Археалагічныя pacкопкi, якія праводзіліся на тэрыторыі Гомельскага парку культуры i адпачынку імя А. В. Луначарскага ў 1986—1988 гг., паказалi, што горад над Сожам пачаў існаваць не ў 1142 г., калі звесткі аб iм упершыню з’явіліся на старонках летапісу, а, напэўна, на 200—250 гадоў раней. Дык колькі ж год Гомелю? 900? 1000? А можа, i яшчэ больш? Археалагічныя даследаванні працягваюцца, яны, безумоуна, рана ці позна дадуць магчымасць зрабщь больш-менш пэўныя падлікі. Але ж спрэчкі ўсё роўна застануцца. Бо горад нараджаецца не ў адзін дзень i нават не ў адзін год. Горад звычайна вырастае з папярэдніх паселішчаў, якія маглі існаваць на яго месцы не адно тысячагоддзе. I вельмі цяжка менавіта археолагам вызначыць тую часавую мяжу, за якой застаецца гісторыя папярэднікаў горада i ад якой трэба адлічваць ужо гарадскую гісторыю.
Пастараемся зрабіць падарожжа па гомельскім наваколлі у тыя часы, калі на тэрыторыю гомельскага гістарычнага цэнтра (сучасны парк) прыйшлі першыя сталыя жыхары, якія заснавалі умацаванае паселішча i далі яму назву — Гомель. Гэтай назвай яны выказали свае разуменне таго, што тут убачылі. Традыцыйна ў назве Гомель бачаць корань ГОМ- са значэннем «узвышша», «узгорак». Фармальна гэта правільна. 3 такім тлумачэннем звычайна згаджаюцца, ставяць кропку i ніякіх далейшых разважанняў больш не вядуць. Вось тут i крыецца памылка. Бо калі працягваць разважанні трэба было б запытаць: чаму слова гом- не адлюстравалася нi ў адной з іншых назваў старажытных населеных пунктаў, якія, ва ўсялякім разе ў нашых краях, як правіла, узнікалі на узвышшах i высокіх берагах водных аб’ектаў? Выпадковасцю гэта назваць нельга. Значыць, берагавыя ўзгоркі не былі для нашых продкаў вызначальнай прыкметай для назвы месцаў сталага пражывання. Кожнае ўзвышша, між іншым, характарызавалася яшчэ чым-небудзь. I вось гэтае што-небудзь i з’яўлялася тым, на падставе чаго i нараджалася асобнае ў кожнага населенага пункта імя.
Што ж убачылі першыя гамяльчане, якія прыйшлі некалі ў нашы мясціны? Каб уявіць ix уражанні, трэба прыйсці ў сучасны Гомельскі парк, на бераг так званага Лебядзінага возера, дзе пачынаўся Гомель, i уважліва паглядзець навокал. Тут няма ўзвышшаў, тут хутчэй глыбокая нiзiнa, круты прыродны яр. Гісторыя данесла да нас яго сапраўдную назву — Гамяюк (Гаміюк). Калі ўгледзецца ў яго контуры, можна пераканацца, што калісьці тут працякала невялікая рэчка, якая несла свае воды ў Сож.
Участак верхняга цячэння Гамеюка захаваўся на процілеглым ад парку баку вуліцы Пралетарскай, за будынкам Дома физкультуры i спорту прафсаюзау. Гэта сухая, глыбокая нізіна, парослая хмызняком і травой, вядома гомельскім старажылам пад найменнем Кагальны роў. Дарэчы, тут у 1902—1903 гг. адбыліся сходы і масоўкі рэвалюцыйна настроеных рабочых. Далей бачныя сляды Гамеюка страчваюцца, аднак па невялікіх паніжэннях рэльефу можна прасачыць амаль беспамылкова што яшчэ больш верхняе цячэнне Гамеюка перасякала сучасную вуліцу Інтэрнацыянальную ў раёне завода імя Кірава i пралягала прыкладна уздоўж сучаснай вуліцы імя Катуніна ад цэнтральнага рынку. Самыя вярхоўі Гамеюка знаходзіліся каля сучаснага аўтобуснага вакзала.
