Знаёмства з традыцыйнай культурай нашых продкаў дае магчымасць больш глыбока зразумець не толькі іх духоўны свет, але і спасцігнуць сімвалізм іх гарманічных стасункаў з прыродай. Звернемся да аналізу адметнай і ўнікальнай з’явы-абрада “Жаніцьба коміна”, зафіксаванага на Цэнтральным і Усходнім Палессі (Пінскі, Лельчыцкі, Столінскі, Жыткавіцкі раёны).
Абрад “Жаніцьба коміна” (пасвета, лучніка) — гэта ўрачыстае першае (восеньскае) распальванне светача (лучніка). Быў распаўсюджаны на Палессі і часткова ў Цэнтральнай Беларусі, дзе яшчэ ў пачатку ХХ ст. захоўваўся стацыянарны лучнік-светач, які “складаўся з трубы-дымахода і гарзынтальна падвешанай пад ёй жалезнай рашоткі (залеза), дзе палілі асмол… Дымаход такога лучніка меў лейкападобную, расшыраную ўнізе форму; верхняя частка яго выходзіла вонкі праз гарышча і дах” [1, с. 226]. Вылучалася некалькі тыпаў дымаходаў у залежнасці ад матэрыялу і спосабу вырабу: плецены з лазці ці чароту і абмазаны знутры глінай; драўляны, выдзеўблены з дрэва ці збіты з дошак; палатняны мяшок, насычаны вапнай ў проціпажарных мэтах; жалезны, керамічны [1, с. 226]. Інфарматар Паньчэня К. А. з в. Пагост Жыткавіцкага раёна дае такое апісанне: “Робілі посвет з чаго-небудзь жалезнаго, а було і так, шо робілі з лозы, облепвалі кругом гліною, сушылі его, мазалі мелом, шоб буў белы, і подвешвалі до столі. У столі робілі дзірку навылет, кудою ўходзіў дым”. Матарас К. І. з в. Любавічы так апісвае комін: “Яго спляталі з дубцоў, абмазвалі глінай, абцягвалі мяшком, а потым у столі рабілі дзірку. Залазілі на гару і рабілі лежака”. “Комін меў выгляд шырокай трубы, сплеценай з лазы і абмазанай глінай. Пад ёй падвешвалі пасвет — вялікую квадратную рашотку, на якой доўгімі зімовымі вечарамі гарэлі лучыны, асвятлялі хату”, — успамінала Кот В. В. з в. Людзяневічы.
Абрад “Жаніцьба коміна” праводзіўся ў ХУІІІ — пач. ХІХ ст. на Сямёна / Сымона, Стоўпніка (Стаўба, Стаўбуна) — свята, якое адзначалася 14 верасня (1 верасня па старым стылі). Апісанне гэтага абрада прадстаўлена ў артыкуле П. Шэйна [2, с. 151-161]. Вясной і летам дзень доўгі, і асаблівай патрэбы ў светачах не было. Але паступова светлавы дзень скарачаўся, таму восенню і зімой многія віды працы прыходзілася выконваць пры лучыне. І вось у сярэдзіне верасня, на Сымона, урачыста запальвалі светачы.
Па іншых звестках, абрад прымяркоўваўся да дзвюх каляндарных датаў: увесну — да Фамінога дня (паводле А. Я. Багдановіча [3, с. 18]), увосень — да дня Сымона Стоўпніка. Такім чынам, гэты абрад адзначаў “або пераход ад пераважна хатніх зімовых працаў да працаў на полі, гародзе (увесну), або першае пасля летняга перапынку запальванне лучыны, якое адзначала таксама пераход ад пераважна знадворкавых працаў да працаў у хаце” [4, с. 167-168]. Пра гэта сведчаць і запісы з фальклорнага архіва кафедры беларускай культуры і фалькларыстыкі ўстановы адукацыі “ГДУ імя Ф. Скарыны”: “Абрад “жаніцьба коміна” (пасвета) у нас абычна праводзіўса ў первы дзень восені, на дзень святога Сымона, ек канчаласа ўсяработа на полі і пераходзілі з работы ў хату. У другі раз праводзілі абрад ужэ на Фоміным тыдні (ето нядзеля пасля Паскі), ек работа ўжэ пераносіласа ў полі” (Панчэня К. А., в. Пагост). У в. Града, як расказвала Нікіценка Я. В., “сама лучына на посвеці почынала вечоркі ў селе, екіе процягваліся тогды аж до самой весны”.
