Адлюстраванне абласной i дыялектнай лексікі ў перакладных творах Івана Навуменкі

0
148
Адлюстраванне абласной i дыялектнай лексікі ў перакладных творах Івана Навуменкі

Стварэнню асаблівай выразнасці мастацкага тэксту садзейнічаюць дыялектныя і абласныя лексемы, якія з’яўляюцца паказчыкам сацыяльнага і лакальнага каларыту, сродкам індывідуалізацыі мовы персанажаў. У прозе Івана Навуменкі яны служаць, у першую чаргу, для стварэння вобраза беларускага селяніна, местачкоўца, а таксама перадаюць нацыянальную спецыфіку. Для раскрыцця значэння дыялектызмаў у тэксце пісьменнік ужывае спосаб непасрэднага тлумачэння сэнсу лексемы: Вакол, куды не кінеш вокам, — збажына, зяпеныя азяркі кукурузы, якую тут называюць кіяхамі, і зноў збажына [ТНЮ, с. 389]; выкарыстоўвае прыём сінанімізацыі дыялектнага і літаратурнага слоў: Папрасіў яго знайсці астровіну, каб з дуба як-небудзь злезці. Але дзе ж ты такую жардзіну знойдзеш! [ІН-І, с. 385]. але нгйчасцей семантыка раскрываецца ў кантэксце: Самы старэйшы сын, Міця, радзіўся яшчэ на дзедавым котлішчы [СПД, с.8]; Нарэшце, вартаўніца дрэнькала ў стары вышчарблены званок, і стрыжаныя шасцікласнікі гаманлівай талакой зрываліся з месца [ІН-І, с. 479]. У некаторых выпадках толькі шырокі кантэкст дазваляе раскрыць семантыку дыялектызма: Я набраў поўную шапку чыстай, пахучай кірсы і занёс свайму суседу Алесю [ВТ, с. 106], пасля апісання працы цесляроў чытач разумее, што кірса — гэта апілкі.

У перакладазнаўстве перадача дыялектызмаў разглядаецца ў межах перакладу стылістычна афарбаваных пластоў лексікі; цяжкасці перадачы іх звязаны з адсутнасцю двухмоўных дыялектных слоўнікаў, а таксама з матываванасцю ўжывання дыялектных лексем. Таму магчымасць адлюстравання такіх слоў у перакладах цесна звязана з іх функцыямі ў тэксце. Так, “дыялектныя рысы менавіта як паказчыкі пэўнай мясцовай своеасаблівасці поўнасцю ў перакладзе праявіцца не могуць” [1, с. 290], але функцыя моўнай характарыстыкі патэнцыяльна перадаецца, прычым усе даследчыкі перакладу сцвярджаюць, што нельга замяняць чужы дыялект сваім: пэўныя дыялекты вельмі цесна звязаны з пэўнай тэрыторыяй, каб іх можна было выкарыстоўваць [2, с. 60; 3, с. 89; 4, с. 252; 5, с. 145]. Асноўным спосабам перадачы дыялектызмаў лічыцца функцыянальная замена — у якасці адпаведніка прапанавана выкарыстоўваць прастамоўе, якое найбольш набліжаецца па функцыі да дыялектызмаў [4, с. 253]. ,

Нягледзячы на блізасць беларускай і рускай моў і багацце кожнай з іх у спосабах выражэння розных паняццяў, перакладчык не заўсёды тоесна перадае канатацыі тэксту. Пераважаюць выпадкі замены дыялектных лексем рускімі літаратурнымі, але прадстаўлены і функцыянальна блізкія суадносныя кантэксты. Эквівалентнымі мы лічым выпадкі замены беларускіх дыялектызмаў рускімі прастамоўнымі словамі, асабліва калі яны супадаюць па форме: Раіса ўстала. Папраўляе перад люстэркач валасы. Ведае, што прыгожая. Разводка [Б, с. 108] — Раиса встала. Поправляет перед зеркалом волосы. Знает, что красивая. Разводка [ПЮ, с. 64]; Нейкая канарэйка такога арла скасавала [ІН-ІІ, с. 376] — Какая-то канарейка такого орла изничтожила [ТНЮ, с. 161]. Суадносныя лексемы маюць аднолькавае значэнне, але розную стылістычную прыналежнасць, якая, аднак, функцыянальна тоесная.