Слова Гамяюк складаецца з дзвюх частак: першая — Гомiй і другая — юк. Апошняя частка, відаць ёсць не што іншае, як «сцёрты» геаграфічны тэрмін са значэннем «вада, рака» (падобныя яму словы iснуюць у мнoгix мовах народаў былога СССР: старажытнапермскае -юг, -юк, эстонскае йогі — «рака», марыйскае йогы — «цячэнне» i інш.). Першая частка слова ўяўляе сабой першапачатковую форму назвы горада — Гомій (Гом’е). Калі гэта старажытная назва-прыметнік захавалася перш за ўсё ў якасці абазначэння глыбокага яра, дык ёсць сэнс меркаваць, што менавіта ён i быў той галоўнай асаблівасцю мясцовасці, якая ўразіла першых пасяленцаў i з’явілася падставай для ўзнікнення назвы. Сёння мы амаль упэўнены, што старажытнаславянскае слова гом азначала не проста «ўзвышша», а, відаць, «узвышша над ярам, нізінай». Гэтаму слову, як i многім іншым, знаходзяцца паралелі ў мовах народаў былога СССР, з якімі спрадвеку жылі побач і мелі трывалыя сувязі ўсходнія славяне. Прынамсі, словы асецінскай мовы ком, гом — «цясніна», лезгінскай кам — «яр, лагчына», «ручай», несумненна, дапамагаюць зразумець геаграфічную назву Гомель.
Яе значэнне літаральна — «мясцовасць, зрытая ярамі, ярыстая». Адсюль няцяжка зразумець і значэнне назвы яра Гамяюк (Гаміюк) — «рэчка, якая цячэ ў рове, глыбокай нізіне». Вось тут заключаедца самае галоўнае з прыведзеных вышэй разважанняў. Дык колькі ж Гамеюкоў у Гомелі?
Каб адказаць на гэта пытанне, трэба ўспомніць, што на тэрыторыі парку ёсць усім вядомы так званы Кіеўскі спуск, які па сваёй канфігурацыі вельмі нагадвае Гамяюк. Далей такі ж круты спуск-яр вядзе да ракі Сож ад вуліцы Білецкага ў раёые грабных баз. Праз 100—150 метраў ад гэтага рова ёсць яшчэ адзін круты спуск да Сожа па вуліцы Сожскай. У пачатку стагоддзя, мабыць, менавіта ён быў вядомы пад назвай Дзедна. Нарэшце, вядомы так званы Цыганскі спуск у раёне вуліцы Валатаўскай. Такім чынам, існуе дэлая сістэма крутых і вельмі глыбокіх яроў, асабліва ў іх вусцях. Гэтыя яры стваралі перасечаную мясцовасць, здаўна населеную людзьмі. Калі суаднесці тапаграфію «старога горада» з яго назвай, можна ўбачыць, што геаграфічнае найменне матывуецца асаблівасцямі рэльефу, а тыя ў сваю чаргу знайшлі свае сканцэнтраванае і сціслае апісанне-тэкст у такой кароткай і нескладанай знешне назве — Гомій (Гомель). Вось чаму паселішча атрымала не проста назву-назоўнік Гом — яр, роў (адзіны), а назву-прыметнік Гом’е, Гомій — мясцовасць, зрытая ярамі.
Яры былі даволі глыбокія не толькі ў іх вусцях, але і ў вярхоўях. Яны перасякалі ўсю цэнтральную частку сучаснага горада. Вышэй згадваўся магчыма «шлях» з вярхоўя да вусця асноўнага паркавага Гамеюка. Але захаваліся «сляды» і астатніх Гамеюкоў. Гэта — паніжэнне на вуліцы Савецкай паблізу Піянерскага скверыка ці менш выразнае паніжэнне каля плошчы Працы. Першая нізіна, відаць, з’яўлялася вярхоўем рова, які ішоў па вуліцы Валатаўскай і часткова адгаліноўваўся ў бок вуліцы Сожскай. Другая нізіна, несумненна, звязана з Кіеўскім спускам і спускам з вуліцы Білецкага.
