Абрады, звычаі і павер’і радзіннага комплексу жыхароў Веткаўшчыны: хрысціны

0
99
Абрады, звычаі і павер’і радзіннага комплексу жыхароў Веткаўшчыны хрысціны

У традыцыйных абрадах і звычаях жыхароў Веткі і Веткаўскага раёна знайшлі адлюстраванне разнастайныя бакі народнай культуры, быту, філасофіі, рэлігіі, светаўспрымання і светаасэнсавання. У прыватнасці, даследаванне радзінных звычаяў і абрадаў як складовай часткі духоўнай культуры і народнага быту веткаўчан дае падставы сцвярджаць, што галоўнымі каштоўнасцямі ў іх жыцці з’яўляюцца сям’я і дом, жаданне жыць у згодзе са сваім сумленнем, з людзьмі, што былі побач, з навакольным светам. Выконваючы тое ці іншае абрадавае дзеянне, чалавек верыў, што гэтым забяспечвае сабе і сваім блізкім здароўе, шчасце, дабрабыт. Веданне і дэталёвае выкананне традыцыйных абрадаў і нормаў паводзін стварае чалавеку ці сям’і добрую славу, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне і высока ацэньваецца грамадой.

Актуальнасць нашага даследавання абумоўлена тым, што менавіта ў радзінна-хрэсьбінным абрадавым комплексе беларусаў Веткаўшчыны надзвычай шырока прадстаўлены народжаныя шматвяковым вопытам і паўсядзённым жыццём народа не толькі разнастайныя міфалагічныя ўяўленні, але і рацыянальныя веды пра чалавека, з’явы і аб’екты рэчаіснасці, а спецыфікацыя аксіялагічнай прыроды радзінных звычаяў, прыкмет і павер’яў прадыктавана самім жыццём, у якім яны выступаюць своеасаблівым маральна-этычным кодэксам і з’яўляюцца невычэрпнай крыніцай практычнай народнай мудрасці.

Даследаванне радзінна-хрэсьбіннага комплексу жыхароў Веткі і Веткаўскага раёна ўлічвае шэраг тэарэтычных і практычных аспектаў. Сярод тэарэтычных аспектаў вылучаюцца наступныя: вызначэнне характару, часу, месца і механізмаў узнікнення шэрагу абрадавых дзеянняў, прыкмет, павер’яў, забарон. Да практычных аспектаў адносяцца ступень захаванасці традыцыйных радзінных звычаяў і абрадаў Веткаўшчыны ў народнай памяці, працягласць у часе і трансфармацыя ў працэсе бытавання, абумоўленасць іх выкарыстання канкрэтнымі індывідуальнымі перажываннямі чалавека, калектыўным вопытам народнай мудрасці.

Сістэма радзіннай абраднасці, як слушна сцвярджае Т.І. Кухаронак, “фарміравалася на працягу шматлікіх стагоддзяў, таму ў ёй можна сустрэць і універсальныя магічныя ўяўленні, і водгаласы агульначалавечай стадыі асэнсавання працэсаў зараджэння і канца жыцця, і сведчанні разумення нашымі продкамі цеснай сувязі паміж зямным жыццём і космасам, і рэлікты вераванняў у татэма-бусла. Добра захаваліся ў ёй культы продкаў, агню, вады, расліннасці” [2, с. 4].

Комплекс традыцыйных радзінных звычаяў і абрадаў Веткаўшчыны, як і іншых раёнаў Беларусі, складаецца з трох цесна звязаных цыклаў: дародавага, родавага і пасляродавага. Першыя два ўключаюць уяўленні, павер’і і абрадавыя дзеянні, накіраваныя на захаванне цяжарнасці і паспяховае завяршэнне родаў, апошні — звычаі і абрады, якія сімвалізуюць ідэю прыняцця нованароджанага ў сям’ю і грамаду. Менавіта апошняму этапу і прысвечана наша даследаванне, матэрыялам для якога паслужылі запісы, зробленыя студэнтамі і выкладчыкамі філалагічнага факультэта падчас праходжання фальклорна-краязнаўчай практыкі на тэрыторыі Веткі і Веткаўскага раёна ў 2003 годзе.