Такім чынам, прагматычны сэнс абрада праяўляецца ў тым, што ён завяршае перыяд палявых работ і распачынае час вячорак. Сёння абрад “Жаніцьба коміна” адзначаюць 1 верасня ў в. Пагост Жыткавіцкага раёна і 14 верасня ў в. Дзяржынск Лельчыцкага раёна.
В.С. Цітоў адзначае, што “гэта быў святочны сакральны рытуал, поўны патаемнага сэнсу: у ім адлюстраваліся культы продкаў і ачага-вогнішча, вера ў яго дабратворную і ачышчальную сілу” [1, с. 144]. Гэтай жа думкі прытрымліваецца і А. Лозка, які піша, што ў гэтым абрадзе выразна прасочваецца “культ агню багача, хатняга духа-продка, хатніка” [5, с. 161]. Дадзеныя погляды поўнасцю пацвярджаюцца запісамі, зробленымі студэнтамі і выкладчыкамі філалагічнага факультэта на Жыткаўшчыне падчас фальклорных экспедыцый: “Жэніцьба — ето ўшанованне, оказанне коміну гонару. А жэняцца ў етому образу хатняя праца — невеста і комін — жэніх, шо прыносіць святло, цяпло і богатство” (Нікіценка Я. В., в. Града). “Сам абрад спраўлялі для таго, шоб ушаноўваць хатні дух, огонь багач, дух продкоў нашых. Яго трэба було ўлагодзіць, дагодзіць яму і попросіць яго, шоб выросла пшэніца, шоб можна було спекці каровай, да сына жаніць ці дочку замуж аддаць, дый і людзей на вяселле пазваць, ну і богато шчэ для чаго”, — расказвала інфарматар Паньчэня К. А. У в. Пагост Жыткавіцкага раёна разам з комінам упрыгожваюць хмелем печ, таму можна і яе разглядаць як “нявесту” коміна.
Такім чынам, абрад “Жаніцьба коміна” звязаны як з надзеяй на будучы добры ўраджай, так і з ідэяй працягу рода.
У вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна “жэняць комін” для таго, каб быў добры ўраджай ільну, каб папрасіць у Бога здароўя: “У нас сабіраліса жонкі, бралі кожны па жменьцы лёну сабе і палілі посвет, запалілі і тады жонкі становіліса ў круг, махалі сваім ільном, паказвалі, катора сама больша жменька лёну, а гэты посвет абсыпала маці. Ну, вось гэтыя жонкі нахапалі зернеек, катора больш, катора менш. Патом прасілі ў Бога здароўя, як сыплецца зернейка, так каб і ссыпаліся семечкі з галовак ільна (іх раней елі). Патом збіралі гэтыя жменькі і глядзелі, чыя даўжэйшая і чыя большая і рабілі затково, і запікалі коміна, гэта ад нячыстае сілы і шоб холад не шоў, бо з коміна прамая дзірка да холаду. Затым запікалі затковам. Жаніцьба комінам прысвечана іменна льну, для ўражая і абработкі” (Паньчэня К. А., в. Пагост).
У кожнай сям’і абрад “Жаніцьба коміна” — важнае свята, да якога рыхтаваліся ўсе: “Дзеўкі пойдуць на двор і нарвуць хмелю, а маці чапляе яго кругом каліна.
Бацька сёк лучыну, якую падпальвалі пад комінам. Гэта называлі посветам. Маці ж давала кожнаму дзіцяці зернета” (Матарас К. І., в. Любавічы); “Гаспадыня накрывала багаты стол, абвязвала комін доўгімі прыгожымі ручнікамі, моладзь упрыгожвала яго кветкамі. Святочны стол ставілі тут жа, побач з комінам. Як толькі цямнела, сям’я садзілася за стол і распачынала святочную вячэру. З доўгай прамовай да дамачадцаў звяртаўся гаспадар. Ён прасіў нябесныя сілы, душы продкаў, каб яны дапамаглі захаваць узімку жывёлу, азімыя, сабраны ўраджай. Заканчваў ён сваё рытуальнае слова прыгожым пажаданнем: “Каб нашаму роду не было пераводу” (Кот В. В., в. Людзяневічы); “Для таго, шоб ожоніць коміна, жонкі збіраліса з кудзелямі для попрадок. Дзеўкі спявалі песні, казкі баялі, старэйшыя з жонак асцерагалі дзеда-лучніка, то вуголлю падкіне, то святую лучынку покладзе “ (Паньчэня К. А., в. Пагост).
