Ад Гаміюка да Гомеля

0
1504
Узрост і гісторыя Гомеля

Археалагічныя раскопкі, якія праводзіліся на тэрыторыі гомельскага парку культуры і адпачынку імя А.В. Луначарскага ў 1986-1988 гадах, паказалі, што горад над Сожам пачаў існаваць не ў 1142 годзе, калі звесткі аб ім упершыню з’явіліся на старонках летапісаў, а, прынамсі, на 200-250 гадоў раней. Дык колькі ж год Гомелю? 900? 1000? А можа і яшчэ больш? Археалагічныя даследаванні працягваюцца, яны, безумоўна, рана ці позна дадуць магчымасць зрабіць больш-менш пэўныя падлікі. Але ж спрэчкі ўсё роўна застануцца. Бо горад нараджаецца не ў адзін дзень і нават не ў адзін год. Горад звичайна вырастав з папярэдніх паселішчаў, якія маглі існаваць на яго месцы не адно тысячагоддзе. І вельмі цяжка менавіта археолагам вызначыць тую часавую мяжу, за якой застаецца гісторыя папярэднікаў горада і ад якой трэба адлічваць ужо гарадскую гісторыю.

Пастараемся зрабіць падарожжа па гомельскаму наваколлю ў тыя часы, калі на тэрыторыю гомельскага гістарычнага цэнтра (сучасны парк) прыйшлі першыя сталыя жыхары, якія заснавалі ўмацаванае пасяленне і далі яму назву — Гомель. Гэтай назвай яны выказалі сваё разумение таго, што тут убачылі.

Традыцыйна ў назве Гомель бачаць корань гом са значэннем узвышша, узгорак. Фармальна гэта правільна. З такім тлумачэннем звычайна згаджаюцца, ставяць кропку і ніякіх далейшых разважанняў больш не вядуць. Вось тут і крыецца памылка. Бо калі працягваць разважанні, трэба было б запытаць: чаму слова гом- не адлюстравалася ні ў адной з іншых назваў старажытных населеных пунктаў, якія, прынамсі, у нашых краях, як правіла, узнікалі на ўзвышшах і высокіх берагах водных аб’ектаў? Выпадковасцю гэта назваць нельга. Значыць, берагавыя ўзгоркі не былі для нашых продкаў вызначальнай прыкметай для назвы месц сталага пражывання. Кожнае ўзвышша, між іншым, характарызаваілася яшчэ чым-небудзь і вось гэтае што-небудзь і з’яўлялася тым, на падставе чаго і нараджалася асобнае ў кожнага населенага пункта імя.

Што ж убачылі першыя гамельчукі, якія прыйшлі некалі ў нашыя мясціны? Каб уявіць іх уражанні, трэба прыйсці ў сучасны гомельскі парк, на берагі так званага Лебядзінага возера, дзе пачынаўся Гомель, і ўважліва паглядзець навокал. Тут няма ўзвышшаў, тут хутчэй глыбокая нізіна, круты прыродны яр. Гісторыя данесла да нас яго сапраўдную назву — Гаміюк. Калі ўглядзецца ў яго контуры, можна пераканацца, што калісьці тут працякала невялікая рэчка, якая несла свае воды ў Сож.

Участак верхняга цячэння Гаміюка захаваўся на процілеглым ад парку баку вуліцы Пралетарскай, за будынкам Дома фізкультури і спорту прафсаюзаў. Гэтая сухая, глыбокая нізіна, парослая дробным хмызняком і травой, вядома гомельскім старажылам пад найменнем Кагалъны роў. Дарэчы, тут у 1902-1903 гадах адбываліся сходы і масоўкі рэвалюцыйна настроеных рабочых. Далей відавочныя сляды Гаміюка страчваюцца. Аднак па невялікім паніжэнням рэльефу можна прасачыць амаль беспамылкова, што яшчэ больш верхняе цячэнне Гаміюка перасякала сучасную вуліцу Інтэрнацыянальную ў раёне завода імя С. М. Кірава і пралягала прыкладна ўздоўж сучаснай вуліцы імя Катуніна ад цэнтральнага рынку. Самыя вярхоўі Гаміюка знаходзіліся ля сучаснага аўтобуснага вакзала. У гэты раён мы вернемся трохі пазней. А пакуль звернемся да самой назвы — Гаміюк.