Правядзенне хрысцін — цэнтральны момант той часткі комплексу радзіннай абраднасці, якая сімвалізавала ідэю прыняцця нованароджанага ў сям’ю і грамадства, сцвярджала сувязь сям’я — абшчына. Шматлікія абрадавыя элементы, якія ўтрымліваюцца ў святкаванні хрэсьбін, выяўляюць генетычную сувязь са старажытнымі звычаямі і абрадамі, з сацыяльным і гаспадарчым жыццём беларускай вёскі, з хрысціянскай ідэалогіяй.

Вялікае значэнне надавалася выбару кумоў — хроснага бацькі і хроснай маці нованароджанага, паколькі пасля здзяйснення абраду хрышчэння яны не толькі павінны былі выконваць пэўныя патрабаванні, якія кантраляваліся грамадскай думкай вёскі, але і з’яўляліся сапраўднымі духоўнымі настаўнікамі: “Бацькі дзіцяці яшчэ да хрэсьбін дамаўляюцца, хто ж у іхняга дзіцяці будзе нарачоным бацькам ці маці ” (запісана ад Лупекінай А.Я., 1923 г.н., перасяленкі з в. Барталамееўка Веткаўскага раёна); “У кумы бралі знакомьгх, родственнікау. Еслі хлопец з дзеўкай хрэсцяць, то ім нельзя жаніцца” (запісана ад Гарбузавай М.Я., 1929 г.н., перасяленкі з в. Казацкія Балсуны Веткаўскага раёна); “У кумы бралі таго, каго добра ведалі і каму давяралі. Любога чалавека можна было брагіь” (запісана ад Чайковай К.Ц., 1930 г.н., в. Залаты Рог Веткаўскага раёна); “Бацька рабёначка доўжан зваць кума. Кум — гэта не абязацельна радня. Можа быгіь саўсім чужы чалавек. Часта друзей звалі, шахверак са свадзьбы. Толька нельзя было бяздзетных зваці” (запісана ад Васільцовай М.С., 1925 г.н., в. Старое Сяло); “Тада ўжэ мама з бацькам далжньг хросных выбіраць. Ну, іх яшчэ раньша выбіралі і гаварылі ім да таго, як дзіцё нароозіцца. У хросныя бралі каго-нібудзь з блізкіх ілі далёкіх родзічаў. Хросныя, і бацька, і маці, далжны аб дзіцёнку забоціцца, калі што з роднымі бацькамі здарыцца” (запісана ад Мацюковай Н.Д., 1930 г.н., в. Старое Сяло). Увогуле “кумаўство стварае непарушныя сувязі і паміж хроснымі бацькамі і хрэснікамі, і паміж кумамі, таму пра людзей, з якімі не жадаюць мець спраў, гавораць: “Нам з імі разам дзяцей не хрысціць” [4, с. 663].

Пры запрашэнні бацькі дзіцяці абавязкова неслі будучым кумам падарунак — хлеб: “I нясуць куме хлеб, куму нясуць хлеб, хлеб-соль і бабе. Яны ўжо знаюць, што гэта ўжо хрысціць будуць” (запісана ад Прыходзька В.В., 1935 г.н., в. Неглюбка Веткаўскага раёна); “Еслі ідуць кумоў прыглашаць, то бацька абязацельна нясе хлеб куму… I куме нясе хлеб-соль” (запісана ад Дмітрачковай Т.К., 1936 г.н., Чуяшковай Л.К., 1933 г.н., в. Данілавічы Веткаўскага раёна).

