Адметнасці вобразна-мастацкай сістэмы балад Жыткавіцкага раёна

0
912
Адметнасці вобразна-мастацкай сістэмы балад Жыткавіцкага раёна

Беларускія народныя балады, створаныя народам і клапатліва пранесеныя ім праз стагоддзі, увабралі ў сябе яркія малюнкі і багаты вопыт жыцця нашых продкаў, іх уяўленні пра зло, дабро і справядлівасць, а таксама ўвасобілі мары пра волю і шчасце. У баладах адлюстраваны багаты жыццёвы матэрыял, які дапамагае спасцігнуць мінулае нашага народа, яго побыт і псіхалогію, уяўленні пра справядлівасць і прыгажосць. Змест баладных тэкстаў дае магчымасць зразумець, што было галоўным у жыцці беларусаў, якія якасці чалавечага характару цанілі і паважалі, што было непрымальным і зняважлівым у чалавечым асяроддзі. Раскрыць сутнасць чалавечай натуры, спасцігнуць унутраны свет дапамагаюць вобразы (персанажаў, герояў), якія шырока прадстаўлены ў тэкстах беларускіх балад і знаходзяцца ў пэўных адносінах і сувязях адзін з адным, тым самым ствараюць адзіную сістэму. Праз паводзіны персанажаў, іх дыялогі, пачуцці перададзены адносіны народа да тых ці іншых жыццёвых фактаў і падзей.

Балады і сёння займаюць важнае месца ў песенным рэпертуары жыхароў Жыткавіцкага раёна. Сярод багатай спадчыны гэтага краю можна сустрэць наступныя іх групы: балады з міфалагічнымі матывамі, балады навелістычныя, балады-загадкі.

Актыўнасцю бытавання адрозніваюцца балады навелістычнага характару, дзе адным з распаўсюджаных вобразаў з’яўляецца вобраз жонкі. У некаторых варыянтах паказана, як жанчына пакутуе ад дэспатычнага мужа, які яе забівае, але сустракаюцца і асобныя тэксты, дзе жанчына выступае як барацьбітка за сваё жыццё і лёс. Звернемся да балады, у якой гучыць матыў забойства мужам жонкі:

— Ой, пастой жа, Раманушка,

На час, на гадзіну.

Ножа астрыш, мабыць, мяне,

Зарэзаць хочаш?…

— Ой, суседзі, добры людзі,

Дайце матцы знаці,

Няхай ідзе сваю дочку На смерць нараджаці.

Бяжыць, бяжыць, стара маці,

З страху амлявае,

Сядзць Раман край Дунаю Ножа абмывае [1, с. 483].

Зваротак («Раманушка»), які сустракаецца ў пачатку тэкста, адлюстроўвае шчырыя адносіны жонкі да мужа, што ўсё роўна не выратоўвае яе ад трагічнага зыходу: «Ой, па дочцы-адзініцы / Айцец-маці плача, / А па зяцю-разбойніку / Чорны воран крача» [1, с. 483]. У гэтых радках адлюстравана трагедыя, што адбываецца ў межах сям’і, бо маці не паспела ўратаваць адзіную дачку ад мужа і, як вынік, «айцец-маці» засталіся без роднай дачкі, а ўнукі — без маці і бацькі.

У навелістычных баладах Жыткавіцкага раёна сустракаецца вобраз мужчыны-«міленькага», які здольны ўчыніць расправу не толькі над сваёй жонкай, але і над яе родзічамі, як у баладзе, запісанай у вёсцы Бярэжцы:

А ты, міленькі ты мой,

Ты разбойнічак-вор,

За што брата ўбіў,

Яго з свету згубіў?

Убіў брата майго

І шурына свайго.

Я гукаў я крычаў,

Пастарожку даваў.

Ён з дарожкі не звярнуў,

А я мечыкам пашыбнуў.

Убіў брата і сястру,

Уб’еш і мяне, маладу [1, с. 342].

Праз адметную кампазіцыйную арганізацыю (апавядальная частка і дыялог) твора ў баладных тэкстах раскрываецца не толькі вобраз пакорлівай жонкі, якая не можа супрацьстаяць свайму мужу, але і жанчыны, здольнай пайсці на кардынальныя меры і пазбавіць яго (мужа) жыцця:

Ой, браціхна, ой, лябёдка наша,

Ой, дай жа ж нам ад каморы ключы.

