Чачэрскі край. Чачэрск… Сваю назву Чачэрск і раўніна, ў межах якой знаходзіцца ўвесь Чачэрскі раён, атрымалі ад ракі Чачора. Дарэчы, у летапісе горад мае назву “Чичерск”, у часы Вялікага княства Літоўскага ў дакументах мы бачым “Чичерск”, або “Чычерск”, а воласць адпаведна – “Чычерская” [1, с.56-65]. Вядомы савецкі вучоны ў галіне энергетыкі, член-карэспандэнт Акадэміі навук СССР В.І.Вейц у сваёй біяграфіі ўказваў, што нарадзіўся 5 студзеня 1905 года па новым стылі ў мястэчку “Чичерск, Могилевской губернии” [2, с.364]. Ды і зараз мясцовыя жыхары называюць свой горад “Чычэрск”, а раку “Чычора”. Пасля рэвалюцыі ў адпаведнасці з нормамі правапісу назва горада па-беларуску стала гучаць “Чачэрск”, па-руску – “Чечерск”.
Па адной з гіпотэз паходжання назвы горада, першымі насельнікамі яго былі “чычакі”, племя якіх спачатку жыло ў мясцовасці, дзе пачынаецца рака Чачора. Частка з іх пасялілася ніжэй па рацэ і пабудавала Чачэрск [3, с.60]. Чачора ж, як вядома, пачынаецца за 2 км на паўночны ўсход ад вёскі Лесавая Буда Кармянскага раёна, асноўныя яе прытокі: Дулепа і Любіца (справа) і Глыбокая (злева) [4, с.264].
Па другой, самай распаўсюджанай, версіі назва ракі, раўніны і горада паходзіць ад слова “чэчэр”, што ў пераводзе з мовы радзімічаў YIII – XII стагоддзяў азначала “воск”. Справа ў тым, што радзімічы займаліся бортніцтвам і рабілі шмат воску. Гэтую гіпотэзу мы знаходзім у працы В.Губарэвіч (60-я гады ХХст.) [5].
Трэцяя версія, рамантычная: назву сваю горад атрымаў ад ракі Чачора, якую ў сваю чаргу назвала маленькая дачка Віцязя. Яна заўсёды суправаджала бацьку ў паходах, бо маці рана памерла. Дзяўчынцы спадабалася рака, яна параўнала яе з цяцёркай, якая распускае і складвае свае крылы. Віцязь спыніўся каля ракі, назваў яе Цяцёркай (Цяцёрай), заснаваў горад Цяцерск, а потым назвы, з часам, змяніліся на Чачора і Чачэрск [6, c.19].
Рызыкну прывесці чацвёртую – у “Толковом словаре” У.Даля слова “чичер” мае наступнае значэнне: “резкий холодный осенний ветер с дождем, иногда со снегом”. Распаўсюджана гэта слова было сярод жыхароў Тульскай і Арлоўскай губерній, а гэта месца рассялення родзічаў радзімічаў – вяцічаў, таму і радзімічы маглі называць халодны вецер са снегам “чичер”, а Чачэрск (яго гістарычная частка, Замкавая гара) знахозіцца на ўзвышшы і вятры ўвосень дуюць добра. Адсюль “Чичерск” – горад, дзе часта дуюць халодныя вятры са снегам.
Але, на мой погляд, найбольш маюць рацыю першая і другая версіі, трэцяя поўнасцю легендарная, чацвертая толькі здагадка. Аналізуючы гэтыя гіпотэзы, трэба найперш адзначыць, што назва ракі Чачора, як, дарэчы, і Каўпіты, Молінкі маюць балцкае паходжанне. Вядомыя маскоўскія лінгвісты В.Тапароў і А.Трубачоў яшчэ ў 60-х гадах ХХ ст. аднеслі іх да балцкай гідраніміі, а назву ракі Сож – да заходнефінскай, больш старажытнай гідраніміі. Яны таксама адзначаюць, што гэтае меркаванне было агульпрынята з 20-х гадоў ХХ ст. [7, c.56-57]. А балты жылі тут працяглы час раней за радзімічаў. Магчыма, што слова “чэчэр”, або “чичер” балцкага паходжання. Вышэйзгаданыя вучоныя прыводзяць прозвішчы балцкага паходжання: Галядкін, Мажаеў, Купрын, Чычэрын, Курбскі. Рызыкну аднесці да гэтага шэрагу і прозвішча Чычагаў (заўважце падабенства з чычакамі).