Паводле народных звычаяў, адмаўляцца ад кумаўства не раілася (падобнае адмаўленне лічылася грахом): “I нельзя было адказываццца ад кумоўя ” (запісана ад Васільцовай М.С., 1925 г.н., в. Старое Сяло); “Як завуць, дак адказывацца нельзя” (запісана ад Рыбачкінай П.Р., 1923 г.н., Бегічавай А.К., 1923 г.н., в. Радуга Веткаўскага раёна); “Адказвацца, калі цябе звалі быць кумам, была нельзя” (запісана ад Лук’яненка В.Ц., 1935 г.н., в. Залаты Рог Веткаўскага раёна). Як трапна адзначыла вядомая расійская даследчыца С.М. Талстая, “міфалагічная” мараль, у адрозненне ад сацыяльнай і рэлігійнай, засноўваецца на ўяўленні аб прамой сувязі паводзін чалавека са станам космасу і касмічных выніках чалавечых “злачынстваў”. Механізм “рэгулявання” раўнавагі паміж чалавекам і светам — сістэма забарон, парушэнне якіх усведамляецца як грэх і караецца прыроднымі катаклізмамі, смерцю, хваробамі, няшчасцямі чалавека. Выканаўцам суда і пакарання з’яўляецца сама прырода і вышэйшыя сілы” [5, с. 440].

Асабліва ахвотна ішлі хрысціць незаконнанароджаных дзяцей дзяўчаты, бо існавала павер’е, што яна выйдзе замуж, калі хроснік пачне хадзіць: “І хадзілі хрысціць дажа незаконных дзяцей. Дзеўкі з удавольствіям хадзілі хрысціць, патаму што кагда рабёначак начне хадзіць, ана замуж пойдзе ” (запісана ад Васільцовай М.С., 1925 г.н., в. Старое Сяло).

Абрад царкоўнага хрышчэння як афіцыйны абрад далучэння нованароджанага да праваслаўнай веры, “першы і важнейшы этап сацыялізацыі дзіцяці” [4, с. 664], адбываўся ў адзін з нядзельных дзён: “У васкрасенне раніцай яны збіраюцца, каб ісці ў царкву” (запісана ад Лупекінай А.Я., 1923 г.н., перасяленкі з в. Барталамееўка Веткаўскага раёна); “Хрісцілі цераз 6 недзель пасля таго, як народзіцца“ (запісана ад Рыбачкінай П.Р., 1923 г.н., Бегічавай А.К., 1923 г.н., в. Радуга Веткаўскага раёна).

У царкву нованароджанага везлі кум і кума, прычым апраналі малое ў тое адзенне, што прыносіла ў падарунак кума: “Кагда нясуць дзіцёнка ў цэркаў, дак хросная полнасцю далжна надзець яго ваўсё сваё, што прынесла ў падарак ” (запісана ад Рыбачкінай П.Р., 1923 г.н., Бегічавай А.К., 1923 г.н., в. Радуга Веткаўскага раёна); “Патом яго вярцелі (заварочвалі) у пялёнкі, што хросная дала” (запісана ад Мацюковай Н.Д., 1930 г.н., в. Старое Сяло).

Пэўных звычаяў прытрымліваліся і ў час непасрэдна царкоўнага абраду хрышчэння: “Калі гэта дзяўчына, то ўсю службу яе на руках дзержыць кум, а несці к купелі павінна кума. Калі поп пачаў адпавяць імёны дзіцяці, адзін з кумоў, у каго няма на руках дзіця, запальвае свечку, загорнутую ў платок або ў палаценец” (запісана ад Лупекінай А.Я., 1923 г.н., перасяленкі з в. Барталамееўка Веткаўскага раёна). Дарэчы, па паводзінах дзіцяці ў царкве маглі меркаваць аб яго характары, лёсе.