Ой, дай жа ж нам ад каморы ключы,

Да й адмыкнем, да й пабачым братка.

Я й хадзіла па зеллю, па траве,

Загубіла ад каморы ключэ.

Ой, ды дай нам ды драцянага шворня,

Ды й адчынім, ды пабачым братка.

Ды й адчынілі, ды й пабачылі:

Вісіць браток на калачове [1, с. 406].

«Браціхна», «лябёдка наша» — гэтыя звароткі сведчаць пра цеплыню і шчырасць адносін родзічаў мужа да яго жонкі, але, у сваю чаргу, эпітэт «любыя госці» адлюстроўвае добразычлівыя адносіны жонкі да родзічаў, што ў выніку не паўплывала на рашэнне валявой жанчыны: «Жана мужа да й зарэзала, / У свірэньку да й павесіла. / Павесіла ж у свірэньку й пад вакном / Ды й пакрыла тонкім белым палатном» [1, с. 406]. Дзякуючы інверсіі, якую змяшчае паўтор радкоў балады, увага акцэнтуецца на зробленым злачынстве, а таксама ўзмацняе эмацыянальнае ўздзеянне на слухача.

У тэкстах навелістычных балад, запісаных у вёсках Жыткавіцкага раёна, не толькі раскрываюцца праблемы ўзаемаадносін мужа і жонкі, але і адлюстроўваюцца адносіны насельніцтва пэўнай мясцовасці да дзяўчыны, якая нарадзіла дзіця не ў шлюбе. І таму ў цэнтры многіх баладных тэкстаў — вобраз маладой дзяўчыны, што не толькі з’яўляецца ахвярай жорсткага, бязлітаснага лёсу, але і выступае барацьбіткай за права на лепшую долю. Калізія, калі дзяўчына застаецца з пазашлюбным дзіцём на руках, дала пачатак шэрагу баладных сюжэтаў пра маці, што кінула або згубіла сваіх дзяцей. Для навелістычнай балады «Ой, у Кіеве жа да на рыначку», запісанай у вёсцы Бярэжцы, характэрны вобраз маладой незамужняй дзяўчыны, якая вырашыла загубіць сваё дзіця. Яна разумее, што здзейсніла жудасны ўчынак, і гатова панесці за гэта злачынства пакаранне:

Ой, у Кіеве жа да на рыначку

Случылась бяда.

Случилась бяда.

Да маладая ды Марусечка

Радзіла сына.

Радзіла сыны

Да на свет божы ды не пусціла,

А ў рэчку бросіла.

Урэчку бросіла.

Да пайшлі хлопцы да рыбалоўцы

Рыбаньку лавіці,

Рыбаньку лавіці,

Да не паймалі да рыбу-шчуку,

Паймалі ліна.

Паймалі ліна

Ды як узялі на белы рукі

Аж гэта дзіця

Аж гэта дзіця [1, с. 184-185].

Праз паўторы радкоў баладных песень можно прасачыць не толькі кампазіцыйную арганізацыю твора, але і адпаведную градацыю пачуццяў герояў, напрыклад: «случылася бяда», «радзіла сына», «у рэчку бросіла», «рыбаньку лавілі», «паймалі ліна», «аж гэта дзіця», «у казённы дом», «на цясовы стол», «у галосны звон», «да й на перазоў», «не сазналіся», «ды й сазналася», «пад наказ вядуць», «горкі слёзы льець» [1, с. 184-186]. Заўважым, што ў паўторах сустракаюцца пераважна дзеясловы прошлага часу, якія ўказваюць на даўнасць падзей, але эпітэты, якія прысутнічаюць у тэксце баладных песень («казённы дом», «цясовы стол», «галосны звон», «горкі слёзы» [1, с. 184-185]), канцэнтруюць увагу на рэалістычнасці падзей і адлюстроўваюць ступень цяжкасці злачынства.

Сярод баладных тэкстаў сустракаюцца сюжэты, дзе распаўсюджаным вобразам з’яўляецца «ўдоўка маладая», якая «спарадзіла два сыны», а потым «у Дунай-рэчку бросіла», а праз некалькі год яны вяртаюцца, а родная маці не пазнае сваіх сыноў:

Стаў карабель прыплываць

— Два малойчыкі сядзяць.