Гэтае слова складаецца з дзвюх частак: першая — Гомій і другая — юк. Апошняя частка, відаць, ёсць не што іншае, як “сцёрты” геаграфічны тэрмін са значэннем “вада, рака” (падобныя яму словы існуюць у многіх мовах народаў СССР: старажытнапермскае — юг, -юк, эстонскае йогі — “рака”, марыйскае йогы — “цячэнне” і іншыя). Першая частка слова ўяўляе сабой першапачатковую форму назвы горада — Гомій (Гом’е). Калі гэтая старажытная назва-прыметнік захавалася перш за ўсё ў якасці абазначэння глыбокага яра, дык ёсць сэнс меркаваць, што менавіта ён і быў той галоўнай асаблівасцю мясцовасці, якая ўразіла першых пасяленцаў і з’явілася падставай для ўзнікнення назвы. Сёння мы амаль упэўнены, што старажытнаславянскае слова гом азначала не проста “ўзвышша”, а “ўзвышша над ярам, нізінай”. Гэтаму слову, як і многім іншым, знаходзяцца паралелі ў мовах народаў СССР, з якімі спрадвеку жылі побач і мелі трывалыя сувязі ўсходнія славяне. Прынамсі, словы асецінскай мовы ком, гом — “цясніна”, лезгінскай кам — “яр, лагчына”, “ручай”, несумненна, дапамагаюць зразумець геаграфічную назву Гомель.

Яе значэнне літаральна — “мясцовасць; зрытая ярамі, ярыстая”. Адсюль няцяжка зразумець і значэнне назвы яра Гаміюк — “рэчка, якая цячэ ў рове, глыбокай нізіне”. Вось тут мы падышлі да самага галоўнага з сённяшніх нашых разважанняў. Ці не здзівіць чытача такое пытанне: колькі Гаміюкаў у Гомелі?

Не спяшайцеся адказваць, успомніце, што на тэрыторыі парку ёсць усім вядомы так званы Кіеўскі спуск, які па сваёй канфігурацыі вельмі нагадвае Гаміюк. Далей такі ж круты спуск-яр вядзе да ракі Сож ад вуліцы імя Білецкага ў раёне грабных баз. Праз 100-150 метраў ад гэтага рова ёсць яшчэ адзін круты спуск да Сожа па вуліцы Сожскай. У пачатку стагоддзя, мабыць, менавіта ён быў вядомы пад назвай Дзедна. Нарэшце, вядомы так званы Цыганскі спуск у раёне вуліцы Валатаўской. Такім чынам, мы сутыкаемся з цэлай сістэмай крутых і вельмі глубокіх яроў, асабліва ў іх вусцях. Гэтыя яры стваралі перасечаную мясцовасць, здаўна населеную людзьмі. Калі суаднесці тапаграфію “старога горада” з яго назвай, мы ўбачым, што геаграфічнае найменне матывуецца асаблівасцямі рэльефу, а тыя ў сваю чаргу знайшлі сваё сканцэнтраванае і сціслае апісанне-тэкст у такой кароткай і нескладанай знешне назве — Гомій (Гомель). Вось чаму пасяленне атрымала не проста назву-назоўнік Гом — яр, роў (адзіны), а назву-прыметнік Гом’е, Гомій — мясцовасць, зрытая ярамі.

Яры былі даволі глыбокія не толькі ў іх вусцях, але і ў вярхоўях. Яны перасякалі ўсю цэнтральную частку сучаснага горада. Вышэй мы нагадалі магчымы “шлях” з вярхоўяў да вусця асноўнага паркавага Гаміюка. Але захаваліся “сляды” і астатніх Гаміюкаў. Успомнім паніжэнне на вуліцы Савецкай паблізу Піянерскага скверыка ці менш выразнае паніжэнне каля плошчы Працы. Першая нізіна, відаць, з’яўлялася вярхоўем рова, які ішоў па вуліцы Валатаўской і часткова адгаліноўваўся ў бок вуліцы Сожскай.Другая нізіна, несумненна, звязана з Кіеўскім спускам і спускам з вуліцы імя Білецкага. ‘

Усе старажытныя яры мелі адзіны пачатак, агульны цэнтр, з якога радыяльна разыходзіліся ў розныя бакі. Арыентацыя вярхоўяў недвухсэнсава паказвае на тую частку горада, якая яшчэ параўнальна нядаўна была вядома як Гарэлае балота. Гэты раён пачынаўся за будынкам былой мужчынскай гімназіі (цяпер корпус Беларускага інстытута інжынераў чыгуначнага транспарту) і цягнуўся да чыгуначнай станцыі і далей на захад, да вуліцы Багдана Хмяльніцкага і стадыёна “Лакаматыў”.

