Абстрактная і канкрэтная лексіка ў тэкстах вясельнай абраднасці Гомельшчыны

0
814
Абстрактная і канкрэтная лексіка ў тэкстах вясельнай абраднасці Гомельшчыны

Гомельская вобласць багатая на народных песняроў i простых людзей-носьбiтаў багатай духоўнай спадчыны, у памяці якіх яшчэ даволі добра ўтрымліваюцца звесткі па каляндарна-абрадавай і сямейна-абрадавай паэзіі.

Лёс чалавека – гэта шлях з мiнулага праз сучаснасць у будучыню. Мiнулае i будучае – гэта тое, чаго цi ўжо, цi яшчэ няма (сфера абстрактнага).

Канкрэтнай уяўляецца толькi сучаснасць, якую можна структурыраваць у адпаведнасцi з пажаданым напрамкам. Гiстарычная памяць чалавецтва («памяць продкаў») ўвасоблена ў традыцыях і абрадах, гэта значыць духоўнай культуры, што адлюстроўвае мiфалагiчнае мысленне. «Комплекснае вывучэнне духоўнай спадчыны беларусаў, якое аб’ядноўвае этнаграфiю, фальклор i мовазнаўства, з’яўляецца адным з самых актуальных i перспектыўных напрамкаў сучасных навуковых даследаванняў» [2, с. 92]. Як лёс чалавека ўяўляе сабой перапляценне яго абстрактных уяўленняў i канкрэтных дзеянняў, так i моўная структура тэкстаў сямейна-абрадавай паэзii вызначаецца заканамернасцямi функцыянавання ў iх дзвюх семантычных груп лексiкi: слоў з абстрактным значэннем i слоў з канкрэтным значэннем. Прааналiзуем гэтыя заканамернасцi ў тэкстах вясельнай абраднасцi Гомельшчыны.

Аддзеяслоўны абстрактны назоўнiк «вяселле» абазначае адну з самых значных i радасных падзей у жыццi чалавека. Традыцыйна канец шчодрай на ўраджай восенi i пачатак зiмы лiчылiся тым часам, на якi прыпадала найбольшая колькасць вяселляў: «Свадзьбы не гулялі ў пасты, у Піліпаўку ваўкі жэняцца. Гулялі ў мясаедства»1 (зап. у в. Вялікі Бор Хойніцкага р-на ад Г. А. Харошкі, 1951 г. н.); «Пасля Ражаства було й вяселле» (зап. у в. Вялікі Бор Хойніцкага р-на ад П. Д. Харошкі, 1915 г. н.); «Свадзьбу не можна было святкаваць у пост, на Пятро. А так усё ўрэмя харошае, тады ўжэ i свадзьбу гуляюць» (зап. у в. Клiвы Хойніцкага р-на ад М. П. Гардзiенкі, 1919 г. н.); «Абычна свадзьбы гулялі ўвосень, но і летам і зімой тожа можна, толькі ў пост не гулялі» (зап. у в. Алексічы Хойніцкага р-на ад Т. І. Рышанок, 1930 г. н., В. В. Рышанок, 1930 г. н., перасяленцаў з в. Маклішчы); «Не гуляем вяселле на пасты. Да Пасхі тры нядзелі не гуляюць, на Піліпаўскі пост перад Калядамі не гуляюць, а ўжо на Троіцу, па Пасху, па самі Каляды – дык ось тады» (зап. у в. Навасёлкі Хойніцкага р-на ад В. А. Чэкан, 1916 г. н.). Іншыя асацыяцыi выклiкае гэты перыяд пры семантычным аналiзе наступнага выказвання: «У нас не гулялі свадзьбу толькі ўвосень, а гулялі летам, пасля жніва. Казалі, калі ўвосень свадзьба будзе, дак нешчаслівая сям’я будзе» (зап. у г. Хойнікі ад М. А. Хадасок, 1914 г. н., перасяленкі з в. Дворышчы).

Магчыма, тут восень звязваецца ў думках людзей з паступовым замiраннем прыроды перад зiмовым «вечным» сном.

