уся гаспадарка Гомельскай і Палескай валасцей.у Гомелі былі цалкам былі разбураны і спалены чыгуначны вузел, суднарамонтны завод і 5 100 жылых дамоў [2, с. 278]. У Мазыры былі знішчаны ўсе прамысловыя прадпрыемствы, у іх ліку завод «Пралетарый», мясакамбінат, хлебазавод, дзве электрастанцыі, прадпрыемствы мясцовай прамысловасці [2, с. 309]. Матэрыяльны ўрон Жлобінскага раёна склаў каля 2,3 млрд., Стрэшынскага — 1,8 млрд, рублей. Прамысловасць Жлобіна і жыллёвы фонд былі разбураны на 80-90% [4, с. 657].
Велізарныя страты нанесла сельская гаспадарка Гомельшчыны. Гак, у Кармянскім раёне былі знішчаны 3 машынна-трактарныя станцыі, ільнозавод, малакозавод, спіртзавод, маёмасць 105 сельгаспрадпрыемстваў, аб’екты сацыяльна-культурнага прызначэння. Агульныя страты па раёну складі звыш за 1,25 млрд, руб. [5, с. 376]. У Гомельскім раёне былі разбураны 685 пабудоў, што належані калгасам і саўгасам. Захавалася толькі 35 свірнаў, 21 стайня, 28 жывёлагадоўчьгх двароў [6, с. 12]. У шмат разоў скарацілася пагалоўе жывёлы. Значныя плошчы ворнай зямлі прыйшлі ў запусценне — пазарасталі хмызняком і пустазеллем, забалоціліся. Наступствы ваенных гадоў адкінулі далёка назад развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці.
Адраджэнне эканомікі патрабавала не толькі матэрыяльных сродкаў, абсталявання, якіх катастрафічна не хапала. Існавала вялікая патрэба ў працоўных руках. Акрамя загінулых у баявых дзеяннях, нялікія страты былі і сярод цывільнага насельніцтва. У Гомельскай і Палескай абласцях за гады вайны было знішчана больш за 91,6 тысячы жыхароў, амаль 190 тысяч чалавек былі вывезены на прымусовую працу ў Германію [7, с. 158]. Толькі ў Рагачоўскім раёне каля 5 тысяч ураджэнцаў раёна не вярнуліся з вайны, больш за 8 тысяч жыхароў загінулі ў гады акупацыі, у Германію былі вывезены каля 1,5 тысяч чалавек [8, с. 461]. У выніку ваенных дзеянняў і карних аперацый у Хойніцкім раёне было спалена цалкам або часткова больш за палову вёсак. Людскія страты склалі бльш за 7 240 чалавек [9, с. 87].
Неадкладнай задачай стала забеспячэнне жыллём людзей, якіх трэба было перасяліць з зямлянак і прыстасаваных памяшканняў. Для патрэб будаўніцтва пачаўся выпуск прадукцыі на адноўленых нагельных заводах і на шклозаводзе ў Кассцюкоўцы, была арганізавана нарыхтоўка драўніны. Дзейсныя меры па будаўніцтве і аднаўленні жылля прымаліся ў Брагінскім і Камарынскам раёнах. Створаныя ўдарныя бригады працавалі на адбудове Камарынскага райпрамкамбіната, на нарыхтоўцы лесу і піламатэрыялаў [10, с. 284].
Будаўніцтва жылля для насельніцтва знаходзілася пад пастаянным кантролем як абласных, гэтак і мясцовых уладных структур. Так, ход будаўніцтва дамоў калгаснікаў быў разгледжаны на пасяджэннях Ельскага райвыканкама ў снежні 1944 г. і студзені 1945 г. У принятых пастановах адзначалася, што стан будаўніцтва дамоў у Стара-Высокаўскім і Рэмезаўскім сельсаветах прызнаны незадавальняючым. У калгасах «Чырвоныя Верхі» і «Чырвонае Загацце» было пабудавана толькі па 2 дамы, у калгасе «Шлях камунізма» — 15 дамоў з неабходных 49. райвыканкам абавязаў старшынь сельскіх саветаў і калгасаў арганізаваць будаўнічыя брыгады і прапанаваў выкарыстоўваць для перавозкі лесу і лесаматэрыялаў кароў калгаснікаў [11, с. 393]. Цяжкасді з нарыхтоўкай драўніны і дастаўкай яе на будоўлі мелі месца паўсюдна. Не хапала працаздольных мужчин — тысячв ваеннаабавязаных з вызваленай тэрыторыі былі прызваны ў дзеючую армію. Акрамя таго, па працоўнай мабілізацыі значная колькасць людзей, пераважна моладзь, з Гомельшчыны была накіравана на аднаўленчыя работы ў Данбас, Ленінград, Сталінград, Мінск, Віцебск, Гомель і інш. [12, с. 211].
