Элементы (формулы) моўнага этыкету прысутнічаюць не толькі ў штодзённым маўленні кожнага чалавека, але і вызначаюцца актыўным функцыянаваннем у розных паводле жанравай прыналежнасці творах беларускага фальклору. Сфера ўжывання этыкетных адзінак у беларускіх народных песнях значна звужана і выразна акрэслена ў адрозненне ад беларускіх народных казак, дзе можна прасачыць розныя тыпы вітальных этыкетных формул. Найперш гэта звязана з тым, што песні адной тэматычнай групы кампазіцыйна аднастайныя і змяшчаюць варыянты адной і той жа камунікатыўнай сітуацыі з пастаяннымі ўдзельнікамі: — Добры дзень, дубочак, / Чом не зелянееш? / Ці сушы баішся, / Ці лугу жалееш? [1, 221]; Прасілі русалкі / Ў дзевачак сарочак: / — Добры вечар, дзяўчаткі! / Дайце нам сарочак: / Хоць яны раўненькі / Абы былі бяленькі [1, 226]; Вітаем вас, сваточкі-галубочкі, /Ці не прылучылася наша сястрыца к вам? [1, 236].
У большасці выпадкаў вітальныя формулы моўнага этыкету ў беларускіх народных песнях дастаткова развітыя за кошт таго, што змяшчаюць звароткі, адрасаваныя людзям: — Здароў, Лявоніха, Лявоніха мая! / Несалёная капуста твая! [1, 247]; — Добры дзень, татулю, татулю! Каму каня купуеш / І так жаласна плачаш? [1, 222]; прадстаўнікам расліннага свету: — Добры вечар, чабарок! / Ды каля дарожкі, / Харошанькі мой міленькі, / Ды крывыя ножкі [1, 249]; — Здароў, рабіна, / Рабіначка мая! / Чаму ж ты, рабіначка, /Рана адцвіла? [1, 241]; прыродным з’явам: — Вітаю цябе, сонца-сонейка, / Я на цябе віну маю, / Віну маю вялікую: / Што ты раненька ўзыходзіш, / Што ты позненька заходзіш? [1, 219].
Неабходна адзначыць, што ў некаторых этыкетных формулах прывітання шырока выкарыстоўваюцца дадатковыя прырашчэнні, якія канкрэтызуюць камунікатыўную сітуацыю і ўтвараюць песенны рытм і рыфму: Зіма з летам сустракаецца, / Пра здаровейка пытаецца: / — Ой, чалом, чалом, да цёплае лецейка! / — Ой, здарова была, да халодная зімачка! [1, 199]; — Добры вечар пад акеначка! / — Да зялён явар, дуброва! / — Да ці тут жыве да паненачка? [1, 74]; Бяроза з лістом / Ўсю восень шумела: / — Як маешся без мяне / Мая бяроза, мая белая? / Як жа мы расстанемся? [1, 231]; На балоце касец косіць, / Кінуў касу, сам галосіць./ — Як, касец, пачуваеш, / Чаго, касец, галосіш, /Кінуў касу ды не косіш? [1, 233].
Такім чынам, пры аналізе тыпаў вітальных этыкетных адзінак у беларускіх народных песнях назіраецца, што за кошт структурнай арганізацыі, дадатковых сэнсавых прырашчэнняў, шматлікіх паўтораў ствараецца характэрная павышаная эмацыянальнасць, якая фарміруе адпаведную для зносін абстаноўку і садзейнічае наладжванню кантактаў.
Літаратура
- Зелянкова, М. Жывая крыніца. Вусная народная творчасць / уклад. М. Зелянкова. — Мінск : Юнацтва, 1991. — 271 с.
- Кавалёва, Р. М. Тыпалогія інтэлектуальна-паэтычнага напаўнення мастацкага свету валачобных песень / Р. М. Кавалёва // Веснік БДУ, Сер. 4. — 1996. — №1. — С. 32-34.
- Каладзінскі, В. В. Матывы і вобразы беларускай сямейна-бытавой пазаабрадавай лірыкі / В. В. Каладзінскі // Веснік БДУ, Сер. 4. — 1996. — № 3. — С. 17-20.
Аўтар: А.У. Нахаенка
Источник: От идеи — к инновации : материалы XXIV Междунар. студ. науч.-практ. конф., Мозырь, 27 апр. 2017 г. В 2 ч. Ч. 2 / УО МГПУ им.И.П.Шамякина ; редкол.: В.Н.Навныко (отв.ред.) [и др.]. — Мозырь, 2017. — 345 с.