Пасля царкоўнай службы кум і кума нясуць нованароджанага дамоў. Перад парогам хрэсніка сустракае баба-павітуха з блінамі, “каб дзіця расло круглым і румяным, як на дражжах” (запісана ад Лупекінай А.Я., 1923 г.н., перасяленкі з в. Барталамееўка Веткаўскага раёна). Як мы можам заўважыць, любое дзеянне — будзённае, урачыстае — было напоўнена сакральным сэнсам. У сувязі з гэтым прыгадаем выказванне В. Хрыстафоравай, якая лічыць, што “фальклорныя тэксты разглядаюцца наступным чынам: з аднаго боку, яны звязаны з сітуацыямі паўсядзённага жыцця, а з другога, непасрэдна з узроўнем міфалагічным. Тым самым тэксты малых жанраў суадносяць гэтыя два ўзроўні, праецыруюць вераванні на ўзровень паўсядзённасці, іншымі словамі, актуалізуюць, аб’ектывіруюць міфалагічныя ўяўленні ў канкрэтных жыццёвых сітуацыях. 3 другога боку, і чалавечыя паводзіны, будучы кадыфікаванымі, “апісанымі” ў гэтых тэкстах, праецыруюцца на архетыпічную мадэль і тым самым напаўняюцца міфалагічнымі сэнсамі” [7, с. 6].

У назначаны час да бацькоў дзіцяці збіраюцца госці з падарункамі для нованароджанага, прычым часцей за ўсё толькі жанатыя, бо там здараліся жарты і выказванні гуллівага характару, і народная традыцыя тактоўна засцерагала ад іх моладзь: “На хрэсьбінах прысутнічалі толькі жанатыя” (запісана ад Дмітрачковай Т.К., 1936 г.н., Чуяшковай Л.К., 1933 г.н., в. Данілавічы Веткаўскага раёна); “ …а потым у назначанае время прыходзілі госчі, садзіліся за сталы, а перад гэтым дарылі падарункі для нованароджанага ” (запісана ад Азаранка Г.І., 1932 г.н., в. Малыя Нямкі Веткаўскага раёна); “Бабка нясе ўзел бальшой гасцінцаў” (запісана ад Кавалёвай Е.П., 1930 г.н., в. Колбаўка Веткаўскага раёна); “Гасцінцы дарылі малому, жадалі яму і матке здароўя, шчасця, усяго-ўсяго” (запісана ад Чайковай К.Ц., 1930 г.н., в. Залаты Рог Веткаўскага раёна). У сваю чаргу бацькі нованароджанага дарылі падарункі куму, куме і бабцы: “Дарылі палатно. Бабе-павітухі давалі на юбку. Куму — хустку. Куме на кохту” (запісана ад Чуяшовай Г.Ф., 1930 г.н., в. Стаўбун Веткаўскага раёна); “Бабке даюць падарак: на плацце, нлаток” (запісана ад Кавалёвай Е.П., 1930 г.н., в. Колбаўка Веткаўскага раёна); “Даюць падарункі куму, падарункі куме і бабе, і свякрусе даюць ” (запісана ад Прыходзька В.В., 1935 г.н., в. Неглюбка); “Парадзіха дае падарункі куме, куму, бабе” (запісана ад Суглоб М.І., 1932 г.н., в. Перадавец Веткаўскага раёна).

Ладзілася агульнае частаванне і на стол падаваліся стравы, прыгатаваныя гаспадыняй і прынесеныя гасцямі: “Садзяцца за стол, бабы пачынаюць спяваць. Славяць бацькоў, кума з кумой, пасаджоную бабу. Жадаюць хрэсніку здароўя, добрай долі ў жыцці ” (запісана ад Лупекінай А.Я., 1923 г.н., перасяленкі з в. Барталамееўка Веткаўскага раёна); “Как пахрысцяць, дак сразу ж за стол. Усе ядзяць. А пасля пажаланні гавораць рабёначку, падарачкі дораць. У канцы пачынаюць шумець: гуляць, танцаваць, песні пець” (запісана ад Васільцовай М.С., 1925 г.н., в. Старое Сяло Веткаўскага раёна).

