“Адкрыццяў мора! І развенчаных міфаў таксама!” Як рэпрэсаваны гомельскі гісторык займаецца пошукамі сенсацыйных знаходак у польскіх архівах

0
941
Гомельскі гісторык Яўген Малікаў
Яўген Малікаў у жніўні 2020 г. Фота: Пошукі старога Гомеля

Вядомы гомельскі гісторык, кандыдат мастацтвазнаўства і звольнены ўніверсітэцкі выкладчык Яўген Малікаў цяпер жыве ў Польшчы, куды ён з’ехаў пасля пераследу ў 2020 г. “Штодзень” паразмаўляў з ім пра жыццё ў Варшаве, архівы, і, канечне, Гомель.

Як увогуле вашыя справы пасля ад’езду з Беларусі?

 У свой першы год у Польшчы я атрымаў стыпедыю Нямецкага гістарычнага інстытута ў Варшаве і займаўся вывучэннем драўлянай польскай архітэктуры – гэта такі працяг даследавання маёй асноўнай беларускай навуковай тэмы. Цудоўная была стажыроўка! Я ездзіў па розных музеях драўлянай архітэктуры, сустракаўся са спецыялістамі, працаваў з польскай літаратурай. 

Паралельна вырашыў закрыць адзін гомельскі гештальт, якому ўжо больш за 120 гадоў — дабрацца да гомельскіх дакументаў у архіве Чартарыйскіх у Кракаве. Гэта такая агульная старажытная мара гомельскіх гісторыкаў. Пасля далучэння ўсходняй часткі Беларусі да Расейскай імперыі апошні гомельскі стараста Міхал Чартарыйскі вывез у Кракаў і дакументы з Гомеля. І вось гісторыкі марылі, што было б добра дабрацца да тых дакументаў, але… Ну дык я паехаў у Кракаў, і ў глыбіні душы апасаўся, што палякі не захочуць іх паказаць. Але ніякіх праблем, прынеслі мне гэтыя матэрыялы — 65 нікому ў нас невядомых дакументаў па гомельскім старостве 16 – 18 ст. Я іх зафатаграфаваў, цяпер з імі працую. Таксама зараз маю доступ і да іншых еўрапейскіх архіваў.

Яўген Малікаў з Гомеля
Яўген Малікаў. Фота: уласны архіў героя публікацыі

І якія цікавыя факты вы ўжо знайшлі?

Шмат чаго. Ну, напрыклад, так атрымалася, што афіцыйная гісторыя Гомеля — дэперсанікафаваная. У ёй няма сведчанняў, якія б паказвалі жыццё асобы, толькі жыццё агулам. Няма таго, што называецца “гісторыя паўсядзённасці”. І толькі на пачатку 21 стагоддзя пачынаецца звяртацца ўвага на гэта. Тое ж тычыцца і 18 ст. Адзіны факт, які быў вядомы з гэтай серыі — узгадванне пажара 1737 г., які здарыўся праз мяшчанку Сямёнаву. Маладая дзяўчына сушыла грыбы і заснула, у выніку згарэў увесь горад. І гэты факцік паказвае наяўнасць не проста масы гараджан, а жыццё канкрэтнага чалавека. Больш такіх фактаў не вядома. 

Разбіраючы дакументы з архіва Чартарыйскіх, я знайшоў дакумент 1690-х гг. У ім нейкі шляхціц распісвае, як па прыватных справах прыехаў на кірмаш і стараста Тамаш Красінскі папрасіў яго быць сведкам у справе, дзе фігуруюць пабітыя, пасечаныя людзі. Атрымліваецца — зафіксавана крымінальная справа канца 17 ст.. Гісторыя горада становіцца гісторыяй яго жывых людзей, а не нейкіх статыстычных адзінак. І такіх рэчаў шмат назбіралася. 

Яўген Малікаў на прэзентацыі кнігі
Яўген Малікаў падчас прэзентацыі сваёй кнігі пра драўлянае дойлідства

Ці шмат гомельскіх гісторыкаў увогуле займаецца пошукам дакументаў перыяду да Расейскай імперыі?

Так атрымалася, што гісторыяй сярэдневечнага Гомеля у нас займаўся фактычна толькі адзін чалавек — Алег Анатольевіч Макушнікаў, але ён памёр мінулай восенню. Дакументы, да якіх ён змог дацягнуцца — ён апублікаваў у сваіх працах, але да еўрапейскіх архіваў не дабраўся. Я спрабую зараз да іх дацягнуцца.