Але ёсць яшчэ адно меркаванне. Як занатаваў летапісец “…радзімічы і вяцічы – ад ляхаў. Былі ў ляхаў два браты – адзін Радзім, а другі Вятка. І, прыйшоўшы, селі яны: Радзім па рацэ Сож, ад яго і назваліся радзімічы…” [8, c.12-13]. Рассяленне іх у Пасожжы было не зусім мірным на што ўказваюць прыказкі: “Радзімец цябе бяры”, “Каб цябе радзімец узяў”, якія бытуюць у нас на Чачэршчыне і суседняй Магілёўшчыне. Вучоныя мяркуюць, што продкі радзімічаў і вяцічаў на самой справе да “вялікага перасялення народаў”, а дакладней да ІІІ ст. н.э. жылі па сярэднім цячэнні Віслы і па ніжнім Бугу і Нараве, гэта значыць на частцы тэрыторый сённяшніх Падляскага і Мазавецкага ваяводстваў Рэспублики Польшча. Пасля доўгіх вандровак яны прыйшлі на Сож. Калі мы глянем на карту Польшчы, тую частку, дзе жылі продкі радзімічаў і карту зямель Беларусі і Расіі, то ўбачым, што ў Павісленні, Пабужжы і Панароўі ёсць населеныя пункты: Быдгашч, Хотам, Чэрукі, Радзім, Сырска, Унецк, а таксама Бранск, які размяшчаецца трохі заходней Бельска-Падляскага. Не так далёка ад гэтых месц, на захадзе Беларусі ў Брэсцкім раёне ёсць вёска Чэрск. А ў самым цэнтры Мазовіі, на поўдзень ад Варшавы на беразе Віслы стаiць невялікі горад Чэрск. У XY стагоддзі ён быў сталіцай аднаго з мазавецкіх княстваў, меў мураваны замак. Чэрскі князь Януш Мазавецкі – уплывовая палітычная фігурай таго часу, з ім лічыліся і польскі кароль, і вялікія князі літоўскія, і крыжакі. Дарэчы, гэты князь быў жанаты на дачцы князя Вялікага Княства Літоўскага Кейстута Дануце (пасля хрышчэння атрымала імя Ганна), што аднак не замінала ім ваяваць адзін з другім [9, c.290]. У басейне Сожа ёсць Будагошч, Хоцімск, Чэрыкаў, Радзімль, Сырск, Унеча, Бранск [10, с.28-29]. Хто ведае, можа менавіта адзін з радзіміцкіх родаў прыйшоў з Чэрска і ўпадабаў нашы мясціны. Заўважце, назвы Чачэрск (Чычэрск), Чэрск, Чэрукі, Чэрыкаў падобныя, – корань “–чэр-“, а “ча- (чы-)” прыстаўка. У перакладзе з польскай мовы “чы”(czy) – “ілі, альбо” [11, c.271]. Гэта раней магло азначаць, што тут перасяленцы заснавалі другі Чэрск, “альбо-, ілі-Чэрск”: Чычэрск.
Таксама у Палкінскім раёне Пскоўскай вобласці, з якім наш раён завязаў перапіску, ёсць Чэрская воласць і аграфірма “Чэрская”. У Пскоўскай вобласці ёсць возера Коўпіна (Колпіно), возера Смолінскае. Параўнайце з нашымі возерам Коўпін, рэкамі Каўпіта і Молінка. На былых землях сваякоў радзімічаў вяцічаў таксама сустракаюцца падобныя назвы: ў Маскве ёсць рака “Чечера (Чечёра)” – правы прыток Яузы; у акрузе сталіцы Расіі “Паўднёвае Бутава” ёсць мікрараён “Чечёра”, вуліца “Чечерский проезд”. Магчыма гэта балтскія назвы, а можа частка продкаў радзімічаў і вяцічаў у складзе славянскіх атрадаў каланістаў прыйшла ў маскоўскі рэгіён, а таксама на Пскоўшчыну. На жаль сцвярджаць сёння адназначна, што ёсць ісціна мы пакуль не можам.
Падрыхтавау Атрошчанка Сяргей Іванавіч – нар. 20 кастрычніка 1970 года ў в.Бяляеўка Чачэрскага раёна. У 2002 годзе закончыў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Фр.Скарыны, гісторык. У 2007 годзе закончыў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Республікі Беларусь. Працуе намеснікам старшыні камісіі па справах непаўналетніх пры Чачэрскім райвыканкаме. Займаецца вывучэннем гісторыі Чачэршчыны.
Спасылкі:
- Памяць: Чачэрскі раён. – Мн.: БелТА, 2000. – 622 с.
- Большая Советская энциклопедия. 3-е издание. Т.4. – М.: «Советская энциклопедия», 1971. – 600 с.
3. Ганжын. А. Мястэчка Чачэрск, Гомельскай акругі. // Наш край. 1927г. №1. – с. 59-61. - Чачора // Беларуская энцыклапедыя: У 18т. Т.17. – МН.: БелЭн, 2003. – 512 с.
5. Губарэвіч В. Гістарычны нарыс Чачэрска (поўнасць не друкаваўся).
6. Мохараў У. Гісторыка-этнаграфічны нарыс аб Чачэрскім краі. // Чацвёрты рэспубліканскі фестываль народнага танца “Беларуская полька”. – Мн.: “Чатыры чвэрці”, 2000, – с. 17-24. - Тапароў У., Трубачоў А. Лінгвістычны аналіз гідронімаў Верхняга Падняпроўя. // Спадчына, 1993, № 4. – с. 53-62.
- Повесть временных лет. // Старажытная беларуская літаратура. – Мн.: Юнацтва, 2002. – 509 с.
9. Чаропка В. Імя ў летапісе. – Мн.: Полымя, 1994. – 559 с.
10. Гайдук М. Паратунак. – Мн.: Юнацтва, 1993. – 367 с.
11. Киклевич А.К., Кожинова А.А. Польский язык. – Мн.: ТетраСистемс, 2001. – 320 с.