— А ты, удоўка малада,

Ці пойдзеш ты за меня?

Я за аднаго доч даю,

За другога сама йду.

Ой ты, удоўка малада,

Дурная твая галава,

Што за сына сама йдзеш,

За другога доч даеш [1, с. 332].

Азначэнні «малада», «дурная» не толькі характарызуюць жанчыну са знешняга богу, але і ўказваюць на яе разумовыя здольнасці і нявопытнасць. Паўторы баладных радкоў узмацняюць і акцэнтуюць увагу на безадказнасці ўчынкаў гэтай жанчыны.

Сюжэты баладных песень з міфалагічнымі матывамі, запісаных на тэрыторыі Жыткавіцкага раёна, адлюстроўваюць характар узаемаадносін свекрыві і нявесткі, а таксама маці і родных дзяцей. Адным з распаўсюджаных вобразаў гэтых баладных тэкстаў з яўляецца нявестка, якую свякруха закляла ў быліну. Напрыклад, у запісанай у вёсцы Бярэжцы баладзе:

Ды паехаў мілы ў вяліку дарогу,

Ды пакінуў мілу жывую, здарову.

А маці нявехны ды й не злюбіла,

Узяла й тую нявехну ды й атруціла.

Ды прыехаў мілы з вялікай дарогі,

Скланіўся маці нізенька ў ногі.

Ой, маці ж ты, маці, маці жрадзіма,

Ой, дзе ж мая міла, дзе ж мая жана?

А твая жы міла лён дробны бярэ,

Ды й скінулась у полі ды й былінаю

Ды й скінулась у полі ды й былінаю.

Тонкаю, прыгожаю, ды й высокаю [1, с. 240-241].

Ператварэнне адбываецца таксама і ў розныя дрэвы: рабіну, каліну, таполю, яліну.

Узаемаадносіны мужа і жонкі раскрываюцца праз эпітэты «мілы», «міла», а таксама характарызуюць усю шчырасць іх пачуццяў. Даволі трапна паказваюць на прыгажосць маладой жанчыны наступныя эпітэты: «жывая», «здаровая», «тонкая», «высокая», «прыўдалая», «маладзенькая». Пры дапамозе мастацкага прыёму антрапамарфізацыі, яскрава перадаецца псіхалагічны стан гераіні, яе боль і горыч:

Ой, бяры, сынаньку, тапарыньку

Ды зрубай жа ў поленьку ту былінаньку.

Ой, як секануў я першы раз — паранілася,

Як секануў я другі раз — пахілілася.

Як секануў я трэці раз — папрасілася:

За што, за што, міленькі, сячэш, рубаеш,

Што ты маладзенькую з свету збаўляеш,

Што ты маладзенькую з свету збаўляеш [1, с. 242].

Тэкст балады насычаны звароткамі («маманька», «сынанька», «міленька», «міленькі»), нагадвае пра блізкія сямейныя ўзаемаадносіны паміж героямі балады: маці і сынам, мужам і жонкай. Свякроў і нявестка — вобразы-антаганісты, бо іх супрацьстаянне прыводзіць да канфлікту, вынікам якога з’яўляецца трагедыя: «Дзе ж твая нявехнанька, а мая жонка? / Ды й прыняла, сынанька, сырая зямля» [1, с. 241].

Такім чынам, у міфалагічных і навелістычных баладах Жыткавіцкага раёна паказана глыбіня ўзаемаадносін паміж членамі сям’і, іх блізкімі родзічамі. Менавіта праз прызму жаночых вобразаў (дзяўчына, жонка, удава, маці), што ілюструюць прыналежнасць да розных узроставых катэгорый, перададзены багаты жыццёвы вопыт народа, якім звычайна адпавядае светапогляд герояў.

Літаратура

  1. Балады: у 2 кн. / рэд К. П. Кабашнікаў, В. І. Ялатаў. — Мінск : Навука і тэхніка, 1978. — Кн. 2. — 744 с.

Аўтар: Г.П. Саўчанка
Крыніца: Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Вып. 18 / Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; навук. рэд. А.І. Лакотка. — Мінск: Права і эканоміка, 2015. – С. 294-298.