Неадкладныя меры па ліквідацыі наступстваў акупацыі і аднаўленні гаспадарчага жыцця былі сфармуляваны ў пастанове «Аб бліжэйшых задачах Саўнаркама БССР і КП(б) Беларусі» ад 1 студзеня 1944 г. і рашэннях 6-й сесіі Вярхоўнага Савета БССР 1-га скліканя, якая адбылася ў Гомелі ў сакавіку 1944 г. [13].
У складаных умовах працаўнікі вёскі Гомельшчыны правялі ў 1944 г. першую пасяўную. Частку зямель нельга было апрацоўваць з-за таго, што яны ўтрымлівалі рэшткі баепрыпасаў і ўзбраення. Для таго, каб вярнуць у севазварот страчаныя ў гады вайны палі, трэба было ажыццявіць іх размініраванне, ачысціць ад разбітай ваеннай тэхнікі, зброі і баепрыпасаў. У раёнах для гэтых мэт былі створаны спецыяльныя падраздзяленні і каманды. У Рэчыцкім раёне да гэтай працы было прыцягнута 120 інструктараў па падрыву і мінёраў, якія знішчылі больш за 3 тыс. супрацьтанкавых мін, каля 18 тыс. мінамётных мін і авіябомб, больш за 8 тыс. артылерыйскіх снарадаў [12, с. 205]. Каля 600 выбуховых прадметаў асабіста знайшоў і знішчыў інструктар па размініраванні Буда-Кашалёўскага райсавета Асавіяхіма В. Карчэўскі [14, с. 86]. Да сярэдзіны 1944 г. работы па размініраванні у асноўным былі завершаны ў 12 раёнах Гомельскай і 5 раёнах Палескай абласцей [7, с. 160].
Адразу пасля вызвалення тэрыторый мясцовае кіраўніцтва праводзіла актыўную работу па аднаўленні калектыўных гаспадарак, якія ў гады вайны распаліся; па падбору кандидатур іх кіраўнікоў. Як і ў час калектывізацыі адбываўся працэс абагульнення жывёлы і маёмасці. Так, у пастанове № 1 Ельскага райвыканкама і райкама КП(б)Б ад 18 студзеня 1944 г. было выстаўлена патрабаванне да жыхароў раёна ў трохдзённы тэрмін вярнуць маёмасць дзяржаўных і калектыўных прадпрыемстваў і ўстаноў [11, с. 286].
Аднак адразу ўзніклі вялікія праблемы з утрыманнем грамадскага статку. Не хапала хлявоў для жывёлаў, іншых неабходных памяшканняў, вострым было пытанне аб забяспячэнні кармамі. Кіраўнікі Свяцілавіцкага раёна, напрыклад, у дакладной запісцы ў аблвыканкам і абкам парты паведамлялі, што падрыхтаванас сена «проходящими воинскими частями взято и израсходовано, и кое-где оставшиеся стоги части Красной Армии продолжают забирать, несмотря на наши запреты, и как факт — район остаётся совершенно без грубых кормов» [15, с. 93].
Разам з тым, многія жыхары вызваленых населеных пунктаў адгукнуліся на патрабаванні мясцовых улад арганізаваць здачу ў фонд Чырвонай Армії сельгаспрадуктаў, хаця самі мелі ў гэтым патрэбу і знаходзіліся ў вельмі цяжкім матэрыяльным становішчы. У канцы 1943 г. 8 сельскіх Саветаў Гомельскага раёна перадалі ў фонд болып за 1 тыс. цэнтнераў збожжа і 5 тыс. цэнтнсраў бульбы, 326 цэнтнераў мяса [6, с. 250]. Аднак насельніцтва вёсак большасці сельскіх Саветаў, якія знаходзіліся ў паласе фронту, не змагло сабраць і захаваць ураджай 1943 г. з-за ваенных дзеянняў.