Сэнсаваўтваральнымi ў тэкстах усiх iнфарматараў з’яўляюцца словы розных часцiн мовы (назоўнiкi, прыметнiкi, прыслоўi) з абстрактным значэннем: назвы абрадаў сямейнага i земляробчага календара (вяселле (свадзьба), жнiво); свят і прысвяткаў (мясаедства, Піліпаўка, пост, Пятро, Ражаство); «генералізацыйнага» абстрактнага паняцця агульнага значэння часу [1, с. 28]; пораў года (летам, зімой, увосень); «найменне ўнутранага стану чалавека» (нешчаслiвая сям’я) [2, с. 28]. Агульнапрынята лiчыць, што працэс «бытавога» мыслення чалавека, не звязанага з iнтэлектуальнай працай, не прадугледжвае шмат абагульненняў, разважанняў i iмкнецца да канкрэтыкi. Значыць, у маўленнi сэнсаваўтваральнай павiнна быць канкрэтная лексiка. Варта дапусцiць, што пры апiсаннi абрадаў за знешняй прастатой хаваецца глыбокi фiласофскi i магiчны сэнс, якi ў нейкай ступенi «выходзiць на паверхню» пры з’яўленнi ў абраднасцi хрысцiянскай сiмволiкi «святой малiтвы», заснаванай на абстрактнай лексiцы: «Перад свадзьбай мы даўжны, як кажуць, прачысцiцца чыстай вадой. Цэрква далёка ад нас, но ў дзярэўнi быў свой святы бацька. Ён чытаў малiтвы, ета загаворваў чыстую ваду з калодцу i аблiваў нас ураннi на галодны жалудак. Вада ачышчала ад цёмнага i нядобрага» (зап. у в. Вялiкi Бор Хойніцкага р-на ад Г. М. Навуменкі, 1937 г. н., А. А. Навуменкі, 1940 г. н.). У гэтых запiсах адзначаюцца дзеясловы з адцягненым значэннем, абстрактныя субстантывы «цёмнае» i «нядобрае», асацыятыўны рад словазлучэнняў «прыметнiк+назоўнiк» «чыстая вада», «святая малiтва» (сфера абстрактнага), «галодны жалудак» (сфера канкрэтнага), аб’яднаных найменнем (прыслоўе) этапу «генералізацыйнага» абстрактнага паняцця агульнага значэння «ўраннi» Семантычная структура запісаў рэалізуецца i на граматычным узроўнi фразы. У пачатку вясельнага абраду жыццёвы сцэнарый быў яшчэ зусiм невядомы, таму слоўная формула мела папераджальны сэнс з умоўнай сiнтаксiчнай будовай, куды ўваходзiлi дзеясловы, якiя абазначалi нерэальнае дзеянне (абвеснага ладу ў форме прошлага часу множнага лiку i будучага часу адзiночнага лiку): «калi (не)… то(дык)», напрыклад, «Казалі, калі ўвосень свадзьба будзе, дак нешчаслівая сям’я будзе». Пазней, у працэсе сватання, калi па-ранейшаму нерэальны жыццёвы план становiцца пажаданым, у тэкстах пачынаюць ужывацца «канкрэтна-абстрактныя» пары назоўнiкаў i дзеясловаў (дэперсанiфiкаваная форма абвеснага ладу цяперашняга (будучага) часу множнага лiку – персанiфiкаваная форма загаднага ладу адзiночнага лiку), якія мяняюць свой сэнс з адмоўна-папераджальнага на станоўча-пажадальны: «Пi i елi з аднаго посуду, патаму што мы крэпка любi адзiн аднаго i гэта значыла, што мы згодны дзялiць жыццё ўсё на дваiх. Усё. Многа жалалi за сталом; “А я сваiм маладым жылаю шчасце-долю i век доўгi i мяшок грэчкi, штоб маладая маладому насiла яечкi” (першы сват), “Дарую каробку глiны, штоб пазвалi на хрысцiны!”, “Дарую шчасце i любоў i каробку буракоў, штоб не любiла чужых мужыкоў!”» (зап. у в. Вялiкi Бор Хойніцкага р-на ад Г. М. Навуменкі, 1937 г. н., А. А. Навуменкі, 1940 г. н.); «Ой, мы ж цябе, Танечка, завіваем, Шчасцем, долею надзяляем! Будзь багата, як зямля, Будзь здарова, як вада» (зап. у г. Хойнікі ад М. А. Хадасок, 1914 г. н., перасяленкі з в. Дворышчы); «Сват-сваточку, Пусці ў хату. Мы шкоды не зробім, Лаўкі не зломім. А ў нашага свата З вярбы-лазы хата, Печ яго пабялёная, А чэсць яго пахвалёная» (зап. у в. Алексічы Хойніцкага р-на ад А. С. Бандарчук, 1928 г. н.).