Транскрыпцыя з’яўляецца найбольш мэтазгодным спосабам перадачы дылектызма ў наступным кантэксце, бо дазваляе перадаць форму і каларыт: Вокруг, куда ни бросишь взгляд, — хлеба, зеленые озерца кукурузы, которую здесь называют «кияхами», и снова хлеба [ІН-І, с. 120]. Семантыка слова раскрываецца ў кантэксце арыгінала, таму перакладчык проста паўтарае структуру беларускага сказа без змяненняў. За кошт такой новай формы адбываецца актуалізацыя дыялектнага слова, падкрэсліваецца навізна і спецыфіка, якія ўзмацняюцца двухкоссем.

Прадстаўлены частковыя эквіваленты да дыялектызмаў. Асобна стаяць выпадкі, калі беларускае дыялектнае слова па форме супадае з рускім літаратурным (штакетнік(беп.літ. штыкетнік) — штакетник), у такім вьгаадку праблемай будзе перадача канатацыі слова, створанай у арыгінале дыялектнай фанетычнай формай, а па семантыцы суадносныя словы эквівалентныя: Вось і яго, Міцеў, пераезд, сасна, будка, агароджаны штакетнікам двор [СПД, с. 289] — Вот и его, Митин, переезд, сосна, будка, огороженный штакетником двор [СПД-р, с. 299].Стылістычна разыходзяцца нейтральнае або размоўнае слова замест дыялектнага з тоеснай семантыкай, такі прыём найбольш часта выкарыстоўваецца перакладчыкам: На пенсії льга дацягнуць і на гэтай апошняй пасадзе, не кідаючыся, як цыган, з месца на месца [СПД, с. 68] — До пенсии можно дотянуть и на этой последней должности, не бросаясь, как цыган, с места на место [СПД-р, с. 64]; 3 раніцы яны з бацькам кошкаюцца на дзедавай сядзібе [СПД, с. 155] — С утра они с отцом возятся на усадьбе деда, ставят хату [СПД-р, с. 150]. Пераклад страчвае нацыянальны каларыт, становіцца менш выразным, яркім. У наступным сказе перакладчык графічна выдзяляе двухкоссем літаратурную лексему союз, якая замяняе фанетычны дыялектызм спулка: Рэй не ўваходзіў у нашу спулку, якая абменьвалася рэдкімі кнігамі [ІН-І, с. 333] — Рей не входил в наш ребячий «союз», который обменивался редкими книгами [ПО, с. 79]. Такая актуалізацыя падкрэслівае незвычайнасць гэтай лексемы, выдзяляе ў агульным кантэксце і можа лічыцца прыёмам кампенсацыі экспрэсіўнай афарбоўкі.

У некаторых выпадках Я.Мазалькоў выбірае лексему з прыблізным значэннем. Так, да дыялектнага дрын — ‘палка’ падбірае адпаведнік дубина — ‘тоўстая цяжкая палка’, што ўдакладняе, канкрэтызуе змест, а жытнікі замяняе словам адной лексіка-семантычнай групы ранеты, што перадае агульнае паняцце “сорт яблыкаў”, але падмяняе культурную канатацыю. Параўн.: Калі на двары ў гэты час быў сам Лось, ён выскакваў на вуліцу з вічам і ці дубовым дрынам і гнаўся за Румбаю [ІН-ІІ, с. 386] — Если во дворе в это время был сам Лось, он выскакивал на улицу с вилами или дубиной и гнался за Румбой [ТНЮ, с. 208]; Днём, калі мы напаўнялі пазухі жытнікймі і наліванкамі, ён [Лось] беспробудна спаў у шалашы [ІН-ІІ, с.385] — Днём, когда мы наполнят пазухи ранетами и белым наливом, он беспробудно спал в шалаше [ТНЮ, с. 207]. У апошнім сказе адразу дзве дыялектныя лексемы замяняюцца літаратурнымі, што зніжае экспрэсіўную афарбоўку і мастацкую выразнасць перакладу. Прыблізна перадаюцца і сінанімічныя лексемы; Папрасіў яго знайсці астровіну, кабз дуба як-небудзь злезці. Але дзе ж ты такую жардзіну знойдзеш! [ІН-І, с.385] — Попросил его найти шест подлинней, чтобы с дуба слезть. Но где ты такую жердь найдёшь [ТНЮ, с. 103].