У сваю чаргу, улічыўшы складанасць становішча з аднаўленнем сельскагаспадарчай вытворчасці, Ваенны Савет 1-га Беларускага фронту 25 лютага 1944 г. прыняў настанову «Аб мерах дапамогі з боку фронта ў аднаўленні гаспадаркі Беларускай рэспублікі». Вайскоўцы аказвалі дапамогу ў правядзенні вясенніх палявых работ. У дакладной запісцы аб выкананні пастановы Ваеннага Савета ў 48-й арміі адзначалася, што для калгасаў было «выделено для оказания помощи на местах рядового и сержантского состава 52 человека, агрономов — 1 человек, направлено кузнецов для ремонта сельхозинвентаря — 3 человека. Выделено для работы на весенне-полевой кампании 24 лошади» [12, с. 29].
3 розных рэгіёнаў СССР на Гомельшчыну завозіліся трактары, аўтамабілі, коні, буйная рагатая жывёла. У красавіку 1944 г. для вызваленых раёнаў такая дапамога паступіла за Удмуртыі. Эталон з Узбекский ССР даставіў на Гомельшчыну 150 коней, 660 цэнтнераў ячменю, 10 трактараў [6, с. 269]. У калгасы Веткаўскага раёна з Яраслаўскай вобласці ў жніўні 1944 г. паступіла 250 галоў жывёлы, ва Уваравіцкі раён — 320, у Буда-Кашалёўскі раён — 310 галоў. З трафейнага статку апошнія два раёны атрымалі 800 кароў і 850 авечак [15, с. 100; 14, с. 82].
Аднаўлялася дзейнасць МТС. У Гомельскім раёне калгасы абслугоўваліся 2 МТС, у якіх у чэрвені 1944 г. было 39 трактароў. Пры МТС былі адкрыты курсы на 65 чалавек па падрыхтоўцы трактарыстаў з ліку вясковай моладзі [6, с. 250]. У Буда-Кашалёўскай МТС мелася 20 трактараў, а ў Рагінскай — 28. Аднак тая тэхніка, якая наступала у якасці дапамогі ў вызваленыя раёны, была ў асноўным зношаная, нават некаторая частка яе знаходзілася ў нерабочым стане [14, с. 82].
Становішча з правядзеннем вясенніх палявых работ было даволі складаным. Не хапала тэхнікі, коней, нават прымітыўнага інвентару для апрацоўкі глебы. Каб не дапусціць зрыву пасяўной кампаніі СНК БССР і ЦК КП(б)Б, а таксама Гомельскі аблвыканкам і абкам КП(б)Б прынялі рашэнні аб выкарыстанні буйной рагатай жывёлы на сельскагаспадарчых работах. Так, Веткаўскі райвыканкам сваім рашэннем ад 18 сакавіка 1944 г. зацвердзіў план-заданне па прыцягненні да веснавых работ 600 калгасаў і калгаснікаў [15, с. 97]. Лднак эфектыўнасць выкарыстання кароў у якасці цяглавай сілы была невысокай. Значная колькасць зямель апрацоўвалася ўручную рыдлёўкамі.
Сярод першачарговых задач было аднаўленнс прамысловасці, асабліва мясцовай і пераапрацоўчай, якія павінны былі хоць неяк забяспечыць насельніцтва ў самых неабходных харчовых і прамысловых таварах. Першымі адбудавалі хлебазаводы, электрастанцыі, водазабеспячэнне, чыгуначныя вузлы, якія мелі стратэгічнае значэнне. Са снежня 1943 г. пачаліся работы па разборцы разбураных будынкаў Гомельскага паравозарамонтнага завода, на якім ужо ў маі 1944 г. пачаўся рамонт вагонаў. 3 Уфы, пасля эвакуацыі, трэба было вярнуць станкі і іншае абсталяванне, якія патрабавалі да таго ж рамонту і мадэрнізацыі. Дзякуючы самаадданай працы рабочых і спецыялістаў у Гомелі да канна 1944 г. была адноўлена дзейнасць 25 прадпрыемстваў. Сярод іх былі завод «Гомсельмаш», запалкавая фабрыка, камбінат «Спартак» і іншыя [2, с. 267].