Яскравым прыкладам міфалагічнасці мыслення ва ўмовах канкрэтнай жыццёвай сітуацыі можна лічыць шырокае ўжыванне ў вясельных тэкстах інфарматараў паўабстрактных назваў абрадавай ежы ў якасці сакральных сімвалаў. На вяселле бацькамі маладых ладзіўся багаты стол, галоўным блюдам на якім быў хлеб («каравай»; пірог<і.-е. пир; «пірагамі» называлі стол для бацькоў на 9-ты дзень вяселля) як сімвал дабрабыту: «Стол быў накрыты скацеркай, на голы стол ежа не ставілася» (зап. у в. Каралёва Слабада Светлагорскага р-на); «Пеклі каравай, рабілі багаты стол» (зап. у в. Сінічына Буда-Кашалёўскага р-на). Прадукты, з якіх рабіўся каравай, – гэта вада («чысціня, святасць»), мёд («салодкасць, лекавасць»), мука («жыта, жыццё»), соль («густ, прысмака»), яйкі («нараджэнне дзяцей»). Пілі на традыцыйных вяселлях (асабліва гэта датычылася маладых) мядовы напой на вадзе: «Гарбуз (кабачок) надзяром, чарніц сушаных намочым – яны набракаюць, буракоў надзяром – атрымлівалася павідла. Мы называлі мёд» (зап. у в. Баравікі Светлагорскага р-на); «У другім кубку саладок мядок» (зап. у г. Добруш). Пазней ён саступiў месца гарэлцы (праслав. гарэць; водка<вада): «Горка гарэлачка для суседачак» (зап. у г. Добруш). Вясельная абраднасць – гэта частка традыцыйнай культуры беларусаў, таму большасць і канкрэтнай, і абстрактнай лексікі належыць агульнаславянскаму фонду: бацька, кажух, маці, печ, радня, ручнік.

Пэўныя словы (напрыклад, «каравай») настолькі старажытныя, што на сучасным этапе моўнага развіцця страцілі свае дэрывацыйныя сувязі. У слоўнай формуле, якая суправаджае абрад дзяльбы каравая, назіраецца з’ява адухаўлення нежывой істоты: «Каравай, каравай, / Уставай, уставай, / Маладых прывітай» (зап. у г. Хойнікі ад М. А. Хадасок, 1914 г. н., перасяленкі з в. Дворышчы); «Ой, стану я каля печы / Караваю сцярэчы… / Каб яму ўгадзіці…» (зап. у в. Шыічы Калінкавіцкага р-на ад М. Д. Драка, 1915 г. н., перасяленкі з в. Кажушкі Хойніцкага р-на); «Печ наша рагоча, / Караваю хоча. / А прыпячак стогне, / Караваю не ўздохне» (зап. у г. Хойнікі ад Л. А. Еўжэнкі, 1930 г. н., перасяленкі з в. Настолле Хойніцкага р-на).