Такім чынам, абрад “Жаніцьба коміна” мог спраўляцца як у сваёй сям’і, так і з удзелам суседзяў. На попрадках вусным шляхам разам з традыцыйнымі рамёствамі перадавалася духоўная спадчына тым, хто даваў працяг роду. На вячорках хлопцы бліжэй знаёміліся з дзяўчатамі, а жанчыны прыглядалі сабе будучых нявестак.
Абрад “Жаніцьба коміна” ўтрымлівае элементы варажбы: “Зернейкі хапалі жонкі і дзеці, патом глядзелі, хто больш нахапае гэтых зернеек, той, кажуць, больш будзеу суткі прасці” (Паньчэня К. А., в. Пагост).
Семантыка абсыпання коміна зернем звязана з магіяй падабенства: “Патом прасілі ў Бога здароўя, як сыплецца зернейка, так каб і ссыпаліся семечкі з галовак ільна (іхраней елі) ” (Паньчэня К. А., в. Пагост).
У некаторых вёсках выяўлены адметныя асаблівасці правядзення абраду. Напрыклад, інфарматары Нікіценка Яўгенія Васільеўна з в. Града і Юнчыц Марыя Дзмітрыеўна з в. Чэрнічы расказвалі, што ў абрадзе абавязкова ўдзельнічалі дзеці, а комін абсыпалі гарбузікамі: “Ето шоб ек обсыпаюць коміна зерняткамі гарбузнымі, то дзеці збіраюць, хто больш. I ўжэ мацерэ глядзяць, хто больш назбіраў, то і будзе такі ўрожай”; “У абрадзе ўчаствовалі не толькі дарослыя, але ж і дзеці. Ето шоб як абсыпаюць коміна зярнятамі-гарбузамі, то дзеці проворнейшыя і больш нахапаюць зярнят, а по зярнятам глядзелі, які ў каго будзе ўраджай жыта ці пшаніцы. От як, напрымер, з адное хаты, з другое, з трэцяе хаты позбіраюцца дзеці на еты обрад і ўжэ водзяць-водзяць карагод вакол коміна, спяваюць якую песню, а потым обсыпаюць комін зярнятамі. Зярнята ўсе рассыпалісь, етыя гарбузікі. Дзеці ўжэ і з печы, і з лаўкі, і кругом скачуць, прыгаюць долом. Збіраюць етыя зярняткі. І ўжэ позбіраюць і дзержаць у жменьках етыя зярнята, і тады каждая маці ў свайго дзіцяці шчытае, сколько назбіралі зярнятак. Iўжэ по етых зярнятках будзе відно, які ўражай будзе, ці добры, ці плохі ”.
А. Лозка прыводзіць апісанне абрада, зафіксаванага ў 1988 г. у Лельчыцкім раёне: “Вырывалі з градкі васілька, такі бураковы цвет, і ўстаўлялі яго ў дырку, што ў половінцы гарбуза. Потым одзін дзержаў васілька і ўсе за ім ходзілі кругом посьвета і сьпевалі або казалі:
Сьвеці, нашэ сьвеціло,
Шоб огню нам не тушыло,
Шоб добрэ було прасьці, ткаці
І сеець цеплоў хаці [5, с. 161].
У час правядзення абраду “Жаніцьба коміна” выконваліся песні: “До обраду «Жэніцьба коміна» есцека спецыяльная песня, якую спяваюць коло коміна як водзяць кругом яго як бы карогод” (Нікіценка Я. В., в. Града). Ад інфарматара Кот Вольгі Віктараўны з в. Людзяневічы запісаны прыклад такой песні:
Ой, прыйшлі ж ночанькі даўгенькі,
Пасвяці нам, коміну бяленькі,
Мы ж цябе кветкамі ўбіралі,
Барвяночкам, рутай аперазалі.
Праца наша — дзеўка чарненька,
Палюбі комінарадзенька.