Алег Макушнікаў, гомельскі археолаг і гісторык
Археолага Алега Макушнікава не стала ў 2021 годзе

Вы нешта новае для сябе даведаліся з тых дакументаў? 

Канешне! Адкрыццяў мора! І развенчаных міфаў таксама. Напрыклад, у нас распаўсюджана меркаванне, што пры Рэчы Паспалітай Гомель быў глыбокай глухаманню, і толькі з прыходам Расейскай імперыі і Румянцавых пачалося яго эканамічнае развіццё. Але высвятляецца, што калі гомельскім старастам у 1730-х гг. стаў канцлер ВКЛ Міхал Чартарыйскі — то Гомельскае староства пачало вельмі хутка расці. Агромная колькасць вёсак з’явілася, чатыры жалезаробных заводы. Атрымліваецца, што хвалёная прыбытковасць гаспадаркі Румянцавых — гэта ў значнай меры вынік тых рэформ у старостве, якія яшчэ за 30-40 год да прыходу Расейскай імперыі зрабіў тут князь Міхал Чартарыйскі. Ён стварыў трывалую гаспадарчую базу, на якой далей квітнеў гомельскі маёнтак Румянцавых. 

І наперадзе чакаюць яшчэ сотні дакументаў. Таксама мяне ўразіла, што калі я працаваў з інвентарамі 18 ст., дык знайшоў мора прозвішчаў сучасных гомельцаў. І гэта не Івановы-Пятровы, гэта значна больш экзатычныя варыянты. І тут вельмі добра бачна сувязь пакаленняў людзей, што жылі 300 год таму, і што жывуць тут і зараз. Прыкладам, я знайшоў прозвішча свайго былога студэнта з вёскі Карма Добрушскага раёна — атрымліваецца, яго продкі з такім ці амаль такім жа прозвішчам фіксуюцца ў гэтай жа вёсцы ў інвентарах з 1681 гг. У адной і той жа вёсцы, з адным і тым жа прозвішчам! І гэта не шляхецкія роды, кшталту Шалют, Чарняўскіх, Караткевічаў, Драбышэўскіх, Лапіцкіх і іншых, якія спецыяльна запісвалі свае радаводы, гэта радаводы сялян! І для мяне цяпер зусім па іншаму ўспрымаецца фраза “гэта наша зямля!” – з лозунга яна становіцца поўнай дакладна асязаемага рэальнага зместу. 

Гомельскі замак
Выява гомельскага замка з карты 17 стагоддзя. З данясення казацкага атамана Івана Залатарэнкі маскоўскаму цару: “Гомель… есть всем местам граничным литовским головою. Место велми оборонное, людей служилых немало, снарядов и пороху много…”

Вы хочаце апублікаваць дакументы, якія вы знайшлі ў архівах. Раскажыце пра гэта падрабязней.

Гэтая ідэя ў мяне ўзнікла даўно, але канчаткова аформілася, калі я пабачыў дакументы з архіву Чартарыйскіх. Што і калі з гэтага атрымаецца, я не ведаю, але зараз выяўленыя дакументы трэба дэшыфроўваць і падрыхтаваць да будучага выдання, каб як мага болей людзей мелі магчымасць іх прачытаць і з імі працаваць. Вывесіць фотакопіі ў інтэрнэт – гэта як выкінуць іх у сметніцу. Бо, да прыкладу, ужо гадоў 12-ць у інтэрнэце вісяць фотакопіі двух гомельскіх інвентароў – 1736 і 1765 гг., але і сёння пра іх ведаюць можа максімум чалавек 15-ць — з тых, хто вельмі глыбока цікавіцца гомельскай гісторыяй. Таму што яны ў рукапісным выглядзе на польскай мове 18 ст., не ўсё добра бачна і г.д. І гэтыя унікальныя дакументы па гісторыі нашага горада у такім выглядзе не працуюць. Трэба іншы падыход. Дарэчы, гэтыя інвентары я ўжо апрацаваў (і яшчэ пяць іншых). 