Канкрэтныя назоўнiкi «каравай, печ, прыпячак» ужываюцца ў значэннi абстрактных з агульнай семай «шчасце, жыццё». У сiнтаксiчнай будове тэкстаў сустракаюцца як абстрактныя (часткова персанiфiкаваныя) формы загаднага ладу адзiночнага лiку i iнфiнiтыву, так i канкрэтызаваныя (персанiфiкаваныя) асабовыя формы дзеяслова. Можна дапусцiць, што першапачаткова неўсвядомлены жыццёвы сцэнарый будучай сям’i паступова канкрэтызуецца ва ўяўленнях людзей.

У слоўных формулах вясельнай абраднасцi многiя неадушаўлёныя канкрэтныя назоўнiкi набываюць сiмвалiчнае, абстрактнае значэнне: каравай, дзяжа («На вяселле пяклі каравай. Прыходзіла хросная матка, прыносіла з сабой дяжу і гаварыла: “На шчаслівую долю”» – зап. у в. Віць Хойніцкага р-на ад В. В. Судзенкі, 1952 г. н., нарадзілася ў г. Данецку; «Пры рашчыне цеста для каравая жанчыны прыгаварвалі: “Каравай родзіць у полі, а сям’я – у долі”» – зап. у в. Стралічава Хойніцкага р-на ад С. В. Закалоднай, 1922 г. н.); каса, чобаты, гарбуз («Толькі мне жаль русае касы, дзявочае красы»; «А дзе ж тыя чобаты, дзе зяць даў? А за тыя чобаты дачку ўзяў…» – згода на вяселле; «Калі не сагласна (дзеўка замуж), то… давалі гарбузу» – нязгода на вяселле – зап. у в. Шыічы Калінкавіцкага р-на ад М. Д. Драка, 1915 г. н., перасяленкі з в. Кажушкі Хойніцкага р-на); кальцо, ёлачка («На роспi кольцамi абменьвалiся» – адвечнасць жыцця; «На свадзьбу ўкрашалi ёлачку. Ставi яе на стол у хлеб» – мужчынская сіла – зап. у в. Клiвы Хойніцкага р-на ад М. П. Гардзiенкі, 1919 г. н.); кажух, на якiм «маладыя сядзелі на куту… бо ім трэба размнажацца» (зап. у в. Валокі Хойніцкага р-на ад К. П. Краўчанкі, 1936 г. н., нарадзілася на Украіне), у яго пераапранаецца сваха («Вяселле ў хаце маладой кончылась, ідуць у хату к маладому… Сваха выварачвае кажух, адзявае яго, завязваецца рушніком, надзяе мужчынскую шапку» – зап. у в. Алексічы Хойніцкага р-на ад А. С. Бандарчук, 1928 г. н.; «Кажух быў сімвалам багацця і шчасця» (зап. у г. Хойнікі ад Н. У. Гардзейчык, 1929 г. н.). Адушаўлёныя канкрэтныя назоўнiкi набываюць ў тэкстах сiмвалiчнае, абстрактнае значэнне праз прыём падмены i пераапранання, ужыванне якога рэалiзуе галоўную для сямейнай абраднасцi функцыю абярэгу: «На трэці дзень бабы ўсе прыбіраюцца ў цыганак і ходзяць па радне, дзе куру схопяць, дзе яйкі. Кажуць: “Ой, дай я табе… пагадаю”. Папрыходзяць, пакруцяць тыя куры, навараць з крупнай картопляй буллён і зноў гуляюць. Гэта называлася хадзіць у цыганы» (зап. у в. Валокі Хойніцкага р-на ад К. П. Краўчанкі, 1936 г. н., нарадзілася на Украіне).

У матэрыялах iнфарматараў па вясельнай абраднасцi рэгулярна ўжываюцца колькасна-іменныя спалучэнні «лічэбнік+канкрэтны або абстрактны назоўнік», праз якія рэалізуецца хрысцiянская сiмволiка лiчбаў.