Спецыяльнай абрадавай стравай на хрэсьбінах была бабіна каша, якую на Веткаўшчыне, як і на большай тэрыторыі Беларусі, варыла павітуха і часцей з пшана, а пазней і з рысу (дарэчы, самі крупы таксама мелі сімвалічнае значэнне) і ўпрыгожвала цукеркамі: “Баба варыла кашу. Прынясе кашу, становя на прыпечак” (запісана ад Прыходзька В.В., 1935 г.н., в. Неглюбка Веткаўскага раёна); “Бабу на хрэсьбіны бяруць, яна вара кашу з пшана, канфетак накідаюць у тую кашу” (запісана ад Дмітрачковай Т.К., 1936 г.н., Чуяшковай Л.К., 1933 г.н., в. Данілавічы Веткаўскага раёна); “Нарадзіны выклікалі бабку, яна кашу варыла з пшана, хоць з рысу, салодкую” (запісана ад Барсуковай А.А., 1925 г.н., в. Неглюбка); “Кашу варылі. Харошы гаршчок пшоннай кашы. Рассыпную дзелаюць. Як садзяцца за стол, ставяць тую кашу пасярод стала” (запісана ад Кавалёвай Е.П., 1930 г.н., в. Колбаўка Веткаўскага раёна); “Бабка-пупарэзніца павінна была купіць новы гаршчок (крэпкі). У ім варылі бабіну кашу, часта пшонную” (запісана ад Лук’яненка В.Ц., 1935 г.н., в. Залаты Рог Веткаўскага раёна); “У канцы бабка ўсіх угашчала сваёй кашай. Варылі яе ўкрутую, стараліся, каб смашная, салодкая, добрая была. Варылі абычна з пшана” (запісана ад Чайковай К.Ц., 1930 г.н., в. Залаты Рог Веткаўскага раёна); “Была і “бабіна ” каша. За бабу звалі любую жэншчыну, што спанаравіцца маладой. Баба ўжэ варыла тую кашу. Можна было варыць з любых крупаў. I нада так зварыць кашу, штоб калі разбівалі, гаршчок разбіўся, а каша асталася, якў гаршку была. Баба прыносіла кашу” (запісана ад Мацюковай Н.Д., 1930 г.н., в. Старое Сяло Веткаўскага раёна); “На хрэсьбіты стол варылі “бабіну кашу ”. Варылі яе з проса, самі таўклі. Варылі ў двух гаршках: адну варыла тая, хто ражала, а другую — баба-павітуха” (запісана ад Гарбузавай М.Я., 1929 г.н., перасялянкі з в. Казацкія Балсуны Веткаўскага раёна). Увогуле, каша як адна з галоўных абрадавых страў не толькі беларусаў, але і ўсіх славян рыхтавалася падчас значных падзей у жыцці чалавека ці групы людзей і набывала сімволіку дабрабыту, багацця, заможнасці. М.М. Валянцова лічыць, што “здольнасць кашы пры варцы павялічвацца ў аб’ёме, “расці” матывавала такія яе значэнні, як пажаданне хуткага росту, памнажэння і развіцця, галоўным чынам у радзінных абрадах, а таксама ў жывёлагадоўчых абрадах” [5, с. 483].

Бабіна каша, слушна сцвярджае Т.І. Кухаронак, выконвала пэўныя “абрадавыя функцыі: падавалася ў канцы хрэсьбіннага застолля, і яе падзел з’яўляўся кульмінацыйным момантам урачыстасці, без якога прысутныя не ўяўлялі сабе гэтага святкавання” [2, с. 62]. У большасці раёнаў Беларусі, і ў тым ліку на Веткаўшчыне, адбываўся абрад выкупу кашы і разбівання гаршка з кашай, з якім у народнай свядомасці звязваліся шматлікія ўяўленні магічнага характару: “Калі ўжо гаспадары бачуць, што людзі нашумеліся, то баба несла кашу і яе выкуплялі (спецыяльных песень не спявалі), тады кашу разбівалі і раздавалі патрошкі кожнаму. Яшчэ гаварылі, калі ўхопіш кавалак разбітага гаршка, то будзеш шчаслівы ” (запісана ад Азаранка Г.І., 1932 г.н., в. Малыя Нямкі Веткаўскага раёна); “А яны хто ўжо кажа: “Хто больш грошай паложа, той ужо кашу паб ’е ”. Ну, абязан кум пабіць кашу. Ну, і сячас нясуць кашу. Такую жанчыну шутлівую выбіраюць. Яны ёй гавораць: “Ідзі, нясіі”. Яна ідзець, баба та, падзяець шапку і нясе. I нясе. I храмае:

Мая каша з канапелькамі, А вы ўсе з капейкамі.

I па сталах носяць гэту находку-гаршчок з кашай. I хто паложа большэй. I сейчас жа кум большэ ложыць, і паб ’ём гаршчок. Еслі не паложа кум больша — і не паб’е кашы. Хто больш — паб ’е, а тады тыя бяруць тыя чарапочкі. I носяць гэтыя па галавах. Ета ў каго ў маладой пары якой: “Вот, Саш, табе, штоб у вас на лета сын ці дачка. I так ета ўсе шумяць, усе гладзяць па галавах, гладзяць чарапкамі тымі… I кашу тую бяруць, і кускамі разламваюць і па сталах носяць кашу. Хто бярэ дамой — нада ж оаць парасятам, курам, што б яны вяліся, штоб няслі яйкі” (запісана ад Прыходзька В.В., 1935 г.н., в. Неглюбка Веткаўскага раёна); “Засцілаюць кашу палаценцам, становяць тарэлку, на тарэлку тожа ложаць платочак, і госці кідаюць грошы, хто болей пакладзе. Кум стараецца болей пакласці. Тады ўжо тую кашу, гаршчок, нада разбіць. Калі вопытны кум, ён тую кашу — чок аб рог стала і паб’е…Тады кашу на тарэлку кладуць, парэжуць-парэжуць і ядзяць. Еслі ў каго дзяцей няма, маладыя пажанілісь, то бралі чарапкі з гаршка, над галавой разаб’еш і скажаш: “Чарапок разбілі, будуць дзеці ў цябе” ((запісана ад Дмітрачковай Т.К., 1936 г.н., Чуяшковай Л.К., 1933 г.н., в. Данілавічы Веткаўскага раёна); “Усе, хто на хрэсьбінах, кладуць грошы ці што-небудзь для малога на кашу. Хто больш паложа, той і разаб ’е кашу. Усегда доўжан выйграць кум. Тады ён бярэ і разбівае гаршок з кашай.

Бабы бяруць чарапкі з разбітага гаршка і водзяць імі па галаве мужыка і кажуць: Сколькі на галаве валаскоў, Столькі хай будзе раткоў.