3 першых дзён пасля вызвалення Добруша пачаліся аднаўленчыя работы на папяровай фабрыцы «Герой працы». Прадпры.маліся дзейсныя меры па рээвакуацыі папяроваробчых машын, іншага тэхналагічнага абсталявання. На базе фабрыкі была адкрыта школа фабрычна-заводскага навучання (ФЗН), якая ўжо ў лістападзе 1944 г. ажыццявіла першы выпуск 275 спецыялістаў масавых прафесій, большасць з якіх была накіравана на папяровую фабрыку [16, с. 20].
На Гомельшчыпе шырокую падтрымку набыў рух па стварэнні «чэркасаўскіх брыгад». Яны дзейнічалі на многіх прадпрыемствах рэгіёна. Толькі ў Гомелі ў 1944 г. было створана больш за 200 брыгад з колькасцю звыш за 4 тыс. чалавек [2, с. 268]. Было праведзена 6 агульнагарадскіх нядзельнікаў.
Вялікая ўвага надавалася аднаўленню дзейнасці будаўнічых прадпрыемстваў. У Гомелі быў заснаваны завод будаўнічых дэталяў, вялося будаўніцтва двух нагельных заводаў. Будаваўся цагельны завод у Лоеве і вапнавы ў Свяцілавічах. На заводзе «Палескі цагельнік» у 1945 г. было выраблена 480 тыс. штук цэглы. У Ельскім раёне ўжо працавалі 11 прадпрыемстваў мясцовай прамысловасці [11, с. 400].
Усяго ў Гомельскай вобласці за 1945 г. было адноўлена больш за 60 прамысловых прадпрыемстваў, 17 гарадскіх і раённых прамкамбінатаў і 80 арцеляў прамысловай кааперацыі. Аднак нытворчыя магутнасці многіх прадпрыемстваў не дасягнулі даваеннага ўзроўню. Выпуск валавай прадукцыі нават у 1946 г. склаў усяго 20,6% ад узроўню 1940 г. [17, с. 114-115]. Не хапала рабочых рук. Становішча пакрысе стала выпраўляцца ў сувязі з прыняццем закона аб дэмабілізацыі з шэрагаў Чырвонай Арміі. Да канца кастрычніка 1945 г. на Гомелыпчыну вярнуліся 9 364 дэмабілізаваных. На працу ў сельскай мясцовасці з іх ліку былі ўладкаваны 5 660 чалавек, а ў гарадах прыступілі да працы 1 529 чалавек [17, с. 156].
Вельмі цяжкім было ў гэтыя гады матэрыяльнае становішча насельніцтва. Большасць калгаснікаў на выпрацаваныя імі працадні атрымоўвалі натуральную аплату зусім малую, або нічога не атрымоўвалі. Старшыні некаторых калгасаў па просьбе сваіх працаўнікоў, каб аблегчыць іх матэрыяльны стан, дадаткова давалі пад агароды калгасную зямлю. Такія факты былі адзначаны ў шэрагу мясцовасцей Гомельшчыны. Рэакцыя з боку органаў КП(б)Б на такія дзеянні кіраўнікоў калгасаў і сельскіх саветаў была жорсткай. Так, у чэрвені 1945 г. Добрушскі РК КП(б)Б разгледзеў пытанне аб фактах «грубага парушэння» Статута сельгасарцелі і Пастановы ЦК УКП(б) і СНК СССР ад 27 мая 1939 г. «Аб мерах аховы грамадскіх зямель калгасаў ад разбазарвання». У прынятай пастанове райкам КП(б)Б асудзіў гэтую «шкодную антыдзяржаўную практыку», якая мела месца ў калгасе «7-мы з’езд Саветаў» і запатрабаваў неадкладна вярнуць незаконна адведзеную пад агароды зямлю ў грамадскае карыстанне. Да крымінальнай адказнасці былі прыцягнуты некалькі чалавек з ліку кіраўніцтва калгаса [16, с. 289-290].
Два гады пазбаўлення волі атрымала адна з калгасніц гаспадаркі «Чырвоны ўдарнік» за 1,5 кг. каласкоў, сабраных на калгасным полі. Мясцовыя ўлады прыцягвалі да непасільнай працы на лесанарыхтоўках жанчын. У выпадку адмовы ад працы іх чакаў арышт і зняволенне. Такое адбылася у адносінах да жыхарак вёсак Дзям’янкаўскага сельсавета і вёскі Перарост Добрушскага раёна [16, с. 289].