Большасць тэкстаў змяшчае лiчбы, што дзеляцца на тры (сiмвал адвечнасцi жыцця): «тры сваты було…», «брала я шэсць дружак», «гулялi свадзьбу тры дн (зап. у в. Вялiкi Бор Хойніцкага р-на ад Г. М. Навуменкі, 1937 г. н., А. А. Навуменкі, 1940 г. н.); «вяселле заўжды было ў суботу» [шосты дзень тыдня], «на трэці дзень гулялі “цыгане зайца”» (зап. у в. Віць Хойніцкага р-на ад В. В. Судзенкі, 1952 г. н., нарадзілася ў г. Данецку); «перад тым як ехаць у цэркву, абходзi тры разы мацi з бацькам» (зап. у в. Клiвы Хойніцкага р-на ад М. П. Гардзiенкі, 1919 г. н.); «у царкве маладых… абводзяць вакруг стала з іконай тры разы» (зап. у в. Навасёлкі Хойніцкага р-на ад В. А. Чэкан, 1916 г. н.); у сваты «iдуць кросны бацька, матка маладога, сам хлопец» [тры чалавекі], бацькi благаслаўляюць дзяльбу каравая «тры разы», «на трэці дзень бабы ўсе прыбіраюцца ў цыганак…» (зап. у в. Валокі Хойніцкага р-на ад К. П. Краўчанкі, 1936 г. н., нарадзілася на Украіне); «у сваты ідуць хросны бацька маладога, два чалавекі з радні, чацвёрты – жаніх», у першы вечар вяселля, калi шукаюць маладую, «выводзяць трох дзяўчат…», бацькi благаслаўлялi маладых «тры разы» па просьбе (якая вымаўлялася тры разы) «трох баб» («роднай сястры, крышчонай маці, дзяны – жонкi роднага брата»), пры «прадажы» маладой «сват ложыць два разы грошы. Дважды дружкі адмаўляюцца. На трэйці раз больш грошай ложыць.

Дружкі згаджаюцца… галоўныя сваты… спявалі: “Ацец, маці, благаславіце каравай падзяліці”. – Ім у адказ: “Бог благаславіць”. І так тры разы», свахi «тры разы пяюць песню, тры разы зводзяць свечкі і тройчы цалуюцца» (зап. у в. Алексічы Хойніцкага р-на ад А. С. Бандарчук, 1928 г. н.); пры сватаннi «свечкі тры разы паляць і тры разы тушаць на парозе», песня пры завiваннi маладой «пяецца тры разы», «у дванаццаць часоў ночы дзеляць каравай… на тры часткі», «просім каравай дзяліць… адзін раз кажа, фтарой раз, трэці раз» (зап. у г. Хойнікі ад М. А. Хадасок, 1914 г. н., перасяленкі з в. Дворышчы).

У вясельных тэкстах значна радзей сустракаюцца лiчбы, якiя дзеляцца на два (яны з’яўляюцца сiмвалам парнасцi асоб): «Як маладую з дому адпраўлялі, радзіцелі ёй… дзве булкі хлеба давалі ілі спецыяльна такія піражкі пяклі. Пара етых піражкоў» (зап. у в. Судкова Хойніцкага р-на ад А. К. Ласвінец, 1940 г. н., перасяленкі з в. Дворышча); толькi «парныя жанчыны» (што шчаслiва жылi з адным мужам) мелi права пячы каравай, завiваць маладую; «пякуць два караваі», якiя нясуць «два хлопчыкі, нежанатыя, падростачкі»; «цёшча далжна яешню нажарыць з дзесяці яец» (зап. у в. Валокі Хойніцкага р-на ад К. П. Краўчанкі, 1936 г. н., нарадзілася на Украіне). Адметна, што лiчбы, кратныя тром (як сiмвал жыцця) i двум (як сiмвал пераходу ў iншы стан, свет), з’яўляюцца аднолькава сэнсаўтваральнымi ў пахавальнай абраднасцi: тры, дзевяць (час, калi душа памерлага знаходзiцца на зямлi) i сорак (момант, пасля якога душа чалавека пераходзiць у iншы свет).