Бабка потым нося кашу, і кажды доўжан палажыць яе трохі сабе. Абязацельна хваляць бабу і кашу” (запісана ад Суглоб М.І., 1932 г.н., в. Перадавец Веткаўскага раёна); “Кум разбіваў гаршчок кашы: браў адзін аб адзін і разбіваў. Тады тую кашу на стол людзям. А чарапкі бралі і грызлі зубамі, каб зубы не балелі, свінням кідалі, што б свінні вяліся. I калі не было доўга дзяцей, бярэш кусочак і кладзеш мужыку на макушку, і прыгаворвалі. Кусочак кашы ў платочку няслі дамой дзецям, штоб здаровыя былі. На кашу клалі падаркі: грошы, мацерыю і другое” (запісана ад Гарбузавай М.Я., 1929 г.н., перасялянкі з в. Казацкія Балсуны Веткаўскага раёна); “Тады на стол бабіну кашу падаюць, калі вып ’юць тры разы і грошы накладуць: хто больш грошай пакладзе, той будзе бабкіну кашу біць ” (запісана ад Барсуковай А.А., 1925 г.н., в. Неглюбка Веткаўскага раёна); “Радзіцелі ідуць з тарэлкай накрытай і збіраюць грошы. Пачынаюць з края, з кума. Хто болей грошай паложа, той і кашу б ’е. Должан бінь кум … Чарапкі паразбіраюць бабы, каб у хатах усё вялося. Усе ядуць кашу. Падымаюць рабёнка, штоб красівы, шчаслівы быў. Жалаюць яму” (запісана ад Кавалёвай Е.П., 1930 г.н., в. Колбаўка Веткаўскага раёна); “За трэцім сталом кум дзеліць кашу. Кум нясе вялікую талерку, пакрывае ручніком і ставя на стол. Побач баба ставіць бліны і пірог. Кум пачыяае дзяліць кашу, кожны, хто ложыць падарунак дзіцяці, жадае яму шчасця, долі, здароўя. А кум дае кавалак пірага, блін і кашу. Даходзіць чарга і да кума. Ён павінен закончыць дзяленне кашы сваім падарункам, але ён павінен быць лепшым за астатнія, каб разбіць кашу!.. Каб захаваць пажаданні дзіцяці, маці хавае кавалкі разбітай кашы, калі ў хаце ёсць большыя дзеці, кавалачкі разбітай кашы даюць ім” (запісана ад Лупекінай А.Я., 1923 г.н., перасяленкі з в. Барталамееўка Веткаўскага раёна). Як бачым, падзел бабінай кашы суправаджаўся пажаданнямі дзіцяці, у якіх знайшлі адлюстраванне маральныя нормы і прынцыпы беларускага народа, яго каштоўнасныя арыентацыі.

Папярэднія прыклады дазваляюць гаварыць аб тым, што асацыяцыі і аналогіі — адзін з механізмаў узнікнення прыкмет, павер’яў, звычаяў. Калі гаварыць пра асацыяцыі (яны адметнасць мастацкага мыслення, і гэта дае падставы лічыць прыкметы, павер’і і звычаі вынікам своеасаблівай творчай дзейнасці), то яны заключаны ў спецыфічным характары мыслення нашых продкаў, ва ўласцівым для іх міфалагічнай свядомасці сінкрэтызме і ў немалой ступені прадвызначаны фактарамі неразумення свету. “Чалавек яшчэ ў ніжэйшым разумовым стане навучыўся аб’ядноўваць у думках тыя рэчы, якія ён знаходзіў звязанымі паміж сабой у рэчаіснасці. Аднак у далейшым ён сказіў гэту сувязь, зрабіў вывад, што асацыяцыя ў думках павінна дапускаць такую ж сувязь і ў рэчаіснасці. Кіруючыся гэтым, ён спрабаваў адкрываць, прадказваць і выклікаць падзеі такімі, якія, як мы бачым зараз, мелі чыста фантастычны характар” [6, 94].

Акрамя таго, варта пагадзіцца з меркаваннямі Л. Леві-Бруля, які, аналізуючы асаблівасці першабытнага мыслення, сцвярджае, што “ўсе прадметы і істоты ў прыродзе ўцягнуты ў сетку містычных судакрананняў і выключэнняў, якія якраз ствараюць у прыродзе сувязь і парадак. Такім чынам, менавіта яны і прыцягваюць увагу чалавека, і толькі на іх яго ўвага засяроджваецца. Калі ён зацікаўлены якой-небудзь з’явай і калі ён не абмяжоўваецца пасіўным і бяздзейсным яе ўспрыманнем, ён тут жа, нібы пад уздзеяннем нейкага мысленчага рэфлексу, мяркуе якую-небудзь акультную і нябачную сілу, праяўленнем якой і стала дадзеная з’ява” [3, с. 22-23].

