Абвешчана сімволіка адзначэння стагоддзя БНР

0
1649
100 год БНР і герб Пагоня ў якасці галоўнага сімвала

Нацыянальны аргкамітэт зацвердзіў эмблему і сімволіку святкавання 100-годдзя БНР. Яна будзе выкарыстоўвацца для аздаблення візуальнай прадукцыі, падчас акцый, святочных і творчых мерапрыемстваў.

На афіцыйнай эмблеме святкавання стагоддзя БНР змешчаны герб Пагоня, які сустракаецца на пячатках, бланках і іншых дакумэнтах Рады БНР у эміграцыі. Аздабляе эмблему надпіс «Беларуская народная рэспубліка — 100 гадоў аднаўлення незалежнасці. 1918-2018».

Сярод сябраў Нацыянальнага аргкамітэту была гарачая дыскусія над надпісам знізу на галоўнай эмблеме, вырашылі змясціць надпіс «100 гадоў аднаўлення незалежнасці». Былі прапановы «100 гадоў незалежнасці», «100 гадоў абвяшчэння незалежнасці», але спыніліся на «аднаўленні».

Ідэя лагатыпу да стагоддзя БНР належыць кіраўніку крамы symbal.by і сябру Нацыянальнага аргкамітэту Паўлу Белавусу. Дапамог усё зрабіць і ўзнавіць выяву з малюнкаў, бланкаў і пячатак вельмі дрэннай якасці графітыст Макс Пякарскі. Мастацкая камісія на чале з Алесем Марачкіным дапрацавала яго і стварыла асноўную эмблему.

«Выпадкова, яшчэ летам 2017-га, я трапіў на дакументы Беларускай эміграцыйнай калекцыі. Там я і заўважыў прыгожую дынамічную „Пагоню“, якая сустракаецца на дакументах Рады БНР, Сусветнага аб’яднання беларускай эміграцыі ды іншых арганізацый па-за межамі Беларусі. Тады і нарадзілася ідэя ўзяць гэтую „Пагоню“ для фірмовага стыля святкавання 100-годдзя БНР, бо яна рэальна выкарыстоўвалася ў рознай дзейнасці БНР на працягу ўсіх 100 гадоў у шматлікіх краінах свету», — распавёў Павел Белавус.

Спампаваць сымболіку святкавання 100-годдзя БНР у вэктарным і растравым фарматах можна тут. Воблачны архіў даступны для шырокага выкарыстання і будзе дапаўняцца дызайнамі разнастайнай прадукцыі: плакаты, налепкі, паштоўкі, банэры і іншае.

Прапановы і дызайны з выкарыстаннем эмблемы Нацыянальны аргкамітэт па святкаванні стагоддзя БНР заклікае публікаваць у сацыяльных сетках з тэгам #БНР100 ці дасылаць на скрынку artsiadziba@gmail.com.