У вясельнай абраднасцi цудоўным чынам спалучаецца нябеснае i зямное, духоўнае i цялеснае, абстрактнае i канкрэтнае. Напрыклад, у тэксце песні, якую пасля благаславення маладых бацькамi спяваюць пры «прадажы» маладой дружкі, зусiм няма «ўзвышанай» абстрактнай лексiкi, што быццам не адпавядае ўсхваляванасцi моманту:

Брат з сястрою сядзіць

Да за ручаньку дзяржыць.

Да не хоча папусціці

Да чужой чужаніцы

Свае роднае сястрыцы.

Не гніся, дружок, не гніся,

Кладзі залаты, садзіся.

Кладзі залатой, шчэ й другі,

– Вялеў (імя маладога) малады.

Чаго, дружок, падзьмуўся?

Мо, дома грошы забуўся?

Пастаў коніка на мяжы,

А сам па грошы пабяжы.

Пудкі, дружок, пудкі,

Загналі чэрці ў суткі (малы куток).

Хто йдзе, той пытае,

Чыя чупрына матае.

За етыя грошы,

Да сват нехарошы,

Вазьмі свае грошы,

Да ійдзі на рынак,

Да купі сабе мыла,

Да памый свае рыла,

Штоб жонка любіла,

Да дзеткі пазналі

Да бацькам назвалі (зап. у в. Алексічы Хойніцкага р-на ад А. С. Бандарчук, 1928 г. н.).

За кошт шырокага ўжывання канкрэтнай лексiкi змест набывае знiжана-грубаваты, iранiчны сэнс (падтрымлiваецца на марфемным узроўнi наяўнасцю значнай колькасцi слоў з памяншальнымi суфiксамi), што яскрава дэманструе прадметнасць i самаiронiю як прынцыпы адносiн простага чалавека да рэчаiснасцi. Калi жыццёвы план маладых акрэслiваецца, то абстрактнае вераванне змяняецца крытычна-прагматычным поглядам на свет, якi прымаў iснаванне веры ў разумна-абмежаванай меры: «На чацверты дзень працягвалi гуляць. Калi заходзiла сонца, нам вытаплiвалi печку ў банi.

Давалi толькi адно палаценца. На чацверты дзень нам ужо можна було пераадзець другую адзежу. I пасля пачыналася ўжо сямейнае жыццё. Сталi займацца цяжкай працай, пачалося змаганне за хлеб» (зап. у в. Вялiкi Бор Хойніцкага р-на ад Г. М. Навуменкі, 1937 г. н., А. А. Навуменкі, 1940 г. н.); «А пасля свадзьбы ўжо пачыналася паслявясельная частка. Маладыя пачыналі працаваць і рабілі ўсё, што патрэбна» (зап. у в. Вялікі Бор Хойніцкага р-на ад Л. І. Кушнер, 1922 г. н.). Прыкметна, што галоўны святочны атрыбут каравай (хлеб) захоўвае сваю значнасць і пасля вяселля, але яго сакральны сэнс набывае паўсядзённае гучанне. Жыццёвая ісціна «барацьбы за хлеб надзённы» рэлізуецца праз спалучэнне ў семантычнай структуры адной пэўнай лексемы як абстрактнага, так і канкрэтнага значэння. Гульня, заснаваная на магii дакладна падабранага слова, – вось аснова вясельнай абраднасцi палешукоў.

Лiтаратура

  1. Портнова, А. В. Абстрактная лексика в истории русского и белорусского языков (ХІ – ХVІІ вв.): дис. … канд. филол. наук. – Минск, 2004. – 262 с.
  2. Радзінна-хрэсьбінныя абрады і звычаі беларусаў (на матэрыяле фальклору Гомельскай вобласці) / аўт.-уклад. В. С. Новак [і інш.]. – Гомель: Барк, 2013. – 380 с.

1 У артыкуле выкарыстаны матэрыялы з фальклорнага архіва кафедры беларускай культуры i фалькларыстыкi Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны.

Аўтар: А.У. Партнова-Шахоўская
Крыніца: Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Вып. 20 / Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; навук. рэд. А.І. Лакотка. – Мінск: Права і эканоміка, 2016. – С. 409-415.