Таму, канечне, хочацца, каб атрымалася ў канечным выніку надрукаваць гэтыя дакументы, хоць папярэдняя праца з імі складаная і нудная. Вось гэтым я зараз і займаюся – вышукваю, вычытваю, перанабіраю на кампутары. Праблема ў тым, што проста валанцёраў тут не паклічаш на дапамогу, бо гэта досыць спецыфічная і нудная праца — таму чалавек павінны быць альбо ўнутрана зацікаўленым, альбо яму трэба за якасную работу плаціць грошы, якіх на гэта няма – я сам з дакументамі працую бясплатна, гэта не нейкі грант, гэта мой добраахвотны выбар. Але я ведаю, якія класныя там ёсць рэчы, колькі новага і жывога ў іх па гісторыі Гомеля, гэта вельмі цікава. Агулам, канечне, сумна, што з гісторыяй, як навукай, у Беларусі ўвогуле вялікія праблемы — прасцей пайсціі ў айцішнікі і праз 2 гады атрымліваць свае паўтары штукі баксаў у месяц, чым сядзець гадамі над тэкстамі і атрымліваць капейкі. Ну, у нас так зараз, відаць, з усёй навукай, не толькі з гісторыяй.

Калі сачыць за навінамі, гісторыкі, якія былі вымушаны з’ехаць з Беларусі, пачалі знаходзіць важныя дакументы ў замежных архівах і музеях. Такі дзіўны “плюс” сітуацыі.

Так, знаходак поўна. Але гэта дакладна не дзякуючы таму, што нас выжылі з радзімы — гэта таму, што мы не апусцілі рукі і ў новых умовах працягваем рабіць сваю справу ў якую верым. Гэта пра асабістыя дасягненні людзей, а не вынік дзяржаўнай палітыкі. Калі б дзяржава мела за мэту навуковы вынік, то былі б і стажыроўкі, і фінанасванне пошуку дакументаў, і напісанне гістарычных прац, і іх выданне.  

А дзе ў Беларусі шукаць дакументы пра Гомель?

 У Нацыянальным гістарычным архіве ў Мінску захоўваюцца розныя кнігі, напрыклад, Рэчыцкага гродскага і каптуровага судоў, да якіх адносілася і Гомельскае староства. Я паглядзеў па даведніку — там больш за сто кніг. Можна ўявіць, якія сюрпрызы там нас чакаюць! Але ў нашых архівах выдаюць па тры справы на дзень, і нічога нельга фатаграфаваць. У Еўропе абсалютна па-іншаму — тут усё можна фатаграфаваць у архівах, а пасля ўвечары за кавай сядзі дома і спакойна разбірай свае гістарычныя каліграфічныя вязі. Таму ў польскіх гісторыкаў у год і выходзіць па кнізе, а ў нашых адна на 10 гадоў. Яшчэ шмат гомельскіх дакументаў ёсць таксама ў архівах ў Расеі, шмат іх і ва украінскіх архівах. 

Ці маеце вы магчымасць бываць у Гомелі?

Пытанне адкрытае. Я не ведаю, ці заведзена на мяне якая-небудзь справа, ці не, але Беларусь — гэта ж латарэя, быў бы чалавек, а справа знойдзецца! Калі я выязджаў — быў перакананы, што магу вяртацца. Пачытаў навіны з Беларусі — і цяпер не спяшаюся. Таму пакуль вырашыў выдаткаваць час на гомельскія дакументы ў Польшчы — тут вельмі шмат цікавых, нават сенсацыйных для Гомеля знаходак. Думаю, з гэтага для майго горада карысці будзе болей, чым выпадкова прайграць у навязаную ідыёцкую латарэю. 

Гісторыкі — добрыя аналітыкі, бо ведаюць гістарычныя працэсы. Якія вашыя прагнозы пра падзеі ў Беларусі і агулам у свеце?

Гісторыкі сапраўды, глядзячы ў мінулае, на самой справе бачаць будучыню. Такая спецыфіка прафесіі. Таму я за агульны накірунак нашага далейшага лёсу спакойны. Хоць, канешне, не без праблем нам будзе. Па-першае, Расея дакладна прайграе, як бы хто ні хацеў гэта прызнаваць. Па-другое, мы зараз на цывілізацыйным зломе, а ён, на жаль, заўсёды крывавы. Але як гісторык я гляджу наперад з аптымізмам — і ў нас таксама ўсё будзе добра. Ведаю, што гэта будзе хутка, вельмі хутка, але ўсе роўна яшчэ не адзін дзясятак людзей паспее заплаціць страшную плату за свой жыццёвы выбар, за свае чалавечыя каштоўнасці, прайсці праз той маразм, які мы зараз маем. Але гісторыю не спыніць. Таму я і займаюся гістарычнымі дакументамі, бо разумею — яны будуць патрэбныя нашаму гораду, калі не зараз, то ў будучыні абавязкова. Таму і адчайвацца не трэба — трэба годна прайсці праз гэты складаны час, трэба не спыняцца і рабіць тое, што можаш і ўмееш, рыхтавацца да зменаў і новых магчымасцяў.