Некалькі кантэкстаў прадстаўляюць кантэкстуальны пераклад, калі замест дыялектнай лексемы ўжываецца літаратурнае слова, адпаведнае толькі ў дадзеным пэўным кантэксце; Сюды адносім перакладчыцкую адпаведнасць парня — сушилка, бо слова парня ўжываецца сярод іншых лексем, што абазначаюць віды вытворчасці: Проз мястэчка праходзіла чыгунка, былі ў нас таксама цагельны завод, мылаварня, парня, то хіба ўсё гэта не магло быць цікавым для замежнага шпіёна? [ІН-ІІ, с.405] — Через местечко проходила железная дорога, были у нас кирпичный завод, мыловарня. сушилка,разве всё это не могло быть интересным для зарубежного шпиона? [ТНЮ, с. 222].

V’ залежнасці ад таго, як пісьменнік і перакладчык уяўляюць сабе школьны званок, адрозніваюцца дзеясловы, што абазначаюць дзеянне, накіраванае на прадмет: Нарэшце, вартаўніца дртькала ў стары вышчарблены званок, і стрыжаныя шасцікласнікі гаманлівай талакой зрываліся з месца [ІН-І, с. 479] — Наконец сторожиха взмахивала старым выщербленным звонком, и стриженые шестикласники шумливой гурьбой срывались с места [ТНЮ, с. 83]. У адпаведнасці з выбраным дзеясловам змяняецца і від сувязі з залежнымі словамі.

У некаторых выпадках перакладчык ўжывае трансфармацыйны адпаведнік — змяняе лексіка-сінтаксічную структуру сказа для перадачы дыялектызмаў. Лексема замяняецца наступнымі канструкцыямі:

  • Назоўнік з прыназоунікам: Ён [вартаўнік] становіцца наўкаленцы і дастае з-пад лаўкі бутэльку, закаркаваную нейкімі сухімі зёлкамі [ІН-І, с.361] — Он опускается на колени и достаёт из-под лавки бутылку, заправленную какими-то травами [ПО, с. 146]. У гэтым сказе адбываецца таксама нематываваная семантычна нятоесная замена закаркаваць — заправить, што падмяняе рэферэнцыю.
  • Словазлучэнне назоўнік + прыметнік: Ва ўсякім выпадку Сгіяпан Птах … усе апошнія гады карыстаецца адной і той жа астровінай, каб ускарабкацца на дрэва, дзе стаіць яго вулей [СПД, С.7] — Во всяком случае, Степан Птах… все последние годы пользуется одной и той же суковатой жердью, чтобы вскарабкиваться на дерево, где стоит его улей [СПД-р, с.8].
  • Назоўнік з прыдаткам: Веньяміну, як на смех, пакінулі ложак з дубовымі баўбешкамі [Б, с.74] — Вениамину, как на смех, оставили кровать с дубовыми шарами-набалдашниками [ПЮ, с. 47].

Такія канструкцыі перадаюць толькі семантыку арыгінальных лексем, а канатацыя, нацыянальна-культурная спецыфіка, а таксама лаканічнасць, уласцівыя беларускім тэкстам, страчваюцца.

Прадстаўлены і больш складаныя трансфармацыі: у наступны кантэкст перакладчык уводзіць дадатковыя лексемы — абагульняючае слова з азначэннем пры аднародных членах — што прыводзіць да памылкі на ўзроўні рэферэнцыі: Ды не вельмі і возьмешся [за вучобу], калі ў садзе, у дзеда Анісіма, так рана паспелі сёлета бэры і жытнікі [ІН-ІІ, с.305] — Да не очень и возьмёшься, если в саду у деда Анисима так рано поспели чудесные груши — беры и житники [ГВ, с. 288]. Такі пераклад сведчыць пра няведанне беларускіх рэалій, бо жытнікі — народная назва пэўнага сорта яблыкаў.

Семантычна тоесным з’яўляецца перадача беларускага слова парня — ‘памяшканне, дзе гнуць абады, дугі’ шматзначным рускім парильня. Але для большасці чытачоў тэхнічны тэрмін парильня з тоеснай арыгіналу семантыкай малавядомы, асацыятыўна актуалізуецца значэнне ‘аддзяленне ў лазні, дзе парацца’. Недэталізаваны арыгінальны кантэкст можа прывесці да непаразумення — чаму партызаны спалілі лазню, якая не з’яўляецца стратэгічным аб’ектам: У ясную веснавую ноч ні з таго ні з сяго згарэла парня [ВТ, с. 17] — В ясную весеннюю ночь ни с того ни с сего сгорела парильня [ПО, с. 17]. У гэтым сказе эквівалентнасці перашкаджаюць тыпалагічныя разыходжанні паміж мовамі і недыферэнцыяваны кантэкст.