Усе старажытныя яры мелі адзіны пачатак, агульны цэнтр, з якога радыяльна разыходзіліся ў розныя бакі. Арыентацыя вярхоўяў недвухсэнсава паказвае на тую частку горада, якая яшчэ параўнальна нядаўна была вядома як Гарэлае балота. Гэты раён пачынаўся за будынкам былой мужчынскай гімназіі (цяпер корпус Беларускага дзяржаўнага універсітэта транспарту), цягнуўся да чыгуначнай станцыі і далей на захад, да вуліцы Багдана Хмяльніцкага і стадыёна «Лакаматыў».
Назва Гарэлае балота — далёка не метафара. Тут было сапраўднае балота з густымі зараснікамі балотных раслін і хмызняку. Па балоце людзі ездзілі на лодках, выкарыстоўваючы яго як сродак зносін паміж маленькімі крывымі вулачкамі. Галоўнай сярод іх была Паштовая (сучасная вуліца Перамогі).
У XIX — пачатку XX ст. Гарэлае балота было сапраўдным балотам. Але ў дагістарычныя для горада часы на яго месцы было вялікае возера — верагодны пасляледніковы вадаём. Пясчаныя асадкавыя пароды, прынесеныя ў апошнюю ледавіковую эпоху, лёгка вымываліся некалькімі ручаямі або невялікімі рэчкамі, якія выцякалі з возера. 3 цягам часу рэчышчы гэтых вадатокаў ператварыліся ў значныя яры, асабліва глыбокія і крутыя на схілах высокага правага берага ракі Сож.
Вакол возера ва ўсе бакі цягнуліся суцэльныя густыя лясы. Вільготны і параўнальна цёплы клімат, буйна квітнеючая прыбярэжная расліннасць, мноства птушак, звяроў стваралі прыродны аазіс. Яго размяшчэнне каля вялікай ракі на перасечанай мясцовасці з прыроднымі абарончымі перашкодамі прываблівала чалавека з самай глыбокай старажытнасці. Дакладную дату з’яўлення сталага насельніцтва ў раёне Гомеля назваць нельга. Але паводле некаторых меркаванняў і падлікаў, пабудаваных на тапанімічных аналогіях, назва Гомій існавала ўжо 12—15 стагоддзяў назад.
Старажытныя жыхары Гомія і наваколля, несумненна, карысталіся дарамі лесу і возера. А яшчэ яны займаліся падсечна-агнявым земляробствам, выпальвалі дрэвы, тым самым вызвалялі зямлю для апрацоўкі. Кожны год-два ім былі патрэбны ўсё новыя абшары. Парушэнне прыроднага балансу адмоўна адбілася на лясным возеры. Яно пачало мялець, берагі яго забалочваліся. Лясныя бары, закінутыя палі таксама вельмі хутка ператвараліся ў балоты, станавіліся няўдобіцамі. Так і ўзнікла Гарэлае балота, з якога ўжо больш не цяклі ручаі і рэчкі па глыбокіх ярах у Сож.
Паводле звестак, змешчаных у кнізе Х. А. Жудро, І. А. Сербава, Дз. І. Даўгялы «Горад Гомель» (Вільна, 1912), у тым месцы, дзе стаіць Гомель, пасярэдзіне ракі некалі былі вялікія пясчаныя водмелі. Гэты факт адлюстраваўся ў вядомай гамяльчанам версіі, што быццам бы назва Гомель паходзіць ад спалучэння слоў «Го! Мель!». Народная фантазія зыходзіць з рэчаіснасці. Гэтыя водмелі маглі ўтварыцца таму, што ручаі Гамеюка пастаянна, год за годам, вымывалі і неслі ў вялікую раку лёгкі пясчаны грунт.
Вядома, што Сож меў яшчэ адну назву: у XVI ст. яго называлі Нярэя, згодна з картай, на якую спасылаюцца аўтары ўпамянутай кніжкі. He выключаючы магчымасць іншага тлумачэння і не ведаючы, на якім участку ракі ўзнікла гэта назва, тым не менш трэба адзначыць вельмі красамоўнае ў дадзеным выпадку тлумачэнне: Нярэя — з балцкіх моў (латышскай і літоўскай) — «вузкая доўгая пясчаная водмель уздоўж берага».
Аўтар: А. Ф. Рогалеў
Спасылка: http://gomeltrans.net/gomel/articles/3/