Завяршальным абрадавым дзеяннем на хрэсьбінах было “цяганне бабы на баране”: “Бабу содзяць на калёсы ці на барану, без каня кругам возяць, а тады яна ўжо ўгашчае іх дома” (запісана ад Дмітрачковай Т.К., 1936 г.н., Чуяшковай Л.К., 1933 г.н., в. Данілавічы Веткаўскага раёна); “А тады сабіраюцца мужчыны і жэншчыны, бяруць тачку, а ў каго няма тачкі, калёсы бяруць і вязуць бабу ў магазін. Сабіраюць бабу і кума, садзяцца і вязуць іх — хто за аглоблі, хто за што цягнуць” (запісана ад Прыходзька В.В., 1935 г.н., в. Неглюбка Веткаўскага раёна); “Быў звычай вазіць бабку, яе саджалі ў начоўкі і вазілі, каб гарэлкі дала” (запісана ад Барсуковай А.А., 1925 г.н., в. Неглюбка Веткаўскага раёна); “Бабку вязуць у магазін. Як зімой — на санках, летам — на калёсах” (запісана ад Кавалёвай Е.П., 1930 г.н., в. Колбаўка Веткаўскага раёна).

Вытокі ўзнікнення народных звычаяў, вераванняў і абрадаў — рэальныя ўмовы жыцця і побыту: чым больш значнае месца ў жыцці чалавека займала сям’я, тым больш захавалася звычаяў, прыкмет, павер’яў, магічных дзеянняў, выхаваўчых прыёмаў, якія былі накіраваны на забеспячэнне здароўя, сямейнага шчасця, удалага асабістага лёсу і павінны былі ўздзейнічаць на фізічнае, разумовае, духоўнае і эстэтычнае развіццё асобы. Вывучэнне радзінных абрадаў, звычаяў і павер’яў жыхароў Веткаўшчыны паказвае, што перад намі вельмі неаднародная група з’яў з яскрава адлюстраванымі міфалагічнымі ўяўленнямі, са спецыфічнымі адносінамі да рэчаіснасці і спосабамі яе адлюстравання: знешнія фактары тут адлюстроўваюцца праз прызму ўнутранага светаўспрымання чалавека. Можна заўважыць, што ў міфалагічнай свядомасці адлюстроўваюцца перш за ўсё ўстойлівыя нормы і стэрэатыпы практычнай дзейнасці і маральна-этычныя нормы, менавіта таму з цягам часу фарміруюцца пэўныя сімвалічныя формы і сродкі сувязі чалавека з навакольным асяроддзем.

Літаратура

  1. Вечнае: Фальклорна-этнаграфічная спадчына Веткаўскага раёна / аўт.-уклад.: І.Ф. Штэйнер, В.С. Новак. — Гомель: УА ‘ТДУ імя Ф.Скарыны”, 2003. — 362 с.
  2. Кухаронак, Т.І. Радзінныя звычаі і абрады беларусаў: Канец XIX-XX ст. / Т.Г Кухаронак. -Мн.: Навука і тэхніка, 1993. — 126 с.
  3. Леви-Брюль, Л. Сверхъестественное в первобытном мышлении / Л. Леви-Брюль. — Μ.: Педагогика-пресс, 1999. — 604 с.
  4. Славянские древности: Этнолингвистический словарь в 5-ти томах / под общей ред. Н.И. Толстого. — Т.2: Д — К (Крошки) — Μ.: Междунар. Отношения, 1999. — 704 с.
  5. Толстая, С.М. Пространство слова. Лексическая семантика в общеславянской пер­спективе. / С.М. Толстая. — Μ.: «Индрик», 2008. — 528 с.
  6. Тайлор, Э. Б. Миф и обряд в первобытной культуре / Э. Б. Тайлор. — Смоленск: Ру­сич, 2000. — 624 с.
  7. Христофорова О. Б. К вопросу о структуре приметы. — https://www.ruthenia.ru/folklore/hristoforova2.htm. — 16 с.

Аўтары: А.А. Кастрыца, А.М. Палуян
Крыніца: Известия Гомельского государственного уннверснтета нменн Ф. Скорины, № 6 (57), 2009. С. 82-87.