Пры перакладзе дыялектызма, значэнне якога раскрываецца адразу ў тэксце, Я. Мазалькоў апускае абмежаванае ўжываннем слова: Хлопцы ўсюды хадзілі талакой. Яны пабывапі нават у пелі — густым асінавым лесе,дзе, як гаварылі бацькі, вадзіліся самыя сапраўдныя ласі… [ВТ, с. 366] — Мальчишки повсюду ходили гурьбой. Они побывали даже в густом осиновом лесу, где, как рассказывали родители, водились самые настоящие лоси… [ВТП, с. 173]. Семантика застаецца нязменнай, але не перадаецца каларыт, канатацыя, што таксама супярэчыць прынцыпу эквівалентнасці.

Як бачым, лексіка рускамоўных твораў І. Навуменкі пераважна неэквівалентная дыялектнай і абласной лексіцы арыгіналаў, г.зн. творы пазбаўлены своеасаблівага беларускага вясковага каларыту. Замест дыялектызмаў ужываюцца пераважна нейтральныя лексемы, якія дакладна або прыблізна перадаюць семантыку, нязначнае месца ў рускамоўных творах займає прастамоўе У шэрагу’ выпадкаў на месцы дыялектызмаў ужываюцца аналітычныя канструкцыі з нейтральнай стылістычнай афарбоўкай, функцыянальна не тоесныя дыялектызмам.

Выкарыстаныя крыніцы

Б — Навуменка, І. Бульба / 1. Навуменка. — Мінск: Беларусь, 1964. — 149 с.; ВТ — Навуменка, I. Выбраныя творы ў двух тамах. Т.І. Апавяданні. Аповесці. Мнінск: Мастацкая літаратура, 1995. — 476с.: ВТП — Науменко, И. Война у Титова пруда / И. Науменко. — М.: Советский писатель. 1961. — 96 с.; ГВ — Науменко. И. Голубиный взлёт / И. Науменко. М.: Советский писатель, 1961. — 331с.; ІН, I — І.Навуменка. Збор твораў у шасці тамах. Т.І. Аповесці і апавяданні /1. Навуменка. Мінск: Мастацкая літаратура, 1981. — 559с.; ІН, II — І.Навуменка. Збор твораў у шасці тамах. Т.2. Аповесці і апавяданні / І. Навуменка. Мінск: Мастацкая літаратура, 1981. — 588с.; ПО — Науменко, И. Последняя осень / И. Науменко. Мінск: Мастацкая літаратура, 1979. — 414 с.; ПЮ — Науменко, И. Путешествие в юность / И. Науменко. М.: Советский писатель, 1967. — 347с.; СПД — Навуменка, I. Сасна пры дарозе / И. Навуменка. — Мінск: Народная асвета, 1980. — 336с.; СПД-р — Науменко, И. Сосна при дороге / авториз. пер. с белор. / И. Науменко. — Минск: Беларусь, 1970. — 336 с.; ТНЮ — Науменко, И. Тополя нашей юности / И. Науменко. М.: Художественная литература, 1978. — 239с.

  1. Фёдоров, А.В. Введение в теорию перевода (Лингвистические проблемы) / А.В. Фёдоров. — М.: Изд-во литературы на иностранных языках, 1958. — 375 с.
  2. Лийв, М. Русская диалектная лексика как стилистическое средство и способы её передачи на эстонский язык / М. Лийв // Сопоставительный анализ лексических и грамматических средств разносистемных языков. — Таллин, 1984. — С. 57-70.
  3. Елина, Н.Г. О переводе на русский язык стилистически окрашенных пластов итальянского языка / Н.Г. Елина // Тетради переводчика. Вып.21. Под ред. проф. Л.С. Бархударова. — М.: Высшая школа, 1984. — С. 89-99.
  4. Влахов. С., Флорин, С. Непереводимое в переводе / С. Влахов, С. Флорин. — М.: Высшая школа, 1986. — 416 с.
  5. Левый, И. Искусство перевода / И. Левый. — М.: Прогресс, 1974. — 398 с.


Аўтар:
А.М. Лапцёнак
Крыніца: «Скарына і наш час», IV міжнародная навукова: канф. (2008, Гомель). Міжнародная навуковая канферэнцыі «Скарына і наш час», 13-14 лістапада 2008 г.: [матэрыялы] у 2 ч. Ч. 1 / рэдкал.: А. А. Станкевіч (гал. рэд.) [і інш.]. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2008. — С. 187-192.