Мы ж цябе будзем жаніці,
Жаніці, квас, піва, мёд піці.
Свяці ж, коміночку, ясненька,
Пабуджай чэляду раненька,
Шыць, прасці, ткаці маладым,
А падарачкі збіраці старым.
Такім чынам, падчас правядзення абраду “Жаніцьба коміна” комін упрыгожвалі ручнікамі, кветкамі, стужкамі, “частавалі” агонь на пасвеце гарэлкаю, мёдам, кідалі кавалкі сала, зерне, арэхі, гарбузікі, выказвалі пажаданні аб сямейным дабрабыце, будучым добрым ураджаі, каб спорна ішла работа.
На думку Т. Валодзінай і С. Санько, “комін правамерна суаднесці з узвіжанскім крыжам, Сусветным дрэвам/слупом як цэнтральнымі восямі мікракосму хаты і макракосму Сусвету. Такім чынам, у “Жаніцьбе коміна” назіраем агульнародавы рытуал ушанавання хатняга свяшчэннага агню з праекцыяй на агонь Сусвету з магічнай мэтай спрыяння дабрабыту ў хаце, які разумеўся ў тых жа катэгорыях, як і парадак у Сусвеце, бо сам Сусвет на пэўным этапе асэнсоўваўся як пабудова з цэнтральным слупам — Сусветным дрэвам у сакральным цэнтры” [4, с. 168].
У наш час восеньскую “Жаніцьбу коміна” ладзіць гурт “Міжрэчча” в. Пагост Жыткавіцкага раёна. Спрабуючы актуалізаваць традыцыю ў сваёй супольнасці, “Жаніцьбу коміна” ладзяць у верасні сябры гомельскай краязнаўчай суполкі “Талака”.
Відавочна, што абрадавая традыцыю беларускага Палесся ў наш час ужо не з’яўляецца той аўтэнтычнай, жывой з’явай, якой была для нашых продкаў. Так сталася, што многія абрады пераходзяць у разрад фалькларызму, таму што выконваюцца рознымі самадзейнымі і маладзёжнымі калектывамі на сцэне і правядзенне іх не заўсёды адпавядае пэўнай даце календара. У дынаміцы развіцця каляндарна-абрадавай традыцыі вылучаюцца наступныя этапы:
— зараджэнне традыцыі;
— развіццё і актыўнае бытаванне;
— згасанне аўтэнтычнай традыцыі;
— пераход у разрад фалькларызму (сцэнічнае выкананне).
Сучасны стан характарызуецца трансфармацыйнымі працэсамі. Традыцыі губляюць ранейшыя абрадавыя функцыі, калі людзі верылі ў магічны патэнцыял сваіх слоў, дзеянняў. Менавіта таму абрады пераходзяць у разрад тэатралізацыі і гульняў, але гэта зусім не змяншае іх выхаваўчае значэнне для маладога пакалення.
* Выкарыстаны матэрыял архіва кафедры беларускай культуры і фалькларыстыкі УА “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны”
Спіс выкарыстанай літаратуры і крыніц
- Народная культура Беларусі: Энцыкл. даведн. / пад агульн. рэд. В. С. Цітова. — Мн.: БелЭн, 2002. — 432 с.
- Шейн, П. «Женитьбы комина» и «женитьба свечки» (Из записок собирателя) / П. Шейн. — Этнографическое обозрение, 1898. — № 3. — С. 152-161.
- Богданович, А.Е. Пережитки древнего миросозерцания у белорусов: Этнографический очерк. — Гродно, 1895 (рэпрынтнае выданне 1995). — Мн.: Беларусь, 1995. — 186 с.
- Беларуская міфалогія: Энцыклапед. слоўн. / С. Санько, Т. Валодзіна, У. Васілевіч і інш. — Мн.: Беларусь, 2004. — 592 с.
- Беларускі народны каляндар / Аўтар-уклад. А. Ю. Лозка. — Мн.: Полымя, 1992. — 205 с.
Аўтар: А.М. Палуян
Крыніца: Спадчына Скарыны: да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання: зб. навуковых артыкулаў: у 2 ч. Ч. 2 / рэдкал.: А. М. Ермакова (гал. рэд.) [і інш.]; М-ва адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны. — 212 с. С. 135-139.