Вялікім цяжарам для вяскоўцаў былі падаткі, дзяржаўныя пастаўкі сельскагаспадарчых прадуктаў, абавязковая падпіска на аблігацыі дзяржаўнай пазыкі. Пакуль ішла вайна, насельніцтва Гомельшчыны прымала ўдзел у кампаніях па зборы грашовых сродкаў на будаўніцтва танкаў і самалётаў. У Рэчыцкім раёне для будаўніцтва танкавай калоны было сабрана 1 495 507 рублёў [12, с. 206]. Працоўныя вызваленых раёнаў Палесся ўнеслі 245 000 рублёў [3, с. 485]. Была арганізавана шэфская дапамога калгасаў шпіталям, якія знаходзіліся на тэрыторыі Гомельшчыны, па забеспячэнні іх харчаваннем і палівам.
Такім чынам, намаганні жыхароў Гомельшчыны былі скіраваны на пераадоленне наступстваў ваенных падзей, акупацыі, на аднаўленне гаспадарчага жыцця. Улады прадпрымалі канкрэтныя захады па адраджэнні сельскагаспадарчай вытворчасці, дзейнасці прамысловых прадпрыемстваў, рашэнні першачарговых сацыяльных праблем.
Спіс выкарыстаных крыніц і літаратуры
- Постановление СНК СССР и ЦК ВКП(б) «О неотложных мерах по восстановлению хозяйства в районах освобожденных от немецкой оккупации». 21 августа 1943 г. // Коммунистическая партия Советского Союза в резолюциях и решениях съездов, конференций и пленумов ЦК (1898-1986). Т. 7. 1938-1945. М.: Политиздат, 1985.С. 427-465.
- Памяць: Псторыка-дакумент. Хроніка Гомеля. У 2-х кн. Кніга 2-я.Мінск: БЕЛТА, 1999. 558 с.
- Памяць: Пстор.-дакум. хроніка Мазыра і Мазырскага раёна.Мінск: Мастацкая літаратура, 1997. 574 с.
- Памяць: Гістор.-дакум. хроніка Жлобіна і Жлобінскага раёна.Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2000. 792 с.
- Памяць: Кармянскі раён. Гістор.-дакумент. Хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. Мінск, Беларусь, 2003. 462 с.
- Памяць: Гістор.-дакум. хроніка Гомельскага раёна. У 2 кн. Кніга 2-я.Мінск: БЕЛТА, 1998.414 с.
- Гомельшчына ў Вялікай Айчыннай вайне. Гомель, 2005. 279 с.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Рагачоўскага раёна. Мінск. БелЭн, 1994. 535 с.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Хойніцкага раёна. Мінск: БелЭн, 1993. 383 с.
- Памяць: Брагінскі раён: Гіст.-дакум. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. Мінск: Мастацкая літаратура, 2005. 750 с.
- Памяць: Гісторыка-дакум. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. Ельскі раён. Мінск: Ураджай, 2001. 487 с.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Рэчыцкага раёна. У 2 кн. Кніга 2. Мінск: Беларусь, 1998. 327 с.
- Постановление СНК СССР и ЦК ВКП(б) «О ближайших задачах Совнаркома БССР и ЦК КП(б) Белоруссии». 1 января 1944 г. // Коммунистическая партия Советского Союза в резолюциях и решениях съездов, конференций и пленумов ЦК (1898-1986). Т. 7. 1938-1945. М.: Политиздат, 1985. С. 485-489.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Буда-Кашалёўскага раёна. У 2 кн. Кніга 2. Мінск: БЕЛТА, 2002. 454 с.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Веткаўскага раёна. У 2 кн. Кн.2. Мінск: БЕЛТА, 1998.464 с.
- Памяць: Добрушскі раён: Гістор.-дакум. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. У 2 кн. Кн.2. Мінск: Мастацкая літаратура, 2001. 557 с.
- Гомельская область: 75 славных лет. Гомель: Гомельская правла, 2012. 251 с.
Аўтары: М.Н. Мурашка, В.А. Міхедзька
Крыніца: Ad jubilaeum: да 70-годдзя стварэння гістарычнага факультета: зборнік навуковых артыкулаў: у 2 ч. Ч. 1 / рэдкал.: В. А. Міхедзька (адк. рэд.) [i інш.]; М-ва адукацыі РБ, Гом. дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2015. – С. 191-199.