Назва Гарэлае балота — далёка не метафара. Тут было сапраўднае балота з густымі зараснікамі балотных раслін і хмызняку. Па балоце людзі ездзілі на лодках, выкарыстоўваючы яго як сродак зносін паміж маленькімі крывымі вулачкамі. Галоўнай сярод іх была Паштовая (цяпер — вуліца Перамогі).

У XIX — пачатку XX ст. Гарэлае балота было сапраўдным балотам. Але ў дагістарычныя для горада часы на яго месцы было вялікае возера — верагодны пасляледніковы вадаём.

Пясчаныя асадкавыя пароды, прынесеныя ў апошнюю ледавіковую эпоху, легка вымываліся некалькімі ручаямі або невялікімі рэчкамі, якія выцякалі з возера. З цягам часу рэчышчы гэтых вадатокаў ператварыліся ў значныя яры, асабліва глыбокія і крутыя на схілах высокага правага берага ракі Сож.

Вакол возера ва ўсе бакі цягнуліся суцэльныя густыя лясы. Вільготны і параўнальна цёплы клімат, буйна квітнеючая прыбярэжная расліннасць, мноства птушак, звяроў стваралі прыродны аазіс. Яго размяшчэнне ля вялікай ракі на перасечанай мясцовасці з прыроднымі абарончымі перашкодамі прываблівала чалавека з самай глыбокай старажытнасці. Дакладную дату з’яўлення сталага насельніцтва ў раёне Гомеля мы назваць не можам. Але па нашых меркаваннях і падліках, пабудаваных на тапанімічных аналогіях, назва Гомій існавала ўжо 12-15 стагоддзяў назад*.

Што ж датычыць назвы Гарэлае балота, справа вось у чым. Старажытныя жыхары Гомія і наваколля, несумненна, карысталіся дарамі лесу і возера. А яшчэ яны займаліся пасечна-агнявым земляробствам, выпальвалі дрэвы, тым самым выслабанялі зямлю для апрацоўкі. Кожны год-два ім былі патрэбны ўсё новыя абшары. Парушэнне прыроднага балансу адмоўна адбілася на лясным возеры. Яно пачало мялець, берагі яго забалочваліся. Лясныя бары, закінутыя палі таксама вельмі хутка ператвараліся ў балоты, станавіліся няўдобіцамі. Так і ўзнікла Гарэлае балота, з якога ўжо больш не цяклі ручаі і рэчкі па глыбокіх ярах у Сож.

На заканчэнне — яшчэ адно назіранне. Паводле звестак, змешчаных у кнізе Ф.А. Жудро, І.А. Сербава, Д.І. Даўгяла “Горад Гомель” (Вільна, 1911), у тым месцы, дзе стаіць Гомель, пасярэдзіне ракі некалі былі вялікія пясчаныя водмелі. Цікава, што гэты факт адлюстраваўся ў вядомай гамяльчанам версіі, што быццам бы назва Гомель паходзіць ад спалучэння слоў “Го! Мель!”. Народная фантазія зыходзіць з рэчаіснасці.

Гэтыя водмелі маглі ўтварыцца таму, што ручаі Гаміюкі пастаянна, год за годам, вымывалі і неслі ў вялікую раку легкі пясчаны грунт.

Вядома, што Сож меў яшчэ адну назву: у XVI ст. яго называлі Нярэя, згодна з картай, на якую спасылаюцца аўтары ўпамянутай кніжкі. Не выключаючы магчымасць іншага тлумачэння і не ведаючы, на якім участку ракі ўзнікла гэтая назва, тым не менш трэба адзначыць вельмі красамоўнае ў дадзеным выпадку тлумачэнне: Нярэя — з балцкіх моў (латышскай і літоўскай) — nerija, nerija — “вузкая доўгая пясчаная водмель уздоўж берага”.

* Напісанне Гомель замест першапачатковага Гомій упершыню з’яўляецца ў XVII ст. пад уплывам лацінскай мовы, на якой у Рэчы Паспалітай (Гомель знаходзіўся на самай усходняй граніцы гэтай дзяржавы) у адзначаны час пісаліся дзяржаўныя акты і дакументы (Виноградов Л. А. Гомель. Его прошлое и настоящее. 1142-1900 гг. М., 1900, с. 6).

Аўтар: А.Ф. Рогалеў
Крыніца: Рогалеў А. Ф. Сцежкі ў даўніну: Геагр. назвы Беларус. Палесся. Мн.: Полымя, 1992. — 159 с. Ст. 86-89.